Четверг, 13 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Таямніцы міжваеннай Варшавы

Публікацыя аповесці «Пракурорка» польскага пісьменніка Тадэвуша Даленгі-Мастовіча, верагодна, выклікала ў чытачоў часопіса «Полымя» прыемнае здзіўленне. У перакладзе Веранікі Бандаровіч аповесць друкавалася ў NoNo 1—3 за 2018 год. У творы спалучаюцца рысы любоўнага і прыгодніцкага рамана: шмат пікантных сцэн, злачынстваў, таямніц, выпадковых і амаль неверагодных сустрэч удзельнікаў даўніх лёсавызначальных падзей... Чаму аповесць з’явілася на старонках «Полымя»? Каб адказаць на гэта пытанне, варта звярнуцца да біяграфіі пісьменніка.

Тадэвуш Даленга-Мастовіч нарадзіўся на Глыбоччыне, атрымаў у Глыбокім пачатковую адукацыю. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, у Кіеўскім універсітэце, у 1919—1922 гг. служыў у польскім войску, пасля займаўся журналістыкай. Пачаткам пісьменніцкай кар’еры стаў 1925 год. Тадэвуш Даленга-Мастовіч хутка стаў папулярным аўтарам, па яго творах было знята восем кінафільмаў. Ён аддаваў перавагу дынамічным сюжэтам, адлюстроўваў у творах сацыяльныя праблемы і пераўтварэнні. Аднак жыццё пісьменніка аказалася дастаткова кароткае: ён загінуў у пачатку Другой сусветнай вайны, у верасні 1939 года. 10 жніўня будзе адзначацца 120-годдзе з дня нараджэння пісьменніка: такім чынам, публікацыя мае юбілейную нагоду. Да таго ж Тадэвуш Даленга-Мастовіч — не толькі наш зямляк, але і аўтар, які ў многіх творах адлюстраваў жыццё беларускай глыбінкі. Самы знакаміты раман Т. Даленгі-Мастовіча — «Знахар» (1937), быў двойчы экранізаваны, а ў 2016 годзе выдадзены ў перакладзе на беларускую мову. Аповесць «Пракурока» («Prokurator Alicja Horn») напісана ў 1932 годзе і прысвечана бліскучаму сталічнаму жыццю міжваеннай Варшавы.

У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей...

Цэнтральны персанаж аповесці Багдан Друцкі — моцны, прывабны, рашучы, смелы, дасведчаны. Такія мужчыны не могуць не прывабліваць. І, безумоўна, тысячы чытачак з захапленнем сачылі за яго прыгодамі. Друцкі — «высакародны бандыт» і аматар жанчын. «Я люблю жыццё, люблю свет — у гэта я веру, бо адчуваю гэта кожным нервам. Значыць, я, можа, і любіў жанчын, якія прайшлі праз гэты мой свет, а можа, любіў толькі свет, у якім былі і яны», — так тлумачыць Друцкі сваю пазіцыю. Зрэшты, яму давядзецца пашкадаваць пра сваю разняволенасць, бо пакінутая Аліцыя Горн жорстка помсціць за двайную крыўду. Аднак апісваючы дзясяткі сітуацый, у якіх героі былі на мяжы фолу, пісьменнік прывёў кожнага да шчаслівага фіналу.

Багдан Друцкі — свабодны чалавек, які любіць жыццё, не баіцца выпрабаванняў, знаходзіць выйсце з любой сітуацыі. Герояў гэтага тыпу вельмі не стае беларускай літаратуры, і, магчыма, пераклад «Пракуроркі» — як і пераклады твораў Сяргея Пясецкага — натхніць сучасных беларускіх аўтараў на стварэнне новых вобразаў. Публікацыю аповесці «Пракурорка» на старонках «Полымя» можна разглядаць і як напамін пра магчымасць паспяховага выкарыстання сюжэтных матываў і кампазіцыйных прыёмаў белетрыстыкі, без якіх не абыходзіцца ніводны паспяховы празаік.

Героі твора неаднойчы разважаюць пра законы грамадства, маральныя і сацыяльныя нормы і збольшага ставяцца да іх скептычна. Аднак іх развагі на сёння падаюцца дастаткова павярхоўнымі. Найбольш цікавым у сацыяльным аспекце паўстае вобраз пракуроркі Аліцыі Горн, якая захапляе публіку палымянымі прамовамі, але неаднойчы здзяйсняе супрацьпраўныя ўчынкі. Аліцыя лічыць законы ярмом для быдла, а сваю пасаду бачыць у першую чаргу магчымасцю «кантраляваць, каб быдла берагло ярмо, калі яго пажадала».

Аповесць «Пракурорка» цяжка назваць творам глыбакадумным альбо які шматаспектна адлюстроўвае сацыяльную сітуацыю: тут так шмат таямнічага, эфектнага, яркага, выключнага, што тыповае, характэрнае амаль губляецца. Аднак для аматараў рэтралітаратуры пераклад гэтага твора на беларускую мову можа стаць прыкметнай падзеяй, бо дазваляе ўбачыць разнастайнасць культуры міжваеннага дзесяцігоддзя. Параўнанне аповесці з творамі беларускіх пісьменнікаў, сучаснікаў Тадэвуша Даленгі-Мастовіча, — магчымасць зрабіць новыя высновы пра адметнасць айчыннай літаратуры, якая развівалася ў цалкам адрозным сацыяльна-палітычным кантэксце.

Алеся Лапіцкая

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 302 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии