Суббота, 19 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Змрочны сон, журботная вандроўка

  • Пятница, 03 января 2020 09:00

Чалавеку неабходна пэўнасць. Ён ставіць перад сабой пытанні, шукае на іх адказы, ствараючы з гэтага само жыццё. Але галоўнае пытанне, якое не дае спакою, — навошта. Магчыма, толькі ў пошуках сутнасці — дзеля чаго нешта рабіць — існаванне становіцца недарэмным хаця б у разуменні чалавека. І наадварот: без таго ці іншага цалкам выдуманага для сябе сэнсу жыццё — проста адрэзак часу, з працягласцю і напаўненнем якога чалавек ніколі не зможа змірыцца. 

Віктар Казько — той творца, які адначасова і дае гэтыя сэнсы, і адбірае іх, прымушаючы і згаджацца, і спрачацца. Летась у выдавецтве «Кнігазбор» (Бібліятэчка часопіса «Дзеяслоў») выйшла кніга пісьменніка «Казань пра ката, каторы смяяўся», якая дае магчымасць прасачыць, што ёсць чалавек: у сям’і, у грамадстве, у краіне, у свеце, у сусвеце. Няхай гучыць высакапафасна, але пра дадзеную кнігу В. Казько цяжка казаць у іншым рэчышчы.

Амаль цалкам ігнаруючы трыадзінства часу, месца і дзеяння, В. Казько напоўніў твор пачуццямі, уражаннямі, шматлікімі апісаннямі і не заўсёды простымі для ўспрымання фармулёўкамі. Узнікае адчуванне, нібыта чытач праглядае чужы дзіўны сон, шэры і змрочны. Гэтаму адпавядаюць і сюжэтная ды кампазіцыйная нястройнасць. Аўтар быццам зачараваны ірацыянальнасцю: нелагічнае ў тэксце пераважае лагічнае. Так, калі казаць пра змест твора, то гэта аповед пра жыццё чалавека, яго змаганні і надзеі. Але В. Казько перастварае даволі традыцыйны сюжэт і адлюстроўвае пошукі чалавекам сіл, якія дапамогуць выстаяць і дададуць штуршок да лепшага жыцця.

Пераблытаныя знарок паміж сабой міфы, паданні, філасофскія канцэпцыі, архетыпы складваюцца ў адзін пазл — вечны матыў вандроўкі, падарожжа да сябе сапраўднага. Толькі гэтая «сапраўднасць» інтуітыўная: «…бо такое яму ўжо наканаванне: больш здагадвацца і адчуваць, чым ведаць». Дапамагае герою, як бы гэта ні было дзіўна, кот, адзін з галоўных герояў з даволі спрэчнай мянушкай Біч (былы інтэлігентны чалавек). Магчыма, у ёй была патрэба, каб азначыць не толькі асяродак, з якога ён пайшоў, але і сутнасць сучаснага грамадства. Гэты кот ратуе героя ад смерці і наладжвае сувязь з істотамі, якія лічацца гаспадарамі зямлі, — Цмокам, Русалкай, Лесавіком…

І ўнутраныя маналогі галоўнага героя, і аўтарскія філасофскія роздумы вельмі цяжка аддзяліць адно ад аднаго: герой і аўтар размаўляюць адначасова. Ды і «Казань пра ката, каторы смяяўся» — кніга ўва многім аўтабіяграфічная (страта сястры і маці, жах вайны і пасляваеннага часу і інш.), у прыватнасці — боль маленькага хлопчыка, які адмаўляе сябе і не можа сабе дараваць. А віна — яго існаванне: «Але свядомы, сумленны чалавек і вінаваціцца толькі таму, што ў яго ёсць сумленне. І ён ужо даўно зросся з брыдотнай падняволенасцю жыцця на гэтым свеце. І толькі на самоце, на маладзіку і ў поўню, калі Месяц мроіў і вінаваціўся зямлёй і зямным, быў не здольны супакоіць у сабе чалавека, збыць, забіць, задушыць таго маленькага і пякуча правільнага і праведнага хлопчыка, якім пачаў свой зямны шлях».

Найбольш значаную ролю ў тэксце сапраўды адыгрывае памяць — без захавання спадчыны будучыня немагчымая. Але пісьменнік не верыць у чалавека: найбольш уважлівы ён да свету прыроды і свету мёртвых. Тут варта згадаць адносіны галоўнага героя з бабуляй, якая яго гадавала і неаднаразова ратавала ад смерці. Менавіта ў яе вобразе пісьменнік сканцэнтраваў сілы прыроды і сілы царства памерлых. У той дзень, калі яе не стала, герой не мог знайсці сабе месца, быў за тысячы кіламетраў ад бабулі. А калі праз доўгія гады наведаў клады, то не змог знайсці магілу. Толькі пасля доўгіх блуканняў яго сын знайшоў яе: партрэт, гады жыцця і імя былі тыя ж, але прозвішча іншае. Гэты знак, пэўны дыялог з іншым светам падказаў герою, што памерлым дастаткова сачыць за роднымі, большага збліжэння яны пазбягаюць.

Шматслойнасцю сэнсаў, адносінамі да часу і прасторы, няяснай структурай проза В. Казько падобна да прозы сучаснага рускага пісьменніка з Казахстана Анатоля Кіма, якую, дарэчы, некаторыя даследчыкі параўноўваюць з метадам магічнага рэалізму. Варта адзначыць, што прытчавасць і першага, і другога зразумее далёка не кожны. І нават немагчыма даць адказ на пытанне, колькі і якой літаратуры павінен прачытаць чалавек, каб зразумець і, галоўнае, адчуць закладзенае ў «Казань пра ката, каторы смяяўся». Бо гэтае закладзенае — вынік успрымання свету аўтарам (успрымання, дарэчы, трагічнага). І як герой доўга не мог расшыфраваць знак, які паднесла яму жыццё, так і гэтая кніга доўгі час можа заставацца незразумелай і неразгаданай — не з-за ідэі, а з-за ўсіх дэталей і згадак, што складаюць аснову.

Яўгенія Шыцька

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 282 раз
Другие материалы в этой категории: « Хвіліны замілавання «Будоўля — наша жыццё...» »