Вторник, 11 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Ісці ў свет з родным: паэзія Тадэя Карабовіча

Тадэй Карабовіч – нараджэннем з Холмшчыны. З сяла Савіны. Ёсць у Польшчы такія ўкраінскія асяродкі. Паходжаннем з Польшчы, жыве ўвесь час ў гэтай багатай на культуру, літаратуру краіне, а вось – засвоіўшы і мову польскую – рупіцца ўкраінскай тэмай, піша вершы па-ўкраінску, перакладае на польскую мову ўкраінскую паэзію, перакладае і на ўкраінскую літаратуру іншых народаў (а яшчэ і беларускую паэзію перакладае – выдаў у сваіх перакладах зборнік Надзеі Артымовіч). А ва Украіне – у прыватнасці, у Львове – друкуе польскую паэзію ў сваіх перакладах на ўкраінскую мову. Шматаблічнасць моўных росшукаў, моўных падарожжаў таленавітага мастака слова накладвае пячатку і на яго навуковую дзейнасць. Тадэй Карабовіч – доктар філалагічных навук. Працуе на кафедры ўкраінскай філалогіі Люблінскага ўніверсітэта. З 2001 года з’яўляецца галоўным рэдактарам і ўкладальнікам штогадавіка “Украінскі літаратурны правулак”, дзе знаёміць чытача з украінскай літаратурай Польшчы. Адзін з вершаў Т. Каробавіча так і называецца – “Паэзія”: “Я сяджу ў вежы дзе займаюся паэзіяй/ і пішу на лістках незразумелыя словы…” Як мне асабіста, дык у перакладах Марыі Кобец усё ў памкненнях, філасофіі, мастацкіх перакананнях украінскага майстра прыгожага пісьменства з Польшчы ўсё зразумела – паэт не цураецца свайго, роднага, ідзе з ім, з тым скарбам, што вякамі назапашвалі яго прашчуры, смела, ідзе прама, не згінаючы спіны. Тым і напісанае ім багатае, дзейснае.

Алесь Карлюкевіч

 

 

Дзень нахіляецца да вечара

 

Дзень нахіляецца да вечара

вада плыве без супынку

 

я выбег з дому

і не магу знайсці дарогу

 

каб вярнуцца

няўжо згубіўся

 

ноччу

ты чакай мяне на беразе сну

 

 

Паэзія

 

Я сяджу ў вежы дзе займаюся паэзіяй

і пішу на лістках незразумелыя словы

 

кажаны чуюць, як шапаціць  мой папер

ды яны звыклыя тут да пергаментаў

 

калі я чытаю ўслых любоўныя вершы

яны пралятаюць над маёй галавой

 

мне страшна ў той самотнай вежы

што стала ракавінай

майго жыцця

 

*

 

я клічу цябе праз акно ў вежы

там твая адзінота занадта фібрынная

 

занадта закратаваная ў люстэрцы сэрца

 

мы будзем ляжаць на драўлянай падлозе

і я выклянчу  ў цябе восеньскі яблык

 

 

Неапалімая купіна

 

Пакуль тваё сэрца

гарыць як палаючы куст

я веру ў нашу сустрэчу

 

цёмнай ноччу

я пішу табе лісты

і кідаю з вежы

 

хай яны ляцяць да цябе

праз мой трывожны сон

скрозь святло палаючага куста

 

Я плакаў чытаючы верш Афрадыты

 

Я плакаў калі чытаў

гэты развітальны верш

я крычаў

мая Афрадыта

я буду шукаць цябе ў руінах жыцця

нават на тым свеце

дзе ты сядзіш і заплятаеш касу

альбо назіраеш  як лебедзі

ўздымаюцца над паўнаводным плёсам

 

Афрадыта сястра каханка

манашка затворная

яшчэ мы будзем піць гэтае даўкае віно

яшчэ будзем ляжаць у высокіх травах

яшчэ я прыйду да цябе босым

і ты пусціш мяне праз акно

да сваёй вежы...

  1. 12. 2016

 

 

***

 

Як аддзяліць рэчаіснасць ад міфа

кароткае імгненне ад вечнасці

прыналежнасць да  сапраўднасці

 

пытаюся ў сябе

і не знаходжу адказу

 

мая эпоха сыходзіць за гарызонт

у ёй тыя знакі пытанняў

і сумневы

і недарэчнасьць

 

гэтыя няпростыя сумневы

чаруюць маё сэрца

і паўстаюць наўкола нібы

заслона

 

Ікар

 

Зараз я ўглядаюся ў бяздонне неба

таму што заўтра палячу як астэроід

на крылах сплеценых са слоў

 

што важней для смельчака

твае заплеценыя косы

ці далёкі гарызонт чужыны

 

правядзі мяне позіркам

і маліся ў сваёй келлі

каб я праляцеў над прорвай

 

і не згубіўся сярод бяспамяцтва...

 

 

Дні быццам косы твае

 

Дні нібы твае валасы сыходзяць і не вяртаюцца

я ў роспачы ляжу тварам павернуты да зямлі

 

і ляцяць нада мной халодныя аблокі адкрыцця

вогненным снегам замятаюць мае свежыя сляды

 

дні прамільгнулі і дождж сячэ касымі косамі

набліжаецца патоп да варотаў мёртвага горада

 

прыйдзі да мяне развітацца апоўнач

я аддам табе вечнасць мой залаты яблык

 

дні крывавяць і сплываюць паўнаводнай ракой

я стаю на ўцёсе і дарую табе з вышыні

 

усё прайшло ў жыцці і не вернецца

і баляць мае выцягнутыя да цябе развітальныя далоні

 

дні выюць над абрывам жыцця нібыта зграі ваўкоў

я сяджу безабаронны ў маёй вежы на пустыры

 

б’юцца ў вокны напаўзабытыя дрэвы маёй зямлі

бо існуе праўда пра мінулае і яна не згасае

 

дні нібыта дым фіміяму агарнулі мой смутак

я збег у магмы туману пабаяўшыся ўпасці

 

мінаў магілы загорнутыя ў нябачныя чэрапы

намагаўся крычаць але наўкола шумелі спрадвечныя лясы

 

дні нібыта ястрабы ў небе ляцелі па-над ракой

я стаяў на беразе і глядзеў на аблокі растрапаныя стрэламі

 

глядзеў на імклівую знікаючую плынь

маё скрываўленае сэрца раздзірала туга і боль

                                                 Холм, 18 - 20. 12. 2016

 

Праўда

 

У казцы

ўцякаем сцежкаю

па другі бок гары

трымаючыся за рукі

 

у казцы ляцім

каб абыйсці

небяспечныя

рыфы

 

у казцы сядзім

прытуліўшыся

спінамі

 

і не дзеліць нас

ні адлегласць гадоў

 

ні лініі лёсу

на далонях

 

 

***

 

Нашы далоні сустрэнуцца і будуць паміж сабой захопленыя

нашы вочы будуць ўзірацца ў сябе і улюбляцца

 

нашы целы будуць шукаць сярод гэтай ночы спаткання

прытуленыя адзін да аднаго з любоўю і сарамлівасцю

 

нашы вусны будуць цалавацца няўцямна і доўга

як быццам напярэдадні расстання альбо як быццам не бачыліся

 

Я вырас над ракой

 

Я вырас над ракой

што плыла ў нікуды

сярод дубовых лясоў

 

на зямлі без імені

 

мае крыжы берагуць раку

і маю глуш

 

у любую пару года альбо стагоддзе

прыязджайце на гару

 

паглядзець на хвалі

маёй запаветнай ракі

 

каб існавала прысутнасць

сярод бязмоўя...

 

 

Ранішні туман

 

Над гэтай далінай

залёг ранішні туман

быццам памяць пра мінулае

 

ён непахісна

затуліў луг

і пакручастыя вербы

 

яго павольна адваяваў  вецер

шукаючы празрыстасці ў сутнасці

 

вецер вярні мне

туман над далінай

ён нагадвае маё колішняе мінулае

быццам казку

 

Ірмас:

Даліна, якую выбельваў ранішні туман, гэта шчымлівы ўспамін маёй даўняй сутнасці. Я вяртаюся да цябе, мая даліна, нібыта ў храм, каб аддаць малітоўны паклон рудым травам,  ястрабам у небе і дрэвам тваім. Ты –  мая казка, якую слухаю, прыклаўшы вуха да памяці...

  1. 01. 2017

 

Я падарожнічаў па беразе забыцця

 

Я падарожнічаў па беразе забыцця

верны шэптам ветру

мінуласці  верны

і старажытнасці

 

я хацеў напісаць на дубовым лістку

некалькі слоў да цябе

аб маім падарожжы

але не здолеў

 

я ведаў пра падземнае забыццё

у якім канае крык

успамінаў

 

Ірмас:

 

У чаканні цябе сярод забыцця, я ўспомніў крыж з лёду на маёй рэчцы, бліз якога стаяў Богаяўленскі абраз. Я хацеў расказаць табе аб асвячэнні вады на Бугу, аб іарданскіх спевах. Як над маёй галавой трапечуць крыльцамі бялюткія галубы. Я ведаў, што ты чакаеш мой аповед, і заплятае толькі для мяне касу, каб я мог яе пяшчотна расплятаць вуснамі...

  1. 01. 2017

 

Пераклад з украінскай мовы Марыі Кобец

 

 

 

 

Прочитано 258 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии