Воскресенье, 19 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

На скрыжаванні пабачанага і перажытага

  • Вторник, 06 Февраль 2018 00:02
Ала Петрушкевіч і Алесь Барскі падчас літаратурнага семінара. Гродна, 1999 г. Ала Петрушкевіч і Алесь Барскі падчас літаратурнага семінара. Гродна, 1999 г.

Сёлета спаўняецца 60 гадоў «Белавежы» — літаратурнаму аб’яднанню беларускіх пісьменнікаў Польшчы. Неўзабаве свет пабачыць даследаванне гарадзенскай пісьменніцы, літаратуразнаўцы Алы Петрушкевіч (Альжбеты Кеды) «Белавежа: Постаці, творы, героі». Прапануем чытачам «ЛіМа» развагі аўтаркі пра кнігу Алеся Барскага «З пабачанага і перажытага» — аднаго зсамых вядомых белавежцаў.

Кніга «З пабачанага і перажытага» Алеся Барскага — гэта нарысы, якія ўспрымаюцца як цэласны твор, сфарміраваны кампазіцыйна, што падкрэсліваецца прадмовай. Аўтар паўстае асобай з багатым жыццёвым досведам: «У кожнага чалавека на пэўным этапе яго жыцця паяўляецца жаданне расказаць аб пабачаным і перажытым. Паявілася яно і ў мяне… Жыццё маё прыпала на цікавы гістарычны перыяд… Пяць палітычнадзяржаўных фармацый уварвалася ў мой побыт».

Зразумела, што знітоўвае асобныя часткі кнігі вобраз героя, які знаходзіцца ў непадзельнай сувязі з аўтарам. Аповед вядзецца ад першай асобы. Ужо ў назве падкрэслены суб’ектывізм: пабачанае і перажытае самім аўтарам. Але гэта не азначае, што пісьменнік не парушае ўстаноўку адлюстроўваць толькі ўласны досвед. Вектар зацікаўленасцяў перарастае ў цэлы веер актуальных праблем. Поруч з аўтабіяграфічнымі аповедамі, роздумамі пра перажытае непасрэдна паўстаюць пабачаныя пісьменнікам у розныя часы карціны, эпізоды, што назаўсёды засталіся ў памяці, якімі настаў час падзяліцца з чытачом. Гэтыя творы пісаліся для «Нівы» ў сямідзясятыя гады, а выйшлі асобнаю кнігай у пачатку 1990-х. Многае з тае пары змянілася. Зразумела, аўтар мог бы падкарэктаваць сябе сугучна з часам. Але не зрабіў тое. Гэта сведчанне праўдзівасці. Так было. Так думалася. З песні слова не выкінеш.

Гістарычная дадзенасць спрыяе раздвоенасці душы, што характэрна беларусам рэфлексійнага тыпу. Вобраз А. Барскага з тае ж кагорты: «Як беларус, атаясамліваюся з беларускім народам, а як грамадзянін — атаясамліваюся з Польскай дзяржавай». Гэта не вядзе да трагічнага надрыву, разладу: «Усё болей прыхільным позіркам паглядаю на ідэю прыналежнасці да еўрапейскай ці нават сусветнай грамадскасці». У другой частцы прадмовы на першы план выходзіць чалавек-патрыёт, чыё жыццё назаўсёды знітавана з роднай зямлёю. Першы і ў гэтым кантэксце для аўтара першасны факт — нараджэнне ў беларускай вёсцы Бандары — паўстае праз самыя знакавыя моманты жыццёвай біяграфіі, што фарміруюць біяграфію мастацкую: «Гэта ж тая зямля, на якой я нарадзіўся, над якой першы раз пабачыў сонца, на якой зрабіў першы крок, сказаў першае слова і напісаў першы верш». Бандары — Малая Айчына. Усё з вялікай літары. Герой ператвараецца ў паэта, пяе песню хвалы роднаму: «З гэтай светлай краіны рушыў у шырокі свет. І не магу да яе не вяртацца, каб зноў прайсці па матчыных слядах, каб падняць грудку зямлі са свежаўзаранай глебы, каб кінуць зерне ў раллю, каб скасіць першы даспелы колас, каб захапіцца і ўсумніцца… Прагнуў бы не дзесьці далёка, а ў Малой Айчыне сказаць апошняе сваё слова, апошні раз абняцца з ветрам і апошні раз пацалавацца з сонцам».

Адлюстраваныя ў аповесці Алеся Барскага духоўныя здабыткі, калектыўны досвед люду беларуска-польскага памежжа складаецца з досведу індывідуумаў, між якіх першае слова аддадзена самаму дарагому чалавеку — маці. Аўтар не ўнікае паэтычнае мовы, бо выказвае высокае пачуццё: «Серп матчын кранаю, праводжу пальцам па вастрыі і бачу тады далёкае дзяцінства, спелае збожжа, шчодрае сонца, дабраславёную пару жніва, святую і прачыстую постаць — з сярпом і збожжам у руках — сваю МАЦІ». Вылучае слова, каб засвяцілася яно вялікаю любоўю, што назаўсёды застанецца ў душы. Асоба маці выразна паўстае ў аповедзе «Аб мучаніцах». Мучаніцы святыя — такімі яны і былі, беларускія вясковыя жанчыны-працаўніцы. Уражвае ўжо сам пералік розных заняткаў. Аўтар не перастае здзіўляцца вынослівасці, спрыту, адданасці, цярплівасці маці: «Не памятаю ніводнага выпадку, каб яна спала або адпачывала тады, калі я быў на нагах. Заўсёды была пры рабоце, пры нейкім занятку». Яшчэ адзін штрых, важны для характарыстыкі вясковай жанчыны, прыкмечаны пісьменнікам: яе абавязак — карміць сям’ю, а права самой паесці разам з усімі не мела. І не наракала. Калі б пра няпісаны закон вясковага жыцця пакінуў згадку нехта старонні, гэта не выклікала б такога спачування, такое шчырае пяшчоты. Аддаленасць у часе не здолела сцерці ні выразнасці вобраза, ні свежасці пачуцця: «Яе вобраз не зблякнуў і не пацямнеў у маёй удзячнай памяці. Асабліва ў часе бяссонных начэй, а часта і ў снах бачу яе пры кудзелі, дзяжы, жорнах. Бачу незаменную, незабыўную і святую. Мучаніцу, якая пусціла мяне на вольны свет, надзяліўшы пэўнымі ўласцівасцямі, дзякуючы якім магу аддзяліць дабро ад зла». Удзячнасць за дар жыцця аўтар ставіць поруч з узгадаваннем маральна-этычных нормаў, якія спавядала і прывіла дзецям.

У аповедзе «Кулачка, вораг народа» таксама галоўны вобраз маці. Гэта ўжо іншы час. Савецкая ўлада. Праз успрыманне малога хлопчыка перадаецца жах і неразуменне: што робяць? Вывозяць сям’ю матчынае сястры. Імкненне дапамагчы ў бядзе характэрна вясковым жанчынам. Перадаць харчы — першае, што робяць у такія моманты. Горкае расчараванне чакала жанчыну, калі мусіла вяртацца дахаты з тою торбаю. Балючая крыўда ад нялюдскасці ўлады, якую чакалі, якую яе гаспадар сустракаў, «барыш паставіў», ад несправядлівае абразы перажываецца і сынам. Асабліва глыбокую рану наносяць крыўдныя словы — «кулачка», «вораг народа», пагрозы і яе сям’ю вывезці ў Сібір. І хоць аўтар на вялікай адлегласці ў часе ад тых падзей, ад таго маленькага хлопчыка, якім быў, усё ж здолеў перадаць той даўні боль надзвычай яскрава: «А маці ўсё стаіць, усё глядзіць, усё чагосьці як бы чакае. У адной руцэ трымае торбу з сухарамі, а другая жылістая, сумная рука звісае ўздоўж цела. Час ад часу паднімае яе і верхняй часткай далоні выцірае слязу. Яе патрэсканыя босыя ступні моцна заглыбіліся ў вулічны, перамелены на попел пясок. І апранута “кулачка” і “вораг народа” не надзвычайна. На ёй белая кужэльная кашуля, зашпіленая пад шыяй на сіненькі гузічак, і саматканы зрэбны чорны парцяк, зашпілены збоку на палачку».

Партрэт жанчыны псіхалагічна дасканалы. Чаго вартая толькі сумная рука. Не сумныя вочы ці твар, а рука, што заўсёды ў руху, заўсёды занятая працаю, а зараз, быццам мёртвая, бяссільна звісае. Жанчына моцна забітая горам, быццам падбітая птушка. Выцірае слязу верхняй часткай далоні — і гэта даносіць тая даўняя дзіцячая памяць. Бо ніжняя частка шурпатая, закарэлая ад працы, бо пальцы патрэсканыя, бо і вымыць рукі перад тою нечаканаю весткаю хвіліны не мела. Яна ніяк не можа выйсці са стану здранцвення, адчужэння ад усяго, што навокал. Бо свет гэты, такі прыгожы, падараваны людзям на шчасце, нелюдзі здольны ператварыць у пекла. Хлопчык разумее: трэба нешта рабіць, ратаваць матулю: «Я цягну маці за руку, і яна, як бы ў сне, моўчкі паварочваецца, і мы разам накіроўваемся ў бок хаты. А вакол сонечна, сонечна. А вакол зялёна, зялёна. А вакол звонка, звонка. А нам горка, горка». Гаркота разліта не толькі ў сэрцы маленькага чалавека, але і ў сэрцы дарослага, аўтара, бо перажываецца ім, калі згадвае спакутаваную маці.

Аўтар вылучае з вясковае грамады каларытных асоб. Чытаем назву «Аб народнай сіле», уяўляем, што аповед пойдзе пра незвычайнага асілка. А гэта найбяднейшая ў вёсцы Альжуха Бура. Звычайная толькі на першы погляд. Бо столькі было ў ёй вынослівасці, цягавітасці, нязломнае духоўнае сілы, што трымала яе ў штотыднёвых 140-кіламетровых паходах, адплатаю за якія была ёй адна залатоўка. Алесь Барскі так наглядна, пераканаўча апавядае пра сваіх герояў, што ствараецца ўражанне ягонае непасрэднае прысутнасці поруч з імі. Быццам разам з жанчынай праходзіў у бездараж, непагадзь той шлях, быццам сам пакутаваў з-за страты ажно трыццаці грошаў. Калі піша, што здараліся і драмы, то гэта і былі поўныя драматычнага напружання падзеі. Пісьменнік пакліканы для таго, каб засталіся імёны, каб захавалася памяць. Заключныя радкі ўспрымаюцца як праўдзівы рэквіем: «Часта думаю пра яе, як аб сімвале нярэдкай беларускай сілы, напорыстасці, вытрымкі. Няхай будзе ёй лёгкай тая зямля, па якой яна з такой лёгкасцю хадзіла».

 Кніга А. Барскага пра час і сябе ў ім — пра сваё ўзгадаванне, фарміраванне светапогляду, жыццёвыя сцяжыны, на якіх сустрэў многіх людзей. А яшчэ пра Беларусь і сябе. Беларусацэнтрычны вектар самы галоўны.

Альжбета КЕДА, фота з асабістага архіва аўтара

Крыніца: газета "Літаратура і мастацтва"

 

Прочитано 233 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии