Вторник, 21 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Літаратурнае пабрацімства: Беларусь і ўвесь свет

  • Пятница, 01 Июнь 2018 17:30
  • Автор  Cугучча

У Гродна ў межах XII Рэспубліканскага фестываля нацыянальных культур праходзіць “Круглы стол” беларускіх і замежных пісьменнікаў “Дыялог літаратур – дыялог культур”. У госці да гарадзенцаў прыехалі літаратары з Азербайджана, Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Францыі. Арганізатары такога прадстаўнічага форума – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт, Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я. Купалы,  Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом “Звязда”, выдавецтва “Мастацкая літаратура”. На пытанні нашага карэспандэнта ў сувязі з гэтай падзеяй адказвае міністр інфармацыі нашай краіны Аляксандр Карлюкевіч.

  • Аляксандр Мікалаевіч, а ўсё ж такі, наколькі вядомая зараз беларуская літаратура ў свеце?
  • Канечне ж, на сучасным этапе многія, раней адладжаныя літаратурныя сувязі сыйшлі літаральна на нішто. Цяпер няма той колішняй савецкай сістэмы, якая разам з рускай літаратурай прасоўвала ў свеце і нацыянальныя літаратуры. У тым ліку – і беларускую. Выдаваліся кнігі на замежных мовах і ў Мінску, і ў Маскве. Вось, напрыклад, зазірнуўшы ў бібліяграфію мастацкіх публікацый народнага паэта Беларусі Максіма Танка можна адкрыць тое, што яго паэтычныя зборнікі на англійскай мове чатыры разы выходзілі і ў Мінску. А яшчэ ў Мінску выйшла ў Танка па кнізе на арабскай і іспанскай мовах. Што ўжо казаць пра маскоўскі часопіс “Савецкая літаратура”, які выдаваўся на некалькіх мовах у Маскве. Перакладам спрыялі і частыя паездкі нашых паэтаў і празаікаў у розныя краіны. Найперш – у краіны развітога сацыялізму. Ды і ў Савецкім Саюзе праходзіла нямала мерапрыемстваў, якія спрыялі знаёмствам літаратараў, дазвалялі наладжваць непасрэдныя стасункі з перакладчыкамі. Можна сказаць, што ў беларускай паэзіі і прозы былі свае паўнамоцныя прадстаўнікі ў Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі, ГДР, Югаславіі і іншых краінах. А яшчэ істотную ролю адыгрывала і тое, што перакладчыкі з іншых краін свету адкрывалі беларускую і другія літаратуры Савецкага Саюза праз рускую мову, праз маскоўскія выданні. Сёння працэс знаёмства выглядае інакшым.
  • І тым не меней…
  • Так, і тым не меней беларускую мастацкую літаратуру, як класічныя творы, так і здабыткі сучаснага літпрацэсу перакладаюць, адкрываюць у розных краінах. Як на постсавецкай прасторы, як у Еўропе, так і ў краінах Азіі, Амерыкі. Канечне ж, масштабы далёка не тыя, што былі ў 1970-1980-я гады… Але нельга не сказаць, што сучасную беларускую літаратуру актыўна перакладаюць на мовы народаў Расіі. У Калмыкіі гэтым апякуюцца Рыма Ханінава, Эрдні Эльдышаў. У Чачні – Адам Ахматукаеў, Лула Куна, Руслан Кадзіеў, Пецімат Петрымава. У Чувашыі – Валеры Тургай. Ва Удмурціі – Вячаслаў Ар-Сяргі, Сяргей Мацвееў. У Башкартастане – Зульфія Хананава. У Татарстане – народныя паэты Рэнат Харыс, Роберт Мінулін. У Астрахані на рускую мову перакладае Юрый Шчарбакоў. У Новасібірску – Уладзімір Беразеў. Іх па праве можна лічыць таксама паўнамоцнымі прадстаўнікамі беларускай літаратуры. Што адметна, гэтых перакладчыкаў цікавіць і беларуская класіка. Напрыклад, да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ўрывак з прадмовы Ф. Скарыны да кнігі “Юдзіф” на свае родныя мовы пераклалі дзясяткі творцаў з розных рэгіёнаў Расіі. Перакладчыкі з Чачні, Чувашыі, Татарстана, Астрахані падрыхтавалі і выдалі аўтарскія анталогіі беларускай паэзіі – на чачэнскай, чувашскай, татарскай, рускай мовах. І гэта падзеі літаральна апошняга года. За гэта – нізкі паклон Адаму Ахматукаеву, Валеры Тургаю, Рэнату Харысу, Юрыю Шчарбакову. Іх імёны добра вядомыя і ў Беларусі. Усе яны – удзельнікі розных пісьменніцкіх сустрэч і ў час Мінскага міжнароднага кніжнага кірмашу-выстаўкі, і ў Дзень беларускага пісьменства.

Дарэчы, мы імкнёмся кансалідаваць сілы прыхільнікаў беларускага прыгожага пісьменства. У Мінску, пачынаючы з 2015 года, праходзіць міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”. Штогод на сустрэчу збіраюцца пісьменнікі болей як з 20 краін свету. А ў Дзень беларускага пісьменства мы па традыцыі (пачатак закладзены ў 2007 годзе) праводзім “круглы стол” беларускіх і замежных пісьменнікаў пад агульнай ідэяй “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”. Менавіта такія сустрэчы паспрыялі выпуску тэматычных “беларускіх нумароў” літаратурна-мастацкіх часопісаў у Таджыкістане, Казахстане, Расіі, Арменіі, Літве. Нядаўна ў Маскве беларуская аповесць, беларускія апавяданні прадстаўлены ў некалі звышпапулярнай “Роман-газете”. У выпуску прадстаўлены творы Алеся Бадака, Алены Паповай, Алега Ждана, Людмілы Рублеўскай, Алены Брава. А ў Душанбэ пабачыла свет анталогія беларускай сучаснай літаратуры “Вячэрняе вогнішча”. У розных краінах свету ў апошняе дзесяцігоддзе выйшлі перакладныя кнігі Міколы Мятліцкага, Георгія Марчука, Анатоля Матвіенкі, Мікалая Чаргінца, Юрыя Сапажкова, Алеся Бадака, Людмілы Рублеўскай, Алены Масла, Вячаслава Бандарэнкі…

  • Значыць, мастацкі пераклад, прадстаўленне беларускай літаратуры ў свеце – асноўная тэма размоў, дыскусій?
  • І ўчора, і сёння пісьменнікі, канешне ж, ладзяць дыялог, выбудоўваюць мост для супрацоўніцтва. Але, мяркуючы па маіх стасунках у пярэдадзень “круглага стала”, і ў час яго правядзення, і на семінары, прысвечаным мастацкаму перакладу, які прайшоў ва універсітэце, пісьменнікі іншых краін адкрываюць Беларусь, адкрываюць нашу Беларусь шматнацыянальную, нашу міралюбівую краіну, дзе прыязна ставяцца да ўсіх нацый і народаў, дзе гучыць шматмоўе, адкрываюць унікальны старажытны горад Беларусі, знаходзяць у Гродна тыя памяткі, якія сведчаць пра высокую культуру беларусаў. Канешне ж, наколькі гэта магчыма, спасцігаюць і адметнасці сённяшняга сацыяльнага, эканамічнага развіцця краіны. Вельмі спадзяюся, што нешта адкладзецца ў памяці гасцей пра горад Каложы і Васіля Быкава, пра горад з музеем Максіма Багдановіча, пра старажытную Гародню…

Вось і кандыдат філалагічных навук з Алматы Святлана Ананьева, якая прыязджае ў Беларусь не ўпершыню, у чарговы раз паедзе ад нас з пакункамі беларускіх кніг. Яны патрэбныя ёй, каб распавесці ў Казахстане пра сучасную беларускую літаратуру. А Марат Гаджыеў з Дагестана, як вопытны публіцыст, перакладчык, культуролаг прыглядаецца да новых ініцыятыў. Ён гатовы везці з Беларусі ў Махачкалу і новыя мастацкія выстаўкі, і новыя беларускія кнігі, бо ўжо праз некалькі месяцаў будзе ў чарговы раз ладзіць прэстыжную ў паўночнакаўказскім рэгіёне кніжную выстаўку-кірмаш “Таркі-Тау”.

  • Ці абяцае быць “круглы стол” беларускіх і замежных пісьменнікаў у Гродна традыцыйным?
  • Па-першае, я хацеў бы падзякаваць арганізатарам фестываля, гродзенскім уладам за тое, што “круглы стол” і іншыя літаратурныя імпрэзы знайшлі сябе ў шырокай праграме фестываля. Па-другое, лічу, што міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў у гэтых ініцытывах падтрымаюць і універсітэт, і абласная бібліятэка, і ўвогуле гродзенская інтэлігенцыя, адкрыўшы дзверы ініцыятывам супольніцтва пісьменнікаў розных краін. Можа быць, з часам у Гродна ў межах гэтых ініцыятыў мог бы прайсці і семінар, напрыклад, з такой тэмай – “Перакладчыкі прозы Васіля Быкава на мовы народаў свету”. Альбо хтосьці з беларускіх паэтаў менавіта ў Гродна гатовы будзе прадставіць свае перакладчыцкія ініцыятывы. Як, напрыклад, паэтэса з Берасцейшчыны Марыя Кобец, якая пераўвасабляе на беларускай мове паэзію краін Усходу і Захаду. Чаму б не правесці ў абласной бібліятэцы вечар яе як перакладчыцы і запрасіць на яго тых паэтаў з Азербайджана, Польшчы, Украіны, Сербіі, Чарнагорыі, Румыніі, Кітая, якіх яна пераклала і яшчэ, пэўна, будзе перакладаць. У Гродна, на Гродзеншчыне шмат цікавых пісьменнікаў – нашых сучаснікаў: Галіна Самойла, Мар’ян Дукса, Алесь Жамойцін, Марыя Шаўчонак, Ала Петрушкевіч, Юрка Голуб (дарэчы, ведаю, часопіс “Полымя” друкуе яго цікавы пераклад грузінскага класіка Нікалаза Бараташвілі)… Чаму б іх і іншых калег-гарадзенцаў творчасць не разгледзець праз прызму параўнання з літаратурным працэсам у іншых прасторах…
  • Адным словам, пісьменніцкіх, літаратурных ініцыятыў можа быць нямала… І, канешне ж, гарадзенская пляцоўка акажа ім самае шырокае спрыянне. Дзякуй вам за гутарку!

 

Гутарыў Сяргей Шычко

Прочитано 98 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии