Четверг, 19 09 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Маршрутамі літаратурнай дыпламатыі. Сербія. Мі̀раслаў Раічавіч. Шлях у Іерусалім. Вершы

  • Понедельник, 05 августа 2019 12:55

Паводле хрысціянскай гісторыі, шлях Вялікага Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста (Хрэсны шлях) да месца распяцця і  Небаўзняцца  праходзіў па вуліцы ў старым Іерусаліме, што носіць назву Ві̀а Даларо̀за (Via Dolorosa). Чатырнаццаць прыпынкаў, чатырнаццаць месцаў стаянак на шляху да так званага Лобнага месца, альбо Галгофы… З дазволу чытача, праводзячы паралель паміж Вялікім Хрэсным шляхам і звычайнай жыццёвай дарогай  чалавека, дарогай спасціжэння існасці і дарогай  пошуку  ў сабе вобраза Бога, варта адзначыць: у зямным  існаванні  Боскага стварэння, што завецца чалавекам, таксама прысутнічаюць шматлікія прыпынкі.  Часам –  з мэтай асэнсавання здзейсненага, каб праз асэнсаванне ўсяго зрабіць работу над памылкамі, ці проста перадыхнуць, а часам, азірнуўшыся, –   распачаць кардынальна новы адрэзак  свайго шляху. Якім ён будзе – простым і роўным, альбо звілістым і цяжкім, ці будзе чалавек у моцы  ўтрымліваць далей крыж свой, – у большай, альбо меншай ступені залежыць ад самога чалавека.

Пазнаёміўшыся з творчасцю выдатнага сербскага паэта Мі̀раслава Раі̀чавіча, прафесара, доктара эканамічных навук, дырэктара Інстытута эканамічнай дыпламатыі ў Бялградзе,  выкладчыка Дыпламатычнай акадэміі Міністэрства замежных  спраў Сербіі, складваецца ўражанне, што ўсё ўласнае жыццё творца  выразна ўсведамляе, дзеля чаго ён прыйшоў у гэты свет, якой дарогай павінен ісці і які след абавязаны пакінуць пасля сябе. Ідучы няпростым працоўным шляхам навукоўцы ў галіне эканомікі, спадар Раі̀чавіч ўсё ж такі намагаецца знайсці час, каб прыпыніцца, падсумаваць набытае і ў выглядзе глыбока філасофскіх паэтычных твораў выкласці на паперу назапашаны досвед асэнсавання галоўнай сутнасці быцця чалавека.  У выніку такіх творчых прыпынкаў  і з’явіліся на свет літаратурныя здабыткі аўтара: паэма „Галиоти“(1997), кніга вершаў  „Поновно учење живота“(2001), а  таксама паэтычны зборнік „Разроки дани“(2017). Сумяшчаючы  навуковую дзейнасць з працоўнымі клопатамі, творца застаецца з Паэзіяй. Аднак жа, адзначае сам аўтар, звяртаецца да Яе толькі тады, калі Яна пакліча. Менавіта ў тыя перыяды, адклаўшы на апасля ўсе свае надзённыя клопаты, ён  застаецца сам-насам з Яе Вялікасцю, слухае высокі  голас  Музы,  занатоўвае ўсё тое, аб чым распавядае яму Яна. Дасканала выверыўшы кожнае слоўца,  адчуваючы адказнасць за тое, якое зерне ён кідае ў зямлю,  майстра ідзе сваім паэтычным шляхам – “шляхам да свайго Іерусаліма”.

Народжаныя падчас такіх творчых дыялогаў, вершы М.Раі̀чавіча вызначаюцца надзвычай высокай маральнай чысцінёй і трываласцю поглядаў, глыбокай мастацкай вобразнасцю, рэфлексіўнасцю і багата аздобленай  метафарычнасцю.                                          

Завяршаючы прадмову да невялікай паэтычнай нізкі вершаў сербскага паэта-навукоўцы, хочацца прывесці літаральна некалькі апошніх радкоў яго твора “Шлях у Іерусалім”:

 

Спявай!

Хай голас твой звініць

гучней за ўсе царкоўныя

званы разам узятыя!

Бо ёсць яшчэ тыя,

хто будзе чуць гэта.

 

Спявай!

Песня твая адвечная –

вечнае

сілкаванне для нас усіх на шляху

ў Іерусалім.

(“Шлях у Іерусалім”, М.Раі̀чавіч)

Дык, спявай жа, Паэт!

Твой голас сёння чутны  і ў братняй Беларусі!

 

Марыя Кобец

Запіс вершаў  з аўтарскай дэкламацыі вершаў Міраслава Раічавіча ў праграме “Анталогія паэта” (Радыёканал Бялград 2).

 

 

 

ШЛЯХ У ІЕРУСАЛІМ (Пут у Јерусалим)

 

Спявай мне!

Пра бяскрайнюю танкую нябесную

ніць, што абуджае жыццё…

Вочы твае баяцца ў цені,

быццам серна непаўторная…

 

Спявай мне!

Пра цемру і яе таямніцы,

пра страх, які сніцца адсюль,

з глыбіняў усіх часоў, спявай жа!

Пусці свой голас на волю!

Няхай ён пакіне вусны твае!

Хай увядзе тваё сэрца ў Евангеллі:

Святыя будуць чытаць малітвы

крывадушнаму свету і слухаць

цябе.

 

Спявай мне!

Пра наш першы танец з зоркамі

зарослымі чароўнымі імхамі,

пра вясёлыя дні,

якія ніколі не спыняцца ў пасаджанай

у сэрцы ліпавай квецені.

Добрым віном асвенчаная,

Спявай!

 

Спявай, абавязкова спявай!

Пра ўсе колеры

восені, пра ціхія размовы,

асцярожныя крокі,

пра людзей і звяроў і іх клопаты,

пра прычыны, па якіх мы тут.

Паўстань стоенай змяёй

з  нетраў.

Заспявай без страху

і без нагоды!

 

У песні збяры крокі нашы і

пару̀ дзівоснага цвіцення чарэшні.

Голасна пакліч іх на сход.

Імя яго свету ўрэжацца ў кару

маладога дрэўца.

Гэта час святога пакланення.

Ключ ад кожных дзвярэй кожнай

Ісціны схаваны ў лоне ўсемагутнага

сярпа месяца.

 

Завывай,

азяблая ваўчыца, гучней,

так,  як кажа табе тваё сэрца,

не стрымлівайся, вый!

Мы проста людзі,

на тварах нашых –  адбіткі сноў.

Як стомленыя дзеці моляцца

каб застаўся толькі адзін крок,

каб нас спасціглі мары

нашыя.

 

Спявай!

Голасам крыві і агню!

Дазволь, хай зорка

асвятляе твайго раба,

хай яна ззяе над усімі стагоддзямі...

Любоў ёсць усемагутнае нашэсце,

нябесны крык

над падзеннем чалавечым.

 

Спявай!

Хай голас твой звініць

гучней за ўсе царкоўныя

званы разам узятыя!

Бо ёсць яшчэ тыя,

хто будзе чуць гэта.

 

Спявай!

Песня твая адвечная –

вечнае

сілкаванне нас усіх на шляху

ў Іерусалім.

 

ВЫСТРАЛ (Пуцањ)

                   Бацьку

Я прыйду

цяжкімі крокамі,

і ганьбе аддам іх

сваім прыходам.

Яны  скажуць:

“Адчувалі мы ўсё ж,

што ён на гэты раз зноўку вернецца,

і на гэтай вайне не згіне”.

 

А потым –

Прыслухоўваючыся ўначы…

 

яны  раптам пачуюць адзін стрэл,

уздымуць галовы над падушкай,

і ў надзеі скажуць: “Падобна,

                                                                                                           

на гэты раз ў яго сапраўды

патрапілі…

 

ВЯРТАННЕ (Повратак)

              Маці

Што ты прынесла

з гэтага свету?

 

Я чую...

Калі гэта і сапраўды

нічога,

тады б свет быў большым за цябе,

а твая галава – меншай

за твой рот.

 

Будзеш вучыць ваду азбуцы,

а людзей –  справядлівасці.

 

 

ДАВАЙ ПАМІРЫМСЯ (Аjде да се помиримо)

 

Давай памірымся.

І мне гэта няміла.

Дарэмна мы ваюем.

 

Давай памірымся,

каб іншым не мірыць нас,

бо ў іх не атрымаецца,

калі не хочам мы,

а ім –  дык не здалець.

 

Давай памірымся,

і віншаваць нас будуць,

паспешліва спаборнічаючы ў тым,

хто першы памірыў тады.

А як іначай?

 

Хто б змог нас памірыць?

Калі і Бог не змог,

тады, калі мы верылі

у яго так моцна,

не так, як сёння.

 

Давай памірымся.

 

ПРАЧЫСЦЕНКА

 

Маці Прачыстая!

Твая малітва!

Купае яе ў цёплым сонечным кубку,

у сукенцы з зялёнага сукна.

І асвянчае твар жанчыны-птушкі,

пакуль яна плача і пяе:

 

“Усё добра!”.

 

Смутак ахапляе маю  душу

па дарозе, што носіць тваё імя,

Бессмяротная Прачысценка, і я пайду,

я павінен.

 

Я пакіну сваю тугу,

дзіця сваё.

Казак з дзідай у правай руцэ,

з віном у левай,

прама на айца кінецца.

О, гора мне!

 

Памілуй, о Прачыстая Маці,

Памілуй яго левую руку.

Няхай яна ідзе  да бацькі,

няхай заспявае,

голасна запяе!

 

Памілуй, Прачыстая,

маё моцна прабітае сэрца!

 

Я будую

Новы Іерусалім.

 

МАЛІТВА ВЕЧНАЙ МАСКВЕ

 

Не кранай маё сэрца мацней,

чым сэрца тваёй дачкі...

На каленях цябе прашу,

Вечная Масква,

пусці яе ў зялёнай сукенцы ў шлях

па вуліцы Маці Яе

да Храма

Хрыста Збавіцеля.

 

Перад парогам яго

голасна прашу цябе:

 

мажліва дачка твая,

неабдымная Масква,

спусціцца ў пустое сэрца маё –

Ружу іерыхонскую1 –

 

дажджом Святым...

 

З сербскай мовы пераклад Марыі Кобец

 

 

 

 

 

1 Іерыхонская ружа, альбо Кветка Уваскрэсення – сімвал жыццястойкасці. Від расліннасці, які сустракаецца ў пустынях і паўпустынях. Галінкі гэтай расліны згінаюцца ў сярэдзіну вакол выспелага насення і высыхаюць, утвараючы шарыкі, што перакатваюць па пустыні моцныя вятры. Адарваныя і разнесеныя па пустыні, яны могуць захоўвацца ў такім стане гадамі, але калі на іх трапляюць кроплі дажджу, галінкі, што ўтвораны з гіграскапічнай ткані, выпрамляюцца. Сама расліна пры гэтым не вяртаецца да жыцця, аднак з яе пладоў высыпаецца насенне і, трапляючы ў вільготную глебу, дае новае жыццё парасткам. Галінкі ажываюць – распраўляюцца, зелянеюць, тым не менш, як толькі вільгаць сыходзіць, яны зноўку скручваюцца ў сухі  шарык.

Прочитано 164 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии