Воскресенье, 26 05 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Віктар Шніп. Вершы

  • Вторник, 26 марта 2019 15:59

Віктар Шніп нарадзіўся 26 сакавіка 1960 года ў вёсцы Пугачы Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1979) і Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1987). Працаваў у часопісе «Беларусь», у газеце «Наша слова». З 1995 па 2004 год быў намеснікам галоўнага рэдактара і галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Цяпер — галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Аўтар кніг паэзіі і прозы «Гронка святла» (1983), «Пошук радасці» (1987), «Шляхам ветру» (1990), «На рэштках Храма» (1994), «Выкраданне Еўропы» (1996), «Чырвоны ліхтар» (2000), «Воўчы вецер» (2001), «Інквізіцыя» (2002), «Выратаванне атрутай» (2003), «Беларускае мора» (2004), «Балада камянёў» (2006), «Страла кахання, любові крыж» (2008), «Проза і паэзія агню» (2010), «Пугачоўскі цырульнік» (2013), «Сабачыя гісторыі» (2013), «Тутэйшая туга» (2014), «Першы папяровы снег» (2014) і інш. Лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага (1987), Літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» (2007), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Мастацкая літаратура» (2008).

Каманда партала «Сугучча» шчыра віншуе шаноўнага Віктара Анатольевіча з днём народзінаў! Жадаем моцнага здароўя, плёну ў працы і творчасці, асабістага шчасця, дабрабыту і як мага больш удзячных чытачоў!

Сёння прапануем некалькі вершаў паэта, публікаваных раней на старонках часопіса «Полымя».

 

* * *

У Вашым позірку вясна і неба
Жывуць, трымаючы ў сабе святло,
Што з золата анёльскага і срэбра
Саткана для таго, каб не было
Самоты ў свята, дзе ўладараць ружы —
Чырвоныя і белыя, як свет,
Дзе музыкі натхняючая сцюжа
У нашых душах пакідае след
І абуджае сэрцы для кахання,
З якога нарадзіліся і Вы,
Прыгожая, як роснае світанне
На дрогкіх промнях першае травы…

 

* * *

тралейбус не хоча лётаць
ён трымаецца за драты
а ты б паляцеў
але за цябе трымаюцца бацькі
хоць табе ўжо 20 гадоў
як 20 кропель валяр’янкі
каб не балела сэрца ў маці
якая не ведае
што ты кожную раніцу
у тралейбусе які трымаецца за драты
едзеш на завод «Крышталь»
дзе можна купацца ў віне і гарэлцы
дзе твае найлепшыя сябры
для якіх ты «вожык»
які вырасце і не будзе
пісаць оперу
а напіша «Чырвоны ліхтар»
і ў тваёй шклянцы віно
як чырвоная раніца
і ты вып’еш яе да дна
і забудзешся што ты
павінен хавацца ад савецкай улады
што хоча каб ты ваяваў у Афгане
і не трымаўся за жыццё чырвонае
як віно ў тваёй шклянцы
чырвонае як сцягі
чырвонае як снягі
і ляціць над горадам аўтобус
але гэта не твой аўтобус
бо ты ездзіш на тралейбусах
якія не хочуць лётаць

 

Паплавы

 

сонца зрабілася белым
і над паплавамі плыве
быццам пятак ледзяны
што злеплены з туману
на поплаве дзе пасуцца коні
каля адзінокага дрэва
дзе будзе першы прыпынак восені
якая ўжо ідзе па поплаве
босая як мастачка Алена Кіш
каб гледзячы ў ручай
бачыць мора
з якога ўзыдзе сонца
і яно будзе чырвоным
як вялікі яблык
што ляжыць у траве
і яго ніхто не бачыць
акрамя цябе
бо ты паклаў яблык для Алены Кіш 
ходзячы па восеньскіх паплавах

 

 

* * *

Марудная, як цень, вада марская
Сцякае з валасоў, нібы з пяску, 
І ў беразе, дзе ты ляжыш, знікае,
І ў небе сонца, як на валаску, 
Вісіць над морам, дзе бялее ветразь
І чорны човен стомлена плыве
Насустрач невядомасці і ветру
У кірунку тым, дзе Беларусь жыве…

 

* * *
Ідзеш па снезе, як па небе шэрым,
Якое да вясны пакінуў Бог.
І не замкнутымі на неба дзверы
Пакінуў, каб зайсці ты змог
На неба шэрае, дзе ў снезе зоры,
Як яблыкі збялелыя, ляжаць.
Ідзеш па небе, як па ўмерзлым моры,
Дзе рыбакі з анёламі сядзяць                                                                                                                                                                                                                                                                                                    І ловяць сонца, каб яно сагрэла
Наш белы свет, што ў снезе патануў,
Каб ты ішоў і за табой ляцела,
Як снежка, чайка з крыкам пра вясну…

 

* * *
Мы стаім у святле ліхтароў,
Назіраем, як нашы аўчаркі
Падбіраюць расу, нібы кроў
З траў вячэрніх, дзе дрэвы, як аркі
Залатыя, дзе восень прайшла
І лістоту растрэсла пад ногі
Дываном, каб лістота была.
Покуль мы не спазналі дарогі
Праз зіму, дзе снягі і снягі,
Нібы белага мора разліва,
У якога ў смузе берагі,
І глядзім на снягі мы шчасліва,
На якіх, як марскія ваўкі,
Белы пыл уздымаюць аўчаркі,
І на Мухлі слупкі асакі,
Нібы свечак бялюткіх агаркі,
Да вясны пад вятрамі стаяць,
І сабакі між іх прабягаюць,
Нібы час, у якім нам знікаць
Пакуль нас ліхтары асвятляюць…


* * *
Тут мора і сосны на беразе мора.
І белы пясок, нібы вечнага снегу
Старыя бясконца паўзучыя горы,
Пад намі, і радасна нам аж да смеху
Ісці супраць ветру, як супраць цячэння,
Які развявае, як сцяг, тваю хустку.
Зноў сонца над морам, і сонца свячэнне,
Як шлях залаты, які кліча не ў пустку,
А ў неба, дзе воблакаў белыя храмы,
Дзе белыя свечкі гараць і стухаюць,
І іх прыбірае мая сёння мама
І сёстры яе там ёй дапамагаюць,
Каб мора і сосны былі каля мора
І мы па пяску тут ішлі, як малыя,
І не забывалі пра нашае ўчора,
І помнілі, што мы часова жывыя
На гэтай зямлі, дзе ёсць сосны і мора…

 

Прочитано 523 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии