Четверг, 18 04 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Радзімазнаўства. Пухавіцкія Навасёлкі: мастацкая прастора Зінаіды Астаповіч

  • Понедельник, 15 апреля 2019 08:01

У жыцці мастачкі Зінаіды Астаповіч (1898 – 1993) перапляліся, злучыліся самым цесным чынам дзве прасторы – Беларусь і Расія.

Нарадзілася ў Мінску. Пасля разам з бацькамі жыла ў Рэчыцы, Гродна. У 1914 годзе патрапіла ў Санкт-Пецярбург. Жылі Астаповічы па адрасе: Екацярынінскі канал, дом 12, кватэра 29. Праз год Зінаіда закончыла Аляксандраўскую жаночую гімназію. Наступныя тры гады дзяўчына прысвяціла навучанню ў Малявальнай школе Імператарскага Таварыства Заахвочвання Мастацтваў. Дырэктарам гэтай мастацкай школы працаваў М. К. Рэрых. Вучылася ў П. Навумава, А. Эберлінга, А. Рылова. Займалася на графічным аддзяленні ў І. Я. Білібіна. З 1915 па 1916 год у школе вучыўся і брат Зінаіды – Аркадзь Астаповіч. Але яго ў 1916 годзе забралі ў армію. Ішла Першая Імперыялістычная…

У 1919 годзе Зінаіда Астаповіч выкладае маляванне ў школах Петраграда. Адна з іх – Школа Таварыства спажыўцоў пры Абухоўскім заводзе. Другая навучальная ўстанова – былое 16 Аляксандраўска-Неўскае гарадское пачатковае вучылішча па адрасе: вуліца Тамбоўская, дом 93.

У 1919 годзе наша зямлячка вяртаецца ў Беларусь. Прыязджае на радзіму свайго бацькі – у вёску Навасёлкі Ігуменскага павета. Зусім побач з пасёлкам Мар’іна Горка. І два гады выкладае маляванне ў школах Мар’інай Горкі і вёскі Навасёлкі. Ужо ў 1990-я гады мастацтвазнаўца Надзея Усава напіша пра гэты час у лёсе таленавітага творцы: «…Голад і холад у Петраградзе змушаюць яе паехаць да родных у Навасёлкі, вёску пад Мінскам, дзе бацька калісь паставіў хату для сваіх бацькоў. Навасёлкі зрабіліся яе прытулкам на тры гады. У гэту хату ў 1922 годзе вяртаецца і Аркадзь. Але іх шляхі сыходзяцца ненадоўга…»

У 1923 годзе Зінаіда Астаповіч ізноў едзе ў Петраград. Спрабуе паступіць у Акадэмію мастацтваў. Не атрымалася. Памехай стала анкета, згодна якой дачцы надворнага саветніка не маюць права выдаць ступендыю. На шчасце, у будынку былой школы Таварыства Заахвочвання Мастацтваў пачынае працаваць Петраградскі мастацка-прамысловы тэхнікум. Куды Зінаіда паступае без усялякіх цяжкасцяў. Настаўнікі – У. Лявіцкі і раней знаёмы А. Эберлінг. Альфрэд Рудольфавіч Эберлінг (1872 – 1951) – савецкі жывапісец, графік і педагог, член Ленінградскага Саюза мастакоў. У 1898 годзе закончыў Вышэйшае мастацкае вучылішча пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў па майстэрні І. Я. Рэпіна з прысваеннем звання мастака I ступені за карціну «Вясна». Яшчэ студэнтам Альфрэд выканаў карціну (як алегорыю на мастацтва дэкадэнтаў, што пачало якраз тады актыўна распаўсюджвацца) «Стары і “Новы” жывапіс». Карціну паказалі на Акадэмічнай выстаўцы. У 1902 годзе мастак выканаў самую вялікую сваю карціну «Сон мастака», якая экспанавалася на выстаўках у Фларэнцыі, Варшаве, Пецярбургу і Маскве, а крыху пазней у гарадах ЗША. Палотнішча набыў музей Сан-Францыска. А ў 1920 – 1930-я гады А. Эберлінг выканаў партрэты К. Маркса, У. І. Леніна, І. Сталіна, В. Молатава, Л. Кагановіча, М. Калініна для тыражавання масавым накладам. У І. Я. Рэпіна вучыўся і другі настаўнік Зінаіды Астаповіч – Уладзімір Мікалаевіч Лявіцкі (1879 – 1942). Адна з самых вядомых яго карцін – «Купанне маркізы» (1911). Мастак у савецкія часіны быў болей вядомы як кніжны графік, ілюстратар, мастацкі рэдактар кніг.

І ў нашай зямлячкі праявілася пэўная прага да кніжнай графікі. У 1925 годзе Зінаіда Астаповіч выконвае вокладкі для казачных кніг ленінградскіх паэтаў В. Эрліха і Я. Шварца. Часопіс «Ленинград», дзе працуе Яўген Шварц, друкуе акварэль З. Астаповіч «Дэманстрацыя». Вольф Эрліх свае кнігі вершаў пачаў выдаваць з 1926 года. Шмат перакладаў. Асабліва – армянскую паэзію. Пакінуў пасля сябе ўспаміны пра знаёмства, сяброўства з Сяргеем Ясеніным – «Як жыў Ясенін». Мікалай Ціханаў напісаў пра Эрліха: «Ён апантана любіў паэзію, любіў мастацтва. <…> Вольф Эрліх мог бы даць яшчэ многа добрых вершаў і добрай прозы. Ён вырастаў і мацнеў як пісьменнік і паэт». 19 лістапада 1937 года Эрліх быў арыштаваны ў Арменіі. А 24 лістапада 1937 г. маладога пісьменніка расстралялі. Яўген Шварц пражыў даўжэй, напісаў і выдаў нямала кніг для дзяцей, напісаў шэраг п’ес. І памёр сваёй смерцю. Але пакручастых зігзагаў хапіла і на долю Яўгена Шварца. А што ў звязку з нашай зямлячкай, то кнігі з яе вокладкамі ў Шварца і Эрліха чамусьці так і не выйшлі. А ў хуткім часе быў зачынены і часопіс «Ленинград». Сярод знаёмых Зінаіды Астаповіч быў і другі рускі дзіцячы пісьменнік – Самуіл Маршак. Але чамусьці рух у накірунку да кніжнай графікі не атрымаў развіцця… Прычын мо і гэтым, пра што ў адным з лістоў да сваёй сястры пісаў з Беларусі Аркадзь Астаповіч: «… Па-мойму, ты зрабіла ўсё ж такі памылку, што не пайшла больш у выдавецтвы. Так там з аднаго – двух разоў нічога не выхадзіш, а калі падвернецца зручны выпадак, выпадкова, дапусцім, атрымаеш працу, а там і пойдзе, і пойдзе…» Так пісаў брат сваёй таленавітай сястры 24 кастрычніка 1934 года.

У 1928 годзе З. Астаповіч выходзіць замуж. Следам за сваім нарачоным, ветэрынарным урачом І. Бачаровым, едзе ў Новаржэў (Пскоўская вобласць). У 1930-м вяртаецца ў Ленінград. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны – у эвакуацыі ў Свярдлоўскай вобласці. У 1944 вяртаецца ў Ленінград. А ў 1955 годзе разыходзіцца з мужам і едзе да дачкі, якая працуе ў Разанскай вобласці. А ў 1963 пераязджае следам за дачкою ў Віцебск. Зінаіда Астаповіч пражыла вялікае, насычанае падзеямі жыццё. Памерла мастачка ў 1993 годзе. І праз усе даступныя ёй жанры імкнулася адлюстраваць свет у жывапісе, графіцы. На шчасце, засталася вялікая мастацкая спадчына. Каталог прац мастачкі складае дзясяткі назваў.

Сяргей Шычко

Ілюстрацыя: Аўтапартрэт. 1974.Кардон, стэклаграфiя (крыніца: сайт Нацыянальнага мастацкага музея).

Прочитано 466 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии