Воскресенье, 09 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

З блога Юліі Алейчанка. Тым, хто шукае

Ілля Сін. Libido. Мінск, Кнігазбор, 2018.

Помніцца, аўтар кнігі загадзя папярэджваў прагных чытачоў: у «Libido» вельмі мала пра цялеснае жаданне. І гэта сапраўды так. Назва тут яскрава метафарычная, бо твор хутчэй пра патэнцыю душы.

«Гэта першая кніга Іллі Сіна, у якой ёсць такія ўласцівасці прозы, як герой і сюжэт», – сведчыць анатацыя. Аднак і катэгорыя сюжэту тут досыць умоўная. Асноўная частка аповеду – пра выспяванне людскіх думак, пра хранічнае чаканне (збавення, любові, смерці, з’яўлення Іншага). Але чым жа тады чапляе «Libido», чаму чытаецца многімі на адным дыханні? Думаецца, уся справа ва ўменні пісьменніка заўважаць тыповае. Гісторыя герояў кнігі блізкая і зразумелая многім постсавецкім людзям. На ўзроўні адчуванняў, колераў, пахаў, гарадскіх пейзажаў.

Вобразнасць, ідэйнасць кнігі біблейная, апакаліптычная. Блудніца (былая акторка порнафільмаў), самаабвешчаны святар, што праводзіць пропаведзі ў храме, прыстасаваным пад гандлёвы цэнтр, паседжанні «Міжнароднага грамадскага фонду абсалютнага небыцця», які вучыць пазбаўляцца страху смерці… А на завяршэнне – і ўвогуле непразрыста акрэслены «штрых»: тэкст «Малітвы блаславёнай Марыі Камсамольскафасфацкай».

Жыхары невялікага гораду жывуць у капсулах уласных кватэр. Размаўляюць з дэманамі мінулага, свядома ізалююцца ад свету, займаюцца манатоннай працай, што дае волю думкам, чакаюць. Бо вераць – праз цішу і затворніцтва атрымаюць збавенне ды вызваленне з адвечнага кола. У нейкім сэнсе «муміфікуюцца» і іх зямныя жаданні, памкненні. Людзі, для якіх пачуццёвыя задавальненні ўжо не з’яўляюцца нечым горача жаданым, перайшлі пэўную мяжу насычэння. ЗD-мадэлі каханак становяцца звыклымі і не здзіляюць масавага спажыўца…

Цэнтральны вобраз Марыі разглядаецца аўтарам пранізліва, у нейкім сэнсе нават педантычна. Часам запіс яе распарадку дня даецца па гадзінах. Гэта пераважна механічныя дзеянні (праца кандуктарам дзіцячага паравозіка, збіральніцы штучных кветак) ці сузіранне (пакоя, двара за акном). Такім чынам адбываецца «перазагрузка» ў чаканні Таго, якому ўсё можна расказаць, пачынаючы з «дзяцінства, лета, пылу на гасцінцы і яе босых нагах»… Вобраз дзяўчынкі пераследуе гераіню на працягу ўсяго яе быцця ў безыменным горадзе. Сталенне – небяспечны працэс, у сваіх мроях «Марыя больш за ўсё на свеце прагне перашкодзіць гэтаму росту, прымусіць застацца ў цнатлівым дзяцінстве»…

Неадменна важную ролю ў кнізе адыгрывае мастацкая дэталь. Бракаваныя лісткі штучных кветак, якія Марыя жуе для зняцця стрэсу як сурагат сапраўдных пачуццяў, ружовы пантофлік як сімвал загубленых надзей… Кожны з герояў сутаргава хапаецца за рэчы перад прорвай невядомасці і небяспекі. Але «калі-небудзь гэта ўсё стане проста чыёйсці гісторыяй <…> Тое, што мы гаворым, адчуваем, прагнем, трызнім. Наш боль, летуценная радасць, надзеі, лібіда, сны».

Горад паглынае Цемра вайны і разбурэння. Магчыма, каб ачысціцца і ачысціць месца для новага жыцця. Цемра ёсць Бог. А таму:

 

«Божа! Дай нам святло Тваё і Тваю цемру

дакраніся да нас скальпелем быцця

пішы ім словы Твае на счасцвелых скрыжалях мозгу

і з гэтых камянёў Госпадзе ствары дзяцей Сваіх

з гэтых камянёў

 

Божа, будзь з тымі, хто шукае і не знаходзіць. Амін».

 

Кніга, уганараваная прэміяй Гедройца «за канцэптуальнае ўвасабленне светаадчування сучаснага грамадства і эфектыўнае выкарыстанне авангардысцкіх тэхнік пісьма» сапраўды нешэраговая. Своеасаблівая «апакаліптычная аповесць» прымушае нас глыбока занурыцца ў лабірынты ўласнай свядомасці. Пагаварыць з дэманамі мінулага, прывітаць анёлаў быдучыні…

 

Юлія Алейчанка

Прочитано 103 раз