Среда, 21 04 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

New Game+, альбо Альтэрнатыўнае беларускае

  • Вторник, 06 апреля 2021 11:43

Дзякуючы неверагоднай кампактнасці каталога беларускай паэзіі большасць сённяшніх паэтычных персаналій можна вельмі лёгка раскласці на генеалагічныя схемы: дзесьці надзьмуваюцца вірлівыя лёгкія Барадуліна, недзе грыміць разняволеная хада Жадана, у глыбокім андэграўндзе пачынае прарастаць насенне ф-пісьма. Калі задацца сур’ёзнай мэтай, я ўпэўнены, можна скласці няхітры курс сучаснай беларускай паэзіі, у якім не толькі будуць згаданы галоўныя два-тры дзясяткі імёнаў, але і гэтак жа проста раскрэсляцца неабходныя міжстылістычныя сувязі, а сама белпаэзія зможа набыць статус завершанасці і ўпісанасці ў сусветны кантэкст нават у вачах не самага зацікаўленага літаратурай чалавека. Але з часам пачынаеш адчуваць сябе чалавекам, які «прайшоў гульню» белпаэзіі, а «эндгейм» (гульнявы, факультатыўнага кшталту, працэс пасля выканання асноўных задач) ці то вельмі бедны, ці наогул пусты.  

Таму ў пэўны момант важнай часткай гульнявога (хаця напачатку — пазагульнявога) працэсу робіцца чаканне новага кантэнту: не тэкстаў, але паўнавартасных аўтараў, са сваімі бэкграўндамі, тэмамі, мовамі і оптыкамі. На жаль, нярэдка ў выпадку вартых дэбютаў даводзіцца бачыць не імгненных геніяў з вершамі, напісанымі цягам года, а пераспелых і ў нечым змучаных прафесіяналаў, якія зрываюцца з галіны шматгадовай непачутасці ў глебу ўласнай кнігі ад невыноснага, амаль фізічнага грузу недарэалізаванасці назапашанага пісьменніцкага вопыту. Такая трагікамедыя ў пэўнай ступені адбылася, напрыклад, з Міхалам Бараноўскім, які дэфакта працуе з паэтычнымі тэкстамі вельмі даўно, але дэ-юрэ, па друкарскім рахунку, у свае 30 з нечым пераўтвараецца ў «маладога паэта». Аўтар, чыя кніга стала падставай для гэтых роздумаў, звязаны з Бараноўскім не толькі сваім трагікамічным дэбютанцтвам, але і нечым нашмат болей карысным для фарміравання беларускага літпрацэсу. Спрэчны тэзіс № 1: гэты аўтар складае разам з Бараноўскім першую ў белпаэзіі дыхатамію з часоў Рыжкова-Лянкевіча. Спрэчны тэзіс №  2 (паглыблены і гучны): сутнасць гэтай дыхатаміі тлумачыцца тым, як цягам гэтага тэксту Павел Дарохін са сваім сёлетнім «Дэкодэрам цішыні» будзе спрачацца са сваім візаві за званне сучаснага нацыянальнага паэта Беларусі.

«кожны бязбожны дзень»

Каб яшчэ трошкі прагрэць глебу для свайго моцназаяўнага апылення, спачатку распавяду, чаму Павел Дарохін — гэта паэт ад і для народа. Існуе пэўная кагорта аўтараў з вершамі, напоўненымі метафізічнай экзальтаванасцю, чый творчы метад — бясконцая вакабулярная рулетка, у межах якой мастацкая ўдача — адчувальна вычарпальны рэсурс. Слоў кшталту «свабода», «каханне», «розум» і падобных не так многа, як можа падацца, таму сутнасць паэзіі, якая будуецца на такіх словах, заключаецца ў рэкамбінацыі звыклых спалучэнняў з надзеяй на нязвыклы вынік. Гісторыя Маякоўскага пра невялікі (у параўнанні з сабой) працэнт рэзультатыўнай якасці вершаў Блока (якія невыпадкова складаліся з цыклаў), але і поўную непаўторнасць гэтых крупінак — гэта гісторыя пра тую самую слоўнікавую рулетку. І ў гэтым сэнсе Дарохін хутчэй паўстае Маякоўскім, чым Блокам, бо сучаснасць яго рэальнасці вымяраецца прадметна-моўнай актуальнасцю. Калі Маякоўскі піша пра каханне, звышактуальнасць яго эпохі настолькі зашкальвае, што ён вымушаны спасылацца на іншы свой верш, каб данесці думку як мага больш кампактна і дакладна. Калі Дарохін уздымае сучасныя праблемы, ў вершах з’яўляюцца абрэвіятуры ЛЭП і ПЭТ, мерчэндайз, данаты і пазбаўленыя імяўласнасці цынкавыя хлопчыкі. У некаторай ступені Паўла нават цягне назваць урбаністам за пейзажы панэлек і супермаркету, за інтэрнэт-быт і «мільёны вокнаў». Але рожкі ды ножкі «нармальнага» сусвету ў вобразных дэталях хаваюць д’ябла, бо значная колькасць твораў кнігі нагадвае пэўны тып карцінак з інтэрнэту, якія тым больш палохаюць, чым больш у іх углядаешся. У найлепшым выпадку чалавеча-гарадское застаецца толькі прыглушаным фонам і рамкай для асноўных мысленчабаявых дзеянняў, у «найгоршым» жа — быццам венерына мухалоўка, звыклыя словы паступова выяўляюць сваю драпежную поп-артавую сутнасць.

«квяцістыя цацкі зруйнуюць шэрасць»

І як тут абысціся без таго, каб следам за сённяшнімі традыцыяналістамі не абвінаваціць ва ўсіх мастацкіх грахах стары-добры постмадэрнізм. Не зразумела — постмадэрнізм! Гульні дзеля гульняў — постмадэрнізм! Знікаюць рыфмы — постмадэрнізм! Калі аднойчы сабраць найлепшае з усяго таго, што называлі постмадэрнізмам, атрыманых тэкстаў хапіла б на некалькіх Андрэеў Адамовічаў. А далей — нечаканы спрэчны тэзіс № 3: Бум-Бам-Літ і Андрэй Хадановіч — фэйкавы постмадэрнізм, чый посны базіс не болей за іранічнае бразгатанне трох мадэрнісцкіх акордаў. Калі жывеш у эпоху постмадэрнасці, кожная прэтэнзія наізм патрабуе заканамернага скептычнага аднаўлення статусу. А вось дарохінскі постмадэрнізм сваёй легітымацыі заслугоўвае: тут табе і іронія, і гульні дзеля гульняў, і гэтак далей. Але галоўнае, канешне, тут перыядычная сінтаксічная (нават думкавая) раздробленасць, якая быццам бы зрошчвае вершы ў суцэльныя слупы. Цікава тое, што гэта не паўнавартасная плынь свядомасці, а структура, якая захоўвае сваю вертыкальнасць, тобок пачуццё патокавасці ўзнікае менавіта на стыках паміж радкамі, хаця цягам радка логіка фразы захоўваецца. І такі вось ментал дызордар, які час ад часу можна метафарычна звязаць то з радкамі пошукавых сістэм, то з шызоідным дзённікам, запоўненым адразу з усіх канцоў, — гэта і ёсць галоўная прыкмета сучаснай постмадэрнасці. З’ява, якая, здавалася б, павінна быць даволі дэпрэсіўнай і летальнай, праз наступную асаблівасць ухітраецца запоўніць пустату ноткамі нечаканай вітальнасці.

«між акулярамі й калейдаскопам»

І калі паглыбляцца ў спецыфіку структурна-сэнсавых шкілетаў твораў Паўла, можна адзначыць наступную заканамернасць: алагічнасць пэўных міжрадковых пераходаў мае, зноў жа, не абсалютны характар, а ўмераны прасторава-вобразны. Рэзкае пераключэнне паміж гэтымі элементамі тэксту празрыста намякае на логіку сну, калажны мантаж якога якраз і накіраваны на суіснаванне тых суб’ектаў памяці, якія ў рэальнасці не суіснавалі, і на бясшоўныя склейкі розных жыццёвых лакацый. Праз мяльком згаданую раней поп-артавасць ад канрэтнай логікі сну непазбежна даводзіцца прыходзіць да з’явы сюррэалізму і адсюль — задацца пытаннем: наколькі тое, што адбываецца ў тэкстах Паўла Дарохіна, можна суадносіць з сюррэалізмам? Хаця, калі дакладна, можна акрэсліць умоўную храналагічна-спадчынную крывую, якая будзе складацца з: прынцыпова авангарднага і шматграннага сюррэалізму; позняга сюррэалізму, які з абсалютнай стыхійнасці вырадзіўся да прадуманай стыхінасці; поп-арту, які прадуманую стыхійнасць замяніў канцэптуалізацыяй і зрабіў яе ключавым прыёмам; массюррэалізму, па даданым корані якога зразумела, што масавасць з сарамлівага статусу прыёму перацякла ў статус прасторы выказвання. І як жа ў гэтую крывую ўпісаны творы Паўла? Найбольш адэкватна будзе размясціць іх недзе паралельна массюррэалізму, бо яны яўна бяруць пачатак у кліпавасці пэўных прац поп-арту, але, у адрозненне ад м.с., які працягвае выключна сюррэалістычную лінію, гэтыя вершы знаходзяцца пад яўным уплывам пост- мадэрнісцкай оптыкі. Такое ваганне паміж постмадэрнісцкім і сюррэалістычным рэгістрамі пры выкананні пэўных умоў дазваляе перайсці ў стан ненаркатычнай «змененай свядомасці». Ёсць толькі адна істотная перашкода: відаць, што рэцэпт «пераходу» — гэта не ўніверсальны план дзеянняў, а цалкам прадукт свядомасці Паўла, нейкая асабістая калябіялагічная (ці калягенетычная) эсэнцыя, для якой няма аб- ходных шляхоў. І гэта значыць, што, каб прэтэндаваць на поўнае разуменне і «пераход», трэба быць адкрытым да таго, каб дазволіць сабе стаць Паўлам (ці ўжо напачатку быць ім).

«ай-ці на калгасных палетках»

Не магістральнай, але заўважнай лініяй у творах Дарохіна праходзіць беларускасць. У адрозненне ад кулямётна-глухой тапанімічнай немачы тэкстаў апошняга з гуртоў Уладзя Лянкевіча, Павел ведае меру ўжывання беларускіх культурных кодаў. А тонкае пачуццё рэфрэну і афарыстычнай выбудовы фразы дапамагае Дарохіну ў некаторых момантах быць нават лепшым за звышрацыянальнага Хадановіча гумарыстам, бо з улікам сюррэалістычнасці (нават абсурднасці) і за кошт фактару нечаканасці дасягаецца ўзровень прагрэсіўнай у сучасным гумары механікі мемаў. Увогуле тое, як у тэкстах кнігі падаецца беларуская рэчаіснасць, у нечым пачынае нагадваць нават ужо не пост-, а метамадэрнісцкія практыкі, а канкрэтна метаіронію: калі стаптаныя іранічныя фармулёўкі знаходзяцца ў дастатковым расфокусе, каб «злы» шкілет нанава абрастаў мясам цеплыні, пяшчоты і замілавання. Такая этыкаэстэтычная дваістасць (і ў некаторай ступені — адначасова амбівалентная безвектарнасць), дарэчы, вельмі добра накладваецца на загадкавы і супярэчлівы аграрна-індустрыяльны характар самой краіны. Увогуле, дваістасць — гэта ўжо даўно нешта кшталту нашага вымушанага культурнага кода. І важнае асэнсаванне, якое прыўносіць Павел сваімі вершамі да сталых кодаў беларускасці, — адсутнасць крыўды. Надыходзіць час памяці працаваць не па законах гвалтоўнай афіцыёзнасці, а па натуральных законах любой мовы, чые этымалагічныя нюансы — справа прафесіяналаў, а не большасці, схільнай да нематывавана-дэпрэсіўнай рэфлексіі. І гэты подых новай беларускай свядомасці падводзіць, нарэшце, да галоўнага выніку.

«дыяніс пераможа феба»

Па ўсёй беларускай літаратуры вые-блукае прывід-архетып Хітрага мужыка. Ці, калі спрашчаць да агульнавядомых міжмоўных культурных універсалій, — архетып Трыкстэра. Але хітрасць хітрасці не роўная, і таму фактар мужыцкасці ніякім чынам не павінен знікаць з радараў. Апошнія некалькі дзясяткаў гадоў калі і адзначаліся інкарнацыямі архетыпічнага беларуса, інкарнацыі гэтыя былі з заўважнай зорачкай уверсе. Постмадэрнісцкі злы іранізм праграмаваў элітарныя варыяцыі хітрасці, якія ў выніку прыводзілі ў літаратуру гуллівых «паноў»-даўншыфцераў ці простых людзей, якія спачатку апранаюцца ў паноў, а потым ужо пад гэтымі аватарамі даўншыфцяць. Жангліраванне рознымі ступенямі агульнай штучнасці. З іншага боку ў свой час падышоў да праблемы Міхал Бараноўскі: замест гульняў з мужыцкасцю ён шчыра абраў умоўную «панскую» лінію, у межах якой не саманазываецца мужыком, але, як і сто гадоў таму, спрабуе стварыць яго ў сучаснасці. Пераходзячы з класавай мовы на звычайную — стварыць партрэт звычайнага беларуса, у нечым некантралявана ідэалістычны (спецыфіка неатаясамленасці). Паўлу Дарохіну ў сваю чаргу нарэшце ўдаецца намацаць першыя рысы сучаснага беларуса знутры, з самога сябе. Згодна з Дарохіным, Хітры мужык (Сучасны беларус) новай фармацыі — гэта чалавек, які гарманічна існуе ў стане дваістасці, не крыўдуе на мінулае, прымае навакольны свет за апрыёрнае царства «абсурду з чалавечым тварам» і, што самае галоўнае, не баіцца ў сваёй хітрамудрай гульні ставіць на кон не ліраіранічны канструкт, а ўласнае цела. Тут і бярэ свой пачатак наша новая гульня.

Ігнат Раманаў

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 91 раз