Суббота, 24 08 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Міліца Ліліч. "У двух словах можна змясціць цэлы космас..." Вершы ў перакладзе Святланы Быкавай

  • Четверг, 28 марта 2019 12:44

Міліца Ліліч (Міліца Ефтіміевіч Ліліч) – паэтэса, вядомая ў Сербіі і паэтычных міжнародных колах. Нарадзілася яна ў 1953 годзе ў вёсцы Лоўча бліз горада Баня-Лукі (аўтаномны край Косава і Метохіі). З 1999 года жыве ў сталіцы Сербіі Бялградзе.

Скончыла філасофскі факультэт і факультэт югаслаўскай літаратуры і мовы Прышцінскага ўніверсітэта, дзе і пачала сваю працоўную дзейнасць. Ступень магістра атрымала ў Бялградскім універсітэце.

Далей яна працавала рэдактарам на радыё горада Прышціна і на Прышцінскім тэлебачанні ў якасці рэдактара аддзела культуры (1995-1999).

Да нядаўняга часу была рэдактарам сербскай тэлерадыёкампаніі «Television Belgrade». У дадзены час Міліца Ефтіміевіч Ліліч з'яўляецца намеснікам дырэктара інтэрнэт-часопіса «Balkan In», спецыяльным дарадцам па культуры Міжнароднай канферэнцыі па дэмакратыі і праве (ICDJ) пры ЮНЕСКА, якая знаходзіцца ў Рыме, а таксама членам Міжнароднага фонду пісьменнікаў Індыі.

На аўтарскім рахунку вядомай сербскай пісьменніцы 27 кніг паэзіі, прозы і літаратурнай крытыкі. Вершы, песні, агляды і апавяданні перакладзены на 30 моў свету. Акрамя таго, яе творчасць прадстаўлена ў некалькіх паэтычных зборніках і альманахах як у краіне, так і за мяжой; яна з’яўляецца ўладальнікам мноства нацыянальных і міжнародных літаратурных узнагарод.

Адзначу, што сучасныя пісьменнікі Сербіі, як і астатнія Майстры прыгожага пісьменства, імкнуцца адлюстраваць жыццё ва ўсёй яго шматбаковасці: гэта і трагічны лёс сербскага народа, і ўзаемаадносіны паміж людзьмі, і хараство прыроды, і звяртанне да тэмы агульначалавечых ісцін, жаданне асэнсавання жыцця.

Мне пашчасціла пазнаёміцца з Міліцай Ліліч, як з паэтэсай. Яе вершы ўразілі мяне шматлікасцю фарбаў чалавечых пачуццяў: яны адчынілі дзверы ў  асабісты Сусвет чалавека, здольнага кахаць і перадаць усе адценні сваіх эмоцый і пачуццяў, выкарыстоўваючы энергію паэтычнага Слова. Мне нават успомнілася каларытная назва аднаго вядомага сучаснага мастацкага фільма “Пяцьдзясят адценняў шэрага”. Памятаю, тады я падумала, што паэзію Міліцы Ліліч можна назваць “Пяцьдзясят адценняў кахання”.

А зараз прапаную Вам некалькі сваіх перакладаў вершаў Міліцы Ліліч з сербскай мовы, якія я рабіла з вялікім задавальненнем.

  

Міліца Ліліч. У двух словах можна змясціць цэлы космас

 

Адмаўленне вызначэння

 

Вышэйшай камбінаторыкай аб'яднаныя,

Яны абодва

Пагадзіліся з мудрацамі:

Чалавек не можа быць шчаслівым.

 

Старажытныя мысляры гаварылі аб смерці

І вучылі іх жыццю.

 

Але аднекуль з’явіўся агульны пачатак,

Быў створаны мост,

Узніклі нябачныя флюіды –

Яны сталі адным цэлым.

 

Разам яны маглі маўчаць,

Разважаючы над ідэяй

Аб немагчымасці шчасця

І адсутнасці сэнсу.

 

…Яны ціха паглядзелі

Адзін на другога,

Быццам раней

Нічога не вызначалі:

 

– Я шчаслівы, што Вы ёсць, –

Сказаў Ён.

– І я, – дадала Яна.

 

Шчаслівы момант –

Адмаўленне былога сцвярджэння.

Правілы жыцця

Усталёўваеш сам.

Усхваленне інтымнай блізказці –

Бясспрэчна і ёсць

Прызнанне ісціннага Быцця

У сэнсе яднання.

 

 

Дзівосы кахання

 

У двух словах

Можна змясціць

Цэлы космас

І праліць яго ў адзінае сэрца.

 

Душы, напоўненыя

Двумя словамі,

Могуць узвясці

Вялікі светлы мост,

Які з’яднае

Два непазнаных

Сусвета. 

 

Ад двух слоў

Можа ўзняцца набярэжная, 

Якая засцеражэ

Ад балбатні розуму

Раку паэзіі,

Што заструменіць

У двух накірунках.

 

Узаемнасць

 

Роўняддзю мірнага возера

Я імкнуся асвятліць

Храм нашай прыхільнасці.

Я жадаю ізноў аднавіць

Тое прамяністае святло,

Якое пралілося з нас

У той час, калі мы,

Ідучы адзін да аднаго,

Беззваротна выйшлі з сябе,

Калі зачалося

Тое, што не існавала раней – “мы”.

 

І калі тое новаздабытае цэлае,

Тое аб’яднанае “мы”

Увайшло ў плынь штодзённасці,

Яно пабегла праз натоўп,

То з’яўляючыся, то знікаючы ў ім.

Але ж, перад сном, хоць на імгненне,

Ды  і заблішчыць яно з дзіўнай сілай.

 

Я не ведаю,

Ці захаваецца яно далей.

Але ж прызначана так:

Калі сустракаюцца дзве таямніцы,

Наканаваныя для блізкасці,

З нічога ўзнікае ўзаемнасць.

Яна будзе існаваць,

Пакуль смерць не раз’яднае іх.

 

 

 

Бог паміж нас

 

Гэты дотык рукі…

Раптам узнёслы парыў душы

Становіцца бясспрэчным,

І адхінаюцца

Рукі смерці.

Менавіта тады знікае ўсё тое,

Што стаяла паміж намі

На працягу многіх стагоддзяў:

Логас аб’ядноўвае нас.

 

У гэтым яднанні рук –

Наша нованароджанне

І нязведанае дасюль

Блажэнства.

 

І цячэ вада Існасці

Паміж намі,

Па нашай далоні,

І Божы вобраз

Праз нас умацоўваецца.

 

Бог – паміж нас.

Так ёсць і так будзе!

Ён застаўся ў нас,

І мы носім Яго ў сабе.

 

Схаваны свет

 

Сёння раніцай, напярэдадні гарачага дня,

У канцы чэрвеня і ў канцы стагоддзя,

Я апынулася на мяжы

Паміж мінулым і новым жыццём –

І гэта незабыўна.

Гэта інтымная таямнічая блізкасць з табой,

Твае рукі, якія трымалі

Маю страчаную мару,

Што раптам выплыла

З шэрані дробязей...

Ва ўсім гэтым –

Чаканне аднаўлення,

Ілюзія вечнага руху,

Жаданне магутнага крывацёку,

Адчуванне бясконцасці жыцця –

Момант напоўненасці ў небыцці.

Гэта – мост з святла,

Які звязвае мяне з жыццём.

Унутраныя агні

Раптам высветлілі, хто я,

І твар азарыўся

Гэтым унутраным святлом.

Гэта замова на крыві,

Якая адраджае і пераўтварае,

І гэта светлая раніца

У доме Цемры –

Яны ніколі не знікнуць.

І, калі прыйдзе смерць,

Яна ў збянтэжанасці адступіць!

 

З сербскай,

пераклад Святланы Быкавай, 

паэтэсы, празаіка,

старшыні Мінскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі"

Прочитано 487 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии