Воскресенье, 21 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Адгукнуцца рэхам

Прадмова да паэтычнага зборніка, упэўнена, патрабуе асцярожнасці. Падзяліцца ўражаннем, паспрабаваць акрэсліць творчае мінулае і спрагназаваць будучыню, выдзяліць аб’ктыўна ўдалае — можна і не больш. Бо ў выпадку з паэтычным зборнікам Тамары Лазнюхі «Крылатае перадзім’е» (Пінск, «Пінская рэгіянальная тыпаграфія», 2018) аўтар прадмовы Жанна Завацкая амаль не пакідае чытачу тайны.


Яна пералічвае тэмы вершаў (каханне, нянавісць, сяброўства, грамадзянскія і філасофскія роздумы), дае характарыстыку мовы (зразумелая, але сакавітая і вобразная), расказвае пра традыцыйныя для паэтаў прысвячэнні маці, радзіме, сябрам — ды яшчэ многім, акрэслівае настрой зборніка (у большай ступені гэта аптымістычныя вершы), ацэньвае мастацкі складнік (няма патоку арыгінальных і складаных рыфм і неверагодных вобразаў, але стыль непаўторны), нават падрабязна распавядае пра метафарычнае афармленне вокладкі (голы ствол з гронкай рабіны, ссохлая трава і голуб у палёце). Чытачу засталося толькі прасачыць за думкамі і пачуццямі лірычнай гераіні і ці згадзіцца з аўтарам прадмовы, адчуўшы трымценні паэтычнай душы, ці, не знайшоўшы для сябе грунтоўных філасофскіх роздумаў і адкрыццяў, адкласці зборнік.

Сапраўды, з многім з пералічанага можна пагадзіцца, як і з тым, што паэзія Тамары Лазнюхі спавядальная. Аўтар нібыта прадстаўляе сваю душу на суд чытача: шчырую ў адсутнасці ілюзій. Аўтар дала сімвалічную назву кнізе, якая выйшла напярэдадні яе сямідзесяцігоддзя. Напрошваецца тэма выніку жыцця — у большай ступені творчага. Між тым у аўтара «Крылатага перадзім’я» выйшла ўжо 10 зборнікаў паэзіі. Перапынак паміж гэтым і папярэднім склаў 20 гадоў.

Узнікае пачуццё, што паэзія для Тамары Лазнюхі — ручай. Толькі з яго яна можа спатоліць сваю смагу, прагнучы, нібы птушка, узляцець. Увогуле, вобраз птушкі ў зборніку нават не патрабуе тлумачэння, бо ён арганічны для тых, каго нешта стрымлівае ў думках або дзеяннях.

Першае, што бачыш, разгарнуўшы зборнік, — страфу верша, які намякае на лейтматыў — падсумаванне вынікаў:

Крылатое предзимье,

Спасибо за полёт,

Неточности прости мне

И в зной, и в гололёд.

І калі з першымі двума радкамі зразумелыя і метафара, і ідэя, то наступныя прыводзяць у замяшанне: чаму менавіта недакладнасці? Чаму іх трэба прабачаць якраз у галалёд і ў спякоту?

Аўтар упэўнена: дарогі простымі не бываюць. Але прайсці іх трэба годна. Адчуваецца, што з гэтым памкненнем яна звяртаецца ў кожным вершы і да сябе, і да іншых. Іншыя — гэта часцей за ўсё родныя, сябры і проста знаёмыя. Большая частка вершаў — прысвячэнні: людзям, месцам, датам. Але часам гэта заклік да ўсяго чалавецтва. Тут высокія пачуцці і будзённасць пераплеценыя паміж сабой. Так, верш «Зварот да незнаёмкі» мае вострасацыяльную накіраванасць. Тэма алкагалізму і звязаных з ім праблем у адносінах маладых людзей хвалюе паэтэсу. Яна са шкадаваннем апісвае пакуты і спадзяванні дзяўчыны, якая часам забывае пра павагу да сябе і гатовая крочыць па жыцці з ненадзейным чалавекам. Тамара Лазнюха ўпэўнена: шчасце такім быць не можа.

Больш цікавымі падаюцца паэтычныя спробы на беларускай мове (іх, дарэчы, няшмат). Яны вылучаюцца знаёмымі і цёплымі вобразамі, якіх не хапае рускамоўным:

Каб толькі імі падзяліцца

 Паспець з сапраўдным чытачом

І светлым вершам прытуліцца,

Як кажуць, да пляча плячом.

Сапраўды, аўтар верыць у сваё пакліканне, эксперыментуючы не толькі з вобразамі, але і з формай. У зборніку ёсць акраверш, дзе першыя літары радкоў складваюцца ў поўнае імя паэтэсы. Тамара Лазнюха «рыфмуе вершы», спрабуючы ўкласці ў іх як мага больш цеплыні і шчырасці. У кнігу ўключаны творы, прысвечаныя не толькі радасцям жыцця, але і пакутам. Перш-наперш гэта творы пра неадпаведнасць душэўнага стану фізічнаму. Аўтабіяграфічныя па змесце, яны даюць уяўленне пра тое, што значыць бегчы ў сне, калі няма магчымасці гэта зрабіць. Сны — другое, але такое ж сапраўднае жыццё для лірычнай гераіні.

Асноўнае памкненне паэтэсы — быць карыснай людзям, у той самы час адольваючы цяжкі груз хвароб. Відаць, гэта сапраўды аддушына, якая можа лекаваць і прыўносіць нешта лепшае — перш за ўсё для сваёй асобы. Паклапоцішся пра сябе — будзеш цікавым іншым. Душэўны стан — галоўны паказчык якасці жыцця — на яго і скіраваная ў большай ступені ўвага Тамары Лазнюхі. Вобраз лірычнай гераіні застаецца статычны: не адчуваецца зрухаў у светаадчуванні, у адносінах да свету; не знайсці нечаканых думак і роздумаў. Але надзея, вера, любоў — аснова, на якой трымаецца светапогляд лірычнай гераіні — аўтара зборніка. Відавочна, яе голас зможа адгукнуцца рэхам у нечай душы і сагрэць шчырасцю і пяшчотай.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Крыніца: ЛіМ

Прочитано 269 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии