Воскресенье, 18 08 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Гендырэктар ААТ «Белкніга»: Айчынныя выданні ў нашай гандлёвай сетцы займаюць 65 працэнтаў

  • Среда, 14 августа 2019 11:19

Вельмі часта даводзіцца чуць, што і кніга друкаваная стала дарагой па цане, і чытаць няма чаго, і купіць яе можна далёка не ва ўсіх паселішчах. Каб адказаць хоць бы на асобныя пытанні, мы звярнуліся, як нам падаецца, да суразмоўніка кампетэнтнага — генеральнага дырэктара ААТ «Белкніга» Аляксандра ВАШКЕВІЧА. 

— Аляксандр Аляксандравіч, у вашай гандлёвай сетцы сёння працуе больш за 100 гандлёвых пунктаў. Наколькі ахоплена краіна кнігагандлем?

— Калі быць дакладнымі, то кнігарняў, кніжных павільёнаў, кіёскаў у нашай сетцы ўсяго 107. Штосьці зачынілася апошнім часам. Але і новыя кнігарні штогод адкрываюцца — як правіла, да пяці аб'ектаў. Гаварыць, што гэтага дастаткова для краіны, не даводзіцца. Хоць у агульную статыстыку можна дадаць і кнігарні, якія ўваходзяць у сістэму спажывецкай кааперацыі. Ды і прыватных кнігарняў у Беларусі хапае. Але ж вернемся да сеткі «Белкнігі»... Як вядома, толькі сельскіх раёнаў у краіне — 107. Дадайце Мінск і шэсць абласных цэнтраў, дадайце асобныя гарады — Баранавічы, Пінск, Наваполацк, Жодзіна, Бабруйск... Вось і мяркуйце самі, дастаткова гэта ці не — 118 кнігарняў па ўсёй краіне. І ўлічыце пры гэтым, што толькі ў адным Мінску знаходзіцца больш за дваццаць крамаў і павільёнаў. А калі пра Мінск і Мінскую вобласць гаварыць, то тут сканцэнтравана 37 працэнтаў нашых кнігарняў — усяго 33 аб'екты. На ўсе астатнія вобласці прыходзіцца крышачку больш за 60 працэнтаў — 56 крамаў.

— Значыць, жывучы ў Расонах ці Краснаполлі, Хоцімску ці Чэрвені, кнігу набыць не так і лёгка..?

— Сапраўды, не лёгка. Але мы зараз развіваем інтэрнэт-гандаль друкаванай кнігай. Хутка гэтым раздзелам дзейнасці будзе апекавацца асобнае падраздзяленне, асобнае прадпрыемства ў складзе ААТ «Белкніга». Засталося адпрацаваць яшчэ і лагістыку дастаўкі, узнавіць нешта накшталт колішняй паслугі «Кніга — поштай». Дарэчы, мы і сёння можам ажыццяўляць гэтую паслугу. Але толькі з удзелам прадпрыемства «Белпошта» і адпаведна не з такім ужо і малым коштам дастаўкі.

Дарэчы, для параўнання нагадаю такую лічбу. У 1990 годзе на тэрыторыі рэспублікі працавала 120 кнігарняў, калі гаварыць пра сетку «Белкнігі». Праўда, і ў спажывецкай кааперацыі было болей крамаў. А яшчэ і шырокая сетка гандлю «Ваенная кніга». Такія крамы былі не толькі ў Мінску і абласных цэнтрах, але і ў гарадах, дзе дыслацыраваліся буйныя вайсковыя гарнізоны, — Мар'іна Горка, Бабруйск, Барысаў і іншых паселішчах.

— А якія ў «Белкнізе» сёння самыя буйныя крамы?

— У Мінску гэта — «Цэнтральная кнігарня», Дом кнігі «Светач», на Віцебшчыне — «Дом кнігі» і «Усход» у Наваполацку, «Светач» у Полацку, «Глобус» у самім Віцебску. У Гомелі — «Кніжны свет», на Гродзеншчыне — «Кругагляд» у Гродне і «Кніжны свет» у Лідзе, у Брэсце — кнігарня «Дружба». Між іншым, гандлёвы абарот вось гэтых дзесяці пунктаў сёлета складае 34 працэнты ад агульных аб'ёмаў.

— Тут, пэўна, сваю справу робяць памеры гандлёвых плошчаў..?

— Несумненна. Але ж і шмат значыць — пакупніцкая здольнасць жыхароў вялікіх гарадоў. Ды і асартымент у буйных крамах можна выкласці шматкроць большы. Вось адкрылі, напрыклад, кнігарню «Санет» у Слоніме, якраз у пярэдадзень Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 1 верасня, — і на плошчы больш за 120 квадратных метраў здолелі выкласці кнігі больш як 11 тысяч назваў. Іншая справа — Дом кнігі «Светач» у Мінску. Пасля мадэрнізацыі, рэканструкцыі яго плошчы складаюць каля 1200 квадратных метраў. І прасторна ў ім, і адначасова ўтульна. Ёсць плошча для прэзентацый, аўтограф-сесій. А кніг выкладзена па назвах недзе каля 80 тысяч...

— Адпаведна і гандлёвы абарот у Мінску і вобласці большы, чым у астатніх рэгіёнах краіны..?

— Так. У Мінску і вобласці — 44,6 працэнта ад продажаў па краіне. Пяць астатніх абласцей — 55,6 працэнта.

— Цікавая статыстыка, Аляксандр Аляксандравіч...

— Мне падаецца ўсё ж, што гэтая статыстыка прынесла б шмат большую карысць і для нашай сеткі, і для кожнага асобнага пакупніка, калі б у нас у краіне ішла болей шырокая прапаганда кнігі, самой з'явы чытання мастацкай і дакументальнай літаратуры. І плён справы тут, відавочна, залежыць ад усіх разам — і нашай кнігагандлёвай сістэмы, і ад саміх кнігавыдаўцоў, і ад сродкаў масавай інфармацыі, ад розных медыйных рэсурсаў у сацыяльных сетках.

Між іншым, толькі сёлета мы адкрылі кнігарню «Букініст» у Магілёве, «Санет» — у Слоніме (працуе ў тэставым рэжыме, афіцыйнае адкрыццё — у пярэдадзень Дня беларускага пісьменства, мадэрнізавалі, рэканструявалі Дом кнігі «Светач». Летась, у 2018 годзе, адкрылі пяць новых крамаў — «Светач» і «Тваю кнігарню» ў Бабруйску, «Прамень» — у Віцебску, «Першацвет» — у Бараўлянах і «Верасень» — у Іванаве.

— Дзякуй, Аляксандр Аляксандравіч, і за інфармацыю па статыстыцы, і за тую «кніжна-лагістычную геаграфію», якая, магчыма, нашаму грамадству ды чытачам нешта падкажа... Вядома, што ўсяго за мінулы год у краіне выдадзена амаль 10 000 назваў кніг. А колькі кніг беларускага выдання знаходзіцца ў гандлёвай сетцы «Белкнігі»?

— Беларуская кніга ў нашай гандлёвай сетцы займае 65 працэнтаў. Кніга з Расіі — 35 працэнтаў. Літаральна любыя расійскія выданні можам давезці да нашага пакупніка. Важна толькі ведаць, што дакладна найболей патрэбна, што карыстаецца попытам. І тут, паўтаруся, адных нашых намаганняў мала. Патрэбна зваротная сувязь. Над гэтым зараз і працуем.

— І ўсё ж такі, што найболей карыстаецца попытам у пакупніка?

— Мы ўжо больш як год робім адмысловы рэйтынг кніг, якія найбольш прадаюцца. Стараемся давесці вынікі рэйтынгу да грамадскасці, расказваем пра гэта ў друку, на розных інтэрнэт-рэсурсах. Стараемся расказаць у дэталях вынікі рэйтынга і самім арганізатарам кніжнага гандлю. Напрыклад, лідарам 2018 года з тых кніг, якія выдадзены ў краіне, з'яўляецца «Дзіцячы атлас Беларусі». На другім месцы — хрэстаматыя мастацкіх твораў для дзяцей, якая выйшла на рускай мове, — «Родничок». На трэцім — раман Віктара Марціновіча «Ноч».

— Гэта прадукцыя якіх выдавецтваў?

— «Дзіцячы атлас Беларусі» — праект «Мастацкай літаратуры». Астатнія кнігі — адпаведна «Попурри» і «Кнігазбору».

— А ці знаходзіцца ў рэйтынгу беларуская класіка?

— Ужо некалькі гадоў найчасцей пакупнікі набываюць раманы і аповесці Уладзіміра Караткевіча. Гэтаму, магчыма, спрыяе і разуменне сітуацыі выдаўцамі. Розныя па фармаце — і масавыя, танныя, і прыгожа праілюстраваныя — выданні твораў Уладзіміра Караткевіча карыстаюцца нязменным попытам. А з сучаснікаў найбольшую ўвагу выклікаюць раманы Наталлі Батраковай. Яе папулярнасці варта пазайздросціць калегам-пісьменнікам. Але і павучыцца — таксама. Наталля Батракова — часты госць у бібліятэках і кнігарнях. На яе прэзентацыі прыходзіць шмат людзей.

— Сёння, відавочна, — і мы пра гэта так ці іначай ужо гаварылі — вялікую ролю адыгрывае падрыхтоўка спецыялістаў, гандляроў...

— Кнігагандляроў рыхтуе Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж паліграфіі імя Веры Харужай. «Дашліфоўка» адбываецца непасрэдна ў крамах на рабочых месцах шляхам замацавання за маладымі гандлярамі вопытных работнікаў кнігарняў.

— Застаецца, Аляксандр Аляксандравіч, пажадаць поспехаў. І будзем спадзявацца, што беларуская кніга будзе і прадавацца шмат шырэй, а значыць — і выдавацца болей. Будзе болей пакупнікоў — будзе шырэйшай прастора чытання.

— І мы, работнікі кніжнага гандлю, на гэта ўскладаем асаблівыя спадзяванні.

Гутарыў Сяргей Шычко

Фота Кастуся Дробава

Загаловак у газеце: Пакупніка трэба пераканаць у вартасцях айчыннага кнігагандлю

Крыніца: Звязда

Прочитано 190 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии