Вторник, 20 08 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Паміж Мінскам і Браціславай

  • Понедельник, 15 апреля 2019 19:23

Мікола Трус. Купалаўскія адрасы ў Славакіі. Мн., Медысонт, 2018.

Сёння, здаецца, нікому не трэба тлумачыць, чаму міждысцыплінарныя даследаванні з’яўляюцца найбольш плённымі і прадуктыўнымі. Гэта і адмова ад прадметнай абмежаванасці, і выпраўленне шкодных вынікаў празмернай спецыялізаванасці. Але ўсё ж якасная міждысцыплінарная праца імкнецца не да разбурэння метадалагічнага апарату кожнай з галін, а да разумнага сінтэзу і дапаўнення яго метадамі іншых. Тады можам казаць ужо і пра полі-, трансдысцыплінарнасць.

Яскравым прыкладам такога плённага даследавання з’яўляецца манаграфія Міколы Труса «Купалаўскія адрасы ў Славакіі». Аўтар выдатна разумее, што без грунтоўных ведаў па сацыялогіі, культуралогіі, гісторыі вывучаемых краін немагчыма пабудаваць пераканаўчую стратэгію навуковага росшуку. Скрупулёзная праца з фондамі бібліятэк і архіваў Браціславы дазволілі адкрыць як невядомыя факты біяграфіі класіка беларускай літаратуры, так і праліць святло на акалічнасці беларуска-славацкіх культурных зносін. Падобнае ў гістарычным шляху развіцця Беларусі і Славакіі падкрэслівае і аўтар прадмовы – доктар філасофіі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь у 2008–2013 гг. Мар’ян Сэрватка: «Беларусы і славакі – абодва нашыя народы – прайшлі праз шмат цяжкіх выпрабаванняў. Славакам таксама пагражала знікненне роднай мовы. Венгерскія ўлады забаранялі карыстацца мовай ва ўстановах, школах і касцёлах. За выкарыстанне славацкай мовы можна было трапіць у турму, было шмат арыштаў і ахвяр. Але і гэта славацкі гістарычны досвед».

 Засмучае, што на сучасным этапе нашыя народы не так шмат ведаюць адно пра аднаго… А гэта, безумоўна, падвышае як уласнафілалагічную, так і навукова-папулярную каштоўнасць выдання.

Варта адзначыць, што праца на шырокай дзялянцы беларуска-славацкіх культурных сувязей вядзецца Міколам Трусам сістэматычна і паэтапна. Ён – аўтар больш за 60 навуковых артыкулаў, датычных дадзенай праблемы. Разглядаліся навукоўцам у свой час пытанні беларускай і расійскай эміграцыі ў Чэхаславакію, беларускай прысутнасці ў міжваеннай Славакіі, яднаючай культурнай дзейнасці археолага, руплівіцы музейнай справы Людмілы Краскоўскай, беларускага вектару творчай і навуковай дзейнасці Францішка Ціхага, аналізаваліся перакладныя і крытычныя беларуска-славацкія выданні. Вялікая ўвага надавалася, безумоўна, «славацкім адрасам» Янкі Купалы. Плён працы ўвасобіўся ў трох манаграфіях, апошняя з якіх уяўляе найбольш поўнае даследаванне невядомых старонак біяграфіі Янкі Купалы, фактаў падарожжа па Славакіі дэлегацыі савецкіх журналістаў і пісьменнікаў у кастрычніку 1935 г. і шырокіх пытанняў гісторыі беларуска-славацкіх культурных сувязей.

«Славацкія калегі засцерагалі мяне перад марнасцю пошукавых клопатаў, маўляў, усё, што тычыцца славацка-савецкіх сувязей у сацыялістычныя часы, сабрана і апублікавана. Уласны ж даследчыцкі вопыт паказваў, што ніколі не трэба ўспрымаць тэму як вычарпальную; ранейшая праца з матэрыялаў самых масцітых вучоных не значыць, што ўсё выяўлена і ўключана ў навуковы ўжытак», — распавядае аўтар пра гісторыю ўласнай распрацоўкі пытання. А тым больш, калі пытанне недаравальна мала асветлена ў сучасным літаратуразнаўстве! Янка Купала, адзін з ініцыятараў стварэння Таварыства культурных сувязей Савецкай Беларусі з заграніцай, тройчы наведваў Чэхаславакію (у 1925-м, 1927-м і 1935-м гг.). На дзіва, дэталі паездак амаль не вядомыя беларусам. Маршруты, сустрэчы, творчыя ідэі візітаў застаюцца па-за ўвагай купалазнаўцаў. Нягледзячы на тое, што яны (асабліва падчас апошняга, найбольш шырокага, наведвання 1935 г.) ствараюць унікальны прэцэдэнт дыпламатычнага, культуралагічнага, параўнальна-літаратуразнаўчага кшталту!

З першых раздзелаў манаграфіі «Пачатак знаёмства» і «Браціслава вітае ганаровых гасцей» аўтар цікава падсвечвае непасрэдную фармулёўку праблемы цікавымі фактамі і назіраннямі. Раскрывае асноўныя вехі славацкага нацыянальнага будаўніцтва, развіцця славацкай літаратуры, знаёміць з найбольш яскравымі яе прадстаўнікамі. Сфарміруе чытач дэталёвае ўяўленне і пра Брасціславу сярэдзіны 1930-х гг., пазнаёміцца з яе перыядычнымі выданнямі. Гатэлі Carlton, Termia Palace, Slovan, набярэжная Дуная, санаторныя будынкі ў Новым Смокаўцы, фарны касцёл у Святым Юры і шмат іншых незабыўных краявідаў раскрывае і багатая фотагалерэя выдання. Уважліва вывучаючы ўсе магчымыя крыніцы славацкага і чэшскага перыядычнага друку, успаміны, Мікола Трус жыва абмалёўвае і партрэты іншых удзельнікаў дэлегацыі. Прыкладам, прыводзіць цікавыя сведчанні даволі разняволеных паводзінаў «чырвонага графа» Льва Талстога, які не заўсёды пагаджаўся на агляд аб’ектаў, жартаўліва прыпамінаючы права на выходныя дні з працоўнага кодэксу. А неардэнарных асобаў хапала: Міхаіл Кальцоў, Аляксандр Фадзееў, Ганна Караваева, Іван Мікітэнка, Сяргей Траццякоў...

Кожная кропка маршруту творчай дэлегацыі з Савецкага Саюза падаецца аб’ёмна, інфарматыўна. Вінаградарскі Святы Юр з унікальнай прыроднай балотнай рэзервацыяй паўстае і як прытулак пляяды пісьменнікаў ХХ стагоддзя (Францішка Гечкі, Марыі Янчавай, Яна Грушоўскага і інш.). Менавіта тут адбылося знаёмства Янкі Купалы і з будучым народным пісьменнікам Чэхаславакіі Петэрам Ілямніцкім, адным з першых славацкіх аўтараў, перакладзеных на беларускую мову. Слаўная керамікай Модра, непарыўна павязаная з лёсамі пісьменнікаў Кветаслава Урбанавіча і Ладзіслава Навамескага, была адзначана «руканнем памяці пра славацкага будзіцеля Людавіта Штура і жывога голасу прарока нацыянальнага адраджэння Янкі Купалы», што знайшло ўвасабленне ў паэтычных радках Сяргея Панізьніка:

Штур і Купала – след у след:

на пераловы

паэта выгукнуў паэт…

Мы ловім Словы.

Асобны раздзел выдання прысвечаны і знакавым сустрэчам Янкі Купалы з Ганнай Грэгаравай, Янам Понічам, Гейзам Вамашам. Іх творчыя біяграфіі – адлюстраванні этапаў развіцця славацкай літаратуры і яе сталення. Дзеля аб’ектыўнасці аўтар манаграфіі заўважае: «Узнаўляючы па магчымасці ўсе штрыхі да агульнай карціны знаходжання дэлегацыі савецкіх майстроў пяра ў кастрычніку 1935 г. у Славакіі, канечне, рупіла перш за ўсё  знайсці сведчанні пра тое, хто са славацкіх калег выклікаў у Янкі Купалы найбольшую цікавасць. <…> Відавочна, што тагачасная перыёдыка і архівы не маглі даць такой інфармацыі». Аднак старанныя росшукі і тут мелі плён. У фондах Дяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы былі знойдзены ўспаміны Вольгі Шандаравай, якія сведчаць: «Памятаю, у нас у Браціславе, на беразе Дуная ён доўга размаўляў з нашым паэтам Янкам Понічанам, з якім як з калегам знайшоў агульную мову».

Абгрунтаваную ацэнку атрымліваюць у манаграфіі і публікацыі прэсы, своеасаблівыя рэакцыі на візіт савецкай дэлегацыі выданняў розных сацыяльна-палітычных ухілаў. Станоўчыя, хваласпеўныя, іранічныя і саркастычныя, яны цікава раскрываюць стан тагачаснай грамадска-палітычнай думкі. Яскравым у гэтым плане падаецца урывак артыкула актывіста правай славацкай народнай партыі Андрэя Глінкі – Карала Сідара: «Жыццё ішло далей сваім шляхам. Ішлі далей і савецкія пісьменнікі і журналісты, аглядалі нашу Славакію за шклянкай добрага віна ў Святым Юры і Модры, за багатым сталом пешцянскага курорта, а потым зноў бавілі час у атачэнні беласнежных і небатычных славацкіх Татраў». Прыводзіцца і поўны тэкст «забытага» інтэрв’ю, дадзенага Янкам Купалам чэшскай газеце «Lidové noviny» у перакладзе Міколы Труса і Алены Вострыкавай (не ўзгадваецца ў Поўным зборы твораў  Янкі Купалы). Важнае значэнне мае і асвятленне беларускай тэматыкі на старонках славацкага часопіса «Браціслава – Масква».

Пераход ад архіўнай тэмы да сучаснасці азначаны аналітычным раздзелам «Некаторыя падрахункі паездкі Янкі Купалы па Славакіі (Чэхаславакіі) у 1935 г.». Ізноў жа адначым тут шматахопную даследчуцкую манеру аўтара. Ад тэмы прыватнай ён пераходзіць да агульнай праблематыкі прадстаўленасці пісьменнікаў у дыпламатычных дэлегацыях, падае некалькі «жывінак» з замежных камандзіровак класікаў. І, што цалкам лагічна, звяртаецца да канчатковай сістэматызацыі ключавых момантаў візіту ў Чэхаславакію ў 1935 г., адзначаючы асобна «рэанімаваныя» славацкія эпізоды жыцця Янкі Купалы, невядомыя ў Беларусі раней.

У інтэрв’ю штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» (19.06.2015 г.) Мікола Трус справядліва адзначаў: «Прысутнасць Янкі Купалы ў кастрычніку 1935 года ў Славакіі ў складзе дэлегацыі савецкіх журналістаў і пісьменнікаў дазваляе весці гаворку пра славацкую літаратуру і культуру, прадстаўленую ў канкрэтных імёнах і фактах, у абсалютна новым ключы. <…> Пры гэтым гаворка пра некаторых славацкіх пісьменнкаў і літаратурную сітуацыю сярэдзіны 1930-х гадоў набывае адмысловую сяброўскую цеплыню, а пэўныя тэмы міжнацыянальных зносін – жыццёвую пульсацыю, надзённасць. На прыкладзе візіту 1935 г. мы маем справу з народнай дыпламатыяй – дзейснай сілай умацавання культурных сувязей».

На ўмацаванне культурных сувязей добра спрацавала і ранейшая манаграфія навукоўца – «Янка Купала ў Славакіі» (2012), што спарадзілі шэраг міжнародных акцый. Абсалютна беспрэцэдэнтным стаўся праект «Славацкімі шляхамі Янкі Купалы», ажыццёўлены 20-27 чэрвеня 2015 г. у гонар 80-годдзя адпаведнага падарожжа класіка. Беларускі бок прадстаўлялі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Другі агульнанацыянальны канал (АНТ), Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, газеты «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «СБ. Беларусь сегодня», «Культура», славацкі – Саюз славацкіх пісьменнікаў, Літаратурны і музычны музей Дзяржаўнай навуковай бібліятэкі ў Банскай Быстрыцы, Літаратурны фонд Славацкай Рэспублікі, газета «Literárny týždenník». Пабудаваная ў многім па маршрутах паездкі 1935 г., акцыя мела культурна-асветніцкі характар: сустрэчы з адміністрацыяй гарадоў, у якіх пабываў Янка Купала, навуковай і творчай інтэлігенцыяй Славакіі. Каштоўны плён падарожжа – дасягненне дамоўленасці аб ушанаванні купалаўскіх адрасоў у Славакіі мемарыяльнымі знакамі. Цікавымі публікацыямі па выніках акцыі адзначыліся многія рэспублікаскія друкаваныя выданні, своесаблівы «дзённік» праекту быў паказаны па тэлебачанні. Шыраг артыкулаў, падрыхтаваных Міколам Трусам, пабачылі свет на старонках часопіса «Роднае слова». Аднак найбольш поўны, пацверджаны дакументальна і фактаграфічна, расповед пра візіт змяшчае манаграфія «Купалаўскія адрасы ў Славакіі». Праз сведчанне аб афіцыйных мерапрыемствах зноў-такі «праступаюць» цікавыя факты славацкага быту, традыцый, народных рамёстваў, асаблівасцей архітэктуры, выяўленчага мастацтва, пісьменніцкія персаналіі. Праз маляўнічае апісанне Прымацыяльнага палацу ў Браціславе, яго ўнікальных мастацкіх збораў, раскрываюцца вехавыя падзеі еўрапейскай гісторыі… Размяшчэнне Святога Юру падказвае асаблівасці яго архітэктурнага вобразу…

Утрымлівае расповед пра падарожжа і ўнікальныя параўнанні. Аўтар, валодаючы вычарпальнай інфармацыяй пра візіт савецкіх культурных дзеячаў у 1935 г., знаходзіць падабенства і адрозненні ў абліччы гарадоў, культурным і эмацыйным складніку праграмы. Як жа успрымаў Янка Купала візіт у Славакію? Што пакінула асаблівы след у яго душы? Элегантныя заўвагі Міколы Труса даюць адказы на пытанні ўдумлівага чытача: «Пра тое, што нацыянальны менталітэт, мова братняга славянскага народа асабліва прыйшлася па душы класіку беларускай літаратуры красамоўна гавораць здымкі. На адным з іх усе прысутныя зняты ў нязмушанай абстаноўцы з каларытным гаспадаром вінаградніку <…>. Міхась Кальцоў зняты ў абдымках з селянінам, а Янка Купала (амаль заўсёды дыпламатычна стрыманы пры фатаграфаванні) паклаў сівавусаму гаспадару вінаградніку руку на плячо».

Сустрэчы з адміністрацыяй славацкіх гарадоў і творчай інтэлігенцыыяй, падпісанне дамоў, абмен кнігамі, удзел у славацкіх народных абрадах… Безумоўна, толькі непасрэдны кантакт з культурай іншага народу можа даць разуменне яго моўнай, літаратурнай, культурнай ідэнтычнасці. А яшчэ – непасрэдны імпульс для перакладчыцкай і даследчыцкай дзейнасці. Багатая фактура кнігі «Купалаўскія адрасы ў Славакіі» падмацаваная не толькі архіўным росшукамі, але і непасрэднымі назіраннямі.

Манаграфія Міколы Труса можа выступаць як своеасаблівы даведнік па беларуска-славацкіх культурных сувязях. Гэта і сур’ёзнае гісторыка-літаратурнае даследаванне, і навукова-папулярны, займальны аповед пра культуру Славакіі, гісторыю і сучаснасць беларуска-славацкіх сувязей. Грунтоўнасць выдання падкрэсліваецца выдатна распрацаваным бібліяграфічным апаратам. Прыводзяцца спіс ілюстрацый, рэгістр славацкіх перыядычных выданняў 1935 года, іменны паказальнік, спіс асноўных публікацый аўтара ў галіне беларуска-славацкіх літаратурных, культурных сувязей. Нязмушанасць, адкрытасць даследчыцкай манеры навукоўца нязменна прыцягвае ўвагу як літаратуразнаўцаў, так і ўсіх аматараў літаратуры, нацыянальнай культуры і культур замежных краін. А няспынны пошук аўтарам новых вектараў узаемадзеяння беларускай літаратуры з шырокай сусветнай прасторай дае спадзяванні на новыя нечаканыя і сенсацыйныя адкрыцці.

Юлія Алейчанка

 

Прочитано 202 раз
Другие материалы в этой категории: « Партрэты Надзеі Артымовіч У тумане стагоддзяў »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии