Міністэрства культуры, друку і па справах нацыянальнасцяў Рэспублікі Марый Эл адзначыла Ганаровымі граматамі групу беларусаў за ўнёсак у развіццё беларуска-марыйскіх літаратурных, культурных і гуманітарных сувязяў.
Высокімі адзнакамі ўганараваны намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» – галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» перакладчык, публіцыст Аляксей Чарота, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт, празаік, перакладчык Віктар Шніп, намеснік дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Людміла Кароль, дырэктар Выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар газеты «Звязда» Алесь Карлюкевіч.
У апошнія гады ў Беларусі і Марый Эл складваюцца неблагія стасункі ў галіне мастацкага перакладу. На старонках літаратурна-мастацкага часопіса «Ончыко» («Наперад») з’явіліся публікацыі перакладаў вершаў і прозы Генадзя Аўласенкі, Алеся Бадака, Віктара Шніпа, Міколы Пракаповіча, Алеся Каско, Міхася Рудкоўскага, Васіля Сахарчука, Уладзіміра Караткевіча і іншых беларускіх паэтаў і празаікаў на марыйскую мову. Пісьменнікі Марый Эл Святлана Архіпава, Юрый Салаўёў – пастаянныя ўдзельнікі круглых сталоў «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час», якія праводзяцца ў Беларусі. Пераклады твораў марыйскіх пісьменнікаў з’явіліся на старонках газет «Літаратура і мастацтва», «Звязда», у часопісе «Маладосць».
Сяргей Шычко