Суббота, 31 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Макар Пашкевіч. Сапраўдныя героі. Апавяданне

  • Понедельник, 28 сентября 2020 09:51
  • Автор  Сугучча

Макар Пашкевіч нарадзіўся 30 мая 1999 года ў Салігорску. Вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, удзельнік літаратурнага аб’яднання «Катарсіс».

Асноўны прынцып, якім я кіруюся ў сваёй творчасці, — гэта эфект «ваў»: калі то выкладаеш свае ідэі і пазіцыі ў безнадзейна завуаліраваным выглядзе, то проста рубіш у лоб. Мастацтва павінна здзіўляць, але не напружваць, і таму нават самую-самую сур’ёзную тэму можна і патрэбна раскрываць з доляй іроніі і гумару. Не дзеля насмешкі, але для насычэння фарбамі той рэальнасці, якую ты ствараеш, каб у яе паверылі. Прэтэнцыёзнасць часцей за ўсё адштурхоўвае, у гэтым я, будучы актыўным чытачом, абсалютна ўпэўнены.

 

 

Макар Пашкевіч

 

Сапраўдныя героі

 

— Чорт, а іх шмат, — задуменна вымавіў Яраслаў. — Прарвёмся, камандзір?

— Альбо прарвёмся, альбо памром, — адказаў Канстанцін. — У палон да гэтых жывадзёраў я трапляць не збіраюся.

— Але ж іх у чатыры разы больш! — прыкмеціў Антон.

— Бывала і горш, — усміхнуўся Яраслаў.

Камандзір асцярожна перайшоў да правага акна. Нацысты разбрыліся па вёсцы, нават не здагадваючыся, што за імі сочаць чырвонаармейцы. Канстанцін усведамляў: доўга хавацца яны не змогуць, рана ці позна немцы прачысцяць кожны дом. Таму дзейнічаць трэба цяпер, пакуль эфект нечаканасці з’яўляецца для іх тузом у рукаве.

Косця пачухаў нядаўна паголеную галаву. Адлік ішоў на хвіліны. У акне мільганулі два цені, але дзякуючы пыльнай фіранцы салдат заставаўся нябачным з вуліцы. За спінай нешта блямкнула. Канстанцін павярнуўся. Хударлявы Андрэй у акулярах з тоўстымі лінзамі зараджаў трафейны маўзер. Назіраючы за ім у баі, Канстанцін мог толькі радавацца, што гэты хлопец на яго баку. Андрэй — самы малады ў атрадзе.

Хлопец далучыўся да іх пасля таго, як ягоны батальён сцерлі ў пацяруху нямецкай артылерыяй. Камандаванне паціснула яму руку за смеласць і стойкасць, а потым прызначыла ў новае падраздзяленне. Нават камандзір паглядаў на Андрэя з павагай, не ведаючы, ці змог бы сам перажыць такі шчыльны абстрэл і не звар’яцець. А Андрэй яшчэ і адстрэльваўся…

Міхась прыйшоў з разбітага партызанскага атрада. Для сваіх шасцідзесяці гадоў — неверагодна цягавіты мужык. Ён неаднойчы быў паранены (і кулямі, і асколкамі, і нажамі) і кожным разам толькі моўчкі перамотваў анучай раны ды крочыў далей, мацней сціснуўшы зубы.

Яраслаў размінаўся. Гэты паўнаваты маладзён у крытычную хвіліну па нейкай невядомай прычыне станавіўся надзвычай вёрткім. Рухацца так хутка і непрадказальна для праціўніка, як ён, не атрымлівалася ні ў каго з атрада. Здавалася часам, што найвышэйшыя сілы ахоўваюць яго ад куль.

А Антон сядзеў на разбураным ложку і спакойна глядзеў на камандзіра. І ў гэтым позірку Косця бачыў ўпэўненасць і сілу. «Не сёння, — здавалася, казаў салдат, — яшчэ не сёння».

Ён бачыў перад сабой чацвярых адчайных мужчын. З кімсьці крочыць плячо да пляча з самага пачатку вайны, хтосьці пад яго камандаваннем зусім нядаўна, але камандзір упэўнены: гэты атрад лепшы ў яго за ўсю вайну. Калі нехта і здольны выбрацца з гэтай смяротнай калатнечы, то толькі яны ўпяцёх.

Раптам з вуліцы пачуўся роў матора. Канстанцін зноў павярнуўся да акна.

— Што там? — запытаў Андрэй.

— Афіцэр прыехаў, — хрыпла адказаў камандзір.

З невялікай машыны без даху выбраўся сухарлявы чалавек сярэдніх гадоў. Шэрая форма і ўпэўнены погляд выклікалі ў Канстанціна вострае адчуванне пагрозы.

— Пачынаецца... — камандзір акуратна адышоў ад акна і ўзяўся за ППШ.

Інтуіцыя падказвала, што ў яго ёсць у запасе яшчэ секунд пятнаццаць. Іх Косця вырашыў выдаткаваць на размеркаванне роляў у спланаванай аперацыі:

— У нас з’явілася яшчэ адна задача акрамя выжывання — афіцэр. Антон, трымай мой ППШ, аддай мне сваю вінтоўку. Адразу як выйдзеш з хаты, зладзь пекла шасцярым насупраць вокнаў. Я таксама буду страляць па іх з акна ў гэты час. Андрэй, твой фланг левы, Яра, твой — правы. Ваша задача — фашысты, што ўжо разбрыліся па вёсцы. Не дайце ім абысці нас. Міша, табе ганаровае заданне — адкрыць дзверы, а пасля дзейнічай па сітуацыі. Зразумелі? Паехалі!

Толькі афіцэр паспеў зірнуць на акно з бруднай фіранкай, як лютая сіла ураганам знесла з завес дзверы ў доме. Яго незразумелы загад патануў у гучным стракатанні аўтамата. Гэта Антон, начапіўшы на твар крыважэрную маску, у дакладнасці выконваў загад камандзіра.

Двое немцаў тут жа паваліліся на зжаўцелую ад сонца траву. Яшчэ адзін курчыўся і крычаў каля колаў аўтамабіля, пакуль яго пакуты не спыніла куля Канстанціна. Антон страляў чэргамі, гэта не дазваляла ворагам нават высунуцца і давала магчымасць астатнім заняць пазіцыі. Міхаіл трымаўся трохі ззаду. Гэтым разам стары не лез наперад, дазваляючы пацешыцца малодшым таварышам.

Бой набіраў абароты. Канстанцін часам забываўся ўдыхаць перад чарговым стрэлам. Яму здавалася, што больш няма патрэбы ў паветры, няма стомленасці і страх кудысьці выпарыўся. Суставы ператварыліся ў набор шасцерняў, якія ідэальна ведаюць сваю працу. Час ад часу ён прыслухоўваўся, ці чуваць стрэлы хлопцаў, і, задаволены, працягваў пякельную працу.

Немцы не чакалі такой маланкавай атакі. І ўжо праз пару хвілін з двух дзясяткаў салдат засталося чалавек пяць, якія паспелі схавацца за карытам, плотам, хісткай прыбіральняй. У моманты перазарадкі таварышы спрытна прыкрывалі адзін аднаго, адбіраючы ў ворагаў шанец хаця б разок стрэліць у адказ. І вось, калі неўзабаве хлопцам падалося, што перамога за імі, бой набыў нечаканы паварот. Бронетранспарцёр з кулямётам уляцеў на поўнай хуткасці ў вёску, заліваючы свінцовым дажджом чырвонаармейцаў.

Сітуацыя імгненна змянілася.

— Прыкрыйце, хлопцы! — скрозь рык кулямёта даляцеў голас Яраслава.

Хлопец і сам прывык да сваёй відавочна чароўнай абароны.

— Адставіць! — закрычаў Канстанцін, выдатна ўсведамляючы, што яго загад паляцеў у пустэчу.

А яшчэ праз момант паранены ў жывот Яраслаў паваліўся перад матацыклам, выпусціўшы з рук гранату. Асмялелыя немцы пачалі павольна выпаўзаць са схованак.

Нямецкі афіцэр загадаў спыніць агонь і звярнуўся да рускіх:

— Сябры! Бой скончаны, выходзьце! — а потым дадаў з усмешкай: — Прашу вас…

— Яраслаў?! — у адчаі крыкнуў Канстанцін.

— Валіце ​​іх! — пачулася ў адказ.

«Ён жывы», — зразумеў камандзір. Як жа яму не хацелася губляць аднаго са сваіх лепшых байцоў!

— Хлопцы! Выходзім...

— Што?!

— Гэта загад!

Ніхто не казаў ім кінуць зброю, таму салдаты выходзілі напагатове. Чацвёра немцаў выжыла, яшчэ двое прыехалі на матацыкле. Нават не падрапаны афіцэр усміхаўся, гледзячы на ​​чырвонаармейцаў.

— Мне патрэбны адзін з вас, — сказаў ён, здымаючы мундзір і падкасваючы рукавы кашулі. — Адзін з вас. З ім я сустрэнуся сам-насам. Мы будзем страляцца. Дуэль, як калісьці рабілі вашыя арыстакраты. Калі ён выйграе, я даю слова афіцэра, мае людзі вас адпусцяць. А калі прайграе... Тут я дакладна ведаю, як мы павяселімся перад вашай смерцю, — ён зняў фуражку і павесіў на кулямёт.

Запанавала цішыня. Узброеныя салдаты моўчкі глядзелі адзін на аднаго, усведамляючы сказанае. Ніхто не ведаў, колькі патронаў засталося ва ўласным магазіне, а тым больш у ворага насупраць.

— Я буду страляцца, — падаў голас Андрэй.

Канстанцін спалохана паглядзеў на яго, але не запярэчыў, бо зразумеў: калі не ён, то ніхто.

— Цудоўна, — расплыўся ва ўсмешцы афіцэр, а потым дадаў на нямецкай: — Гюнтэр, прасігналь, калі трэба будзе страляць.

— Што ён сказаў? — сумеўся Андрэй.

— Страляй, калі прасігналяць, — растлумачыў камандзір, бліснуўшы вачыма.

Афіцэр выйшаў на сярэдзіну дарогі і стаў, крыху рассунуўшы ногі. Андрэй аддаў Міхаілу аўтамат, падкасаў рукавы і, паправіўшы кабуру з маўзерам, стаў насупраць.

Два стралкі глядзелі адзін на аднаго бясконца доўга. Андрэй дарэмна спрабаваў супакоіць сэрца і запаволіць дыханне: паступова пачынала падкрадацца паніка. Ён часцяком паказваў трукі ашаламляльнай стральбы, але ніколі ад стрэлу не залежала гэтак шмат. Афіцэр жа, адчуваючы ягонае хваляванне, усміхаўся ўжо на ўвесь рот.

Андрэй не пачуў сігнала, але адчуў напружанне мускулаў немца і заўважыў дробны рух яго рукі.

Ніхто з прысутных не бачыў, як хлопец выхапіў з кабуры маўзер, але ўсё пачулі стрэл, і толькі некаторыя заўважылі кароткі дымок, што вылецеў з дула.

— Scheiße, —, так і не паспеўшы дастаць свой пісталет, прахрыпеў афіцэр і паваліўся на бок. Немцы тут жа пакідалі зброю і паднялі рукі. З дамоў баязліва выходзілі сяляне, якія назіралі за дуэллю.

— Я ведаю, хто дапаможа вашаму хлопцу, — да Кастуся падышоў нізенькі вяртлявы дзядок з доўгай белай барадой. — Тут недалёка ёсць доктар, нядаўна наведваў яго. Лечыць ён і немцаў, і нашых, таму вельмі спецыфічны малы.

— Хм, — задумаўся камандзір. Не любіў ён такіх людзей, але выбару не было. — Далёка ён? Дацягне наш?

— Не ведаю, ці дацягне, — усміхнуўся стары, — ад яго залежыць.

— Дацягну, не хачу так бессэнсоўна падыхаць, — прастагнаў у адказ Яраслаў.

— Добра, выступаем зараз жа! — загадаў Кастусь, рухаючыся да машыны.

— Пачакай, камандзір! — спыніў яго стары. — У акрузе немцаў занадта шмат. І выехаць не паспеем, як нас заўважаць. Паедзем на маім кані.

— На кані дык на кані, — пагадзіўся камандзір і пацікавіўся: — Як клічуць цябе?

— Вацлаў. А з гэтымі што рабіць? — спытаў той, гледзячы на ​​палонных немцаў.

— Здыміце з іх боты ды адпраўце ў лес без зброі, няма чаго карміць.

— Гэта правільна, — заківаў Вацлаў. — Ежы і так няма. Ну што? У дарогу?

Канстанцін глядзеў на мяшкі з гнілым збожжам, трымаючы ў руках засохлы хлеб, а яго нос казытаў смурод сапсаванага мяса. Ён стаяў у сырым паўразбураным хляве, а галава разрывалася ад пытанняў.

— Сняданак нам не свеціць, камандзір? — пачулася ззаду. За спінай стаяў Андрэй.

— Наўрад ці. Як абстаноўка?

— Ну, значыць так... З чатырох будынкаў сапраўдных толькі два, уключаючы гэты...

— У якім сэнсе «сапраўдных»? — перапыніў юнака Канстанцін.

— У прамым. Гэта фальшыўкі. Дзверы — не дзверы, а  кардонкі, за якімі — глухая сцяна. Вокны намаляваныя. Мы прабілі дзірку ў адной сцяне, нават напружвацца не прыйшлося. Унутры горача, цёмна і смярдзіць чымсьці дзіўным. Таксама не па-сапраўднаму, я б сказаў. А ў другім будынку быццам ніхто і не жыў. Ідэальна прылізаны, чысценькі такі. Свежы абрус, фіранка, падлога як новенькая. Гэта ў адным пакоі, тры астатнія пустыя.

— Хм...

— Вось-вось, — кіўнуў Андрэй. — Што тычыцца Яры, яму ўсё горш. А стары, ну ён усё...

— Ясна, — уздыхнуў камандзір. — Вазьмі Антона, знайдзіце рыдлёўкі і закапайце нябожчыка.

— Прынята, камандзір, — юнак ужо думаў сыходзіць, але раптам спытаў: — Ёсць ідэі, што рабіць далей?

Канстанцін моўчкі пакруціў галавой. Ён зноў перавёў позірк на мяшкі гнілля, жывот па-здрадніцку нагадаў пра ежу, а ў галаве зарадзілася думка, што не куля скончыць яго жыццё. Успамінаючы, што сказаў Андрэй, мужчына агледзеўся, затрымаў позірк на дзірцы ў даху. І ў гэтым небе, што віднелася праз дзірку, і ў хляве камандзір з самага пачатку адчуваў фальш, а словы радавога толькі пацвердзілі яго здагадку.

Яны заехалі ў хутар на світанні. Выглядаў ён калі не злавесна, то гнятліва. Ціхі, пусты і стэрыльны. І навокал так чыста, быццам ніхто тут ніколі не жыў і вайна абмінула гэты маленькі кавалачак зямлі.

У іх атрадзе чацвёра актыўных байцоў, адзін паранены і адзін мярцвяк. Стары Вацлаў хоць і ведаў на памяць усе мясцовыя лясы, але жыццё чамусьці не навучыла яго не піць з непрыдатных для гэтага вадаёмаў. Усяго некалькі глыткоў вызначылі лёс аслабленага нягодамі старога. Ён абяцаў правесці праз лясы і балоты атрад да шпіталя, аднак гэтым разам нехта іншы правядзе яго ў лепшы свет.

— Камандзір!

Канстанцін выйшаў з хлява і стаў сведкам незвычайнай сітуацыі. Андрэй наставіў пісталет на такога ж самага Андрэя. Міхаіл хрысціўся, гледзячы на ​​свайго двайніка, а Антоны застылі з адвіслымі сківіцамі. Канстанцін знайшоў і сваю копію: непадалёк яна балбатала з пустэчай, актыўна жэстыкулюючы і зрэдку дакранаючыся да вуха. Прычым копіі выглядалі дзіўна для ваеннага часу. Канстанцінава, напрыклад, была апранута ў чорную скураную куртку з шыпамі, вузкія чорныя штаны і масіўныя боты. Лысіну двайнік упрыгожыў татуіроўкай павуціння. Другі Андрэй таксама адрозніваўся ад арыгінала: смуглы, у правым вуху — завушніца, ён стаяў у халаце на голае цела, аднак у абутку. Двайнік Міхаіла выглядаў больш старым і дагледжаным. Яго валасы былі акуратна ўкладзеныя, барада мела роўныя абрысы, і апрануты ён быў у нятанныя касцюм і кашулю з расшпіленымі верхнімі гузікамі. Антон жа наадварот памаладзеў — нагадваў хлапчука, якога жыццё адразу ж кінула на амбразуру.

Але ўсё гэта чамусьці ні кроплі не здзівіла камандзіра. Ён абамлеў толькі тады, калі з’явіўся Яраслаў. Хлопец быў больш за іншых падобным на самога сябе, нават занадта. На п’яным і брудным твары Яраслава застыла, напэўна, самая радасная ўсмешка, якую Канстанцін калі-небудзь бачыў. А яшчэ камандзір разглядзеў у вобласці жывата крывавую пляму і чорную ўваходную адтуліну.

Яраслаў крочыў кудысьці ў бок хлява, а калі заўважыў усю сцэну сустрэчы блізнят, застыў як статуя.

Невядома, колькі б яны ўсе так прастаялі, калі б не тры чалавекі, што прыехалі на хутар у вельмі маленькім аўтамабілі. Мужчына сярэдніх гадоў у круглых цёмных акулярах, маладая жанчына з тварам пажылой чыноўніцы і зусім ужо знямоглы стары ў афіцэрскім мундзіры, абвешаны ўзнагародамі. Яны спыніліся літаральна за тры метры ад прысутных, выйшлі з машыны і, зусім не заўважаючы двайнікоў, пачалі горача пра нешта спрачацца.

— Чаму нам далі дзіцячы рэйтынг? Як мне паказваць рэаліі вайны ў такіх умовах?! — шчыра абураўся мужчына ў акулярах.

— Ты здзекуешся? — раз’юшана адказвала яму жанчына. — Якія да д’ябла рэаліі? Мы два дні таму знялі сцэну з дуэллю!

—Ну... — выразна паглядзеў на яе мужчына.

— Што ну?! Дзе гэта ў Вялікай Айчыннай былі каўбойскія двубоі?!

— Ой, гэта аўтарская задума.

— Так і няма чаго плесці пра рэалізм!

— Ох, ё-маё... — дзяўчына першай заўважыла кампашку ідэнтычных мужчын. — Арыстарх, ты гэта бачыш?

— Я бачу, як памірае мой фільм! — голас мужчыны падскочыў на актаву, потым ён паглядзеў у той жа бок, што і субяседніца, і перайшоў на шэпт: — Бачу, Ганначка, бачу...

Канстанцін нарэшце адвёў позірк ад двайніка, уважліва агледзеў свой атрад, яго пародыю і павярнуўся да шумнай тройцы.

— Хто-небудзь можа растлумачыць, што тут адбываецца? — пагрозліва запытаў ён.

— Мы тут, ну... — загаварыў Арыстарх, — кіно здымаем. Пра вас...

— Нават не кіно, а серыял, — дрыготкім голасам паправіла яго Ганна, быццам ад гэтай дэталі залежала яе жыццё.

— Кіно? — заінтрыгавана прамовіў Андрэй-салдат. — А хто галоўны герой?

— Вы, — адказаў мужчына ў акулярах.

— Гэта прыемна…

— Ды ніфіга прыемнага тут няма! — хрыплым голасам залямантаваў стары. — Пераблыталі ўсё! Зрабілі з вайны блазнаванне! Скажы ім! — звярнуўся ён да Андрэя.

— А што не так? — сумеўся той.

— Што не так?! Каўбойскія перастрэлкі! Збітыя самалёты з вінтоўкі, скачкі па цягніках, як быццам па лавах! А як табе артылерыйскі абстрэл, у якім выжываеш толькі ты?

— Так... гэта... — Андрэй апусціў зброю і здзіўлена пачухаў патыліцу. —Я ж гэта ўсё на свае вочы бачыў.

— Ідыёт! — закрычаў стары, плюнуў пад ногі і патупаў у вядомым толькі яму кірунку.

— Андрэй Генадзьевіч! Куды ж вы ?! — спахапілася Ганна.

— Адчапіся, дзяўчынка! Гэта ты ўсё напісала! Ты! А гэты так званы рэжысёр яшчэ нешта тут пра гісторыю вярзе! Я сыходжу!

— Але да горада трыста кіламетраў... — запярэчыў рэжысёр.

— Я да Берліна дайшоў! І да горада дайду!

Канстанцін паглядзеў услед дробнаму старому і павярнуўся да Арыстарха.

— Кіно, значыць?

— Кіно, — кіўнуў той.

— І што далей у вас па сцэнарыі?

— Ну... тут вы павінны будзеце трапіць у акружэнне фашыстаў, адстрэльвацца. Але здымкі эпізоду нават не пачаліся яшчэ, — раптам мужчына змяніўся ў твары, пабляднеў. Яго вусны бязгучна варушыліся, а потым ён усё-такі выдаў: — Раз ужо вы тут, думаю, здымаць сцэны з немцамі мы дакладна не станем.

— А які год, дарэчы? — зноў умяшаўся Андрэй.

— Э-э-э... цяпер? — удакладніў Арыстарх.

— Ну так.

— Дзве тысячы шаснаццаты...

— Мы перамаглі? — працягваў хлопец.

— Ага...

— Перамаглі, значыць, — Канстанцін адчуваў, як цяжэе яго позірк.

Чалавек, які называў сябе рэжысёрам, нібы паменшыўся ў памерах, спрабуючы ад яго схавацца. Атрымліваецца, яны ўсяго толькі героі? Але як гэта магчыма?

Канстанцін паспрабаваў успомніць нешта з мінулага, але ў памяці ўспыхвалі толькі асобныя разрозненыя моманты. Камандзір не памятаў свайго дзяцінства, галасоў бацькоў, сяброў, жонкі і дзяцей, аднак ведаў, што яны ёсць. Ён не памятаў, як выглядае яго кіраўніцтва. А галоўнае, ён не мог успомніць, з якога яны часу. Нейкія ўрыўкі...

— З якога года мы прыйшлі? — вырашыў спытаць камандзір у Арыстарха.

— А... м-м-м, — замямліў той. — Ваш апошні эпізод, ну ... ён як бы. Я не ведаю, у сцэнары гэтага няма.

Вось і адказ. Ён існуе ў межах радкоў, напісаных кімсьці іншым. Ні кроку направа, ні кроку налева. Усе яго жаданні, дзеянні прапісаны. І жыццё яго павісла ў вакууме, пакуль той, хто піша, не вернецца да працы. Канстанцін паглядзеў на неба, успамінаючы, якім хлуслівым яно здавалася зусім нядаўна. Гэтае адчуванне не сышло. Камандзір быццам усплыў, але над паверхняй акіяна ўзнімалася новая хваля, і яму трэба плыць ізноў. А ці варта ўсплываць? Убачыць ён там сапраўдны свет ці за ім і далей будуць назіраць нечыя вочы? Складаныя пытанні. І нават не яму на іх адказваць. Бо не Канстанцін напісаў сваё жыццё на паперы. Ён жа нават не галоўны герой.

 

Макар Пашкевіч

Прочитано 70 раз