Среда, 26 06 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сябры беларускай літаратуры. “Свет не блізкі да сонных раўнін”: Чжан Хуэйцінь. Кітай

  • Вторник, 25 декабря 2018 18:48
  • Автор  Созвучие

У Другім Пекінскім дзяржаўным універсітэце замежных моў працуе Цэнтр культуры Беларусі. Заснаваны ён з дапамогай Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Цэнтр стаў сапраўднай кропкай прыцягнення ўсіх, каму цікавыя Беларусь, беларуская, культура, беларуская літаратура. Мне таксама давялося пабываць і ва універсітэце, і ў Цэнтры.  

Завітаў я і ва універсітэцкую бібліятэку. Кнігі на кітайскай мове розных дзесяцігоддзяў выдання – далёка не адзіныя скарбы гэтай унікальнай бібліятэкі. Дарэчы, уразіла тое, што вельмі шырока ў кніжнай скарбніцы прадстаўлены рускі аддзел. Ці дакладней – савецкі аддзел. Знайшоў кнігі і народных пісьменнікаў Беларусі Васіля Быкава, Міхася Лынькова, яшчэ некаторых беларускіх аўтараў. Удакладняю: тыя кнігі, што выдадзены па-руску і пабачылі свет у Маскве. Ёсць і кнігі нашай зямлячкі – лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Святланы Алексіевіч. А яшчэ ёсць і мінскае выданне паэмы “Сымон-музыка” Якуба Коласа ў афармленні Міколы Селешчука (выданне на беларускай мове!).

Ва універсітэце зараз спакваля складваецца гурток і тых спецыялістаў, хто цікавіцца беларускай літаратурай. Дапамагае гэтаму і беларуская бібліятэка Цэнтра. Зараз у ёй – каля 200 кніг. Сфарміравалася яна дзякуючы Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюзу пісьменнікаў Беларусі. І дзяржаўнае ведамства, і творчая грамадская арганізацыя выкарыстоўвалі самыя розныя шляхі, каб даставіць беларускую кнігу ў Кітай. Шмат тут кніг і з мастацкай літаратуры. Усю работу па развіццю беларусазнаўства ва універсітэце арганізоўвае доктар філалагічных навук Чжан Хуэйцінь, некаторы час яна была дэканам факультэта рускай мовы Другога Пекінскага універсітэта…

 – Усё болей нашых магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў ездзяць на стажыроўку ў Беларусь, -- расказала мне пры сустрэчы ў Пекіне спадарыня Чжан Хуэйцінь. – І мы стараемся рыхтаваць нашу моладзь, развіваем яе зацікаўленні да літаратуры і гісторыі Беларусі. Мы падрыхтавалі своеасаблівы метадычны ці мо нават метадычна-публіцыстычны дапаможнік, у якім змясцілі нарысы, артыкулы саміх нашых студэнтаў, аспірантаў, прысвечаныя знакамітым беларускім гістарычным персанажам. У полі зроку нашых літаратуразнаўцаў – канешне ж, і творчасць лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры, беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч. А што да беларускай бібліятэкі, то менавіта яна паспрыяла перакладчыцкай практыцы і нашых выкладчыкаў, якія займаюцца мастацкім перакладам. Вось зараз адзін з літаратараў пераклаў вялікую вершаваную падборку народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Спадарыня Чжан Хуэйцінь – заўсёдны госць на беларускім стэндзе ў час традыцыйнай Пекінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Беларускія кнігавыдаўцы з дапамогай сур’ёзнай даследчыцы ўжо не аднойчы прэзентавалі ў Пекіне зборнікі вершаў з серыі “Светлыя знакі: Паэты Кітая”. У гэтай своеасаблівай “бібліятэчцы” сабралася ўжо трынаццаць кніг. Пачыналі ў 2014-2015 гадах з кніг Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу, Ай Ціна. Пасля выдалі зборнікі Лі Цінчжаа, Мэн Хаажаня, Ван Гочжэня… Доктар філалагічных навук Чжан Хуэйцінь уваходзіць у склад міжнароднага рэдакцыйнага савета серыі, які сфарміравалі выдаўцы з прадстаўнікоў розных краін: Беларусі, Азербайджана, Расійскай Федэрацуыі, Казахстана і Кітая.  У складзе савета быў і легендарны кітайскі перакладчык Гао Ман (1926 – 2017).

 – Сабраўшы міжнародны савет, – расказвае дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” паэт і перакладчык Алесь Бадак, – мы кіраваліся клопатам пра тое, каб быць найболей аб’ектыўнымі ў фарміраванні серыі як творчага праекта. Зараз у “Светлых знаках…”, серыі, якая, між іншым, зараз выдаецца па-беларуску і па-кітайску, выходзяць кнігі і класікаў, паэтаў сярэдневечча, і паэтаў-сучаснікаў. І каб не памыліцца, важна добра ведаць увогуле кітайскую літаратуру, кітайскую культуру. Таму поруч з беларускімі пісьменнікамі, перакладчыкамі ў склад савета ўваходзяць і нашы добрыя сябры з Кітая – Лю Сулін, Чжан Хунбо, Лю Мяо, Цай Цзяньфэн…

Выдаць, у прыватнасці, кнігу вершаў “Подых усходняга схілу” Су Шы (1037 – 1101) якраз і спадарыня Чжан Хуэйцінь параіла. “Су Шы – з вечных шукальнікаў ісцін, з кагорты тых, хто будзе цікавы чытачу і яшчэ праз тысячу гадоў, -- выказвала свае перакананні Су Шы ў час нашай размовы ў Пекіне. – Мяркую, што, выдаўшы яго кнігу на беларускай мове, вы будзеце першымі ў славянскім свеце, хто адкрые так шырока паэзію Су Шы. Мо пасля Беларусі Су Шы і далей пойдзе ў славянскі свет”. Беларускія выдаўцы параду дасведчанага спецыяліста пачулі і ў планаванні кніжнай серыі ўлічылі. Вершы кітайскага класіка пачатку другога тысячагоддзя пераклалі на беларускую мову (з падарадкоўнікаў, зробленых кітаістамі, знаўцамі кітайскай мовы) Таццяна Сівец, Вераніка Жукавец, Навум Гальпяровіч, Юлія Алейчанка, Алесь Емяльянаў-Шыловіч. “Свет не блізкі да сонных раўнін,/ да сталіцы не блізкі шлях./ Як да мора хвалі ракі -- / я імкнуся ў чужы прасцяг./ Бо памерла тут памяць гадоў,/ не знайсці яе рэштак нідзе…/ Ці пабачу ілбы валуноў,/ ці скупнуся ў святой вадзе?” (пераклад Юліі Алейчанкі). Кніга пабачыла свет у “Мастацкай літаратуры”. Цяпер, пэўна, і Чжан Хуэйцінь далучыцца да прапаганды гэтага выдання ў Кітаі. Так спакваля выбудоўваюцца дарогі, што яднаюць паміж сабою і самыя далёкія народы, і самыя няблізкія нацыянальныя літаратуры.

Між іншым, спадарыня Чжан Хуэйцінь адзначана ведамаснай беларускай узнагародай – Падзякай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Узнагароду кітайскаму вучонаму, педагогу ўручыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы доктар эканамічных навук Кірыл Руды ў беларускай амбасадзе ў Пекіне.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 69 раз Последнее изменение Вторник, 25 декабря 2018 18:50
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии