Вторник, 11 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Гістарычны музей краіны адкрыў новыя абсягі ў падзеях Першай сусветнай

  • Пятница, 16 ноября 2018 12:45
  • Автор  Сугучча

Нацыянальны гістарычны музей краіны адкрыў для мінчан і гасцей сталіцы новыя абсягі ў веданні падзей Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі. Гэтаму паспрыялі і сама выстаўка «1918. Нараджэнне новага свету» і прэзентацыя фотаальбома «Беларусь. 1914—1918. Вайна і мір», у якім сабраны рэпрадукцыі старых паштовак з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава.

Праект «У пошуках страчанага», што нарадзіўся амаль пятнаццаць гадоў назад на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня», звязаны з многімі медыйнымі ініцыятывамі ў такіх выданнях, як газеты «Звязда», «Голас Радзімы», часопісы «Беларусь» і «Маладосць», сёння набывае ўсё болей выразны грамадскі і асветніцкі характар. Пра гэта на адкрыцці выстаўкі ў Нацыянальным гістарычным вялі размову першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, міністр культуры Юрый Бондар, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, старшыня парламенцкай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, ды і сам калекцыянер — Уладзімір Ліхадзедаў. Адметна, што пазнаёміцца з арыгіналамі старых паштовак чарговы раз завіталі на выстаўку добра вядомыя гісторыкі, пісьменнікі, журналісты, мастакі, калекцыянеры, людзі, якія праяўляюць нераўнадушша да справы захавання гістарычнай памяці нашай Айчыны. У музеі гэтым днём можна было ўбачыць пісьменніцу Алену Харашэвіч, доктара гістарычных навук Анатоля Шаркова, дыпламатаў і збіральнікаў памятак гісторыі, беларускага мастацтва Пятра Краўчанку, Уладзіміра Шчаснага, заслужанага дзеяча культуры Паўла Якубовіча, славутага беларускага краязнаўца і экскурсавода Анатоля Астаповіча, літаратара і краязнаўца Анатоля Бутэвіча, прадстаўніка расійскага пасольства ў Беларусі Андрэя Клінцэвіча, кіраўніка паліграфічнага камбіната імя Якуба Коласа Ігара Маланяка, гісторыка Уладзіміра Багданава...

З просьбай пракаментаваць адкрыццё выстаўкі і прэзентацыю новага філакартычнага альбома, які, дарэчы, пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда», мы звярнуліся да дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Паўла Сапоцькі.

— У дні стагоддзя заканчэння Першай сусветнай вайны як аднаго з самых жахлівых ваенных канфліктаў XX стагоддзя вельмі цікава судакрануцца з багатым ілюстрацыйным матэрыялам пра даўнія падзеі, — адзначыў ён. — Сотні паштовак, з якімі нас знаёміць Уладзімір Ліхадзедаў, выразна гавораць пра каштоўнасць міру ва ўсе гістарычныя адрэзкі часу. Разам з калекцыянерам і выявамі з яго збораў мы сягаем у даўніну, адкрываем вобразы нашых прашчураў, спрабуем уявіць іх характары і паводзіны стагадовай даўнасці. Не выпадковым падаецца і тое, што паштоўкам спадарожнічаюць многія цікавыя артэфакты. На выстаўцы адбыліся знаёмствы з канкрэтнымі гістарычнымі персанажамі — нямецкім франтавым фатографам Фрыцам Краускапфам, шараговым расійскім афіцэрам-артылерыстам Гродзенскай крэпасці паручнікам Конанавым, вядомым расійскім мемуарыстам, франтавіком А. Успенскім. Поруч з фотаздымкамі — каталог гістарычнай выстаўкі этнаграфічных, краязнаўчых, мастацкіх матэрыялаў, якую арганізавалі ў Мінску прадстаўнікі акупацыйнай нямецкай адміністрацыі ў 1918 годзе, а яшчэ — пісьмовы прыбор каменданта Гродзенскай крэпасці генерала М. Кайгародава... Усё гэта дапамагае стварыць атмасферу прысутнасці ў іншым часе, пашырае нашы ўяўленні пра даўнія падзеі. Спадзяюся, што супольныя праекты музея і прыватных калекцыянераў будуць і надалей развівацца на нашай пляцоўцы. А выстаўцы філакартыста Уладзіміра Ліхадзедава я пажадаў бы падарожжа па ўсёй нашай краіне, ды і за межамі Беларусі таксама.

Між іншым, фотальбом «Беларусь. 1914—1918. Вайна і мір» — 21-е па ліку выданне ў аўтарскай серыі У. Ліхадзедава «У пошуках страчанага». Пэўна, ужо даўно наспела патрэба перавыдання гэтай па свойму ўнікальнай бібліятэкі на розных мовах народаў свету і прадстаўлення праз серыю такіх кніг гісторыі і культуры Беларусі ва ўсім свеце.

Мікола Берлеж

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Старая паштоўка, артэфакты, новы фотаальбом...

Прочитано 41 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии