Четверг, 01 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

З жыцця літвіна. Браніслаў Залескі: творца і барацьбіт

Біяграфічныя звесткі, што знаходзяцца ў адкрытым доступе, не даюць поўнага ўяўлення, якім насамрэч было жыццё пicьмeннiка-дaкyмeнтaлicта, caмaбытнага мacтaка, вyчoнага, aктыўнага гpaмaдcкага дзeяча Бpaнicлaва Зaлecкага. Улічваючы тое, што ён пaкiнyў aдмeтны cлeд y гicтopыi i  кyльтypы Бeлapyci XIX cт., жыццёвы шлях і твopчaя cпaдчынa гэтай асобы вартыя падрабязнага дacлeдaвaння. Тым больш што некаторыя даныя супярэчлівыя.


Што ведае пра Браніслава Залескага беларус, прытым далёка не шараговы? Нарадзіўся на Случчыне. Падтрымліваў паўстанне 1863—1864 гадоў, у прыватнасці дапамагаў закупляць зброю. Стварыў некалькі малюнкаў пра паўстанне. Падпісваў свае творы псеўданімам Lićwin. Сябраваў з украінскім паэтам Тарасам Шаўчэнкам. Аднак нават гэтыя кароценькія факты — каштоўныя старонкі біяграфіі, якія, тым не менш, маюць сваю вартасць у дачыненні да асобы, што жыла больш чым паўтара стагоддзя таму, і якія па тых ці іншых прычынах маглі наўпрост да нас не дайсці. Што сёння вядома пра польскага і беларускага палітычнага дзеяча, мастака і пісьменніка?

Біяграфія маладосці

Браніслаў Францавіч Залескі нарадзіўся 9 (21) чэрвеня 1819 ці 1820 года ў Вызне Слуцкага павета Мінскай губерніі (зараз гарадскі пасёлак Чырвоная Слабада Салігорскага раёна). Па іншых звестках месца яго нараджэння — маёнтак Рачкавічы. Бацька Франак Залескі быў афіцэрам. Даследчыкі лічаць, што пісьменніцкі дар Браніслава паходзіў хутчэй ад дзеда  — Сымона Залескага, які праяўляў у свой час літаратурныя здольнасці. Маці Юлія з Чарноцкіх была з  багатай сям’і: бацька — літоўскі падстольнік Франак Чарноцкі, маці паходзіла з роду Даўгялаў. Хатняе выхаванне Браніслаў атрымаў у Ляцішыне ў доме дзядзькі Караля Чарноцкага, які быў настаўнікам Дамініка Ходзькі, пісьменніка, гісторыка, журналіста, члена Таварыства філаматаў. Прайшоўшы курс гімназіі, у 1837 годзе паступіў у Дэрпцкі ўніверсітэт нa юpыдычнae aддзялeннe. І ўжо праз год за ўдзел у гуртку польскіх студэнтаў, Імя ў гісторыі звязаны з канспіратыўнай арганізацыяй радыкальнага дзеяча Сымона Канарскага, быў выключаны і арыштаваны. Пасля двух гадоў знаходжання ў турме пад следствам Браніслаў Залескі высланы пад нагляд паліцыі ў Чарнігаў. А ў 1842 годзе ён скончыў Харкаўскі ўніверсітэт.

Адбыўшы пакаранне ў 1845 годзе, пасяліўся ў Вільні і наладзіў сувязь з  удзельнікамі польскага вызваленчага руху. Адначасова ён увайшоў у кантакт з сябрам па Дэрпту Эдуардам Жалігоўскім, які на той час ужо два гады жыў у Вільні і быў вядомы дзякуючы сваім літаратурным творам. Эдуард Жалігоўскі, старэйшы за сябра на чатыры гады, аказаў вялікі ўплыў на Браніслава Залескага, які менавіта тады пачаў браць урокі малявання і жывапісу.

У гэты ж час Браніслаў Залескі напісаў «Сакрэтны мемарыял». У дакуменце ён выклаў адміністрацыйныя, юрыдычныя і сацыяльна-эканамічныя пытанні, якія належала вырашаць Рэчы Паспалітай пасля атрымання незалежнасці ў межах першага падзелу. Пазней у Парыжы аўтар з усмешкай успамінаў свае юнацкія спробы і ўсяляк адмяжоўваўся ад утапічнага плана.

У 1846 годзе Браніслава Залескага зноў арыштавалі і пасля следства паслалі радавым у Арэнбургскі асобны корпус. З 1848 па 1856 гады ён служыў у другім, чацвёртым і дзявятым лінейных батальёнах. Там пасябраваў са ссыльнымі Зігмунтам Серакоўскім, капітанам рускага Генштаба, супрацоўнікам часопісаў «Колокол» і «Современник», удзельнікам паўстання 1863—1864 гадоў, а таксама з Аляксеем Пляшчэевым, рускім празаікам і  перакладчыкам.

Сяброўства двух казакаў

У Арэнбургу адбылося яшчэ адно, больш уплывовае, знаёмства — з  украінскім грамадскім дзеячам і творцам Тарасам Шаўчэнкам. Як мастак Браніслаў Залескі быў прыкамандзіраваны дапамагаць сябру завяршаць малюнкі, якія паэт выканаў падчас Аральскай экспедыцыі. У 1851 годзе яны разам з геолагам Людвігам Турно прынялі ўдзел у Каратаускай экспедыцыі пад кіраўніцтвам горнага інжынера, паручніка Аляксандра Анціпава. Лічыцца, што менавіта па просьбах Браніслава Залескага і  Людвіга Турно Тарас Шаўчэнка быў уключаны ў склад экспедыцыі. У ліку іншых яны сталі аднымі з першых даследчыкаў гэтага краю. Тады ўкраінскі мастак адлюстраваў Браніслава Залескага на карціне «Шаўчэнка сярод таварышаў».

Пасля «за выдатна дбайную службу» Браніслаў Залескі атрымаў званне унтэр-афіцэра. У 1853 годзе стаў афіцэрам, а 12 чэрвеня 1856 года звольніўся са службы, маючы званне прапаршчыка.

 У лісце да Браніслава Залескага ад 15 верасня 1856 года Тарас Шаўчэнка пісаў: «Без цябе ўсё-такі я сірата круглы ў Арэнбургскім бязлюдным краі». «Лісты твае знойдуць мяне заўсёды, дзе б я ні быў, калі іх адрасаваць будзеш праз Слуцк у маёнтак Рачкавічы», — пісаў сябру пазней — 2 чэрвеня 1859 года — Браніслаў Залескі. Іх перапіска доўжылася з 1853 па 1859 год. Розныя крыніцы даюць розную колькасць лістоў, што захаваліся да нашага часу. Між тым Тарас Шаўчэнка дасылаў сябру свае малюнкі, і той, жадаючы матэрыяльна дапамагчы паэту, прадаваў іх. Апошні раз яны сустрэліся ў 1859 годзе, калі Залескі па справах прыехаў у Пецярбург. Нататкі Браніслава Залескага да лістоў Тараса Шаўчэнкі — «Листочки до вiнка на могилу Шевченка в XXIX роковини його смертi» — у 1890 годзе ў Львове апублікаваў пісьменнік, вучоны, рэвалюцыйны дзеяч Іван Франко.

Укpaiнcкi Кaбзap пpыcвяцiў бeлapycкaмy cябpy вepш «Як мы былi яшчэ кaзaкaмi».

Работа Браніслава Залескага «Зігмунт Серакоўскі ў вязніцы». 1863 г

Работа Браніслава Залескага «Зігмунт Серакоўскі ў вязніцы». 1863 г

Новыя вандраванні

Вярнуўшыся на радзіму ў 1856 годзе, Браніслаў Залескі жыў у радавым маёнтку Рачкавічы пад Слуцкам, таксама пад Баранавічамі, Мінскам, Гроднам, служыў у рэдакцыйных камісіях (у Мінску і Маскве), якія ажыццяўлялі падрыхтоўчую працу для сялянскай рэформы 1861 года. У пачатку 1860 года эмігрыраваў. Сярод месцаў жыхарства — Дрэздэн, Рым, Парыж. За мяжой Браніслаў Залескі падтрымліваў сувязь з рэвалюцыйнымі арганізацыямі. Дапамагаў паўстанцам 1863—1864 гадоў у закупцы зброі. Па меркаванні даследчыкаў, ён балюча перажываў паразу паўстанцаў. Пра гэта сведчыць і яго зварот да напісання кнігі «З жыцця літвінкі».

За мяжой Браніслаў Залескі рабіў усё тое ж, што лічыў патрэбным для справы польскага адраджэння, як палітычнага, так і культурнага: быў сакратаром польскага Гісторыка-літаратурнага таварыства і рэдактарам яго «Штогоднікаў», членам Польскай акадэміі ведаў (папярэдніцы Польскай акадэміі навук), членам-карэспандэнтам Акадэміі ўмеласці ў Кракаве, дырэктарам Польскай бібліятэкі ў Парыжы. Вядома таксама, што Браніслаў Залескі належаў да членаў салона «Гатэль Ламбер» у Парыжы  — палітычнага штаба і культурнага цэнтра польскай дыяспары эміграцыі ў Францыі на чале з Адамам Ежы Чартарыйскім і яго братам Канстанцінам. Адну са сваіх Браніслаў Залескі прысвяціў менавіта дзяржаўнаму дзеячу і пісьменніку Адаму Ежы Чартарыйскаму.

Памёр творца ад сухотаў 2 студзеня 1880 года ў Ментоне.

Вачыма мастака

Браніслаў Залескі аўтар прац «Адмена прыгонніцтва ў Літве» (1868) «З жыцця літвінкі» (пра мастачку Халену Скірмунт, 1876), «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (1866). Але найважнейшая яго работа — альбом афортаў «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (1865). У ім упершыню дадзены выяўленчы матэрыял, які ў той час дазволіў уявіць прыроду стэпавага краю і жыццё народа. Кожную з 22 рэпрадукцый альбома суправаджае тлумачальны тэкст: аўтар апісаў мясцовасць, распавёў пра звычаі і  побыт казахаў, легенды і казкі, пачутыя падчас блуканняў па стэпах. У прадмове аўтар адзначыў: «Знаходзячыся ў палітычнай ссылцы ў гэтым далёкім краі, я правёў там дзевяць гадоў і неаднаразова перасякаў гэтыя неабсяжныя прасторы ва ўсіх напрамках, часам пешшу, а часцей за ўсё на кані. Маляванне не было для мяне мімалётнай забавай. Гадзіны, праведзеныя з алоўкам у руцэ, былі для мяне лепшымі ў той перыяд. Гэта былі гадзіны натхнення і забыцця пякучага смутку. Паміж мной і прыродай узнікла цеснае збліжэнне, я атрымаў ад яе адказы на сумненні, якія мяне турбавалі…»

Чутка пра цікавасць французскай грамадскасці да малюнкаў з жыцця аднаго з народаў Расійскай імперыі хутка дайшла да Пецярбурга. У тым  жа 1865 годзе на старонках «Вестника Императорского русского географического общества» (№ 12) усходазнавец Васіль Грыгор’еў напісаў рэцэнзію. Перад гэтым ён бываў у казахскіх стэпах, дзе сустракаўся з мастаком і  правёў з ім нямала часу. Некаторыя малюнкі нараджаліся на яго вачах. Таму ён сцвярджаў: «Фантазія мастака не дадала і не зменшыла аніякай дэталі: аловак і штыхель Залескага з дзіўнай дакладнасцю прадстаўляюць бязмежныя пустынныя раўніны».

Для Залескага-жывапісца характэрна тое, што яго пейзажныя карціны звычайна ажыўлены фігурамі людзей, жывёл і птушак, створаны з веданнем дэталяў нацыянальнага адзення і звычаяў. Дэмакрат па перакананнях, мастак і пісьменнік вельмі цёпла адгукаўся аб народзе, з якім яго звёў лёс.

Ёсць спадзяванні, што творчая спадчына Браніслава Залескага зверне да сябе больш увагі не толькі мастацтвазнаўцаў і літаратуразнаўцаў, але і  аматараў гісторыі. Менавіта са старонак біяграфій, часам неўпарадкаваных, паўстае гарманічны жыццяпіс мінулага.

Яўгенія Шыцька

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 759 раз