Воскресенье, 09 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Насамрэч я барацьба… Дзіды Мадзя

  • Вторник, 03 марта 2020 10:44

Я – Чалавек – I/ Дзіды Мадзя; пер. з кіт. мовы Алены Раманоўскай. – Мінск: Беларуская навука, 2019. – 147 с.

Засваенню кітайскай паэзіі ў прасторы беларускага мастацкага свету хутка споўніцца сто гадоў. Для параўнання: першыя паэтычныя творы ў Паднябеснай (з улікам таго, што мы сёння ведаем іх аўтара) з’явіліся болей як дзве тысячы гадоў назад. І гэтыя творы перакладзены на рускую, беларускую, іншыя мовы. Гэтыя творы – своеасаблівы светач у азнаямленні іншых народаў з паэзіяй Кітая. А ў нашай беларускай прасторы пераклад здзяйсняўся з дапамогай прачытання спярша па-руску. І толькі апошняе дзесяцігоддзе дапамагло выбудаваць прамую дарогу з Кітая ў Беларусь, з кітайскай да беларускай мовы.

Вопыт прачытання без пасярэдніка яшчэ толькі набывае развіццё. Але ён шмат чым цікавы, шмат чым узбагачае і беларусаў, і, магчыма, кітайцаў. Кнігі Лі Хэ, Ван Гачжэня і іншыя выданні ў серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая» заклалі традыцыю выдання паэтычных зборнікаў на дзвюх мовах – кітайскай і беларускай. І пераклады ажыццяўляліся і працягваюць ажыццяўляцца з кітайскай. Вось іх, першапраходцаў, імёны – Алена Раманоўская, Дар’я Нечыпарук, Вераніка Жукавец… І часопіс «Маладосць», пачаўшы пры падтрымцы Рэспубліканскага Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выпускаць «кітайскія сшыткі», таксама прыклаў і працягвае прыкладваць намаганні ў стварэнні школы кітайскага перакладу ў Беларусі.

Як чарговая паэтычная падзея (а перакладаюць на беларускую з арыгінала ўжо і прозу, і навуковыя працы кітайскіх даследчыкаў) у мастацкім засваенні кітайскай літаратуры – кніга вершаў Дзіды Мадзя «Я – Чалавек – I»  (Мінск, «Беларуская навука», 2019). Выдадзена на дзвюх мовах – на кітайскай і беларускай. Раазам сабраны 41 твор. Поруч з вершамі – некалькі паэм. Хаця ні перакладчык, ні, відавочна, аўтар не падкрэсліваюць жанры ўнутры агульнай паэтычнай плыні зборніка. Ужо з першага твора – «Аўтапартрэт», якім адкрываецца кніга, разумееш прыналежнасць паэта да народнасці «і», якая жыве на паўднёвым захадзе Кітая. «Гісторыя, якую пішу я пісьмёнамі і на гэтай зямлі,/ То немаўля з няроўна абрэзанай пупавінай» («Аўтапартрэт»). «Ты яшчэ памятаеш/ Тую вулачку ўЛяншань-Ійскай акрузе, у сэрцы мясцін і/ Што вядзе ў Дзілэ Бутэ?» («Адказ»). Дзілэ Бутэ – радзіма паэта, якая знаходзіцца ў Ляншань-Ійскай аўтаномнай акрузе правінцыі Сычуань. «У іх рысы народа і/ Які жыве ў гарах/ Гэтыя стварэнні нібыта нежывыя/ На іх пачарнелых ілбах сляды кіпцюроў арла» («Скалы»).

Дзіды Мадзя – з паэтаў, якія адкрываюць свету Кітай, яго ўнутраныя памкненні, якія спрабуюць і далучыць Кітай да ўсяго свету. Шлях тут адзіна зразумелы сапраўднаму мастацтву – паяднанасць у вышэйшых гуманістычных памкненнях, здольнасць быць пачутымі і быць чулымі да чужога як да свайго роднага. Следаваць іншай, супрацьлеглай, а мо і нават збройнай, варожай філасофіі ў развіцці гуманітарнага і мастацкага мышлення – небяспечны шлях, якімі б вонкавымі прыгажосцямі ён не суправаджаўся. Кітайскі паэт, як і многія яго папярэднікі з часін пачатку XX стагоддзя ( Сюй Чжымо, Вэнь Ідо, Дай Ваншу, Лінь Хуэйінь, Эмі Сяо, Чжу Сян), якія атрымалі адукацыю – і творчую ў тым ліку – ў Францыі, Вялікабрытаніі, Злучаных Штатах Амерыкі, імкнецца ўвабраць у сябе ўсё лепшае, чым багатае планетарнае паэтычнае мышленне. Таму, пэўна, і чакае адказ на пытанне, дзе дзверы ў рай, а дзе ў пекла (верш «Наведваю Дантэ»). Таму прысвячае верш «Рэальнасць» аргенцінскаму паэту Хуану Герману («Па-за межамі слоў/ Свядомасць заўжды поўзае на мяжы кашмараў»). Таму, відаць, у «Вершы Джузэпэ Унгарэці», на які натхніў трывожны будзіцель бедстваў чалавецтва і цывілізацыі – адметны прадстаўнік італьянскай паэтычнай школы анахарэтаў Унгарэці (1888 – 1970), кітайскі творца нагадвае: «Самая даўняя метафара – кіт, які то з’яўляецца, то знікае ў моры./ Адлюстраванне глыбіняў ды імклівага руху часу./ Пустая сетка, у якую не трапіла рыба./ Гэта шкілет усёй зямлі./ Слёзы, нібы маніста пярлін».

«Пасля таго, як пачалося пахаванне/ Я тысячу разоў быў сябрам, што прыязджаў здалёк/ Пасля таго, як пачалося пахаванне/ Я тысячу разоў быў крыкам у горле маці/ У самы трагічны момант пахавання/ Насамрэч я барацьба/ Якая тысячагоддзямі ідзе паміж справядлівасцю і злом/ Насамрэч я нашчадак/ Які тысячагоддзямі нараджаецца ад кахання і мары», – піша Дзіды Мадзя. Уяўленні паэта пра час бясконцыя, яны паўстаюць з’явамі і падзеямі без межаў. Як мне падаецца, перакладчыца як добры знаўца кітайскай літаратуры, кітайскай культуры, змагла данесці да беларускага чытача ўсе глыбіні таленту Дзіды Мадзя. Дарэчы, дзякуючы Алене Раманоўскай ў свой час у серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая» з’явілася беларуская кніга Лі Хэ. Застаецца спадзявацца, што шчырая працаўніца на ніве беларускага мастацкага перакладу кітайскай паэзіі падорыць нам яшчэ многія сустрэчы з яркімі і цікавымі майстрамі слова з Паднябеснай.

Кастусь Ладуцька

 

           

 

 

Прочитано 893 раз