Вторник, 21 11 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Нізка вершаў Пімена Панчанкі

  • Среда, 23 августа 2017 09:55

23 жніўня літаратурная супольнасць адзначае 100-годдзе з дня нараджэння Пімена Панчанкі — народнага паэта Беларусі.

 

 

Пімен ПАНЧАНКА з жонкай Зояй Кірылаўнай, 1981 г.

Пімен ПАНЧАНКА з жонкай Зояй Кірылаўнай, 1981 г.

 

Шчыры, праўдзівы, самаахвярны ў жыцці і творчасці, народны паэт шчодра рассыпаў зерне родных слоў па літаратурнай ніве, каб мы, сённяшнія, мелі багаты ўраджай:

Родная мова

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.

Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.

Калі ж хто загадае: "Не трэба!" —
Адрачэцца ад мовы народ, —
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,

Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце

Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень — з казкамі снежных аблокаў,
Люты — шчодры на сіні мароз,
Сакавік — з сакатаннем і сокам

Непаўторных вясновых бяроз,
Красавік — час маланак і ліўняў,
Травень — з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень — з ягаднаю зарой,

Ліпень — з мёдам,
З пшаніцаю — жнівень,
Спелы яблычны верасень,

Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай,
Лістапад — залаты лістапад,
Снежань — першы густы снегапад...

Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю —
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.


Краіна мая

Краіна мая, радасць мая,
Песня мая маладая!
Па нівах тваіх, па тваіх гаях
Сынава сэрца рыдае.

Ты часта прыходзіш ка мне, як сон.
Хмараю праплываеш,
Птушкай садзішся на ціхі клён,
Звонкім дажджом ападаеш.

Тады ўспамінаецца ўсё да драбніц,
Што звязана з родным краем, —
Як жыта шуміць, як агонь зарніц
На дне азёр дагарае.

Як летам спякотным за днямі дні
Ішлі па іржышчы калючым...
Мы ранілі ногі аб камяні,
I нам не было балюча.

I не было нічога ярчэй
За сонца на родным небе,
I не было нічога смачней
Матчынага хлеба.

Вада з прыдарожнага ручая
Была саладзей за мёд нам...
Краіна мая, маці мая,
Лёс твой цяжкі і гаротны!

Топча, катуе тваю зямлю
Вылюдак ашалелы.
Я кроў да апошняе кроплі пралью,
Каб толькі табе палягчэла.

Ні славы, ні скарбаў я не хачу,
Мне б толькі прыйсці непрыкметна,
Зямлю сваю пад нагамі адчуць,
Надыхацца родным паветрам.


Зварот

Меднастволы, як вылiты, высiцца бор,
Зацвiтае на ўзлессi блакiтны чабор,
Заглядзелася сонца ў люстра азёр, –
             Гэта ты, мая Беларусь!

Сiнi ранак. Дзяўчына збiраецца жаць,
На плячы маладзiк – серабрысты серп,
А наўкол налiўныя сады ляжаць,
Бурштыновыя яблыкi ў расе, –
             Гэты ты, мая Беларусь!

Я нямала прайшоў за вайну дарог,
А цябе такой непаўторнай збярог…
Бой мацнее!
Я хутка к табе прыйду,
Да грудзей набалелых тваiх прыпаду,
Пакланюся лясам i палеткам шырокiм.
Толькi цяжка праходзiць апошнiя крокi
         Да цябе, мая Беларусь!

Толькi страшна мне думаць пра тую хвiлiну,
Калi гляну ў вочы я роднай краiне.
Буду хату шукаць, – а знайду руiны,
Буду мацi гукаць, – адгукнецца магiла
На пагосце старым пад вярбою пахiлай.

Што ж, якой ты нi будзеш – i ноччу, i раннем,
Я пазнаю цябе, я не здраджу табе.
Перанесла ты гора i катаваннi
I зрабiлася мне даражэй i радней.

Асушу твае слёзы,
Залячу твае раны,
Кожны лiст твой распраўлю рукою старанна.
Насаджу каля вёсак сады маладыя,
Каб ты вечна цвiла
I ў шчасцi расла,
            Дарагая мая Беларусь!


Хлебныя словы

 

Адценне слоў — не глупства,
Ты ім не пагарджай.
Скарынка. Скіба. Луста.
Акраец. Каравай.

Акраец — шлях, дарога
І зайцаў хлеб лясны.
Скарынка — сум, трывога
І боль былой вайны.

Здараецца, вядома,
Што, выпіўшы ў гасцях,
Грызе скарынку дома
Пахмурны халасцяк.

А скіба — дзень вясновы.
Ралля. Плугі. Сяўба.
Наш хлеб — жыцця аснова,
Працяг і барацьба.

А луста — слова сытнае,
Духмянае і шчодрае.
Яно ад маці — сітнае
Ці наздравата-чорнае.

А каравай — вясельнае,
Святочнае яно.
На ручніку нясе яно
І радасць, і віно.

І справа тут не ў ежы,
А ў смачным змесце слоў,
І ў жытным ветры свежым,
І ў звоне каласоў...


Сонца і крыж

Жыў доктар у нашай мясціне.
         Няма ўжо такіх дактароў:
Паставіць ён банькі ці п'яўкі —
         I заўтра ты жыў і здароў.
Дарадчык, суддзя, павітуха,
         Мужыцкі сівы кастапраў,
Ён ведаў душу кожнай хаты,
         Сакрэты ўсіх кветак і траў.
Не быў прагавіты на срэбра
         I жыў беднавата, дзівак.
Дзе іншы урваў бы чырвонец,
         Ён браў сарамліва пятак.
Бурчаў ён на гразь, забабоны,
         Ды вельмі тут не пакрычыш:
Няўроды, пажары... А сохі
         Ламаюцца аб карчы.
На п'яніц вясковых сварыўся,
         З галечай людской не мірыўся,
А там пастарэў, занядужаў,
         Ад працы бяссоннай змарыўся.
Пастукала смерць да старога...
         А доктар, раней чым сканаць,
Паспеў запаветнае слова
         Мужчынам старэйшым сказаць:
«Ля вёскі мяне пахавайце,
         На горцы, дзе белы бярэзнік;
Пастаўце мне крыж на магіле
         Высокі-высокі, жалезны...»
Памёр без пакут ён, і людзі
         Маўкліва схіліліся ў горы.
Прыйшла на хаўтуры ўся воласць,
         I плакалі бабы уголас:
«Бывай, наш вялікі заступнік,
         Ты быў справядлівы і чэсны...»
Сяло на магіле яго
         Паставіла крыж высачэзны.
I дзіва! З вясны той журботнай
         Пажары у вёсцы звяліся,
Хоць грукаў пярун і маланкі 
         Ляцелі з падвоблачнай высі.
Пра цуд разышліся легенды,
         I мала хто знаў у народзе,
Што крыж навальнічныя беды
         Ад стрэх саламяных адводзіў;
Што мёртвае сэрца
         Людзей, як жывое, любіла,
Агонь на сябе выклікала,
         Маланкі ў магілу лавіла.


Крык сойкі

Рыжаватая, чарнапёрая,
А на крылах — блакіт для красы...
Кожным летам ад тлуму і зморы я
Уцякаю ў твае лясы.

Ды заўсёды такі насцярожаны
Крык твой, сойка.
Птушыны гнеў.
Можа, мне тут хадзіць няможна?
Не крану я ні гнёздаў, ні дрэў.

Ты ахоўвай, што ахоўваеш.
Хто спакою табе не дае?
I яловыя, і альховыя,
I дубовыя — ўсе твае.

Што ж ты крыкам мяне сустракаеш?
Мы маглі б падружыцца, бадай.
Ці то ворагаў многа маеш?
Ці то мне пагражае бяда?


Не люблю я слова «пакарыцель»...

Не люблю я слова «пакарыцель»,
Не люблю я слова «ўладар»,
Вось зямля зялёная — бярыце
Для жыцця, і працы, і для мар.

Хто ўладарыць, той і ўдарыць раптам
На падзеі, па душы жывой.
Пакарэнне пахне трохі рабствам,
Карай, і рабункам, і крывёй.

Пакарыць хацелі нас,
I мукі
Спаленай Хатыні — не забыць.
Для людскога шчасця, для навукі
Хочацца і лётаць, і рабіць.

Сваякі Міклухі, а не Стэнлі,
Мы асвоім шмат і абжывём,
Пракладзём дарогі праз пустэльні,
Гнёзды салаўіныя саўём.

Пакарэнне — гэта не карэнне
Будучых прасветленых эпох.
Для стварэння лепшых пакаленняў
Трэба помніць гора ўсіх дарог.

Акіян і космас вывучайце
З добрым сэрцам,
А яшчэ прашу:
Пакідайце і буслу, і чайцы
Больш вады і неба на душу.


А страціць годнасць — невыносна...

А страціць годнасць — невыносна,
Які б ні быў там дабрадзей...
Глядзіце знізу ўверх на сосны,
На воблакі.
Не на людзей.

А калі вас уздыме слава,
Аб гэтым думайце радзей...
Глядзіце зверху ўніз на травы
Ці на ваду.
Не на людзей.

Крынiца: Звязда

Прочитано 282 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии