Среда, 19 06 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Спатканні на прыпынках лёсу

  • Понедельник, 28 января 2019 10:22

Любому творцу-падарожніку варта заўсёды быць гатовым да таго, што з абранага шляху яго хтосьці можа паспрабаваць свядома ці выпадкова збіць, накіраваць у іншы бок. Але ж кожны павінен заўжды трымацца сваёй адметнай дарогі... І паназіраць за ягоным прыватным жыццёва-творчым падарожжам нас гасцінна запрашае малады віцебскі паэт Алесь Замкоўскі, які нядаўна выдаў дэбютны паэтычны зборнік «Наступны прыпынак».

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў, прычым калі апошні з іх — «Хайку» — прэзентуе творы, напісаныя ў гэтым традыцыйным японскім жанры паэзіі, то тры астатнія маюць вобразна-метафарычныя назвы і ўключаюць як рыфмаваныя, так і белыя вершы, і верлібры: «У залатым акне», «Скрозь бездань сну» і «Між глухіх сцяжын». На аснове гэтых назваў можна «намаляваць» наступную рамантычна-сімвалічную карціну, якая адпавядае зместу і настрою зборніка: спачатку самотны аўтар (лірычны герой) блукае «між глухіх сцяжын», пасля чаго ўначы прадзіраецца «скрозь бездань сну», каб раніцай урэшце ўбачыць сваё шчасце «ў залатым акне» шыкоўнага палаца кахання.

Альбо паэт едзе на трамваі/тралейбусе/аўтобусе жыцця і няспынна думае: як бы не праспаць і не прапусціць свой прыпынак, дзе яго, мажліва, чакае спатканне і дзе «сустрэнуць» асалода і шчасце ці, наадварот, боль і расчараванне. У руках самотнага пасажыра — многае, ён сам можа быць кавалём (хай сабе і няўмелым!) уласнага кону. Чым далей едзе паэт і чым бліжэй становіцца яго наступны прыпынак, тым больш прыкметнае хваляванне ў прадчуванні нейкіх незвычайных зрухаў, магчымай асалоды ці яшчэ нязведаных перажыванняў, пра што сведчаць наступныя вершаваныя радкі:

ты толькі прыходзь да мяне.

не бойся.

чакаю цябе на ўсіх прыпынках.

……………………

нас будзе двое.

мы будзем разам.

хай свет парушыцца па-за часам

Праўда, у прыведзеным фрагменце верша можна адразу заўважыць пэўныя алюзіі адразу на два знакамітыя паэтычныя творы — з аднаго боку, на верш аднаго з найлепшых майстроў любоўнай лірыкі ХХ ст. французскага паэта Поля Элюара пад назвай «Мы двое», а з другога — на вядомы верш «Ад “не трэба”, “не трэба”...» Рыгора Барадуліна. Дык вось, калі Алесь Замкоўскі некалькі разоў, нібы заклён, паўтарае словы «нас будзе двое. / мы будзем разам. / ….. / мы будзем разам. адвечна разам», то тут згадваюцца як барадулінскія радкі «не спяшайся, бяглянка, / Мы адны на зямлі», так і адпаведныя элюараўскія — «мы двое моцна за рукі ўзяліся / здаецца нам што мы паўсюдна дома». Але ж вышэйназваныя «супадзенні» не змяншаюць мастацкай вартасці арыгінальнага верша Алеся Замкоўскага.

Найчасцей аўтар даволі ўдала малюе адмысловыя карціны ўласнай няўрымслівай душы, гарачага сэрца і буйнай фантазіі: узнікаюць арыгінальныя вершы, якія па сваёй выразнасці і маляўнічасці ў нечым становяцца сугучнымі ці падобнымі да твораў імпрэсіяністычнага жывапісу («раніца колеру бэзу / нейкі паэт накрэмзаў / колькі радкоў на пяску / паклаў тваю руку»), альбо да тэатральнай мізансцэны («каву пераліваю ў бутэльку / уяўляю што гэта віно / у святле адзінокай свечкі»), альбо нават да кадраў з фільмаў жахаў/катастроф («вецер вуліцу атруціў / жоўтай крывёй. / разляцеліся кроплі, / і адна з іх на тваёй далоні, / як паведамленне пра вайну»; «рэха вясной вібруе / галава набрыняла мікробамі / думка як выбух кулі / разрывае Сусвет на дробнае»).

Галоўная тэма кнігі — каханне ва ўсіх яго абліччах. А гэта прыводзіць да таго, што разнастайныя іншатэматычныя вершы (філасофскія, пейзажныя, творы сацыяльнага гучання) застаюцца на перыферыі аўтарскай і чытацкай увагі і ў пэўнай ступені губляюцца ў неабсяжным акіяне любоўнай лірыкі, нібы маленькія чаўны падчас магутнай акіянскай буры. Вершы пра шматлікія адценні кахання маюць розную афарбоўку і інтанцыю — ад наіўна-ўзнёслых і інтымна-рамантычных да даволі брутальных і адкрыта эратычных:

у абдымках шалёных

спавіты растаем

смак тваіх смочак

на вуснах

і ўдзень і ўночы

Можна сустрэць у зборніку і «дзіцяча-платанічныя» творы, якія маюць рысы неарамантызму і сентыменталізму, што выглядае нейкім кранальным анахранізмам:

а пакуль не турбуйся

я твой рамантычны ахоўнік

буду ціха сядзець

у чаканні шчаслівага ранку

Адчуваецца, што ў вершы маладога паэта «ўкладзена» шмат асабістага-інтымнага, востра адчутага, перадуманага і пераасэнсаванага. Некаторыя ўяўляюць сабой своеасаблівы згустак нерваў разнастайных (далёка не заўсёды пазітыўных) перажыванняў, эмоцый, пачуццяў. Прычым аўтар разумее станоўчыя і адмоўныя рысы свайго характару і не баіцца зрабіць шчырае прызнанне («сваім пагана-ласкавым норавам / буду табе — / каханым») і засведчыць, што ў яго «скрозь перашкоды моўчкі душа кульгае». Відавочна, што Алесю Замкоўскаму давялося прайсці праз выпрабаванні і пакуты. Жыццёвая амальгама «пераплаўлена» ў пранікнёныя, шчымліва-кранальныя, а часам і тужліва-роспачныя вершы, што нячаста сустрэнеш у сучаснай айчыннай мужчынскай паэзіі. Творца пацвердзіў меркаванне старажытнарымскага паэта Авідзія, які ў сваёй знакамітай паэме «Навука кахання» да знакаў сапраўднага кахання залічыў «боль, клопат і смутак».

Не ўсе вершы згаданага зборніка роўныя і якасныя. Сярод іх ёсць і недасканалыя, па сутнасці, вучнёўскія. Сустракаюцца банальныя метафары (птушка шчасця, раны душы, віхура часу, мора слёз, белы пух аблокаў, etc), відавочна няспелыя вершаваныя радкі.

Ёсць немалая колькасць вершаў празмерна шматслоўных, зацягнута-хаатычных, якія нярэдка маюць размыты сэнс і няясны пасыл, што ў сваю чаргу ўскладняе ўспрыманне твора. Зразумела, што любому паэту хочацца ўкласці ўсю душу ў верш, як мага паўней зафіксаваць плынь (пад)свядомасці, аднак пры гэтым усё-ткі нельга забывацца пра далейшую дапрацоўку/шліфоўку твора — прыгадайма класічнае Багдановічава «трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, / абрабіць яго трэба з цярпеннем». Калі б многія занадта аб’ёмныя вершы сам аўтар (ці рэдактар) скараціў, пазбавіўшы іх усяго лішняга і неістотнага, то яны сталі б больш зграбныя, выразныя і ёмістыя, што павялічыла б іх інтэлектуальнае і эмацыянальнае ўздзеянне.

Акрамя таго, у кнізе можна знайсці відавочна надуманыя, штучныя і безгустоўныя метафары, рыфмы, якія «вытыркаюцца» з тэксту верша, тым самым разбураючы ягоную ўнутраную цэласнасць і псуючы агульнае ўражанне.

Але нягледзячы на некаторыя хібы і недахопы, большасць вершаў Замкоўскага ўяўляюць сабой арыгінальныя і якасныя мастацкія прадукты, безумоўна, вартыя ўвагі чытачоў, літаратуразнаўцаў і крытыкаў. Хацелася б пажадаць аўтару і надалей упэўнена ісці, ехаць па сваім жыццёвым бальшаку, а яшчэ каб (ня)вымушаныя прыпынкі на ім пайшлі толькі на карысць і не спынілі б творчы рост таленавітага паэта-падарожніка.

Эдуард Дубянецкі

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 212 раз
Другие материалы в этой категории: « Агляд літаратурных часопісаў Досягаем ли рай? »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии