Вторник, 12 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Алег Ждан: Перш за ўсё я чытач, пісьменнік — потым

  • Вторник, 22 октября 2019 14:04

Кожны творца, пішучы мастацкія і немастацкія тэксты, заўсёды слухае сваё сэрца. Згэтуль вынікаюць і розныя мэты, і розныя задачы, і рознае бачанне таго, якой літаратура павінна быць і якой стане ў будучым. Адно дакладна — яна ніколі не згубіць сваіх пазіцый, якія б перыяды застою ці адраджэння ёй ні прарочылі. У гэтым упэўнены наш суразмоўца Алег Ждан, пісьменнік шматгранны і самадастатковы. Да таго ж пераможца сёлетняй Нацыянальнай літаратурнай прэміі за найлепшы твор прозы — кнігу «Геній». Упэўненасці яму надае і багаты жыццёвы досвед, і асабістае пачуццё мастацтва, і, галоўнае, штодзённая праца ў якасці рэдактара аддзела прозы ў часопісе «Нёман».


Фота Кастуся Дробава

Фота Кастуся Дробава

— Алег Аляксеевіч, віншую з атрыманнем Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Ведаеце, самі ўдзельнікі часта выказваюць розныя меркаванні наконт патрэбнасці і важнасці конкурсаў. Якое ў вас стаўленне да літаратурных прэмій? Яны стымулююць аўтараў?

— У мяне цалкам станоўчае стаўленне да літаратурных конкурсаў. Але казаць, што яны стымулююць аўтараў, не магу. Як правіла, натхняюць зусім іншыя прычыны, таму што пішуць аўтары не з надзеяй на прэміі, а з надзеяй на публікацыю. Спачатку не думаюць нават пра фінансавы складнік — гэта ўжо пазней, пабачыўшы сваё апавяданне ці верш на старонках, напрыклад, часопіса, могуць нясмела пацікавіцца: а ганарар будзе? Будзе! Толькі, на жаль, ганарары часам затрымліваюцца. Але калі казаць пра сітуацыю ўвогуле — чым больш літаратурных спаборніцтваў, тым лепш!

— Відаць, што вы атрымліваеце задавальненне ад сваёй працы, інакш бы ўжо даўно закінулі гэтую справу. Між тым атрыманне прэміі сведчыць і аб прызнанні калег…

— Безумоўна, задавальненне атрымлівае любы аўтар, інакш літаратура даўно б скончыла сваё існаванне ці зусім не ўзнікла ў культуры. А задавальненняў безліч: калі з’яўляецца ідэя, калі пачынае вымалёўвацца сюжэт, калі знаходзіцца нейкае патрэбнае слова і, нарэшце, калі фінал пацвярджае правільнасць задумы. А яшчэ ёсць асаблівае задавальненне —хоць здараецца гэта не так ужо часта — атрымліваць водгукі ад калег. І нават мазахісцкае: калі незнаёмы чытач знянацку напіша, маўляў, ты, мужчына, не маеш права пісаць ад імя жанчыны (ёсць у мяне апавяданне «Сабачы бог») ці што, як ні старайся, а лепш за Уладзіміра Караткевіча не напішаш (гэта пра кнігу «Князь. Гасударыня. Епіскап») або калі аказваешся ў тупіку сам-насам з агрэсіўным, але літаратурна падкаваным чытачом. Але самае чаканае для мяне — водгукі ад маіх землякоў з горада Мсціслава, аднакласнікаў і аднакурснікаў з розных універсітэтаў, дзе пашчасціла вучыцца. Часцей за ўсё іх меркаванні супадаюць. Трэба сказаць, і звязваюцца са мной толькі ў тых выпадках, калі той ці іншы твор спадабаўся.

— Каго вылучаеце з сучасных беларускіх празаікаў?

— Не лічу сябе кампетэнтным у беларускамоўнай літаратуры, але люблю творы многіх сучасных пісьменнікаў: аповесці Андрэя Федарэнкі, апавяданні Уладзіміра Сцяпана, вершы і апавяданні Алеся Бадака, паэзію і прозу Віктара Гардзея, вершы і лірыка-філасофскія нататкі Казіміра Камейшы ды іншых. На жаль, часта кнігі многіх таленавітых аўтараў ляжаць на паліцах. Складана гаварыць, з чым гэта звязана. Магчыма, знізілася масавая чытацкая цікавасць, магчыма, некаторыя людзі наўпрост не ведаюць, што ёсць цудоўныя сучасныя беларускія празаікі. Безумоўна, пра такіх пісьменнікаў трэба больш гаварыць.

— Зараз многія аўтары падтрымліваюць стасункі са сваёй аўдыторыяй праз сацыяльныя сеткі: гэта лёгка, хутка, заўсёды ёсць упэўненасць, што напісанае прачытае менавіта той, каму гэта патрэбна. У гэтай сувязі ім неабавязковыя творчыя сустрэчы. Гэта спрыяе збліжэнню ці аддаленасці?

— Мне творчыя сустрэчы не патрэбны. Сумняюся, што яны патрэбны і чытачам, хоць я часта сустракаўся з імі ў бібліятэках і школах, калі пісаў дзіцячыя творы (атрымалася тры кнігі). Мне няма чаго сказаць вялікай зале. Пра ўсё галоўнае, што я маю, пішу ў аповесцях і апавяданнях. Дарэчы, асобных сустрэч адзін на адзін з чытачамі ў мяне было нямала: можна шмат выказаць і, што самае важнае, многае пачуць.

— Вы даўно працуеце рэдактарам аддзела прозы часопіса «Нёман», таму як ніхто іншы маеце магчымасць назіраць за тым, што адбываецца ў сучасным літаратурным працэсе краіны. У чым бачыце яго адметнасць сёння?

— Сапраўды, даводзіцца вельмі шмат чытаць, а гэта і высокамастацкія творы, і малапрафесійныя спробы, якія таксама сустракаюцца. Відавочна, паступова мяняюцца тэмы, мяняецца лексіка і стылістыка. Ёсць уражанне, што гасне грамадзянскасць твораў, але больш яскравае асабістае жыццё — такі, відаць, перажываем перыяд. Зноў жа, няшмат хто зараз піша тоўстыя раманы, часцей — аповесці, апавяданні. Сам такі. Не думаю, што вялікія формы важныя для чытачоў. Але, як ні дзіўна, яны актуальныя для буйных выдавецтваў. Відаць, яны ведаюць, што робяць.

— Што для вас рэдактарская праца? Ці ёсць жаданне напісаць пра яе асобна, як гэта робіць, напрыклад, Віктар Шніп?

— У сваім жыцці я паспрабаваў сябе ў многіх прафесіях: перада мной было шмат дарог. Адна з іх — магчымасць застацца ў Маскве, калі вучыўся ў Літаратурным інстытуце. Але адмовіўся, таму што тут — радзіма, тут маці. Была і праца на кінастудыі — таксама рэдактарская, толькі са сваімі асаблівасцямі. Але праца ў «Нёмане» для мяне аказалася самай цікавай з усіх магчымых варыянтаў. Гэты занятак мае для мяне немалое значэнне: ён напаўняе штодзённае жыццё. Але і прыносіць радасць, калі ў самацёку раптам вылоўліваеш нешта з іскрой таленту. Ці, бывае, растлумачыш аўтару, як трэба дапрацаваць рукапіс: пойдзе пакрыўджаны, але праз месяц вернецца да цябе як да найлепшага з людзей. Тады і адчуваеш сябе на сваім месцы. Бо рэдактар зацікаўлены, каб атрымаць добры твор. І я кожны рукапіс адкрываю з надзеяй на тое, што твор будзе цікавы і мне, і чытачу. Таму, як правіла, з праўкамі аўтары пагаджаюцца. Ды і з пісьменнікамі, у якіх свае погляды на твор і на літаратуру ўвогуле, ёсць пра што спрачацца. Дарэчы, я ўжо напісаў апавяданне пра жыццё рэдактара — «Апошні сябар». А зараз хачу напісаць апавяданне пра пісьменніцкую працу. Яно будзе называцца «Малітва». Што атрымаецца — паглядзім. Увогуле, сюжэты прыходзяць выпадкова. І калі яны цікавыя, знаходзяцца і час, і ўспаміны, і назіранні.

— Вашу прозу, нягледзячы на вернасць стылю, параўноўваюць з творамі і Чэхава, і Распуціна, і Шукшына. Да якога напрамку самі сябе адносіце?

— Дзякуй тым, хто параўноўвае мяне з такімі надзвычайнымі пісьменнікамі. Сам не адчуваю права стаць у гэты шэраг. Магу толькі захапляцца іх творчасцю. Калі казаць пра літаратурны ўплыў увогуле — уплывалі ўсе, каго чытаў. Зусім нядаўна перачытваў Булгакава і проста адчуваю, як яго проза і драматургія зноў надоўга асталяваліся ў маёй галаве. Так сама было з Талстым некалькі гадоў таму. Вельмі карысная справа — нанава прачытаць добрую рэч.

— Вашы кнігі — гэта найперш вашы героі. Вы нават больш назіральнік у творах, аддзяляеце сябе ад герояў. Ці не захацелася б расказаць больш пра сябе як пра асобу? Ці, магчыма, ужо ўвасобілі свае думкі і ўчынкі ў нейкім героі?

— Наогул, пісьменнік заўсёды гаворыць пра сябе. Галоўны герой расказвае пра свае пачуцці, думкі, перажыванні. Прынамсі, у рэалістычнай літаратуры. З мяне такога ўзроўню самалюбавання дастаткова. Хаця я напісаў мемуар «Знаёмыя твары». Зрэшты, там таксама не асабліва расхваліўся, больш расказаў пра свой горад, пра дзяцінства і юнацтва сваіх сяброў, пра школьных настаўнікаў. На мой погляд, асноўная задача літаратуры — даваць задавальненне. Толькі забаўляць мала — трэба ставіць пытанні, якія хвалююць цябе, і адказваць на іх. І калі тыя ж пытанні цікавяць чытача — гэта поспех.

— Ці згодны вы з думкай, што ў вашай прозе створаны своеасаблівы партрэт беларускага народа?

— Такая задача па сілах толькі нацыянальнай літаратуры — і беларускамоўнай, і рускамоўнай. Асобны пісьменнік можа прапанаваць толькі штрыхі да гэтага партрэта. Чалавек — вялікая тайна, нават для самога сябе. У кожнага ёсць надзеі, і што з іх вырасце, ніхто не ведае. Герой маёй кнігі «Геній» таксама мае безліч надзей, памкненняў, але што атрымаецца ў выніку, пакуль няясна. Ён застаецца адзінокі.

— Хто ён, сучасны беларускі чытач? Якім ён стане з трансфармацыяй самой літаратуры?

— Пытанне няпростае. Зараз чытачу цікава, як людзі пражываюць сённяшні дзень, як ставяцца да сённяшніх праблем, як любяць і ненавідзяць… Сучасны беларускі чытач найперш інтэлігент і, як мне бачыцца, цікавая асоба. Правільней было б спытаць: якой будзе літаратура са змяненнем чытача. А ён, бясспрэчна, будзе змяняцца. Помніцца, інтэлігентная публіка ў размове з літаратарамі лічыла сваім абавязкам папрасіць прабачэння: «Прабачце, я неяк не сачу апошнім часам за літаратурай». Зараз такая фраза нікому не прыйдзе ў галаву. Няма калі! Але разумны, удумлівы, інтэлігентны чытач будзе заўсёды. Выбачайце, я і сам такі. Перш за ўсё я чытач, пісьменнік — потым… Хоць літаратура і будзе змяняцца, яна не страціць сваёй ролі. Зараз мы чытаем творы ХІХ стагоддзя, але разумеем аўтараў і іх герояў. Таксама будзе і надалей. У наступным стагоддзі будуць чытаць і нашы творы, няхай не ўсіх — некаторых абавязкова.

— Існуе меркаванне: для таго, каб напісаць твор, якім будуць зачытвацца многія пакаленні, патрэбныя дзве рэчы. Па-першае, пісаць пра тое, што бачыш навокал (ёсць вялікі шанец напісаць праўду), і, па-другое, пісаць пра тое, аб чым марыш. Як у вас з другім пунктам?

— Згодны. Шанц напісаць праўду — галоўны шанц літаратуры. Уласна кажучы, толькі праўда жывіць сапраўдную літаратару. Тое ж робіць і мара. Калі мае сюжэты заканчваюцца не вельмі сумна — гэта і ёсць мая немагчымая мара пра ўсеагульнае шчасце — сваё і ваша.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Крыніца: ЛіМ

Прочитано 396 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии