Воскресенье, 24 03 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Уладзіслаў Рубанаў. Не аднойчы забы(і)ты

Яго творы вызначаюцца скіраванасцю да раскрыцця маральна-этычнага зместу сялянскага жыцця, лёсу чалавека з вясковымі каранямі і ўзаемаадносін паміж людзьмі. Яго творчая літаратурная спадчына актуальная і незаслужана забытая, недаацэненая. Уладзіслаў Рубанаў пражыў усяго сорак адзін год! Але паспеў напісаць і выдаць шэсць прыжыццёвых важкіх тамкоў прозы. 

Гэта «Вокны без фіранак» (1981), «Пахі адталай зямлі» (1984), «Цёплы пух адуванчыкаў» (1987), «Таямніца птушынага гнязда» (1989, Літаратурная прэмія імя І. Мележа), «Светлы ручай любові» (1990), «Не аднойчы забіты» (1994). У 1994 годзе, пасля смерці пісьменніка, выходзіць яшчэ адна кніга «Дзяўчына з начной кавярні», а ў 2007 годзе пад адной вокладкай выйшлі яго раманы «Укус змяі» і «Паветраная жанчына» ў серыі «Беларуская проза ХХ стагоддзя». Адзінаццаць аповесцяў, тры раманы і дзясяткі апавяданняў!

Апавяданні Уладзіслава Рубанава, сабраныя пад агульнай назвай «Вокны без фіранак», пабачылі свет у 1981 годзе ў серыі «Першая кніга празаіка», калі аўтар працаваў рэдактарам аддзела прозы часопіса «Полымя». Яму было ўсяго 28 гадоў. У той час рукапісы кнігі маглі ляжаць у выдавецтве не адзін год. Значыць, творы тыя Рубанаў напісаў недзе ў 25—26-гадовым узросце, калі не раней. Аднак вучнёўскімі ці недасканалымі іх назваць цяжка. Зразумела, што яны прасякнуты духам юначага максімалізму і прыўзнятага наіву, бо пісаў іх малады чалавек, ды ўсё ж у кожным адчуваецца рука сапраўднага майстра, які валодаў не проста словам, а мастацкім увасабленнем праз тое слова суцэльных карцін тагачаснага жыцця. Псіхалагічнасць — галоўны стрыжань кожнага твора маладога аўтара. Яго героі — не толькі моладзь з яе непаседлівасцю і ідэалізацыяй свету. Рубанаву больш даспадобы людзі сталага веку, якія пражылі жыццё і бачылі вайну. Былыя франтавікі выпісаны аўтарам з асаблівым пачуццём прыязнасці і непрыхаваным болем за іх, у першую чаргу інваліды вайны. Вёска — найгалоўнейшы герой ці, хутчэй, гераіня. Ён стварыў, падобна Фолкнеру, уласную зямлю, нават планету, насяліў яе разнастайным людам і назваў Малінаўкай — маляўнічай мясцінай непадалёк ад Крычава — з балотамі і лесам, лугамі і палямі, непаўторнымі характарамі і лёсамі.

Першая буйная рэч Уладзіслава Рубанава — аповесць «Каштаны» — своеасаблівая ода моладзі і гораду.

Аповесць малюе падзеі і паводзіны, уласцівыя моладзі. Яна асацыюецца ў аўтара з каштанамі, што студэнты пасадзілі пад вокнамі інтэрната, у якім жыў галоўны герой, малады спецыяліст Пятро. Калі дрэвы не паліваць, не клапаціцца пра іх, яны захірэюць. Тое ж і з моладдзю. Каханне акрыляе чалавека, ён здатны на сапраўдныя подзвігі і фантастычныя адкрыцці. Той, каго не кахаюць і хто сам не ўмее кахаць, губляе глебу пад нагамі, дзічэе і нярэдка гіне.

Другая аповесць «Разам па жыцці» — рэч вельмі атмасферная, нагадвае даўлатаўскі «Кампраміс» ды фільм С. Гаварухіна «Канец прыўкраснай эпохі», але ў дачыненні да беларускіх рэалій. Па сённяшнім часе гэта амаль гістарычны твор.

Яскравая адметнасць аповесці — назіральнасць аўтара. З першых старонак ён апісвае райцэнтр і абагульняе ўсе яго плюсы і мінусы ў параўнанні з іншымі раённымі гарадкамі, бо тыя, як дзве кроплі вады, вельмі падобныя. Асабліва трапнымі атрымаліся партрэты вяскоўцаў, якія вельмі адрозніваюцца ад местачкоўцаў усім сваім выглядам, бо наведванне райцэнтра для іх сапраўдная падзея.

Але найбольшая вартасць твора ў тым, што ён мае яшчэ адзін твор унутры сябе. Рубанаў не зацыклівае сюжэт на асобе галоўнага героя, а стварае яшчэ аднаго — не насуперак, а ў дадатак. А потым будуе сюжэт такім чынам, каб яны залежалі адзін ад аднаго. Далей жа інтрыгуе непазбежнасцю выбару, які мусіць быць зроблены адным з герояў. Аповесць «Разам па жыцці» — песня сумленню, якое, на маю думку, першасным было і для Рубанава. Інакш ён ніколі б не напісаў такога пранізлівага твора.

Трэцяя аповесць «Грыбавар» напісана па-фолкнераўску густа. Ад гэтай аповесці і да апошняга напісанага творчасць Рубанава падаецца выспелай найвышэйшага ўзроўню. Думаю, што, калі б ён быў не беларускім пісьменнікам, яго б ведаў увесь свет.

«Укус змяі» — цалкам фолкнераўскі раман, які даследуе ўзаемаадносіны дзвюх сямей на працягу некалькіх пакаленняў. Напачатку падаецца, што твор авантурна-прыгодніцкі з паглыбленнем у гісторыю графаў Варанцовых. У Малінаўку, вядомую па шматлікіх папярэдніх творах Рубанава, прыязджае з-за мяжы таямнічы сівагаловы стары, здымае пакой у мясцовай хаце, ходзіць у лес і на сажалку, а потым раптоўна памірае, пакінуўшы невялікі чамаданчык, у якім, акрамя тэчкі з паперамі і аблігацыяй на шэсць тысяч франкаў, нічога цікавага няма. Галоўны герой рамана Апанас Гляцэвіч бярэ тую тэчку дамоў, пачынае чытаць паперы... Па ўсіх законах жанру далей павінен ісці тэкст споведзі, поўнай незвычайных прыгод і подзвігаў апошняга Варанцова, якому належалі некалі ўсе мясцовыя землі. Інтрыгоўны, хітры ход аўтара падманвае чытача, аднак не расчароўвае ні на каліва, калі замест аповеду плашча і шпагі, да якога мы ўжо падрыхтаваліся і гатовы акунуцца, агаломшвае гісторыяй жыцця самога Апанаса Гляцэвіча...

Раман «Не аднойчы забіты» — маніфест аўтара, яго папярэджанне нашчадкам пра тое, што можа чакаць у будучыні. І сапраўды: падзеі, якія разгортваюцца на старонках рамана ў 1980-я гады, — як люстэрка сённяшняга часу...

 Тут ёсць нават нешта кафкіянскае, хаця Рубанаў нічога ў Кафкі не запазычыў.

З першага слова свайго рамана аўтар ведаў, што герой загіне. На яго прыкладзе пісьменнік паказаў асуджанасць духоўнага чалавека ў сучасным грамадстве, яго незапатрабаванасць: розум складаней за ўсё перавыхаваць, ён не падлягае дэактывацыі — прасцей за ўсё знішчыць фізічна. Барацьба з духоўнасцю, з кожным яе носьбітам пададзена Рубанавым у містычным кірунку. Нейкае Нешта ўсю гісторыю чалавецтва змагаецца з развіццём чалавека як асобы. На старонках рамана гэтае Нешта пададзена ў вобразе прыўкраснай жанчыны Нямілы, якая вельмі адказна ставіцца да свайго прызначэння знішчаць тых, хто пагражае яе існаванню, існаванню розных заган, чыёй каралевай яна і з’яўляецца. Менавіта яна кіруе абставінамі і людзьмі, якія ўздзейнічаюць на лёс галоўнага героя і ў выніку прыводзяць да гібелі. Магчыма, раман «Не аднойчы забіты» — не проста чарговы літаратурны твор, а споведзь таго, што адбывалася з аўтарам у апошнія гады жыцця, крык аб дапамозе, які, на жаль, ніхто не пачуў.

...Уладзіслава Рубанава няма ўжо 24 гады, але ніхто з беларускіх пісьменнікаў за гэты час не пашырыў тэм. Рубанаў даследаваў жыццё вёскі і горада, духоўны свет свайго сучасніка, адлюстроўваў лепшыя традыцыі сялянскага побыту, сцвярджаў высокамаральныя рысы характараў людзей і захапляўся імі, абуджаў нацыянальную свядомасць…

Герой аднаго з апошніх раманаў «Не аднойчы забіты» быў пакараны за тое, што замінаў распаўсюджвацца злу і шэрасці, няпраўдзе і несправядлівасці. Пісьменнік у нечым паўтарыў яго трагічны лёс...

Мікола Адам

Фота Кастуся Дробава

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 257 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии