Вторник, 11 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Журналіст. Літаратар. Музыкант

  • Четверг, 15 ноября 2018 11:03

Не так даўно споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння журналіста, паэта, празаіка, перакладчыка Алеся Бажко. Яго жыццёвы шлях доўжыўся больш як дзевяць дзесяцігоддзяў, і за гэты час творца, які падчас Вялікай Айчыннай вайны перажыў страшнае раненне, паспеў зрабіць многае: выдаў больш як дзясятак кніг, працаваў у рэдакцыях многіх газет і выдавецтвах (у тым ліку — у якасці намесніка галоўнага рэдактара «ЛіМа»), пэўны час быў дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы. Сябраваў з многімі выбітнымі асобамі свайго часу, увесь час жыў клопатам пра людзей. Нездарма ж на радзіме творцы, у Карэліцкім краязнаўчым музеі, яму прысвечана асобная экспазіцыя.

— Мы ўсёй сям’ёй ездзілі за бацькам, — дзеліцца ўспамінамі старэйшы сын Алеся Бажко Леў. — Пасля вайны жылі ў пасёлку Наваельня, што на Дзятлаўшчыне, потым былі Баранавічы, Маладзечна, Мінск… Ды і ў цэлым, калі ён працаваў карэспандэнтам розных газет, бацьку даводзілася многа ездзіць па рэспубліцы. Ён жа вырашаў пытанні, звязаныя не толькі з творчасцю, але і з грамадскімі аспектамі. Памятаю, калі жылі ў Наваельні, да бацькі кожны вечар прыходзілі людзі — са сваімі пытаннямі, прасілі дапамогі. І ён дапамагаў.

Паралельна з працай у газетах Алесь Бажко займаўся літаратурнай дзейнасцю, завочна вучыўся ў Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1955 годзе.

— Памятаю, бацька многа пісаў. Калі жылі ў Маладзечне, у нас быў невялікі пакойчык, — кажа Леў Аляксандравіч. — Ён не меў асобнага кабінета, працаваў за маленькім сталом, на якім заўсёды былі стосы папер, пакамечаных чарнавікоў, ахайных чыставых варыянтаў тэкстаў. Ён шмат паліў, я, калі быў маленькі, нават сам дапамагаў яму набіваць папяросы. Мы не ведалі ў той час, што гэта шкодна для здароўя (Смяецца.)

Акрамя таленту літаратурнага, Алесь Бажко меў і музычныя здольнасці. Яшчэ да вайны скончыў Музычны інстытут імя С. Манюшкі ў Навагрудку, вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі, працаваў дырэктарам Мірскага раённага Дома культуры. Пісьменнік добра маляваў, выдатна граў на скрыпцы, крыху — на жалейцы. Дарэчы, музычны і літаратурны таленты перадаліся і старэйшаму сыну Льву.

— Я скончыў факультэт журналістыкі, некаторы час працаваў у газеце ў Маладзечне, але лёс закінуў у іншую галіну. Быў рэжысёрам у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дырэктарам «Песняроў», некаторы час разам з Дудчанкам працаваў над стварэннем харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», разам з імі ездзіў на гастролі. Сярэдні брат Аляксандр скончыў політэхнічны інстытут, а малодшы Георгій стаў вайскоўцам, — расказвае Леў Аляксандравіч.

Прафесійная дзейнасць паспрыяла знаёмству Алеся Бажко з многімі выдатнымі асобамі свайго часу. Ён быў знаёмы са спевакамі Пятром Конюхам і Міхасём Забэйдам-Суміцкім, Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ, з ім сустракаўся ў Варшаве. Сябраваў з пісьменнікамі Алесем Савіцкім, Янкам Брылём, Нілам Гілевічам, быў у добрых стасунках з Іванам Шамякіным, Алесем Адамовічам.

— Сваіх гасцей бацька прымаў самастойна, ды і як дзецям не ўсё нам распавядаў, — кажа Леў Аляксандравіч. — Мала згадваў ваенны час, мы ведалі, што ён быў цяжка паранены, знаходзіўся ў ваенстроі, быў звязаны са стварэннем польскай арміі, якая прыняла першы бой пад Магілёвам.

Цяпер амаль увесь архіў Алеся Бажко знаходзіцца ў Беларусім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Але некаторыя асабістыя і працоўныя фотаздымкі, кнігі, што пабачылі свет пры жыцці творцы, зберагаюць яго сыны.

— Усе кнігі, што былі выдадзены бацькам, мы чыталі, збіралі, выхад кожнай з іх быў вялікім святам для сям’і. І сёння ў нас усе яны ёсць, — зазначае Леў Аляксандравіч і са скрухай у голасе дадае: — Напрыканцы жыцця ён марыў выдаць аўтабіяграфічны раман «Сага аб адрынутых», усё падрыхтаваў, але, на жаль, паспеў і здолеў выпусціць толькі першую яго частку «Суладдзе». Другая частка яшчэ чакае публікацыі.

Марына Весялуха

Фота з сямейнага архіва Льва Бажко

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 417 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии