Воскресенье, 09 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Агулбіке Арагелдыева. Туркменістан. Вяртайся жывым!.. Вершы

Агулбіке Арагелдыева – легенда туркменскай паэзіі. 

З лёсам туркменскай паэтэсы Агулбіке Арагелдыевай мяне пазнаёміў Агагельды Аланазараў. Родам з другой паловы 1940-х гадоў, туркменскі паэт і празаік душой і сэрцам адчувае тэму Вялікай Айчыннай вайны. Ён заспеў яшчэ жывымі многіх туркменскіх пісьменнікаў-франтавікоў. Сейітніяз Атаеў, Ашыр Назараў, Чары Маталаў, Вячаслаў Курдзіцкі, Таісія Курдзіцкая, Чары Ашыраў, Анакулі Маметкуліеў… І я, стасуючыся і з Агагельды, і з нектаорымі з тых, каго назваў, нічога не ведаў пра Агулбіке, юны век якой ужо завершыўся напырканцы 1940-х… Не ведалі пра яе і літаратары сталічнага Ашхабада. А вось праз сорак ці болей гадоў на вочы патрапілі і яе рукапісы, і знайшліся людзі, якія змаглі расказаць пра настаўніцу і паэтэсу, якая страціла на фронце мужа і якая ў сваіх вершах імкнулася выкласці ўвесь боль, увесь драматызм ваеннага жыцця…

Яна і сама пабывала на адным з франтоў вялікай Айчыннай вайны. Разам з сяброўкамі-туркменкамі прывезла франтавікам падарункі. Прывезла і вытканы дыван з партрэтам легендарнага ваеначальніка Канстанціна Ракасоўскага. І ўручыла гэты дыван герою вайны. Прыехала на той участак фронта, дзе ваяваў яе муж. Але толькі па тэлефоне палявой сувязі здолела пагутарыць з сваім абраннікам. А праз некаторы час ён загінуў…

Агагельды Аланазараў,  якога добра ведае чытач у Беларусі па перакладах на мову Купалы (у розныя гады ў Мінску пабачылі свет тры паэтычных кнігі вершаў А. Аланазарава, адрасаваных юнаму чытачу), папрасіў перакласці творы Агулбіке на беларускую мову. Што і здзейсніў Мікола Мятліцкі. Гэтыя някідкія, няхітрыя, пазбаўленыя розных штукарстваў радкі юнай, зусім маладой паэтэсы – яшчэ адно сведчанне беларуска-туркменскай літаратурнай дружбы, праява сяброўства паміж народамі і літаратурамі.

У апошнія трыццаць гадоў у Беларусі выйшлі асобныя кнігі твораў туркменскіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову – Махтумкулі, Касыма Нурбадава, Агагельды Аланазарава, зборнік паэзіі «Мая Туркменія», анталогія туркменскай дзіцячай літаратуры. Пераклады вершаў, апавяданняў Касыма Нурбадава, Атамурада Атабаева, Максата, Атаджана Тагана, Камека Куліева, Газелі Шакуліевай, Джумагельды Мулькіева, Сейрана Атузава і шмат яшчэ каго надрукаваны на старонках беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыкі. І пераклады паэтычных перажыванняў Агулбіке Арагелдыевай у гэтай адмысловай «анталогіі дружбы» зоймуць вартае месца.

Алесь Карлюкевіч

 

Агулбіке Арагелдыева

 

У ДЗЕНЬ АДЗІН Я СТАЛА СІРАТОЙ

 

У дзень адзін я стала сіратой,

І чаша лёсу поўнай стала слёз.

Бацькі пагнаны ў ссылку свалатой,

Мяне слязьмі умыў іх скрушны лёс.

 

Аланазар – о мой маленькі брат,

Любімец-пестунок Рахманкулі,

Аганазар, Рахманазар, наўрад

Нам выпадзе пабачыцца калі.

 

Пагналі іх пуцінаю пакут,

АДПУ імкнецца іншых браць.

Мы засталіся жыць і плакаць тут –

Усім аулам сталі гараваць.

 

Аразклыча сям’ю услед за свет

Пагналі – дзядьку роднага майго.

Мой састарэлы і нямоглы дзед

Адзін застаўся, не пазнаць яго.

 

Гулы эміна людную радню

Грузілі спехам аж на тры вазы.

Ён прамаўчаў, відаць, упершыню,

Не паказаў ні гневу, ні слязы.

 

Павозак колы рэзалі жарству,

І раз астатні кожны ўслед глядзеў.

Як вораг люты твой АДПУ,

То на жыццё зусім малы спадзеў.

 

Па волі чалавека аднаго

Руінамі і мой зрабіўся лёс.

Дванаццаць год ад роду мне ўсяго,

А я ужо сцінаюся ад слёз.

 

 

НАМ З АКМАЛЫ ПРЫЙШЛО ПІСЬМО

 

Віншую вас, бушлук[1], “Гаплан”[2]!

Нам з Акмалы пісьмо прыйшло.

Максуд акга, Балы акга[3]

Шлюць прывітання вам святло.

 

Бабулі з дзедам прачытаць

Паспела ўжо пісьмо не раз.

Яго чытае Акджагуль

Усім, хто пераведаў нас.

 

Да дзядзькі мчуся я цяпер –

Супыну радасці няма.

Хачу і ім я прачытаць

Радкі душэўнага пісьма.

 

Як дзядзька ўсцешыцца Сейіт,

Хамат… і ўвесь іх родных гурт.

У ліку многіх слухачоў

Пісьму парадуецца Гурт.

 

Пісьмо з далёкай Акмалы

Род страпянула “Башбяла”.

Ў ім мудрасць бацькі, і любоў

Радкам матуля аддала.

 

Пішыце, родныя, часцей,

Хай скрухі зрушыцца туман.

Лісты, як белыя бінты

Для незагойных нашых ран.

 

 

У КАМСАМОЛ НЕ ПРЫНЯЛІ

 

У камсамол не прынялі,

Бо дзед і бацька – кулакі[4].

На сходзе вымавіць змаглі:

“Ступайце прэч – на ўсе бакі!”

Яна ж выдатніца! – сказаў

Настаўнік мой, заступнік мой.

Ніхто пачуць не пажадаў,

І ціша сталася нямой.

 

Хіба ж не людзі – кулакі?

Не гэтак зжалі мы ячмень?

Ці з вашай ласкі і рукі

Дабро нам падала штодзень?

 

Было якраз наадварот –

І бацька мой, і брат яго

Кармілі з мазаля народ,

Любілі ўсіх да аднаго.

 

У камсамол не прынялі,

А ўсё ад зайздрасці сляпой.

Скрывіцца толькі і змаглі

Ухмылкай жорсткай і тупой.

 

 

КАБ СКРОЗЬ ЗЯМЛЮ ТЫ ПРАВАЛІЎСЯ, МАМЛЫН

 

З ускрыкам “баі, кулакі” на нас кідаўся ён штораз,

Каб скрозь зямлю ты праваліўся, Мамлын.

Ружжо нацэліць… Бляск вачэй з агнём нянавісці не гас,

Каб скрозь зямлю ты праваліўся, Мамлын.

 

Маўляў, з краіны збегчы мы жадаем – выбіраем час.

Ў Пырару[5] прагнем збегчы мы, асесці там… І ўвесь тут сказ.

Не маем крылаў, а лятаць умее – кажа – кожны з нас.

Каб скрозь зямлю ты праваліўся, Мамлын.

 

Нат па-туркменску размаўляць з запінкаю умееш ты,

І дзень пры дні ты каля нас гудзеш, нібыта збан пусты.

Хацелі б з’ехаць мы – даўно далі б адгэтуль лататы…

Каб скрозь зямлю ты праваліўся, Мамлын.

 

Ты крыважэрны бальшавік, як ваш увесь бязродны зброд.

Даўно граніцу перакрыў, узяў пад варту й небны звод.

Адно даводзіцца маўчаць, нібы вады набраўшы ў рот.

Каб скрозь зямлю ты праваліўся, Мамлын.

 

Балы, мой дзядзька, ён цяпер заступнік-абаронца наш,

Мамлына запрашае ў дом – і п’юць удвух, хоць трупам ляж.

Стаіць гармідар там такі, нібы гудзе штодня кірмаш.

Хай бы скрозь зямлю ты праваліўся, Мамлын.

 

“Ты не чапай хаця б старых! – казаў і старшыня яму, –

Што з іх цяпер ужо узяць? Патрэбны Богу аднаму!”

Татарын хіжы, ты наш дом ператварыў даўно ў турму.

Каб скрозь зямлю ты праваліўся, Мамлын.

 

 

ЛЯ МЛЫНА

 

Ля млына бабуля сівая

На мяне пазірне – галавою ківае.

Ніколі яе дасюль не страчала.

 

– Чыя ты дачка? – пытанне гучала.

– Я ўнучка Кымыша-дузчы[6].

– Так-так… Ты з гэтых, сасланых.

Ты з выдатнай сям’і.

 

– А яшчэ – дачка я Аразгельды,

Што бабулі Джэмал сынам даводзіцца.

– Маці ваша ў далёкіх краях,

Напэўна, ад скрухі зводзіцца…

 

Аразклыч, Аразгельды –

Багатыры два, сілачы!

Пакуль побач былі – заўжды

Шчасце чуў сваё Кымыш-дузчы…

 

А потым яна прыгадала

Дзядзькі майго радню.

Ліхая гадзіна настала,

Пакрыўдзілі Кымышэй упершыню.

 

Сказала на развітанне мне

З усёй сілай сардэчнага пачуцця:

– Ты не вінаватая перад людзьмі…

А ліха, глядзіш, праміне.

Добрых людзей ты дзіця!

 

Пасля такіх ветлівых слоў

Я за плячамі пачула крылы.

Ногі мяне неслі штосілы,

Калі з млына бегла дамоў.

 

Добрае слова сэрца маё адагрэла,

Прамень зыркай надзеі дало.

Я бегла дамоў, а за мною ляцела

Не зло, а млына крыло.

 

 

ВІНШУЮ ЦЯБЕ, ГЕЛНЯДЖЭ![7]

 

Вярнулася, з пашчы дракона паўстала[8],

Віншую, віншую цябе, гелняджэ!

І дом свой знайшла, нас жывымі спаткала,

Віншую, віншую цябе, гелняджэ!

 

Прайшла праз суровага лёсу пакуты,

Праз слёзы і гора, час, смерцю жахнуты,

Пакінула дзядзьку ў зямлі і боль чуты,

Як горка, балюча табе, гелняджэ!

 

Як вырас твой сын нечакана-раптоўна,

Дачушка красуняю стала чароўнай,

Бо Богу было, відаць, не ўсё роўна.

Вітаю, віншую цябе, гелняджэ!

 

Сяло гэтак рада такому вяртанню,

Кымыш, родны дзед, прасвятлеў, як світанне.

Бабуля Джэмал шэпча словы вітання…

Віншую, віншую цябе, гелняджэ!

 

– Вярнуліся ўсё ж вы, і дзякаваць Богу! –

Сям’я ўся Яз бая прыйшла на падмогу.

Ніхто не схаваў ні слязу, ні трывогу.

Віншую, віншую цябе, гелняджэ!

 

Ахмет адазваўся на покліч самотны,

Ён з дзядзькам Юсупам прывёз вас ў кут родны.

Удзячна я тым, хто праклаў шлях зваротны.

Віншую, віншую цябе, гелняджэ!

 

Мы будзем цяпер усміхацца з сястрою,

Ўсе вернуцца, стрэча ўжо не за гарою.

Святло дня я, слёзы уцёршы, прымрою.

Віншую, віншую цябе, гелняджэ!

 

І Розымурат пальван разам з Аймамай

Дзяліць нашу радасць спяшаюць таксама.

Усім добрым людзям адчынена брама,

Віншую, віншую цябе, гелняджэ!

 

Агулбібі, Кумуш, Язгуль вас віталі,

З Акбібі прыехалі аж з Саюналі.

Як доўга мы шчасця такога не зналі,

Віншую, віншую цябе, гелняджэ!

 

Жыццё стала, ведаем мы, невыносным,

Раскідала нас па Сібірах марозных.

А марылі мы аб вышынях зайздросных.

Віншую, віншую цябе, гелняджэ!

 

І як прыгадаць пайменна ўсе страты,

Ды, дзякаваць Богу, настрой зноў прыўзняты.

Вось толькі прыйсці не ўдалося Хармяту.

Віншую, віншую цябе, гелняджэ!

 

Да дзеда Кымыша вярнулася шчасце,

Хай сыдуць за дальнія горы напасці.

Нішто хай нябёсы над намі не засціць.

Віншую, віншую цябе, гелняджэ!

 

Агулбіке радасць меж спынных не мае,

Агульнае шчасце над намі лунае.

Лік горычных дзён беззваротна канае,

Віншую, віншую цябе, гелняджэ!

 

 

ВЯРТАЙСЯ ЖЫВЫМ[9]

 

І ты ідзеш сягоння на вайну,

Жывым вярніся, мой Агаберды.

Я ноч слязамі ўмыю не адну,

Жывым вяртайся, мой Агаберды!

 

Агонь і кроў нясуць нам сотні зграй,

Ідзі, з байцамі ворага карай,

Але прашу: ў баі не памірай,

Жывым вяртайся, мой Агаберды!

 

Два месяцы з табой мы пражылі,

Якімі ж дні шчаслівымі былі!

Цяпер – лі слёзы, Госпада малі:

Жывым вяртайся, мой Агаберды!

 

Разлук хапіла у маім жыцці,

Не ўсім з мінулых выпала прыйсці.

Ўсіх, хто сышоў, жывымі б мне знайсці, –

Жывым вяртайся, мой Агаберды!

 

Сцінае сэрца неадольны жах,

Паўсвету ўжо ў магілах і крыжах.

Каб вораг наш на полі бою спрах,

Жывым застанься, мой Агаберды!

 

Агулбіке, ёсць у душы тваёй

Любоў і мужнасць – б’юць жывой бруёй!

Ды як самотна, горка сёння ёй,

Жывым вяртайся, мой Агаберды!

 

 

ЯК БЫЎ ЖЫВЫ АГАНАЗАР

 

Свет расхінаў святла вячыста шаты,

Калі жывы шчэ быў Аганазар[10].

Аб нашым доме марылі дзяўчаты,

Калі жывы шчэ быў Аганазар.

 

Дом поўным быў, не быў ён цішай сцяты,

Хоць зрэдзь, аднак заглядвалі і святы,

І небасхіл гарэў, зарой узняты,

Калі жывы шчэ быў Аганазар.

 

У дзень наступны мы змаглі паверыць,

Ледзь прыадкрыла шчасце нашы дзверы,

Сыходзіў злоснай долі морак шэры,

Калі жывы шчэ быў Аганазар.

 

Ды не знайшлося тых гаючых лекаў,

І ён пакінуў нас, сышоў навекі.

Не заўважалі шчасця, недарэкі,

Калі жывы шчэ быў Аганазар.

 

Няма карысці ад слязы няўцешнай,

Прыйшло зноў гора раніцай злавеснай,

Яму жылплошча наша стала цеснай,

Калі памёр, сышоў Аганазар.

 

 

РАСКАЛІЦЕ ЧЭРАП МОЙ

 

Раскаліце чэрап мой,

Што ў ім пасля смерці маёй?

Наўрад ці што добрае ў ім,

Калі шчасце растала, як дым.

 

Магчыма, там чарнеча адна,

Плесня праела ўсё да дна.

Кожны з вас, пэўна, убачыць бы змог,

Як выглядае пакутніцы мозг.

 

А можа, змеямі чэрап набіты,

Ядам атрутным адным наліты?

Магчыма, агонь там такі шугае,

Які ў адным пекле ўсяго бывае.

 

Дзён мне шчаслівых жыццё не дало,

Я не гарэла, а стлела на тло.

Адны ўсяго смерці ды ростані знала –

Як толькі жыццё і не даканала.

 

Дзядзька мой родны бек “Бяшбялы”

Не вернецца ўжо з магільнай імглы.

Забрала смерць і матулю пасля –

Вытрасшы душу, накрыла зямля.

 

Рахманазар, Агамурат –

Імёны яшчэ дзвюх маіх страт.

Пачуўшы пра тое, што вы сышлі,

Згубіла астатні спакой на зямлі.

 

Няшчасцем сталася і вайна,

Каханага мужа забрала яна.

Не знаю з пары той адных крыжоў

Яшчэ жывая ці мёртвая ўжо?

 

Не вытрываў гора мой дзед Кымыш,

Рушыў туды, дзе нябыту ціш.

Многа панёс у той ціхі кут

Гора свайго і сваіх пакут.

 

Я пашкадую падчас аб нязбытым,

Што стала не шчасцем, а нябытам.

Ссылка жорсткая і вайна –

Апусцела ўся старана.

 

Не здзіўляйцеся, што мой лёс

Поўны смутку і горкіх слёз.

Вы, сяброўкі, і самі змаглі

Ўбачыць лёсу майго вугалі.

Памінайце мяне, хоць калі!

 

 

ШУКАЮ ЦЯБЕ

 

Мы з землякамі рушылі ў дарогу,

Шлях выпаў, поўны смутку і трывогі,

Туды, дзе бой грыміць, к байцам дайсці.

Мы едзем на вайну з надзеяй вас знайсці.

 

Далёка фронт, а дух вайны паўсюдна,

Трывогаю ахоплены ўвесь люд наш.

Не знала я, што сэрца ўздрыгне спудна,

Ды мы з надзеяй крочым вас знайсці.

 

Ужо за тыднем тыдзень прамінае,

Здаецца, шлях наш і канца не мае.

Зямля ў агні, мы блізка, смерць шугае.

Мы на вайне з надзеяй вас знайсці.

 

Паветра густа порахам працята,

Забітых колькі, раненых багата.

Нам не забыць твар кожнага салдата

З дарог, што мы прайшлі, каб вас знайсці.

 

Я адчуваю: побач ты заўсёды!

Агаберды! Нам стрэча – ўзнагарода

За тое, што прайшла ўсе перашкоды

З надзеяй чутай, што цябе знайду.

 

Ды бой грыміць – і ты на полі бою!

І праз агонь не стрэцца нам з табою.

Твой голас чую ў рацыі з журбою –

Шчаслівая – жывы, знайшла цябе!

 

Пераклад з туркменскай Міколы Мятліцкага

 

[1] Бушлук – радаснае паведамленне.

[2] “Гаплан” – назва племя.

[3] Акга – прыстаўка да імя, якая азначае слова “бацька”.

[4] У нейкі момант Агулбіке і яе старэйшую сястру Акджагуль выключылі са школы як кулацкіх дзяцей. А потым па той жа прычыне не прынялі ў камсамол.

[5] Пырара – адна з назваў Афганістана.

[6] Дузчы – чалавек, які займаецца пастаўкамі солі і гандлем ёю.

[7] 1. Гелняджэ – нявестка (жонка старэйшага брата або родзіча ў адносінах да малодшых родзічаў мужа). 

2. Цёця (зварот да старэйшай па ўзросту жанчыны). У гэтым выпадку размова ідзе пра жонку дзядзькі – брата бацькі Агулбіке.

[8] Гэты верш быў напісаны Агулбіке ў той час, калі яе гелняджэ Амангуль разам з дзецьмі вярнулася з Узбекістана, дзе была ў ссылцы, пакінуўшы там магілу свайго          28-гадовага мужа.

[9] Гэты верш Агулбіке напісала пасля таго, як яе мужа Агаберды, з якім яна пражыла ўсяго толькі два месяцы, забралі на фронт. Напісала з надзеяй, што просьбы яе будуць пачуты. Агаберды загінуў у маі 1943 года.

[10] У час чысткі арашальнай сеткі стрыечнага брата Агулбіке Аганазара – сына яе дзядзькі па бацьку, укусіла змяя. Чалавек па імені Ача, назваўшыся лекарам, паабяцаў вылечыць юнака і не дазволіў звярнуцца да дактароў. Агулбіке тады вучылася ў Мары і была на сесіі. На той час яшчэ не ўсе высланыя ў Казахстан вярнуліся. Гэта смерць стала для Агулбіке цяжкім ударам. Менавіта ў тыя трагічныя дні і быў напісаны гэты верш.

 

 

Прочитано 98 раз