Воскресенье, 09 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Ларыса Абдуліна. Расія. Башкартастан. Вершы

Ларыса Хашымаўна Абдуліна – башкірская паэтэса, перакладчыца, журналіст. Нарадзілая 28 ліпеня 1975 года ў вёсцы Мякаш Даўляканаўскага раёна Башкірскай АССР.  Пасля заканчэння Башкірскага дзяржаўнага ўніверсітэта працавала ў моладзевай газеце «Йэшлек».

Зараз працуе загадчыкам аддзела літаратуры і культуры газеты  «Башкортостан».

Аўтар 7 кніг – на башкірскай і рускай мовах.  Член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан (2006) і Расіі (2008), член Саюза журналістаў Рэспублікі Башкартастан (2002) і Расіі (2002).  Лаўрэат Рэспубліканскай моладзевай прэміі імя Шайхзады Бабіча (2008), прэміі Урада Рэспублікі Башкартастан імя Шагіта Худайбердзіна (2019), прэміі Міжнароднай арганізацыі цюркскай культуры «ТЮРКСОЙ» у галіне сродкаў масавай інфармацыі (2018) і прэміі імя Ахіяра Хакімава Даўляканаўскага раёна Рэспублікі Башкартастан  (2019).

 

 

МАЕ  МАРЫ

 

Давай станем зноў маладымі –  

Гады разляцяцца, як дым.

Расстанемся лёгка мы з імі,

За горад, як колісь, збяжым.

 

Ад траў лугавых  захмялеем,

Заблудзімся ў цёмным бары.

Дзяўчынай, што скралі, самлею

Ў абдымках тваіх на зары.

 

Нарвеш ты мне красак з палеткаў –

Іх пах зачаруе мяне.

Няхай не трыпутнік, а кветкі

Залечваюць раны мае.

 

Сто спраў, калі будзеш са мною,

Растануць, нібыта туман.

Адчую ў размове з табою

Я праўду ці горкі падман…

 

Дадзім яркім зоркам імёны,

Бо гэтага ім не стае.

Няхай упадуць мне ў далоні,

Каб здзейсніць жаданні мае.

 

Праклаў месяц мост цераз рэчку,

Каб нам перайсці – удваіх.               

Імгненне – бы цэлая вечнасць,

Жыццё – як адзін доўгі ўздых.

 

Мы прашчураў звычай адновім –

У стэпе “Дзяўчыну дагнаць”.

І вецер няўрымслівы зловім –

Парыў нашых душ не стрымаць.

 

У вечара цёплых абдымках

Ля вогнішча чай будзем піць...

Крадзі мяне ўвосень і ўзімку,

Вясной і як лета звініць.

 

У юрце, у згодзе з прыродай

Жыць будзем, як продкі жылі.

Нашчадкі мы дужага рода,

І моцныя ў нас карані.

 

З халодных кварталаў каменных

Мяне забяры, любы мой.

Між вольных лугоў, несумненна,

Шчаслівай я буду з табой.

 

СУМУЮ

 

“Сумую!” – табе пасланне

Адпраўлю, – успомні мяне!

Адна у змроку світання

Я змерзну, як скажаш “не!”

 

Сказала рацэ “Сумую!” –

Яна павярнула плынь.

Ці бачыў тугу такую –

Вада, куды погляд кінь.

 

“Сумую” сказала кветкам –

Матыль раптам сеў на іх.

Адказ прыляцеў з палеткаў:

“Сумую!” – нібыта ўздых.

 

Не снезе пішу: “Сумую!”

Убачыш – не прамінеш.

І ў сэрцы спадзеў нашу я –

Успомніш тады мяне.

 

Да неба ўздымаю вочы –

“Сумую!” – між зор гарыць!

“І кропля  каменне точыць”…

Дазволь жа мне кропляй быць!

 

СНЫ

 

Якія сны бачыш, як ляжаш ты спаць?

Мае вельмі яркія, дзіўныя – ведай.

Калі б я змагла іх табе расказаць,

Ты б радасць душэўную, любы мой, зведаў.

 

Сон бачыла: ты падарожнікам быў,

У дзверы падворка пастукаў нясмела.

Твой позірк тады шмат аб чым гаварыў...

Ты – дзіўная ява, што ў сон заляцела!

 

Адама, якога не стрэла нідзе, 

Я ў сне напаіла вадзіцай крынічнай.

Агонь майго сэрца палаў у вадзе...

Ці ж бачыў яго? З ім ці змог ты напіцца?

 

З табою свет белы сустрэчы чакаў –

Рушнік уздыхнуў і павіс у самоце.

Адкуль жа ён ведаў – яму хто сказаў,

Што шлях да мяне твой – па пылу, па слоце?

 

І клямка адкуль здагадацца змагла?

Сталёвым яна ўздрыганулася целам.

І нават далёка, на ўскрайку сяла,

Засохлае дрэва ізноў заквітнела...

 

Стаміліся ногі, напэўна, твае...

Здымаю я з іх асцярожна анучы.

Карцела сказаць... Сцяла вусны свае,

Бо тое, што ў сэрцы, мне нельга агучыць.

 

Ты, пэўна, вяртаешся з жорсткай вайны –

Хадзіў па шляхах яе ўлетку і ўзімку.

На шыі тваёй, не адчуўшы віны,

Я вуснамі ледзь не кранула радзімку...

 

Ах, колькі вякоў ў адзіноце прайшло! –

Чаканнем пазначаны лёс мой дзявочы.

Як цяжка адной, без цябе мне было!

Цяпер заіскрыліся радасцю вочы!

 

За спінай маёй ты спыніўся маўчком,

Мае валасы хочаш, мабыць, пакратаць...

Лье сонца пяшчоту на свет за вакном...

Здаецца ці не? – Усміхаецца хата!..

 

Якія яны, твае мары і сны?

Няўжо новы дзень без цябе распачнецца?

Батыр мой, я веру – ты ёсць на Зямлі! –

Аб гэтым гаворыць мне чулае сэрца...

 

 

Гэта – Я

 

Каго не існуе, пазнаць ці можна?

Мяне не існавала, любы, тут.

Прыпадыму я вельмі асцярожна

Таемны покрыў, бо пад ім жа – цуд!

 

Ты з будучых часоў у сне з’явіўся,

Прасіла: “Рух свой хуткі запаволь!”

І вось ты тут – мой сон, нарэшце, збыўся.

У снах былых пакіну слёзы, боль.

 

У “Я” майго цяпер шмат мар дзівосных.

У іх з табой мы – цэлае адно.

Вядзем на рэчку коней – дзіва-кросны

Ткуць будучыні нашай палатно.

 

Я нарадзілася, я ёсць – хай трубяць трубы!

Ад позіркаў узнікла я тваіх!

Ці ты пазнаў мяне, каханы, любы?

Ты – спраўджанне дзівосных мар маіх!

 

 

ГАННА ГЕРМАН

 

Голас нябесны, голас анёла

Шмат каго ўражваў пяшчотай сваёй…

Так праявілася  Боская Воля –

Тут, на Зямлі, нарадзіўся анёл.

 

Чуюцца ў голасе Космасу ноткі,

Нібыта святасць спявае сама.

Шлях яе зорны быў вельмі кароткім...

Льецца святло, зоркі спеўнай – няма…

 

Песні спявала ад шчасця? Ад болю?

Радасць натхняла яе, ці нуда?

Дожджык душэўную смагу спатоліў,

Сум па вясне чыста змыла вада…

 

Сэрцам чуллівым спавіта дарога,

Голас яе – міласэрнасць сама.

Жыць на Зямлі і быць блізкай да Бога –

Долі пачэсней  у свеце няма.

 

 

Пераклад на беларускую мову Святланы Быкавай

03.06.2020

Прочитано 175 раз