Суббота, 08 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Традыцыі для будучыні

Кожная кніга вядомага краязнаўцы,  аднаго з самых  паважаных аўтарытэтаў у гэтай сферы, аўтара самога  паняцця «Радзімазнаўства» Алеся Карлюкевіча выклікае непадробную цікавасць у шырокіх колах грамадства. Дапытлівы чытач за апошнія дзесяцігоддзі звык,  што такім чынам  адбудзецца новая цікавая сустрэча: з фактамі, падзеямі і, найперш, людзьмі, асобамі, якія не пакінуць абыякавымі. І не толькі. Апошнія працы Алеся Мікалаевіча не толькі нясуць шматаспектную і глыбокую інфармацыю, але і ўздымаюць складаныя праблемы, якія прымушаюць грамадства задумацца.  Раней  даследчык быў шырока вядомы сваімі працамі пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, а таксама творцаў розных сфераў культуры, якія ў той ці іншай ступені звязаны з нашай краінай. Прычым ён так па-майстэрску распавядаў пра цікавыя факты з біграфій славутых землякоў, што яны паўставалі як жывыя. І зусім не глянцавыя, а тым болей забранзавелыя, як тое было прынята яшчэ зусім нядаўна ў айчынным літаратуразнаўстве, а рэальныя, са сваімі чалавечымі памкненнямі і запатрабаваннямі.  Так, калі я  еду з Гомеля да Мінска, то шашу перасякае маленькая рэчачка Балацянка. І адразу згадваецца артыкул аўтара пра Якуба  Коласа, прычым зусім не класіка і народнага пісьменніка, а мудрага беларуса, які тут адпачываў ды палюбіў гэтую прыроду настолькі, што згадваў нават  у далёкім Парыжы, дзе ў Булонскім лесе  паэт дарэмна шукаў грыбы. Не растуць  яны там, як на пухавіцкай зямлі. Маленькая згадка добра характарызуе    майстэрства даследчыка, здольнага сказаць па-свойму пра многае.

Можна было б і далей паспяхова рапрацоўваць свой знойдзены і нават крыху прыватызаваны  Каландайк. Аднак у апошні час  выйшла шэраг кніг даследчыка з выразна іншай праблематыкай, якая тычыцца не толькі   Беларусі, або, удакладнім, Беларусі ўжо у выразна іншым кантэксце. Што гэта?– здзівіцца чытач. Закончыліся свае артэфакты, залацінкі вычарпаліся? Ды не. Наадварот. Новая тэматыка абумоўлена глыбокім  разуменнем праблемы і адчуваннем перспектывы даследавання і вывучэння літаратурных з’яў у эпоху глабалізацыі. Некалі Алесь Адамовіч ужо згадваў пра неабходнасць вывучэння роднай літаратуры «здалёк і зблізку». Алесь Карлюкевіч гэты ўжо звыклы для нацыянальнага літаратуразнаўства тэзіс развівае і ўздымае на якасна новы ўзровень, арыгінальна і ў нейкай ступені нават парадаксальна заяўляючы, што сучасны дыялог культур накіраваны не толькі на тое, каб зразумець адно аднаго, але і на тое, каб зразумець сябе.  Ён тонка адчувае змены ў жыцці чалавецтва ў XXI стагоддзі,  яго культурнай парадыгме, а таму добра разумее значэнне і перспектыўнасць  падобных даследаванняў і імкнецца іх рэалізаваць.  У гэтым плане надзвычай актуальным  з’яўляецца даследаванне А. М. Карлюкевіча  «Літаратурнае пабрацімства: Беларусь — Казахстан».   Мінск : Звязда, 2020. — 176 с., у якім традыцыі разнастайных культурных сувязей паміж такімі, здавалася б, рознымі краінамі, з даволі спецыфічным менталітэтам, моўным і рэлігійным непадабенствам, ў ХХІ ст. выходзяць на новы ўзровень. І  якраз у гэтым і схаваны велізарны патэнцыял магутнай энергіі, што адкрывае новы шлях да адкрыццяў і знаходак, дазваляе ўключыць  у кантэкст прасторы гэтага дыялогу як самых пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў, так і перакладчыкаў, выдаўцоў, крытыкаў: усіх тых, хто нясе аматарам прыгожага пісьменства дасягненні мастацкага слова. Тым болей, як сказана ў анатацыі, у сучасным літаратурным супрацоўніцтве Беларусі і Казахстана гісторыка-культурная пераемнасць з’яўляецца галоўным вектарам развіцця.

Трэба сказаць, Алесь Мікалаевіч не толькі тэарэтычна разважае аб гэтых складаных гуманітарных праблемах. Цяжка пераацаніць ягоны рэальны, практычны ўклад у рэалізацыю многіх задум і праектаў, якія не толькі ідуць следам за ідэямі, як плённы і прадказальны вынік, але падчас і апярэджваюць іх, становяцца артэфактамі, на аснове якіх будуюцца светапоглядныя  канцэпцыі. А ідэй у апантанага даследчыка, літаратуразнаўцы, краязнаўцы, публіцыста ў адной асобе – не злічыць.  Як і яго літаратурных і чытацкіх інтарэсаў, на аснове якіх лёгка  прыдумваць новыя праекты,  выдаваць тэматычныя анталогіі, адкрываць новыя старонкі ў папяровых газетах і часопісах, рабіць у сеціве арыгінальныя інтэрнэт-парталы. Для гэтага выкарыстоўваюцца ўсе моманты: юбілеі выдатных пісьменнікаў, дзяржаўныя святы, сярод якіх у першую чаргу трэба назваць Дні беларускага пісьменства,   Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», які адбыўся ўжо ў шосты раз у Мінску ў рамках Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу,  міжнародныя круглыя сталы. Менавіта пад час аднаго з іх  («Сугучча: літаратура як люстэрка эпохі»)  і адбылася прэзентацыя інтэрнэт-партала «СОЗВУЧИЕ: литература и публицистика стран Содружества». Зацікаўленыя асобы імкнуліся  аднавіць  былыя  літаратурныя  і творчыя сувязей паміж самастойнымі цяпер краінамі, што некалі ўваходзілі ў адзіны Саюз, папулярызаваць на сайце  новыя  мастацкія творы, пераклады і ўзаемапераклады, кароткі крытычныя заўвагі і сур’ёзныя аналітычныя  артыкулы пра сучасны літаратурны працэс. Не забываліся і класікаў. Парталы  «Созвучия» разам з віртуальнымі старонкамі («Литературный Азербайджан», «Литературная Армения», «Литературная Беларусь», «Литературный Казахстан»)  прысвячалі  матэрыялы  Якубу Коласу і Францыску Скарыну; казахскаму паэту, філосафу і асветніку Абаю Кунанбаеву; казахскаму празаіку, драматургу, літаратуразнаўцу Мухтару Аўэзаву; казахскаму вучонаму, публіцысту, перакладчыку Немату Келімбетаву; кітайскаму паэту, перакладчыку, мастаку Гаа Ману і г. д. Як сцвярджаюць нашы сябры з братніх краін, Sozvuchie.zviazda.by — адзіны на постсавецкай прасторы праект, які накіраваны на збліжэнне літаратур і культур краін СНД.

Алесь Мікалаевіч прыхільнік і традыцыйных формаў кантактаў і ўзаемадзеянняў літаратараў. Ён не аднойчы згадае, што шматлікія казахскія паэты, пісьменнікі, літаратуразнаўцы,  рэдактары літаратурных часопісаў, выдаўцы, перакладчыкі, журналісты  з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі самых разнастайных імпрэзаў у нашай краіне.   Многія з іх з тых часоў павязаны з Беларуссю  не толькі прафесійнымі, але і сяброўскімі памкненнямі.

          У раздзеле  «Любоў вялікую мілуюць»  Алесь Мікалаевіч апавядае пра тое, што нават адной паездкі на Беларусь  хапіла  Кайрату  Бакбергенаву  —  галоўнаму  рэдактару казахскага літаратурна-мастацкага часопіса «Простор», які выходзіць у Алматы на рускай мове – каб назаўсёды стаць сябрам нашай краіны, яе людзей і літаратуры. А сам кіраўнік аднаго з самых аўтарытэтных рускамоўных часопісаў на постсавецкай прасторы,  перакладчык і паэт  натуральна ўвайшоў у кагорту адэптаў беларускага  мастацтва. Спрыяў гэтаму той факт, што ён наведаў старажытную гродзенскую зямлю   на  Дзень беларускага пісьменства ў Смаргоні.  Ганароваму госцю паказалі маляўнічыя краявіды, дзе нарадзіўся славуты  паланэз «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага,  і з’явіліся чароўныя радкі беларускай паэзіі. А вось наведванне Кушлянаў, радзімы Багушэвіча, прымусіла пагаварыць пра праблемы роднай мовы ў грамадстве: як у беларускім, так і казахскім. Палымяныя дыскусіі і прывялі да таго, што з’явіліся новыя праекты супрацоўніцтва. Кайрат Бакбергенаў зрабіў падрадкоўнікі вершаў Абая, якія  перастварыў Мікола Мятліцкі, а выдавецкі дом «Звязда»  у 2010 годзе надрукаваў зборнік «Стэпавы прастор».  Пра свае заслугі ў гэтым працэсе, як і у многіх іншых, Алесь Карлюкевіч сціпла маўчыць, затое з радасцю паведамляе, што   Мікола Мятліцкі атрымаў за пераклады  прэстыжную Міжнародную прэмію «Алыш». Для даследчыка больш істотна, што Кайрат актыўна заявіць сябе  ў складаным  праекце — выданні кнігі «Францыск Скарына на мовах народаў свету», дзе пад адной вокладкай сабраны пераклады ўрыўка з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі «Юдзіф». Перакладчык з Казахстана знайшоў калегаў-аднадумцаў з розных краін, разаслаў ім  падрадкоўнік верша Скарыны на англійскай і рускай мовах, не адзін год з хваляваннем чакаў вынікаў. І цуд адбыўся. А яшчэ пад яго патранатам выйшаў зборнік паэзіі  «Не ведаючы межаў» (2013), у які ўвайшлі  вершы Мухтара Аўэзава, Алжаса Сулейменава, Фарызы Унгарсынавай,  Абіша Кекільбаева, Мукгалі Макатаева, Кадыра Мурзаліева, Каліхана Іскакава, Валерыя Міхайлава, Любові Шашковай, Аралхана Бакеева, Назікен Алпамысказы, Нурлана Аразаліна.  Вось як далёка могуць завесці нават адзінкавыя сустрэчы апантаных людзей.

 А што, калі гэты працэс  застанецца пастаянным? Пра гэта гутарка ідзе ў раздзеле «Рэцэпты светлага жыцця», які  прысвечаны к.ф.н., літаратуразнаўцы  Святлане Віктараўне Ананьевай, якая з’яўляеццца аўтарам прадмовы да рэцэнзуемай кнігі.   Пяру даследчыцы належаць  шматлікія манаграфіі і артыкулы, прысвечаныя ўзаемадзеянню казахскай літаратуры з літаратурамі народаў свету. Цікавіць яе і дзейнасць  пісьменнікаў, жыццёвыя і творчыя шляхі якіх цесна звязана з   Казахстанам.  Шмат разоў наведала яна і Беларусь, дзе яе добра ведаюць усе, хто займаецца выданнем, ацэнкай і прапагандай кнігі. Яна выступае на Міжнародных круглых сталах, сімпозіумах, у Нацыянальнай акадэміі навук, навуковых канферэнцыях самых розных узроўняў. У юбілейны год вялікай Перамогі трэба згадаць, што менавіта Святлана Віктараўна расказала пра казахскіх пісьменнікаў, якія ваявалі ў Беларусі.  Алесь Мікалаевіч падкрэслівае,  што менавіта Святлана Віктараўна пазнаёміла з Беларуссю сына легендарнага Мухтара Аўэзава — Мурата Мухтаравіча, культуролага, філосафа, пісьменніка, дыпламата; аўтара некалькіх кніг у «маладагвардзейскай» серыі «Жыццё знакамітых людзей», паэта і празаіка Валерыя Міхайлава; доктара філалагічных навук, дзіцячага пісьменніка Нурдаўлета Акыша.  А сам беларускі пісьменнік з падказкі спадарыні Святланы пераклаў аповесць Нурдаўлета Акыша «Незвычайныя прыгоды» на беларускую мову.

А. Карлюкевіч не проста пералічвае дасягненні  Святланы Віктараўны. Ён падкрэслівае, напрыклад, што  кожная яе паездка звязана з рэалізацыяй самых розных творчых і навуковых ініцыятыў.  А  ў сябе на радзіме яна з’яўляецца аўтарытэтным і нястомным прапагандыстам класічнай і сучаснай беларускай літаратуры, арганізуе пераклады вершаў і прозы ў літаратурных часопісах краіны. Акрамя таго,  актыўна супрацоўнічае з літаратарамі розных нацыянальных дыяспар у Казахстане — нямецкай, украінскай, уйгурскай, карэйскай, курдскай.    Аналіз  нацыянальнай літаратуры праз прызму ўзаемадзеяння з блізкароднаснымі ці не вельмі літаратурамі і прыводзіць да ўсведамлення неабходнасці  стварэння Асацыяцыі параўнальнага літаратуразнаўства. Трэба сказаць, што беларускі ВАК таксама плануе адкрыццё новай спецыялізацыі –  10.01.01.(кампаратывістыка або параўнальнае вывучэнне літаратур). Пакуль што гэты праект і ў Казахстане і ў нас  на стадыі афармлення, але і А, Карлюкевіч, і С. Ананьева маюць надзею,  што з часам Асацыяцыя пачне сваю працу і ў Мінску, і ў Алматы альбо Астане. Самае галоўнае – абодва даследчыкі перакананы , што толькі ў супольным даследаванні нацыянальных літаратур можна выпрацаваць рэцэпты гуманістычнага, светлага развіцця творчых складнікаў жыцця, складнікаў нашай рэчаіснасці.

 Многіх казахаў заносіла доля і на Беларусь, і тады лёсы краіны і чалавека ядналіся. Алесь Карлюкевіч узнёсла расказвае пра грамадскага і дзяржаўнага дзеяча, пісьменніка і вучонага Адзія Шарыпава,   першага з казахаў, чыё імя ўключана ў Брытанскую Энцыклапедыю. Ён займаў пасады міністра адукацыі Казахскай ССР, першага сакратара  Саюза пісьменнікаў Казахстана, сакратара Саюза пісьменнікаў СССР, быў  дэпутатам  розных узроўняў, кіраваў Інстытутам літаратуры і мастацтва імя М. Аўэзава, выдаваў падручнікі. Але для беларусаў найперш цікавы той факт, што гэты вучоны і грамадскі дзеяч партызаніў на нашай зямлі, удзельнічаў у многіх баях, паказаў сябе смелым і адважным байцом і камандзірам. Пасля вайны, у 1985 годзе, ён наведаў Краснапольскі раён, дзе змагаўся з ворагам, сустрэўся з мясцовымі жыхарамі, якія памяталі яго маладым хлопцам. А пісьменнік увасобіў многіх з іх у сваіх аповесцях «Дачка партызана», «Гісторыя аднаго кажушка», «Помста», «Зоркі ў цямніцы», у аснове якіх пакладзены рэальныя падзеі і ўвасоблены канкрэтныя прататыпы.  Так, у аўтабіяграічнай  аповесці   «Гісторыя аднаго кажушка» пісьменнік згадвае, як яго пасля аперацыі неслі скрываўленага на насілках і прыгожая дзяўчына накінула на яго абяссіленае цела кажух, каб  паранены не замёрз. Гэта і ўратавала яму жыццё, а сам кажушок доўгі час быў сапраўдным талісманам, абярэгам для партызана, а пасля перададзены на вечнае захаванне ў музей баявой славы.  Сама ж аповесць прысвечана рэальнай дзяўчыне Еўдакіі Анодзінай. Згадваючы тыя два гады і тры месцы, якія   змагаўся у беларускіх лясах,  абараняючы краіну, якая сталася роднай, ён усклікае: Нізкі паклон табе, зямля беларусаў, ад нас — партызан з Казахстана! Ты зберагла і сагрэла нас на сваіх грудзях у цяжкія партызанскія гады. Калі бяруся за пяро, твой вобраз, Беларусь, паўстае перада мною. Твае абаронцы, партызаны заўсёды ў сэрцы маім, калі пішу свае кнігі пра партызанскія часы ў тваёй прасторы, ды і ўвогуле заўсёды ў душы маёй і сэрцы маім!

 

Са свайго боку вялікі сябар казахскай літаратуры і ініцыятар перакладу на беларускую мову і выдання новых кніг казахскіх аўтараў, як называюць яго сябры з братняй краіны,  Алесь Карлюкевіч неаднаразова  наведваў Алматы  і Нур-Султан, прымаў удзел у сесіі Асамблеі народа Казахстана, ўдзельнічаў у рабоце Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД,  прадстаўляў Беларусь на Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы «Па вялікім Шаўковым шляху» ў Алматы. А калі  паспрабаваць пералічыць усіх ягоных сяброў, то спіс будзе вельмі доўгім. Дастаткова сказаць, што сярод іх будзе дырэктар  Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Аўэзава Кенжахан Матыжанаў, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Казахстан Сеітам Каскабасаў, сакратар Камітэта па сацыяльна-культурным развіцці Мажыліса Парламента Рэспублікі Казахстан Бейбут Мамраеў, сакратар Саюза пісьменнікаў па літаратурных сувязях паэт і перакладчык Бахытжан Канап’янаў, кіраўнік Беларускага культурнага цэнтра Леанід Піталенка, галоўны рэдактар часопіса «Жулдыз», паэт Галым Жайлыбаеў.

Алесь Карлюкевіч добра ўсведамляе, што ён не першы, хто імкнецца расказаць чытачу пра беларуска-казахскія сувязі. Ён нагадвае, што яшчэ ў пазамінулым стагоддзі ў казахскія стэпы высылалі рэвалюцыянераў, сярод якіх былі і нашыя землякі. Добрую памяць пра сябе пакінуў   Адольф Янушкевіч, які ў лістах на радзіму пісаў пра мужны і адважны народ, захапляўся яго розумам і талентам, песнямі, што так многа гавораць душы і  сэрцу, а таксама падаў шмат этнаграфічных звестак пра быт і абрады казахаў, найперш пра  тыя, што маглі падацца еўрапейцам экзатычнымі: сватанне і вяселле,  пахавальны рытуал, спаборніцтва акынаў, ужыванне кумысу.   

 Вось як Алесь Мікалаевіч ацэньвае  дзейнасць генерал-маёра расійскай арміі Васіля Андрэевіча Калаура  ў раздзеле «Захавальнік помнікаў сярэднеазіяцкай мінуўшчыны». Наш зямляк, ураджэнец Мінскай губерні,  хутчэй за ўсё з брэсцкага Палесся, паходзіць са шляхты  герба «Астоя», праславіўся як расійскі ўсходазнаўца, якога памятаюць  ў Казахстане і Сярэдняй Азіі  і цяпер: адна з вуліц  Кызыларды  носіць яго імя.  Найперш Васіль Андрэевіч  вядомы як  археалог, гістарык-краязнаўца. З канца шасцідзесятых гадоў пазамінулага стагоддзя ён служыў у Туркестане на вялікіх пасадах:  амаль дваццаць гадоў  узначальваў Пяроўскі павет (цяпер  Кызыларда).  Гэта быў у нейкай ступені дзіўны генерал. Ён вандруе там, дзе знаходзяцца помнікі мінулай гісторыі, загадвае   сельскім старастам і шэйхам пры мазарах зберагаць  іх, стварае з аднадумцамі Туркестанскі гурток аматараў археалогіі, галоўнай задачай  якога з’яўляецца вывучэнне, апісанне і ахова помнікаў даўніны, што знаходзяцца ў межах Туркестанскага краю.  Як паказвае Алесь Мікалаевіч, падрыхтаваў  19 артыкулаў і 7 паведамленняў, якія вызначаліся надзвычайнай грунтоўнасцю.  Паслухаем загалоўкі, што ўжо сваёй назвай  характарызуюць пошукі нашага земляка:   «Старажытнасці Аўліе-Ацінскага павета»,  «Пра разваліны Ак-Цюбэ і пра некаторыя археалагічныя знаходкі ў Аўліе-Ацінскім павеце»,   «Археалагічная вандроўка па Аўліе-Ацінскім павеце»,«Каменныя бабы ў Аўліе-Ацінскім павеце»,  «Старажытнасці ў нізоўях ракі Талас»,  «Старажытныя гарады Саганак (Сунак), Ашнас ці Эшнас (Асанас) і іншыя ў Пяроўскім павеце, зруйнаваныя Чынгізханам у 1219 годзе».  «Старажытныя гарады, крэпасці і курганы па рацэ Сырдар’і ва ўсходняй частцы Пяроўскага павета»; «Легенда пра Харасан-ата»; «Маўзалей Кок Кесэне ў Пяроўскім павеце».  Гучаць як радкі гераічнай паэмы пра даўнюю гісторыю краю. Васіль Калаур адкрыў старажытнацюркскія рунічныя помнікі,   сабраў звесткі па гістарычнай тапаграфіі і тапаніміцы, дапамагаў многім даследчыкам матэрыламі і фактамі, выдаў манаграфічнае даследаванне «Гісторыя горада Аўліе- Ата».   Шкада, што пра яго мала ведаюць на радзіме. Варта пагадзіцца з аўтарам, што даўно ўжо варта выдаць пра  яго асобную кнігу. Як мне падаецца, ва ўмовах развіцця інтэграцыйных еўразійскіх працэсаў гэта мае асаблівае значэнне. Тым болей што некаторыя аспекты доследаў Васіля Калаура судакранаюцца яшчэ і з кітайскай праблематыкай, з Вялікім шаўковым шляхам. Асобная тэма — ушанаванне памяці генерала-краязнаўца. Чаму б яго імя не надаць адной з вуліц Мінска?..А можа не толькі ў Мінску.

Згадае аўтар і краязнаўцу  Пятра Васількоўскага,  ураджэнца Віцебска, які быў сасланы ў Атбасар, а пасля расстраляны.  Але і ў невысносных умовах займаўся высакароднай справай. Або ўспомніць ураджэнца вёскі Бастынь Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці Барыса Ніканавіча Цяльпука, сціплага працаўніка, які апошнія гады  разам з жонкай пражыў у дачкі ў Цалінаградзе (зараз Нур-Султан), дзе і пахаваны. І гэты факт –  таксама частка агульнай гісторыі.  

Алесь Мікалаевіч у раздзеле «Беларускія пісьменнікі ў Казахстане» падаў грунтоўныя факты пра нашых землякоў-літаратараў, якія ў розныя часы траплялі сюды. Казахстан здаўна быў прытулкам для беларускіх літаратараў. Здаралася гэта па розных прычынах… Кагосьці ў далёкую ад Беларусі старонку лёс заносіў выпадкова. Хтосьці трапляў у Казахстан па прымусе. Асабліва гэта выявілася ў часы сталінскага генацыду . Вось кароткі пералік згаданых ім імёнаў:    літаратурны крытык Мікола Аляхновіч з 1956 г.  у высылцы ў Карагандзінскай вобласці;  у Казахстане ў калгасе працавала беларуская паэтэса, перакладчыца, драматург Наталля Арсеннева; крытык, літаратуразнавец, этнограф Сцяпан Баркоўскі  быў  асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі, працаваў на будаўніцтве водагаспадарчых аб’ектаў у саўгасах Акмолінскай вобласці; паэт і перакладчык Пятро Іванавіч Бітэль адбываў пакаранне на    медным рудніку ў Джэзказгане, свой пераклад паэмаў Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод» запісваў чарнілам з медзі на мяшках ад цэменту; ва Ўральску пахаваны Змітрок Бядуля; у Карагандзе адбывалі вырак Андрэй Мрый і Рыгор Бярозкін;  сасланы паэт, перакладчык, крытык, літаратуразнавец Сцяпан Ліхадзіеўскі    чатыры гады   настаўнічаў у сярэдніх школах Келеса (цяпер Сарыагашскі раён).  Некаторыя былі з іншых, больш вясёлых прычын: у школе Усць-Каменагорска   вучыўся будучы беларускі літаратуразнавец, крытык, публіцыст Мікола Калінковіч;    у 1945–1948 гг. карэспандэнтам усесаюзнай газеты «Гудок» працаваў беларускі празаік, паэт Яўген Васілёнак;  у Алма-Аце ў 1943 г. закончыў вучобу ва Усесаюзным дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі беларускі празаік, драматург, фельетаніст Валянцін Зуб;  у час Вялікай Айчыннай вайны  ў газеце «Казахстанская правда» працаваў карэспандэнтам беларускі празаік Мікола Лупсякоў;  у Алма-Аце ў час Вялікай Айчыннай вайны жыў і працаваў класік беларускай дзіцячай літаратуры Янка Маўр;      у Кустанайскім настаўніцкім інстытуце  выкладаў беларускі літаратуразнаўца Фёдар Куляшоў.      З Казахстанам звязаны лёс рускага паэта Беларусі Юрыя Фатнева, які апошнія гады жыў у Гомелі. У Алма-Аце пабачылі свет яго вершаваныя кнігі «Любимое» (1962), «Общий вагон» (1964), «Глаза не умеют молчать» (1966). . У розныя гады ў Казахстане працавалі заходнебеларуская рэвалюцыянерка, публіцыстка Вера Харужая, Алесь Якімовіч, празаік  Алег Ждан, паэт Славамір Адамовіч.  Станіслаў Суднік падчас службы ў Прыазёрску  арганізаваў беларускае вайсковае зямляцтва, выдаваў газету «Рокаш», надрукаваў   кнігу вершаў на беларускай мове. Як сведчыць аўтар,  можна згадваць і іншыя імёны. Не ўсе звесткі занатаваны ў гісторыі беларуска-казахскіх літаратурных сувязей. Вядома, што Казахстан цікавіў, натхняў на стварэнне паэтычыных і празаічных твораў шмат каго з беларускіх пісьменнікаў, якія наведвалі розныя гарады і паселішчы гэтай прыгожай старонкі. Варта зазірнуць у творчыя біяграфіі Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Гніламёдава, Івана Карэнды, Алеся Пісьмянкова, Вячаслава Рагойшы, ды і шмат каго яшчэ, як вы знойдзеце там «казахстанскія старонкі».   

У цэлым трэба адзначыць, што кантакты Карлюкевіча-даследчыка і Карлюкевіча-кіраўніка з прадстаўнікамі навуковай інтэлігенцыі, вышэйшай школы, Акадэміі навук, выдавецтаў, рэдакцый газетаў і часопісаў Казахстана дапамагаюць актывізаваць супрацоўніцтва казахскіх і беларускіх устаноў культуры і калег, выводзяць на новую перспектыву. Рознабаковы літаратурны дыялог паміж Беларуссю  і Казахстанам напаўняецца актуальным зместам. І яго, нягледзечы на пэўныя поспехі, трэба актывізаваць, лічыць Алесь Карлюкевіч, бо на мове вялікага Абая  твораў беларускіх пісьменнікаў выдадзена не так і многа, усяго недзе дваццаць з маленькім хвосцікам.  Ды і то найперш гаворка ідзе пра класікаў,  першым быў перакладзены  раман     Івана Шамякіна «Глыбокая плынь», затым кнігі Янкі Маўра, Васіля Быкава, Івана Мележа, Алеся Адамовіча, Петруся Броўкі (раман «Калі зліваюцца рэкі»), Алеся Адамовіча, легендарны зборнік успамінаў «Ніколі не забудзем»; зборнікі      Максіма Танка, Эдзі Агняцвет, Валянціна Лукшы;  некалькі анталогій  прозы і паэзіі  (1972, 1979, 1984, 1991). Ды яшчэ да стагоддзя Янкі Купалы і Якуба Коласа выходзілі кнігі іх паэзіі.  

 Бясспрэчна, мае рацыю Алесь Карлюкевіч, сцвярджаючы: І калі ў Беларусі, Расіі, іншых краінах хтосьці выберацца ў новы шлях,  у ягонай дарожнай сумцы, у арсенале ягонай духоўнай зброі абавязкова зоймуць дастойнае месца творы пісьменнікаў Казахстана. І сам ужо зрабіў значны ўнёсак у рэалізацыю гэтай праблемы сваімі мастацкімі перакладамі  з казахскай: ён пераклаў на беларускую мову кнігі Немата Келімбетава, іншых пісьменнікаў.

Трэба адзначыць яшчэ адну станоўчую якасць прац Алеся Карлюкевіча, якая спрыяе папулярнасці і папулярызацыі ягоных знаходак і дасягненняў. Мы ўжо адзначалі, што характэрнай асаблівасцю ягоных кніг з’яўляецца выключная змястоўнасць,  чаму садзейнічае велізарная колькасць фактаў, знойдзеных самім аўтарам  ці пушчаных ім у шырокае жыццё. Але ў велізарным матэрыяле, рупліва сабраным кваліфікаваным даследчыкам, можна лёгка патануць, калі не падаць яго ў займальнай і адэкватнай форме. Інакш сучасны чытач проста пазяхне і адкладзе кнігу ўбок.   Вопытны і адметны Алесь Карлюкевіч гэтага не дапусціць, бо вельмі добра адчувае і нават бачыць свайго патэнцыяльнага чытача. Аўтар стварае сітуацыю, якая  заўсёды трымае субяседніка ў напрузе: а што далей?  Ён нагадвае майстра дэтэктыўнай інтрыгі, які паступова разгортвае таямніцы. Тут варта прывесці словы Святланы Ананьевай пра манеру выкладання беларускага даследчыка: Майстэрскае валоданне мастацкім словам, непаўторны стыль аўтара новай кнігі, якая адкрывае свае старонкі чытачу ХХI ст., узбагаціць нашы літаратуры.  Паколькі кнігі становяцца, па вобразным і трапным выразе Алеся Карлюкевіча, новым святлом, новай духоўнай зброяй, якая дае магчымасць не баяцца накіроўваць свой погляд на планетарныя маштабы часу, то глыбока сімвалічным  становіцца той факт, што адна з многіх кніг Алеся Карлюкевіча мае назву «Нераўнадушнае чытанне».  Ён імкнецца далучыць да гэтага і свайго патэнцыяльнага чытача. Так, Алесь Мікалаевіч на старонках даследавання адзначае, што кожная грунтоўная кніга Бярозкіна чытаецца як арыгінальны мастацкі твор. Гэтыя словы цалкам характарызуюць манеру самога даследчыка. Так, паэтычнай імпрэсіяй успрымаецца  раздзел «Каб нават птаху даляцець», прысвечаны творчасці Любові Шаўцовай, якая паходзіць з памежжа Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Рускамоўная паэтэса з Беларусі надзвычай тонка адчувае загадкавую таямніцу прыроды Казахстану, найперш яго дзівоснага стэпу, які Каб нават птаху – даляцець, Каб нават вершніку дамчацца Было не ў сілах. І ў гэтай прасторы жыве яе душа, якую дзікі стэп не адпрэчыў. Вось як захоплена піша А. Карлюкевіч: Дзве плыні, дзве ракі сілкуюць паэзію нашай зямлячкі Любові Шашковай. Рака з назвай Казахстан, дзе вольна і прасторна ў любых ваколіцах, ды рака Беларусь... Хоць творчы лёс Любові Шашковай адбыўся ў Казахстане, крынічныя вытокі — у Беларусі. Таму і вершы такія з яе свядомасці выплываюць: «Ах, трава-мурава моего детства», «Маме», «Примета», «На Березине». Славянскае паганства, зваротнае падарожжа ў гісторыю Кіеўскай Русі — яе паэма «Рагнеда», пераклад паэмы Янкі Купалы «На куццю». У многіх вершах яна, руская паэтэса Казахстана, жыве сваімі роднымі, беларускімі крыніцамі. У якасці прыкладу  ён прыводзіць верш «Уздым, сутнасць якога добра перадае  эпіграф да верша, якім сталі словы казахскай паэтэсы Фарызы Унгарсынавай: Мама, уздых твой — // Лішні груз на плечы… Карлюкевіч вельмі хораша паказвае, як   успамін пра дом, згадку пра маму справакаваў казахскі верш беларусачкі. А звычайны для гэтай мясцовасці арык абудзіў у памяці паўнаводную Беразіну.

Заўсёды захапляюся ўменнем Алеся Мікалаевіча знаходзіць цікавыя паралелі. З вялікай цікавасцю чытаецца раздзел «Алжас Сулейменаў і Беларусь».  У  1970-я гады ягоная  кніга «АЗ і Я»  сталася сапраўднай бомбай запаволенага ўздзеяння на вялікай савецкай прасторы. Навукоўцы са ступенямі і акадэмічнымі званнямі, публіцысты, проста цікаўныя чытачы, якіх тады было вельмі многа ў велізарнай краіне, былі ўзрушаны  спавядальнай, сумленнай кнігай паэта і публіцыста, які шукаў праўду пра сучаснасць ў стагоддзях мінулых.  І пачаў ён свае даволі плённыя, хоць і ў нечым супярэчлівыя, пошукі  са «Слова пра паход Ігаравы». Колькі да цікаўнага хлопца існавала ў розных краінах спробаў разгадаць таямніцу вялікага помніка сусветнай культуры, асэнсаваць яго загадку, спасцігнуць задуму.. А вось казах  Алжас Сулейменаў спасцігае  космас іншароднай нібыта культуры, у якім плаваюць  словы і сэнсы, праз з’явы культуры роднай.  Не ўсе прынялі канцэпцыю паэта і вучонага ў адной асобе. Але той факт, што праз сорак гадоў у  чэрвені 2015 г. у Казахскім нацыянальным універсітэце імя аль-Фарабі была арганізавана навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная юбілею выхаду  кнігі, сведчыць пра многае і, найперш, пра тое, што яе значнасць не знікла нават праз такі ладны адрэзак часу. Таму Алеся Мікалаевіча здзівіў той факт, што ў энцыклапедычным  даведніку беларускага даследчыка М. Булахава ««Слово о полку Игореве» в литературе, искусстве, науке»  (1989), ён не знайшоў там нават згадкі пра Алжаса Сулейменава і  шляхі яго расшыфроўкі «цьмяных месцаў» твора.  Можа гэта здарылася таму, што з-за спробаў прачытаць апошнія як цюркізмы ад казахскага паэта адвярнуліся нават ягоныя сябры, а не толькі пэўныя навуковыя  колы , а ягоныя вершы доўгі час не друкавалі. А можа і не трэба паэту лезці ў тэкстолагі, бо ягоная боская справа –  будзіць чалавечае ў чалавеку. Алесь  Карлюкевіч добра прааналізаваў  праблему: ён лічыць, што чытаць на розных узроўнх нібыта адзіны тэкст «Слова пра паход Ігаравы» Алжасу  дапамагло двухмоўе, валоданне на генетычным узроўні культурных узаемаадносін палярных этнасаў, як ён выказаўся, веданне Русі і Поля. Алесь Карлюкевіч паказвае, што трэба засвоіць урок А. Сулейменава і заўсёды знаходзіць дыстанцыю ад вузкай спецыялізацыі, разумеючы, што ў чалавеказнаўстве яна толькі служыць перашкодай. Ён быў перакананы, што ««Слова…» трэба чытаць не калектывам Мы (Славіст, Цюрколаг, Гісторык, Паэт і інш.), а калектывам Я. Тыя ж персанажы, але аб’яднаныя ў адной асобе…» Прайшлі гады. Час выбраў А. Сулейменава і, нягледзячы на ўсе складанасці, на супярэчлівасць прэтэнзій да вялікага Мастака, сапраўднага Мысляра, расставіў свае акцэнты. Факты з мінулага сталі рухавіком многіх сапраўдных думак еўразійскага будаўніцтва. І А. Сулейменаў — найярчэйшы яго прадстаўнік, яркая асоба ў Казахстане суверэнным, незалежным. Паэт, чые даўнія радкі чуваць і сёння. Беларус акцэнтуе ўвагу на іншых супярэчлівых аспектах, якія аб’ядноўваюць, а не падзяляюць. Галоўнае, што вялікі казахскі паэт Алжас Сулейменаў пасля прыезду ў Беларусь знайшоў вялікую колькасць сяброў, якія цэняць і ягоную творчасць. І прыводзіць добрыя пераклады вершаў паэта на беларускую мову, а таксама   вершы-прысвячэнні таленавітаму творцу,зробленыя прыхільнікамі таленту.

Алесь Карлюкевіч падкрэслівае  адметнасць падыходу да рэалізацыі заяўленай праблемы праблемы  і ў артыкуле «Я ведаю, што вы настойліва вывучаеце казахску мову…», які прысвечаны П. К. Панамарэнку.   Панцеляймон  Кандратавіч у даваенны час працаваў  у апараце ЦК ВКП(б), амаль дзесяць гадоў  займаў пасаду першага сакратара ЦК КП(б)Б. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў начальнікам Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання.   У 1954–1955 гг. Панцеляймон Кандратавіч — першы сакратар ЦК Кампартыі Казахстана. Алесь Карлюкевіч знаходзіць арыгінальны журналісцкі прыём і ўдала  спрабуе праз аналіз узаемаадносін першага сакратара кампартыі 

 Беларусі і  Казахстана з пісьменнікамі  разгледзець праблему узаемадзеяння ўлады і мастацтва, прасачыць, як  буйны кіраўнік супрацоўнічае з нацыянальнай творчай інтэлігенцыяй. Для гэтага ёсць цудоўны фактычны матэрыял: вялікая асабістая бібліятэка партыйнага дзеяча, у якой захаваліся кнігі з аўтографамі  савецкіх пісьменнікаў. У дадатак да ўсяго, у рэспубліканскім выдавецтве «Звязда», якім кіраваў тады Алесь Карлюкевіч, пра што ён ізноў сціпла забывае,  выдадзены зводны каталог «Панцеляймон Панамарэнка: асабісты архіў і кніжны збор». Якраз у ім і апісаны   кнігі   з аўтографамі, якія ў 1985 годзе пасля смерці мужа перадала ў Цэнтральную навуковую бібліятэку НАН Беларусі  ўдава Панцеляймона Кандратавіча. Алеся Мікалаевіча зацікавілі найперш   кнігі казахскіх аўтараў, якія выйшлі ў Алма-Аце ў  розныя гады. Некаторыя ўжо пасля адстаўкі Панцеляймона Кандратавіча, але ўсе з аўтографамі. Вельмі добра, што беларускі даследчык спрабуе нават праз кніжную сувязь з Казахстанам дапоўніць партрэт гэтай каларытнай і даволі супярэчлівай, што не адмаўле сам аўтар, фігуры дзяржаўнага ўзроўню 30-60 гадоў. Ён паказвае прыклад, як на матэрыяле зводнага каталогу асабістага архіва і кніжнага збору адной асобы можна зрабіць цікавыя вывады і назіранні. Ды яшчэ і запрашае дапоўніць свае нататкі, падказваць іншыя факты. Праўда, на наш погляд, варта даваць рускамоўныя аўтографы на мове арыгіналу: для будучых архіварыстаў гэта аблегчыць працу. Хаця мы маем справу з навукова-папулярным выданнем. Даволі наіўнымі ўяўляюцца спадзяванні некаторых казацкіх пісьменнікаў на тое, што  асоба такога ўзроўню  вывучыць адну з цюрскіх моў, калі ён не вывучыў блізкай славянскай.

 « Куды не трапяць беларусы», – пісаў некалі класік. «Жывуць на цаліне беларусы» – так называецца раздзел рэцэнзуемай кнігі, у якім аналізуецца нарыс вядомага празаіка  Леаніда Левановіча. Алесь Мікалаевіч згадвае, што амаль усе беларускія пісьменнікі, якія з той ці іншай нагоды пабывалі ў Казахстане, пакідалі запісы, з якіх потым вырасталі вершы, апавяданні, нарысы. Можа самы яскравы прыклад – цаліна Рыгора Барадуліна, з якой будучы народны паэт прывёз першы свой зборнік «Маладзік над стэпам», які атрымаў узнагароду на ВДНГ. Алесь Мікалаевіч добра паказаў, як з дзённікавых запісаў будучага класіка, уражанага незвычайнымі краявідамі, вырастаюць цудоўныя вершы.

 Добрым словам згадваюцца і многія старонкі згаданай кнігі «Хлеб і мужнасць», якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры» ў 1986 г., і была прысвечана беларусам- цаліннікам.   Леанід Левановіч у Казахстане быў тройчы: у 1964 г., калі  адзначалі дзясяцігоддзе пачатку асваення цалінных земляў.  Тады панаваў выключны ўздым, незвычайная эйфарыя: усе рваліся на цаліну. Не мог застацца ўбаку і малады журналіст, тым болей, што  там жыла яго старэйшая сястра з усёй сямейкай, а хутка   пераехаў  і старэйшы брат.    Вясной 1983 г. зноў наведаў Казахстан, калі, увага, разам са здымачнай групай Беларускага тэлебачання рыхтавалі перадачу пра беларуска-казахскія літаратурныя сувязі. Леанід Левановіч пісаў свой грунтоўны расповед пра сустрэчы з беларусамі-цаліннікамі ў 1979 і 1983–1986 гг.  Задача была  складаная – паказаць беларусаў на цаліне. А іх было так багата, што нават калгасы называлі імёнамі славутых землякоў або выкарыстоўваючы беларускую анамастыку.   Малады карэспандэнт пісаў і  пра тэхналогію гадавання пшаніцы,  даваў рэкамендацыі, як цаліннікам даглядаць пасевы. Змагаўся з тэарэтыкамі, якія еўрапейскі вопыт механічна пераносілі ў Азію, а ў новых кліматычных умовах і гаспадарыць трэба па-новаму.  Але найперш гаворка ішла, гаворыць А. Карлюкевіч, пра людзей, землякоў. Як беларус застаецца беларусам і ў далёкай старонцы; як  роднае слоўца дазваляе адчуць крэўную повязь,  намацаць той нябачны мосцік, што вяртае ў Беларусь. Уражвае гісторыя пра адважнага беларуса Алега Уфімцава, які цаною жыцця выратаваў сябра.    Цікавай атрымалася  згадка пра беларуса Віктара Аляксеевіча Радус-Зяньковіча, сына  ўдзельніка паўстання 1863–1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Віктар Аляксеевіч быў першым старшынёю Саўнаркама Казахстана. Алесь Карлюкевіч прыводзіць прыклады, як беларусы і 19 і 20 стагоддзяў, якія выбудоўвалі свае лёсы далёка ад роднай старонкі,  высока ацэньваюць найлепшыя якасці казахаў.

Даволі часта Алесь Карлюкевіч у сваёй творчай  практыцы выкарыстоўвае такі жанр класічнай журналістыкі, як інтэрв’ю, у межах якога адчувае сябе смела і свабодна. Умела пастаўленыя актуальныя пытанні дазваляюць вырашыць і, па магчымасці, рэалізаваць на малой прасторы складаныя і важкія праблемы.  У кнігу ўключаны  гаворкі з паэтам Нурланам Аразалінам («Традыцыя для будучыні», празаікам, вучоным, публіцыстам Амантаем Ахетавым («Нам застаецца доўжыць эстафету»),  паэтам і журналістам Жанарбекам Ашымнанам («Мастацкія ідэі жывуць уласнм жыцццём»), дырэктарам Нацыянальнай кніжнай палаты Жанатам Сейдунамавым («Чытанне – дарога да поспеху…»). Як бачым, цікавасць да беларуска-казахскіх культурных і літаратурных стасункаў двухбаковая. Да шматаспектнай праблематыкі  праяўляюць цікавасць  навукоўцы і творцы. Як выкладчык вну, скажу, што многія высновы кнігі будуць з карысцю выкастоўвацца у курсах «Гісторыі беларускай літаратуры»  і «Літаратура блізкага замежжа». Значыць, – як гаворыць Алесь Мікалаевіч,– уваходжанне беларускай літаратуры, культуры ў Казахстан працягваецца!..

 

Іван Штэйнер, г. Гомель

Прочитано 607 раз