Четверг, 27 06 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Багоўка», дзеткам сяброўка

«Божая кароўка, паляці на неба!» — хто з нас, як і Уладзімір Сіўчыкаў у загалоўным вершы кніжкі, у дзяцінстве не звяртаўся да сімпатычнага, у плямках, жучка, надзвычай карыснага для раслін, хто не радаваўся, калі той, замоўлены, слухаўся і стартаваў з далоні пад аблокі?! Зборнік вершаў «Багоўка» Уладзіміра Сіўчыкава летась пабачыў свет у серыі «Нашым дзеткам», якую пяць гадоў таму адкрыла выдавецтва «Мастацкая літаратура». Гэта невялікая кніжачка, светлая і радасная, разлічаная на самых маленькіх чытачоў і слухачоў, іх бацькоў, бабуль і дзядуль. Прычым адрасаваная ім менавіта беларускім карыстальнікам і спажыўцам. Беларусацэнтрычнасць і этнаграфічнасць — адметныя рысы кніжкі: гераіні Алеся, Хрысціна і Злата, мотальскі кажушок, глыбоцкая згушчонка, дарога са сталічнай Серабранкі. 

Гэта кніга для самых маленькіх чытачоў. Над ілюстрацыямі працавала мастачка Анастасія Лісавец. Сабраныя ў кнізе вершы лёгкія і пазітыўныя. Галоўныя героі — дзеці, жывёлы, птушкі, якія выдатна сябруюць і вельмі падобныя адно да аднаго. Клапатлівы кот Цімох разганяе сарок, што перашкаджаюць спаць яго маленькай гаспадыні; дзяўчынка, як і вавёрка, мае ўласную хованку для смачных прыпасаў…

Кніжка адразу выклікае замілаванне, яе хочацца ўзяць у рукі, пагартаць, разгледзець малюнкі, а потым і пачытаць. Немалая заслуга ў тым суаўтаркі У. Сіўчыкава мастачкі Насты Лісавец, і, трэба прызнаць, кніжны дэбют яе вельмі ўдалы. Спрыяюць таму выдатнае паліграфічнае выкананне і дызайн — зручны, амаль што квадратны фармат, шчыльная мелаваная папера, закруглены абрэз кутоў старонак.

Вершаваныя радкі ў кнізе празрыстыя, запамінальныя, а ці не галоўная, скразная тэма — любоў да матулі і ўдзячнасць ёй як самаму дарагому ў свеце чалавеку.

— Маму родную шаную,

І люблю, і паважаю,

І цалую, і мілую,

Бо яна ў мяне такая!

Гэткай добрай, слаўнай мамы

Не купіць ні ў якай краме,

Не знайсці ва ўніверсаме,

Не набыць і ў «Панараме».

Прачытваюцца ў аўтарскіх радках і фальклорныя матывы, традыцыі народных замоў і калыханак. І нездарма, бо моўны код у дзіцяці закладаецца з калыскі:

Нібы замову,

Моц і пяшчоту

Бацькавай мовы

Помні заўсёды.

Нашы абрусы —

Кветкі ды птушкі.

Будзь беларускай

Шчырай, дачушка!

Дзеці заўсёды цікавяцца прыродай, звяртаюць увагу на самых маленькіх істот, таму адкрываюць кнігу вершыкі пра слімака і пра багоўку. «Багоўка» — дасціпная перапрацоўка вядомай рускамоўнай песенькі:

— Божая кароўка,

Паляці на неба —

Там твае сяброўкі

Захацелі хлеба.

Аднясі ім дранік —

Будзе сыты ранак.

Любым сваім дзеткам

Аднясі катлеткі (…)

Аўтар уводзіць у творы беларускія брэнды — і гэта не толькі дранікі. Самая цёплая вопратка — кажушок з Моталя, самы смачны ласунак — глыбоцкая згушчонка… Дзеці вучацца радавацца рэчам, якія ёсць у дасягальным, блізкім свеце, што заўсёды будзе вельмі важна.

Свет дзяцінства на старонках кнігі паўстае гарманічным і радасным, тут пануюць дабрыня і паразуменне. Матуля — самая слаўная, сябры вартыя найлепшых ласункаў, а радзіма — «дзіўная казка», асабліва цудоўным летнім ранкам.

Магчыма, «Багоўка» прывядзе маленькіх чытачоў да іншых кніг Уладзіміра Сіўчыкава — паэта, рэдактара, выдаўца. Для першай сустрэчы з паэзіяй гэта выданне падыходзіць найлепш!

Юлія Шпакова, Раіса Шастак

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 115 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии