Воскресенье, 26 05 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Паляванне на ўяўленне

Ці чым мусіць здзівіць аўтар, здавалася б, у немагчымай да немагчымасці (даруйце за таўталогію) культуры ўяўлення пасля Говарда, Лаўкрафта, Толкіна, Перумава, Марціна, Лема, Саймака, Хайнлайна, Нортан, Жалязнага, Сямёнавай і безлічы іншых фантастаў, імя якім — легіён, і застацца арыгінальным?.. Прасцей простага, калі задумацца, сесці і пісаць, аддаўшыся на волю фантазіі і ствараючы ўласныя сусветы, поўныя незвычайных прыгод, чараўніцтва, гераізму, нават апакаліпсіса. Аднак, нягледзячы на сумніўную свабоду мыслення, жанр фантастыкі, асабліва фэнтэзі — найбольш кананічны і жорсткі ў сваіх правілах, амаль як класічнага ўзору п’есы. На шчасце, беларускай літаратуры гэта амаль не датычыцца, бо яна з суперпапулярным ва ўсім свеце жанрам пакуль знаходзіцца ў стасунках цукерачна-кветкавага перыяду (маюцца на ўвазе выключна беларускамоўныя творы) — яны ў большасці нагадваюць вучнёўскія спробы пяра. Чытаць іх будуць хіба што ад фанатычнай адданасці жанру, дзеля якога спажывеш што заўгодна, бо сядзіш на ім як на гераіне.

Таму без асаблівай на тое ахвоты ўзяў новы зборнік фантастычных апавяданняў і аповесці Алеся Бычкоўскага «Дабрадзей і гармідар квантавай літаратуры», што быў выдадзены «Галіяфамі» напрыканцы мінулага года, раззлаваны да таго ж яшчэ і прэтэнцыёзнай назвай кнігі, паяднанай з аднайменным апавяданнем, што яе, між іншым, і адкрывае.

На дзіва, спадабалася. Не без хібаў, пад уплывам вышэйзгаданага Жалязнага і яго «Хронік Амбера», аўтар будуе забаўляльны квантавы парк з персанажаў сусветнай фантастыкі на глебе ўласна беларускай свядомасці. Сціпленька, але з густам. Аднак мы ж яшчэ на самым пачатку эвалюцыйнага шляху ў жанры, усё яшчэ наперадзе…

Ды з фантастыкі ў кнізе, бадай, гэта адзіны паўнавартасны твор. Астатнія… хутчэй нагадваюць аповеды такога сабе сучаснага шляхціча Завальні, у асобе якога выступае шаноўны аўтар. Мушу адзначыць, чаму, уласна, фантастыкай іх назваць цяжка, бо не ўсё тое фантастыка, што падаецца фантастычным і неверагодным. Па аналогіі не ўсё тое, што блішчыць, мы называем шоўкам, ці не так?

Астатнія творы А. Бычкоўскага (іх, дарэчы, тры; кніга невялікая і чытаецца, між іншым, на адным дыханні) паяднаны між сабой (хаця абсалютна самастойныя адзінкі) казачнымі паданнямі і легендамі, на аснове якіх, уласна, і вырастае аповед. Нешта падобнае ў беларускай літаратуры ўжо было і ёсць, вядома, не ўлічваючы Баршчэўскага, праўда ж? І гэта… Людміла Рублеўская! Зрэшты, спадарыня Людміла Рублеўская ў сваіх творах абвяргае ўвесь той містычны і фантастычны флёр, якім намагаецца прыкрыцца аб’ект яе даследавання, і знаходзіць навуковае абгрунтаванне, здавалася б, невытлумачальных падзей. Аўтар «Дабрадзеяў і гармідару…», наадварот, навуку адпрэчвае цалкам і настойвае на прысутнасці звышнатуральных сіл і з’яў у прыродзе. Больш за тое, у жыцці адмыслова народжаных дзеля выпрабоўвання тых сіл людзей. Відавочнае падабенства пабудовы сюжэтаў у Рублеўскай і Бычкоўскага, зрэшты, аніяк не сказваецца ні на якасці іх твораў, ні на арыгінальнасці творчасці абодвух — у кожнага свае мэты.

Творы А. Бычкоўскага вельмі кінематаграфічныя, што, між іншым, адна з галоўных уласцівасцяў жанру, у якім працуе аўтар, прычым з прэтэнзіяй на галівудскі маштаб, што не дрэнна, але і не без уплыву слыннай фабрыкі мрой. Напрыклад, узяць яго апавяданне «Паляванне на ваўкалака»… Міжволі, пасля прачытання, узнікае асацыяцыя з Джэкам Нікалсанам і фільмам «Воўк», хаця нічога агульнага, калі задумацца, у творах няма. Але асацыяцыя ёсць. Сэнс апавядання ў чым? У тым, што ваўкалакі жывуць сярод нас, што яны нашчадкі зніклай, як атланты, культуры, неўраў, хоць і прыходзяць з іншых вымярэнняў, якіх безліч, і адным з іх быў вялікі беларускі князь Усяслаў Чарадзей. З ніадкуль показкі не бяруцца, сцвярджае аўтар. Вядома, іх прыдумвае ці, хутчэй, дадумвае народ, але на аснове сапраўдных падзей. Ваўкалак у творы А. Бычкоўскага — зніклы бацька галоўнай гераіні, выкладчыцы гісторыі, з артыкула якой пра ваўкалака і пачынаецца аповед — падчас наступстваў выбуху на Чарнобыльскай АЭС. На жаль, аўтар не тлумачыць, дзе ён прападаў столькі гадоў, а калі з’явіўся ў горадзе — чаму адразу пачаў наводзіць парадак з імпэтам супергерояў, распраўляючыся з нягоднікамі, высочваючы іх, каб абараніць сваю дачку. Падобным жа чынам высачылі і яго, ды забілі проста на вачах у дачкі, якая, зразумела, не здагадвалася пра сваяцтва з пачварай да моманту смерці апошняй, калі тая ператварылася ў чалавека. Вось такую ўдзячнасць, можна сказаць, атрымаў ваўкалак за жаданне памагчы людзям...

У аповесці «Блукач» героям пашанцавала больш, нягледзячы на тое, што з іншымі вымярэннямі яны сутыкнуліся папросту лоб у лоб. Самае цікавае: надзвычайная мясціна цярпліва чакала шмат гадоў галоўнага героя, каб у вобразе жабы паведаміць страшэнную тайну крыжа святога Філімона, дзякуючы якому і існуе магчымасць блукаць па іншых вымярэннях ды ахоўваць іх ад блукачоў-ліхадзеяў.

Найбольш вартасным, якасным, па-майстэрску выпісаным да драбніц і глыбіні паглыблення ў прапанаваныя абставіны, на маю думку, з’яўляецца апавяданне «Дом, які здзяйсняе жаданні». З фантастыкай як такой, на жаль ці, наадварот, на шчасце, твор не мае нічога агульнага. Гэта хутчэй псіхалагічны трылер, пабудаваны на гісторыі праклятага дома з крывавым мінулым і дзяўчыны, на свядомасць якой ён уздзейнічае, у найлепшых традыцыях Стывена Кінга. Зрэшты, параўнанне тут адно для прыгожага слова. Апавяданне сапраўды ўражвае і надоўга асядае ў спратах памяці як нешта трывожнае, што хочацца распавесці камусьці яшчэ і пачуць пра тое супакойлівую думку.

Такім чынам, у цэлым новая кніга А. Бычкоўскага неблагая, адметная, у першую чаргу, неказённай, сакавітай, вобразнай, жывой беларускай мовай, што, на жаль, рэдкасць сярод твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў. Аўтар — майстар сюжэта, і ад яго хацелася б крышку большага, не проста апавяданняў, нягледзчы на тое, што іх пісаць цяжэй за ўсё, а вялікага рамана, бо і жанр патрабуе гэтага, і, думаю, чытачы і прыхільнікі яго творчасці.

Мікола Адам

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 137 раз
Другие материалы в этой категории: « «Я ўся — Радзіма...» Свае горы не выбіраюць? »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии