Воскресенье, 26 05 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Хто стаіць за дзвярыма?

  • Четверг, 25 апреля 2019 15:18

Кожны аўтар хоча ведаць, як той ці іншы твор будзе сустрэты чытачамі. Сёння вялікая раскоша атрымаць падрабязны крытычны разбор тэксту, сапраўдная і карысная для пісьменнікаў крытыка амаль знікла са старонак літаратурных выданняў. Такія часы. Пішуць кнігі многія, адзінкі іх ацэньваюць.

Паспрабую выказаць некалькі ўласных заўваг пра апавяданне Тамары Бунта «Хто стаіць за дзвярыма» («ЛіМ» №14 ад 5 красавіка 2019). Чытаю ўсе творы Тамары Бунта, іх не так шмат, але ёсць такая рыса ў пісьменніцы – выпускаць у свет вывераную і абдуманую прозу. У яе апавяданнях не першы раз заўважаная адна асаблівасць: прысутнасць дэтэктыўных элементаў сюжэту, што добра, бо не ўсе валодаюць такімі прыёмамі. Недагаворанасць, намёкі толькі ўзмацняюць напружанне ўсяго ходу падзей. Асабліва гэта падабаецца маладому пакаленню чытачоў. Але пакуль у пісьменніцы гэта ўсяго толькі нясмелыя спробы, якія, на мой погляд, трэба развіваць і ўзмацняць.

У сваёй творчасці Тамара Бунта часта вяртаецца ў дні свайго дзяцінства, там яна знаходзіць цікавыя вобразы, сюжэты, натхненне, мінулае сілкуе яе забытымі карцінамі, добрым настроем і такімі ж добрымі эмоцыямі. У аўтара мяккі і нават пяшчотны погляд на многае ў нашым жыцці, яна суадносіць сваё мінулае з цяперашнія днём, і разумее – нічога ў прынцыпе не змянілася. Ужо ў далёкім яе дзяцінстве прысутнічала бацькоўская любоў – самае галоўнае, што засцерагае дзяцей ад будучых сустрэч з суровымі выпрабаваннямі свету, стратамі, пакутамі. Дзяцей трэба любіць і толькі любіць, зярнятка дабрыні і ўзаемнае спачуванне могуць ўзгадавацца толькі на любові. Гэта цяпло адчуваецца ў тэкстах дзіцячай пісьменніцы, прызначаных для дзяцей і дарослых. Існуе і пакуль яшчэ не знікла так званае сумеснае сямейнае чытанне, яно можа зрабіць добрую справу – аб'яднаць у доме розныя пакаленні.

Мова аўтара лаканічная, зразумелая, што цалкам апраўдана, пры яе дапамозе атрымліваецца карысны дыялог. Сучасныя дзеці любяць дынамічныя хады, прыдуманную «не страшную гульню», ненадакучлівасць гісторый, і больш сочаць за дзеяннем. Здавалася б, просты сюжэт: дзве дзяўчынкі-сяброўкі гуляюць у лялькі, шыюць ім ўборы, наглядна паказаны дзявочы свет – некалькі гадзін з іх жыцця, дзе няма дарослых, бацькі на працы. Дзяўчынка Тома марыць сябраваць з самай лепшай у свеце дзяўчынкай, і гэта яе суседка па вуліцы Жэня. «Прызнацца, мне даўно ўжо хацелася займець лепшую сяброўку. Вядома, я таварышавала з суседскімі дзяўчынкамі – з Галькай, Волечкай, Алай, Таняй, Надзяй… Але хацелася мець такую, каб была самая блізкая, самая верная сярод усіх і сябравала найперш са монй, каб толькі мне давярала таямніцы, каб толькі са мной хацела гуляць у лялькі і толькі да мене  бегла па дапамогу, калі не рашалася задача по матэматыцы ці не пісалася сачыненне.»

У дзяцінстве закладаецца не толькі характар, але і падмурак будучых гарманічных узаемаадносінаў і каштоўнасцяў.

Вядома, дзяўчынкі рэдка сябруюць па тры, чатыры, для іх самае важнае знайсці адну, адзіную сяброўку на ўсё жыццё – гэта сяброўства «на дваіх». І ў такой  дружбе-тандэме заўсёды хтосьці адзін лідар, іншы падначалены. Два лідары адразу разбягуцца, таму звычайна прыцягваюцца розныя характары.

З такой сяброўкай, як Жэня, можна дзяліцца сакрэтамі і таямніцамі, пра якія можа не ведаць нават мама. Узрост Жэні і Томы – на парозе растання з дзяцінствам, апошнія гульні з лялькамі.

Якія розныя дзяўчынкі! Жэня не хацела адпускаць сяброўку дадому, і нечакана вырашыла напалохаць яе, кожны раз выходзіла ў калідорчык, грукала ў дзверы, як быццам хтосьці чужы і страшны б'ецца ў цёмны дом. Тома тут жа ўспомніла калматага і барадатага жабрака, ён часта сустракаўся ёй на вуліцы, яна страшна спалохалася, уяўленне стала маляваць жудасныя карціны, раптам страшная рука старога разаб'е шкло і адчыніць дзверы…

Жэні спадабалася такая гульня. Яна бачыла, які моцны страх нагнала на сяброўку, як тая бездапаможная, напалоханая, а сама па-акцёрску прыкідвалася, назіраючы і атрымліваючы задавальненне ад чужой разгубленасці і жахаў. Але ўсё скончылася добра, прыйшоў з працы бацька Жэні, уключыў у цёмным пакоі святло, дачка потым сама прызналася ў падмане. Дзяўчынка зрабіла гэта прызнанне лёгка, не задумваючыся аб унутраных перажываннях сяброўкі.

Гераіня аповеду Тома ўпершыню ў жыцці сутыкнулася не толькі з падманам, але і з сапраўднай здрадай. Дзяўчынка адразу пасталела. Яна бегла па вуліцы познім вечарам дадому, думала, як вінаватая, што не папярэдзіла бацькоў, не зрабіла ўрокі, але галоўнае –зразумела, што не абавязкова добра чытаць на памяць вершы, як гэта выдатна рабіла Жэня, мець шмат прыгожых лялек...

Дзяўчынку пакутавала ад аднаго дарослага пытанне: навошта Жэня ўвесь вечар з яе так жорстка здзекавалася, так моцна напалохала? Яна ж ёй давярала, брала з яе прыклад, лічыла сваёй лепшай сяброўкай?

Дзяцінства, сапраўды, скончылася. Аўтар псіхалагічна дакладна выпісала няпростую сітуацыю дзіцячых узаемаадносінаў, вырашаць якія давядзецца ўжо самастойна, распавяла пра ўсе перажыванні ад першай асобы дзяўчынкі. Гэтыя пытанні не абмяжоўваюцца межамі сюжэту, яны значна больш складаныя, працягваюць дарослых і дзяцей выпрабоўваць на трываласць там, дзе складана знайсці адгадку. Хай цяпер кожны з чытачоў адкажа сам на пытанні гераіні – сапраўды, хто стаіць за дзвярыма...

Ірына Шатыронак

Прочитано 272 раз
Другие материалы в этой категории: « Ненавязлівае свячэнне Знакі бясконцасці »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии