Среда, 26 06 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Гісторыя на карце

  • Вторник, 18 декабря 2018 09:26
  • Автор  Сугучча

Знакавая падзея для беларускага грамадства — выхад 4-га, заключнага, тома «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі». Прэзентацыя поўнага выдання, аналагаў якога ў краінах СНД няма, адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Выданне мае стаць добрым дапаможнікам у вывучэнні мінуўшчыны і нават спрычыніцца да адкрыццяў.

Чатырхтомны атлас Беларусі — выдатны вынік сумеснай працы вучоных, картографаў і архівістаў больш чым за 10 гадоў. Гэта першае ўнікальнае найбольш поўнае навукова-даведачнае энцыклапедычнае гісторыка-картаграфічнае выданне ў Беларусі, якое падрабязна адлюстроўвае багатую і ў той жа час вельмі няпростую гісторыю беларускага народа. Ініцыятыва стварэння кнігі належыць рэспубліканскаму ўнітарнаму прадпрыемству «Белкартаграфія» Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь. Яго супрацоўнікі і прыклалі асноўныя намаганні, каб выданне пабачыла свет. Да працы далучыліся і спецыялісты Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і іншых дзяржаўных органаў і ўстаноў. Мэтай было стварыць найбольш дасканалыя і поўныя карты розных перыядаў. У сувязі з тым, што гістарычна беларуская земля знаходзілася ў складзе тэрыторый іншых дзяржаў, шмат звестак і матэрыялаў пра Беларусь знаходзіцца ў замежных архівах. Іх і вывучалі аўтары выдання, яны ж працавалі і ў беларускіх архівах.

— Работа пачыналася цяжка: узнікалі арганізацыйныя моманты, праблемы з аўтарамі, пытанні па стварэнні самай вялікай карты, а таксама па ўзгадненні карт з навукоўцамі, — распавёў былы старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгій Кузняцоў, які ўзначаліў рэдакцыйную калегію «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі». — Але том быў створаны дзякуючы актыўнай працы спецыялістаў.

На старонках чатырох тамоў можна знайсці больш за 400 самых разнастайных гістарычных карт, а таксама іншую ілюстрацыйную і тэкставую інфармацыю. Увогуле кніга шырокатэматычная і прысвечана ваенна-палітычным з’явам і падзеям, адміністрацыйным пераўтварэнням, сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму развіццю, духоўнаму становішчу грамадства.

— Аўтары трапна сабралі ў адным творы карты, многія з якіх убачылі свет упершыню. Поўна, без белых плям, адлюстроўваецца багатая гісторыя нашай краіны ад старажытнасці да нашых дзён і паказана месца беларусаў сярод еўрапейскіх народаў, — адзначыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў. — Насамрэч, калі перагортваеш старонкі атласа, глыбей акунаешся ў той загадкавы свет, складзены з мноства падзей і нечаканых адкрыццяў, мільёнаў найцікавейшых, але часта трагічных лёсаў нашых продкаў. Упэўнены, што гэта выданне будзе актуальным і запатрабаваным жыхарамі нашай краіны і не толькі не адзін дзясятак гадоў.

Першы том выйшаў у 2009 годзе. Ён ахоплівае перыяд ад з’яўлення першага чалавека на тэрыторыі Беларусі да сярэдзіны XVI стагоддзя. Укладальнікі падкрэсліваюць, што ў сувязі з новымі знаходкамі з-пад Іванава Брэсцкай вобласці ёсць падставы гаварыць аб магчымым з’яўленні людзей на тэрыторыі Беларусі прыкладна 250 тысяч гадоў назад. 2012 год — дата выдання другога тома, які адлюстроўвае перыяд амаль 200 гадоў — час, калі беларускія землі знаходзіліся ў складзе Рэчы Паспалітай, то-бок ад Люблінскай уніі да распаду дзяржавы. Упершыню ў айчыннай картаграфіі паказаны ход паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Трэці том выйшаў у 2015 годзе і характарызуе жыццё на тэрыторыі Беларусі ў складзе Расійскай імперыі да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Падкрэсліваецца, што вельмі няпроста ішла работа над картай, якая адлюстроўвала зямельную ўласнасць беларусаў, а менавіта пераразмеркаванне ўласнікаў зямельных угоддзяў. У выніку была створана ўнікальная карта, якая паказала, што найбольшая колькасць канфіскацый адбывалася ў першым дзесяцігоддзі, а менавіта пасля далучэння да Расійскай імперыі зямель Віцебшчыны і Магілёўшчыны. У чацвёрты том, што прысвечаны перыяду з 1917 года да нашых дзён, увайшла незвычайная карта, на якую ўпершыню нанесены ўсе назвы вёсак, спаленых нямецкімі акупантамі.

Кожны том суправаджаецца генеральнымі картамі, дзе паказаны больш-менш значныя паселішчы таго ці іншага часу з пазначэннем прыналежнасці. Геаграфічны паказальнік дапаможа пазнаёміцца з гістарычнымі і сучаснымі назвамі ўсіх населеных пунктаў.

Яўгенія Шыцька

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 183 раз Последнее изменение Вторник, 18 декабря 2018 09:45
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии