Версия для печати

Паэзія "Маладосці". Алёна Палачанская. Замілаванне

  • Среда, 13 марта 2019 21:11

Алёна Палачанская нарадзілася 30 лістапада 1995 года ў Мінску. Грае ў беларускім дуэце Laudans. Жыве і стварае музыку ў Брэсце. У «Маладосці» друкуецца ўпершыню. 

 

 

ЗАМІЛАВАННЕ

Штохвіліны даверлівыя рухі быцця
кажуць пра надзею;
яна апранаецца як служка,
хоць можа ўратаваць кожнае сэрца.

Адсюль недалёка да замілавання,
дабрыні — сваёй і жывой.
І кожнае імгненне я здабываю
салодкую радасць з самай глыбіні.

Каб толькі не забыць тое,
адно праўдзівае, святое,
што лунае паўсюль,
бласлаўляе зямлю.

Тут, побач са словамі падзякі ўжо цяпер я атрымаю
з паўнаты таго Сэрца,
якое прыйшло ў Імя Пана, якое нам не спасцігнуць,
не асягнуць, не абмінуць.

А я чую толькі часам, ледзь прымаю самую дробную
кроплю вечнага святла, што свеціць зараз і заўсёды.
Сёння я магу пакінуць свой бляск і годнасць,
я магу прыгадаць Божую волю і
пасмяяцца разам з бліжнім са сваёй нязграбнай, ды, магчыма, шчырай душы.

 

СКАРБ СУСВЕТУ

З самага ранку чуць тыя ж галасы,
кожны дзень падымацца на гару:
яна як учора, так і сёння ў снезе і ў пяску —
гэта наш сапраўдны высілак і спакой.
 

Знакі Ты маляваў усцяж нашых шляхоў,
каб не згубіцца нам у ветры слоў.
Пасярод сляпой пустыні хто раскажа нам пра любоў?
Як любіць, калі ты болю не знайшоў?

Так, кожны боль выяўляе запал
нашых душ і змушае сцішаць
волю нашых сэрцаў і садзіць
ружы ў церні сваёй зямлі.
Я знайшоў скарб Сусвету ў адзінай хвіліне,
калі Неба аб’яднала ўсіх нас у адно;
Чысты Вобраз, Святы Голас не пагардзіў мной: падарыў мне цяпло.

Увечары будзеш шукаць сэнсы мінулых падзей,
па нотах сціпла збіраць спеў учарашніх дзён — іх завей.
Можна доўга не згаджацца, можна злавацца і падаць у адчай,
толькі Неба ўсё трывае — і ты трывай.

 

АХВЯРА

Як бялюткі бераг,
як зялёныя ўзгоркі,
як ціхі вечар
для душы так няпэўнай
гэтае Слова
пра Адкінуты Камень,
незразуметая Мова,
што ўсіх дасягае.

Душа не любіла,
а толькі шукала,
каб хтосьці ёй паказаў
дарогу да раю.

А звыклая сцюжа ёй прамовіць,
што няма святых пакорных душ без любові.

Ці падорыць новы дзень майму сэрцу скруху?
Ці навучыць, як схіліць да Тваіх слоў вуха?
Неўзабаве чую вестку ад праўдзівых сведкаў:
Ты пакажаш, як хадзіць па сцяжынках веры.

Цёмнай раніцай блукаў
розум, мусіў змагацца
за святло сярод тых спраў,
што для нас хлеб і праца.

Ты вучыш усюды і заўсёды,
што няма празрыста чыстых зносін без свабоды.

Складаць ахвяру няпэўным чаканнем
дзеля парады, што атрымаем заўтра ў час світання.

"М"

Прочитано 386 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии