Воскресенье, 21 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Вольны палёт у імя Айчыны

  • Понедельник, 01 июля 2019 17:10

Ты адзін, ты адзін, ты адзін,

ты застаўся адзін на славяншчыне...

А.Сыс

Алег Мінкін — постаць у беларускай літаратуры адметная, калі не сказаць знакавая. Адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў пакалення «Тутэйшых», тым не менш ён заўжды заставаўся ў цяні іншых, больш нахрапістых аднагодкаў і калег.

Ён не імкнецца прамаўляць з трыбун, не лезе напралом ва ўсе зборнікі. Яго творчасць — прыклад паважлівага, ледзь не перфекцыянісцкага стаўлення да слова. Пра Мінкіна можна сказаць, што ён з тых, для каго эталон літаратарскага прафесіяналізму — багдановічаўскае «трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, абрабіць яго трэба з цярпеннем…», а ў маральна-этычным плане — вызначэнне паэзіі, дадзенае Леанідам Галубовічам: «не для забаў, не для гульбы — а пошук ісціны да скону».

Звычайны шлях пісьменніка ў бээсэсэраўскія часы быў: філфак альбо журфак, рэдакцыйная праца, зборнік раз на два-тры гады, пасля сарака — выбранае, затым — лаўрэацтва, шматтомнікі… «Тутэйшыя» кінулі выклік гэтай завядзёнцы, аддаўшы перавагу не матэрыяльнаму дабрабыту, не карасканню па кар’ерных лесвіцах, а вольнаму палёту — у імя Айчыны:

Калісь з імпэтам нетутэйшым тут

Мы аўгіевых стайняў гной і бруд

Выносілі, каб з холаду й сутоння

На сонца вывесці бялюткіх коней.

Дзе тыя коні? Як заўжды — ў палоне.

А ўжо зіма нам пасівіла скроні…

І наш запал, юначы наш імпэт —

 У небе чорным метэора след.

Але ж кожны палёт раней ці пазней заканчваецца, таму большасць «беларускіх Ікараў» ўсё-ткі паспяхова прызямлілася: перакваліфікавалася ў выдаўцоў, рэдактараў, бізнесоўцаў, палітыкаў… Нехта паабрастаў рэгаліямі, супраць якіх пратэставаў у юнацтве. А некаторыя, ахвяраваўшы дзеля ідэалаў асабістым шчасцем, апынуліся пасярод жыццёвай пусткі…

Мінкін рушыў сваім шляхам. Спачатку — праца на нафтавых прадпрыемствах, затым — гастарбайтарства ў Маскве, аж пакуль не знайшоў прыстанак у Літве. І ў перапынках як адхланне, як ратунак ад паўсядзённасці — слугаванне слову. Паэт заўжды стаяў наводдаль ад чалавека. Ніводнага звання, прэміі — толькі дзве: безграшовы, але тым і каштоўны Гліняны Вялес, ды мінулагодняя, імя Міхася Стральцова.

Каханне, грошы, славы сверб — мана:

Няўмольны час завабіць імі сэрца,

Памучае, а потым насмяецца —

Не здраджвае Радзіма нам адна…

У мінулым годзе пабачыла свет выданне, што аб’яднала ў сабе найлепшае, створанае Алегам Мінкіным на працягу творчага шляху, у тым ліку і з ранейшых зборнікаў «Сурма», «Расколіна», «Пенаты». Назва яго гучыць даволі дзіўна: «Мяне тут не было…». Што гэта — праява сціпласці, маўляў: я ў гэтай вашай калялітаратурнай мітульзе не ўдзельнічаў, а ціха рабіў сваю справу? Альбо шкадаванне: займаўся не тым, жыў не ў тым месцы? Але дзе ёсць прастора для думкі, неадназначнасць трактоўкі — там заўжды будзе паэзія.

Мінкін — прыклад паэта-матэматыка, інтэлектуала (згадаем яго тэхнічную адукацыю), у творчасці якога ўсё ўзважана і пралічана, як у шахматах, на шмат хадоў наперад. І адначасова — тонкі лірызм і глыбокае пачуццё, аздобленае паганскімі, антычнымі, містычнымі матывамі. Але ж назваць яго паэтам чыстае красы нягледзячы на адданасць класічным формам, будзе памылкай. На першы погляд так і здаецца: строгі, вывераны радок, скрупулёзна падабраная рыфма, каб і хацеў дзе прыкмеціць фальшывую ноту — пры ўсім намаганні не атрымаецца. Але ж Мінкін — творца і парадаксальны, нечаканы. Напрыклад, у нізцы «Гастарбайт» у вершы «Васілёк» ён вядзе наступны дыялог з Багдановічам:

Стракочуць зычна конікі ля ганку

Салона прыгажосці, дзе ад ранку

Дзяўчына з вёскі беларускай Петракі

Наколкі робіць і праколвае пупкі.

А недзе там лагодны ветрык вее,

Сінее васілёк і жыта палавее…

І ў забыцці выколвае рука

Замест пачвары кветку васілька.

Ёсць унутраная цэнтрабежная моц, якая зацягвае чытача па меры паглыблення ў паэтычны сусвет Мінкіна. Ён «бярэ ў абарот» не адразу, але, аднойчы адчуўшы энергетыку, схаваную спружыну тэксту, станеш прыхільнікам ягонай паэзіі.

Мінкін нарадзіўся ў вёсцы, і, нягледзячы на тое, што пачынаў ён пісаць па-руску, генная памяць спрацавала безадказна, і менавіта беларускамоўная стыхія падаравала яму паэтычныя крылы. Янка Сіпакоў (дарэчы, рэдактар першай кнігі Мінкіна) некалі засведчыў ад імя цэлага пакалення: «Усе мы з хат…». У Алега Мінкіна таксама ёсць верш, які так і называецца — «Хата». Гэты твор можна па праве залічыць да асноўных, вызначальных у яго паэтычнай біяграфіі. Сваімі драматызмам, экспрэсіяй і глыбіннай філасофіяй верш набліжаны да найлепшых узораў сусветнай літаратуры. Сюжэт такі: галоўны герой натрапляе на загадкавую хату, у якую ўваходзіць, не зважаючы на голас, што заклікае яго не рабіць гэтага. Унутры — занядбанасць і бязладдзе, паабдзіраныя шпалеры, ссохлыя мухі на павуцінні пад столлю… З палёгкай пакінуўшы хату, галоўны герой вяртаецца ў вір гарадскога жыцця. Але кола замкнулася: цяпер ён штораніцы вымушаны прачынацца ў гэтай хаціне і з часам усё больш і больш праседжвае ў ёй на скразняку, пазіраючы ў шыбу:

Пэўна, ўжо хутка наступнік мой клямкаю бразне

І ў сваю пастку на хвілю, як я, зазірне…

Мабыць, ніхто яшчэ гэтак пранізліва-трапна не агучыў драму нашага суайчынніка, асуджанага стагоддзе за стагоддзем пражываць «дзень сурка», вусцішны ў сваёй аднастайнасці і беспрасветнасці. Лакальнае пекла ператвараецца ў абагульненую метафару быцця, якая дзіўным чынам настраёва перагукаецца з рэфрэнам «Nevermore» у вершы «Крумкач» вялікага і трагічнага амерыканца Эдгара Алана По. Што было, тое ніколі больш не паўторыцца, нязменная толькі метафізічная хата-пастка, ды здзеклівае дэжавю, што пульсуе ў свядомасці. Гэтая тэма працягваецца і ў аповедзе «Стары дом», таксама змешчаным у кнізе: «Бо ўсё маё жыццё складаецца з незразумелых вяртанняў да нейкага зыходнага пункту, з якім усё існае страчвае раптам сэнс ды ператвараецца ў нагрувашчванне нічым не звязаных спаміж сабой аскалёпкаў».

Адметным падаецца раздзел перакладаў пад агульнай назвай «Высокія дрэвы», дзе аўтар знаёміць з творчасцю Арцюра Рэмбо, Шарля Бадлера, Гіёма Апалінэра, Чэслава Мілаша, Леапольда Стафа, Івана Франко ды іншых. Пераклады Мінкіна — узор чуйнага, уважлівага стаўлення да арыгінала, карпатлівай працы над рытмам, рыфмай, вобразам.

Але, на мой погляд, выбранае не страціла б нічога, а, на-адварот, прыдбала б вагі, аб’яднаўшы ўсё, што-кольвек створанае Мінкіным, бо выпадковых твораў у яго, колькі не шукай, не знойдзеш. Не зашкодзіла б зборніку, акрамя ўзораў кароткай прозы, і прысутнасць «Праўдзівай гісторыі краіны Хлудаў», антыўтопіі, якая пабачыла свет у 1994 годзе і з часам зрабілася бібліяграфічнай рэдкасцю. Будзем спадзявацца, наступныя выданні гэта выправяць.

А пакуль маем кнігу, якая чарговы раз засведчыла шматграннасць Алега Мінкіна як творцы. Сапраўды, для таго каб застацца ў літаратуры, не-абавязкова фізічна прысутнічаць у эпіцэнтры літпрацэсу. Верагодна, гэта і ёсць тлумачэннем назвы зборніка. Аўтара тут сапраўды амаль не было апошнія два з лішкам дзесяцігоддзі, але ён пакінуў свой непаўторны след у душах і розумах тых, хто любіць і цэніць сапраўдную паэзію.

Янка Лайкоў

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 266 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии