Вторник, 21 11 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Друкуецца ў "Маладосцi". Вершы расійскіх паэтаў. Пераклады

  • Пятница, 08 сентября 2017 00:34

Сувой эмоцый, веры і надзей

 

Роберт Мінулін

 

СТАРЫЯ ВЕРШЫ

 

Аднойчы недавольны,

Што ўсюды хлуд і хлам,

Рыззё па ўласнай волі

Павыкінуў я сам.

 

Ды ў смецці, што за дзверы

Я вынес, быў відзён

Малы шматок паперы –

Радкі з мінулых дзён.

 

Радкі, што ў нашым часе

Не дадзена стварыць.

Агонь юнацкай страсці

У кожным з іх гарыць.

 

Стаю, і сэрца ные,

Не ведаю, як быць.

Радкі старыя тыя

Даўно паспеў забыць.

 

Ды вершы без заганаў

Стварыць шчэ здольны я…

А чытачам складана,

Напэўна, удвая.

 

НА ЗІМОВАЙ СЦЕЖЦЫ

 

Іду сцяжынай ледзяной,

Ляжыць зімы падушка,

Ды цуд які – перада мной

Няведамая птушка!

 

Прысела, глянула – адна,

Схілілася галоўка.

Як прыгажосць нясе яна –

Паважна, лёгка, лоўка!

 

І я ад жвавасці такой

Адразу ж здаравею:

Ужо лягчэйшаю хадою

Ступаю праз завею.

 

Ды не, яшчэ пажыць хачу

І лёс свой зацугляю…

І птушку тую прыручу,

Як зваць, шкада, не знаю.

 

Яна ж замерзне у пургу –

І ў ёй стукоча сэрца!

Бліжэй ідзі! Дапамагу –

Ёсць месца дзе сагрэцца.

 

…Калі на птушку паглядзеў –

У неба паляцела.

І я ураз павесялеў

Душой маёй і целам.

 

КАЛІ Ж ТЫ ПАСПЕЛА?

                       Дачцэ Тансылу

 

Прыйшла ў юнацкую пару,

Красуеш у якім ты леце?

Даруй, дачушка, мне, даруй

За тое, што і не прыкмеціў.

 

Цяпер цябе не пазнаю –

Зусім дарослай стала.

Руку трымаючы маю,

Па вуліцы ступала,

 

Расці імкнулася хутчэй –

Страйнюткая бярозка,

Уцеха маміных вачэй,

Краса вачэй бацькоўскіх.

 

Звысоку нейк глядзіш на нас –

Другое пакаленне…

А мы – з усмешкаю падчас,

Ды болей – з захапленнем.

 

Вядома мне: няма дабрэй,

Душа спагаду чуе.

Ты пасміхнешся – дзень святлей,

Пажыць даўжэй хачу я.

 

Мне грэе сэрца позірк твой –

Упарты ці слухмяны.

Вачэй нябеснай сінявой

Даўно зачараваны –

 

Калі гатовая са мной

Сакрэт дзяліць ты нейкі

Або пад стрыманы настрой

Зноў апускаеш вейкі.

 

І пад начы абложаю

Душой не пакрыві,

Будзь радаснай, прыгожаю,

У шчасці век жыві!

 

Надзею ў сэрцы акрылі,

З ёй крочыць па жыцці...

Ды ўсё ж пытаюся: калі

Сумела падрасці?

 

ТУМАН

 

Яго пялёнка засціць зрок,

Ваколле спавіла,

Яшчэ учора незнарок

Клубілася імгла.

 

Густым і чэпкім стаў туман,

І дыхаць цяжка мне.

Ён водгулле забытых ран

У сэрцы варухне.

 

Я праз яго, нібы праз ноч,

Сцяжынаю іду.

Мне кажа морак: ціха кроч.

Сваруся на хаду

 

І на яго, і на сябе,

На беспрасвецце дзён,

На свет, што тузае, скубе,

На часу марны скон.

 

Туман агус – цяжэй вады.

Спытацца б: збочыць дзе

У цемры скутай – і куды

Шлях гэты прывядзе…

 

НАЧНЫЯ ПТУШКІ

 

Ім сонца яснае – кашмар,

Для іх раскоша – ноч.

Яны ляцяць ад зыркіх фар,

Як ад агню – наўзбоч.

 

Сустрэць я марыў іх паўсюд –

Як вочы цемры злой,

Як навальніцы гнеўны гуд

У цішыні нямой.

 

Прыводзіла ў зняменне дух

Ў бясконцай немаце

Глухое грознае “вух-вух!”

Усюды і нідзе…

 

Калі начамі галава

Святлее у савы,

Дык я па-свойму ёсць “сава”,

Бо днём – як нежывы.

 

Сцінае клопатаў сіло,

А я – нібыта ў сне.

Ўначы паэзіі святло

Прыходзіць да мяне.

 

З татарскай. Пераклад Міколы Мятліцкага

 

Саліх ГУРТУЕЎ

 

КАХАННЕ

 

Каханне радасць з горыччу змяшала

Ў складаным лёсе неба і людзей.

Трымае, бы на кончыку кінжала,

Сувой эмоцый, веры і надзей.

 

Пяшчотаю прымусіць чалавека

Араць палі бясконцыя свае…

А ён і рады гнуцца, недарэка,

Калі сляпою вераю жыве.

 

* * *

Лясы на схілах – часам залатым…

Ды жухлая трава ля дома гнецца.

А мама зараз думае аб чым,

Калі адна у хаце застаецца?

 

Ці светла небасхіл над ёй цвіце,

Ці ружа ў садзе добра прыжылася?

І сумна мне, і так мяне гняце,

Што мама у самоце засталася.

 

* * *

Зімні вечар расчосвае грыву

Той завеі, што спіць у акне…

Не гучыць галасок твой шчаслівы –

Адыходзіць любоў ад мяне.

Ручая срэбразвоннага цела

Ператворыцца ў зманлівы лёд.

Ты прыйсці да мяне не схацела –

Перарваўся чароўны палёт…

 

З балкарскай. Пераклад Юліі Алейчанкі

 

Лула Куні

 

* * *

Ты маўчыш. І дні сыходзяць,

Бы палонныя, – маркотна.

Тлум стаяў. Ды стала ціха

Ў гэтым свеце бессмяротным.

 

Мілы сябар. Доўгім-доўгім

Стане лёс майго раману.

Вольны вецер нескароны

Не пастукаецца ў раму.

 

І не ляжа ля парога

Снежным дыванком дарога…

 

Дык няўжо вось так прыходзіць

Вестка даўняя ад Бога?

 

* * *

Дзеду Куне

Курган стары даўно не бачыў слёз,

Травой у стэпе сцішаным кусціцца.

Крык птушкі да ухваленых нябёс:

Імя тваё ў стагоддзях паўтарыцца.

Кроў выступіць на пятах. Ад расы

Падол прамокне. На вятры – бы стужка.

Мой дзед… Таксама бачыў бляск касы,

Чуў шолах крылаў адзінокай птушкі…

 

* * *

Што я згубіла у гэтых забытых далінах?

Кволы прамень залаціць палінялыя травы.

Голас паклікаў –

                             як быццам глыток акавіты.

Жарсці сыходзяць, што сэрца раз’ятрана рвалі…

 

Хто папрасіў перайсці залатыя парогі

Казкі і былі? Сцяну непазбежнага смутку?

Плача зурна[1]. І мільгаюць старонкі-дарогі

Кнігі забытай – да вечнасці ластаўкі хуткай.

 

Я узыходжу па цёплай – ад сонца – Дарозе,

Я узыходжу да светлай Гары запаветнай.

Мне абяцалі спакой, ды тану у знямозе,

Шчасця сляды зацярушаны восеньскім ветрам.

 

… Што я шукала у гэтых забытых далінах?

 

З чачэнскай. Пераклад Юліі Алейчанкі

 

 Хасан Тхазёплаў

***
Назіраю я з самотай свет людзей , іх кроз і дум.
Ды не бачу сілу духу ў іх саміх як на бяду.
Бо як злобу нараджае нехта страшны ці тупы,
Ён тым самым параджае строй бяздумных і сляпых.

***
Караванны мой шлях пралягае праз ноч.
Цішыня напаткае адзінокага зноў,
Хоць ты стукай па небе. Вярблюд захрыпеў.
Ды душа прадаўжае бязмоўны напеў.

***
Твае вочы як сапфіры – так заўважыў Хакані.
Той жа вобраз феі дзіўнай паўтарае Хасані.
Я, табой зачараваны, зноў пяю на ўсходні лад
Пра дзівосны, быццам ружа, прамяністы твой пагляд.

***
І я народ, і ты народ, мы ўсе – народ народаў.
Ды вось з якой пароды мы ў суквецці генных кодаў?
Ва ўсіх ранімая душа праз белы свет іскрыцца.
І ў кожнага – зямны свой шлях і вечнасці крыніца.

***
Не проста так пазнаць сябе , хто ёсць ты ў гэтым свеце.
Ты поўзаеш, або ляціш, або імчыш , як вецер.
Ці зорка ты або ты смоўж, чарвяк ці птушка ўранку?
Такая, вострая , як нож, з сабою апытанка.

***
Душы нашы – як легенды, як аазіс паміж сноў,
Душы нашы разумеюць мовы розныя без слоў.
Што яны шукаюць вечна, што іх рухае праз свет
І праносіць Шляхам Млечным сярод зорак і планет?

         

З кабардзінскай. Пераклад Навума Гальпяровіча

 

Сайд-Магамед Гелагаеў

 

ВЫТОКІ

Пачатак рэк – вяршыні гор высокіх,

Не будзе скону веснім водам іх.

У жыццяў нашых ёсць свае вытокі,

Што ў сэрцах маці – чулых, дарагіх.

 

Пакуль жыццё цячэ яшчэ, сваволіць

Пад неба неабсяжнага шатром,

Мы твары не забудзем іх ніколі,

Што ззяюць нам і ласкай, і дабром.

 

СВІТАННЕ Ў ГАРАХ

 

Так рана – сонцу шчэ няма паміну,

Кусты яго чакаюць і дрыжаць.

І па дрымотнай крочу я даліне,

Каб поўны прыгажосці дзень пачаць.

 

Усе шляхі, мой краю, як адзіны,

Вядуць да мэты неяк загаданай –

Будзь бацькам, краю, ў цяжкую гадзіну

Дай сілы жыць, як мне наканавана.

 

Аленем шпаркім паміж гор, пад сонцам

Бяжыць Аргун. Нястрымны і празрысты,

Свой шлях вядзе сярод каменняў чыстых,

Што точаць хвалі гонкія бясконца.

 

Вуголле сонца коціцца здалёк

І цепліцца за горнаю вяршыняй.

О краю мой, ласкавы мой выток,

Ты надзялі мяне душой арлінай.

 

Дай моц ляцець, як моцы не стае,

За воблак, што ёй квеценню здаецца,

І чуеш – песня з-за вяршыні льецца:

Яна пра прыгажосць тваю пяе.

  

ПТУШЫНЫ СВЕТ

 

Як не стане ў свеце птушак –

Неба знікне ў той жа дзень.

Крылы іх трымаюць душы…

Ім мяжы няма нідзе.

 

Не стрымаць палёту думак –

Нібы птушкамі былі.

За птушыных крылаў шумам

Вёсны крочаць па зямлі.

 

Пелі птушкі – і праз гэта

Сталі пець і я, і ты.

Іх газелі ды санеты

Ў гэтым свеце – назаўжды.

 

Будзе ў хаце і калыска,

Покуль птушкі ў небе ёсць,

І заўсёды будзе блізка

Цуд натхнення, прыгажосць.

З чачэнскай. Пераклад Валерыі Радунь

 

 

Адам Ахматукаеў

 

***

Сцяжынкай вузкай сярод стромкіх скал

Упарта лёс я сонечны шукаў.

 

Мне падавалася, наверсе я знайду

Жыцця свайго гаючую ваду.

 

Ды мара мая сталася маной:

Душу мне апаліла навіной,

 

Што немагчыма павярнуць назад –

Нібы мяжа між намі – мост Сірат.

 

 

***

Зорыцца ноч месяцовым радком.

Смутак мяне захлынае ракой.

 

Зранку не можа мая галава

Думак самотных віхуру ўтрымаць.

 

Пэўна, ад злыбедаў і ад трывог

Цёмнаю ноччу душу не збярог.

 

“Мама, няўжо наш абрынецца свет?” –

Я хваляваўся, ці дзень ажыве…

 

Казкі мне мама чытала тады –

Казкі, дзе шчасцем квітнеюць сады.

 

Толькі калі пасталеў я, знайшла

Словы, што поўняцца сілай святла:

 

“Ведай, сынок, што без бацькавых рук

Раптам пакоціцца сэрца на брук,

 

А без пяшчоты, малітвы маёй

Сонца не будзе ўглядацца здалёк,

 

Ранкам халодным пад знакам бяды

Свет скаланецца і знікне, як дым…”

 

З гэтага часу пачаў заўважаць:

Не пакідае дзяціны той жах.

 

І на зямлі ўсіх шляхоў і дарог

Мне не прайсці без журбы і трывог.

 

Зорыцца ноч месяцовым радком.

Смутак мяне захлынае ракой.

 

Зранку не можа мая галава

Думак самотных віхуру ўтрымаць.

 

 

ЗРАЗУМЕЎ ТЫ

 

Дзве ластаўкі мільгаюць увесь час –

У тым гняздзечку дзеці іх пішчаць.

 

Адзіны клопат – бараніць жытло,

Узгадаваць і ўзняць іх на крыло.

 

Я ўсё гляджу на птушак – думак рой

Мяне паклікаў сцежкаю старой,

 

Дзе лета ёсць, і дзе няма зімы,

Дзе просяць дзеці толькі накарміць…

 

 

 

ПАКУЛЬ НЕ ПАКІНУЎ КАЛЫСКУ…

 

Палюляй яго зыбку

Або заспявай калыханку.

Хоць аднойчы прыслухайся –

Чуеш? Спяшаецца час.

Заўтра будзе іначай –

І ў кожнага новага ранку

Ты дзіцёнка свайго

Будзеш толькі на дзень пазычаць.

 

 

ДЗЯЎЧЫНКА

 

Ты толькі нарадзілася на свет,

Ды гэты свет ужо цябе заве.

Маленькая асоба – не прадмет,

Якім гандлююць, каб чагось займець.

 

Ды хутка размяняюць незнарок –

На першы гук дзіцяці, першы крок…

Таму, прашу, дзяўчынка, не бяжы.

Лёс напаткае – трэба проста жыць!

 

З чачэнскай. Пераклад Таццяны Сівец

 

[1] Усходні духавы музычны інструмент.

Прочитано 171 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии