Понедельник, 22 04 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Радзімазнаўства: Францішак Жылка: Усе шыльды і аб'явы робім па-беларуску

  • Суббота, 29 декабря 2018 12:09
  • Автор  Сугучча

Францішак Жылка — адзін з тых людзей, хто, пэўна, душой адчувае жыццядайную энергію роднай зямлі, месцаў, дзе нарадзіўся, ды вялікую карысць ад іх. Таму і ўзяўся аднавіць вадзяны млын у аграгарадку Жодзішкі, што на Смаргоншчыне. Млынам, дарэчы, валодаў дзед Францішка Баляслававіча па маці ў першай палове мінулага стагоддзя. А ўзведзены ён у 1781 годзе. Дзякуючы намаганням і сродкам спадара Францішка на базе вадзянога млына цяпер створаны культурна-вытворчы асяродак. У «Жылкаў млын» едуць тыя, хто жадае адкрыць для сябе неспазнаную Беларусь з яе даўнімі традыцыямі, майстэрствам і вынаходкамі сучасных майстроў, якія не могуць жыць без творчага выяўлення на карысць малой радзімы, наогул Бацькаўшчыны. 

Фран­ці­шак  Жыл­ка.

Фран­ці­шак Жыл­ка.

Хто наведвае Музей вадзянога млына ХVІІІ стагоддзя — той вялікую асалоду мае ад судакранання з прыгожай мінуўшчынай беларусаў, працавітых, ахайных, для якіх эстэтыка ў побыце была стылем жыцця. Так жылі бацькі Францішка Жылкі, яго дзяды і прадзеды. У памяць пра іх, пэўна, і ўзяўся мінскі прадпрымальнік ствараць музей пры адноўленым вадзяным млыне. Там пакажуць і раскажуць, як млын дзейнічае, пазнаёмяць з экспазіцыяй збожжа і хлеба. Яшчэ ў Жодзішках можна сваімі рукамі змалоць збожжа на муку, вырабіць гаршчок з гліны, саткаць на кроснах палатно...

Нам было цікава пачуць версію пра другое жыццё млына ад самога Францішка Жылкі. І ўвогуле: што падштурхнула яго скіраваць увагу на родны кут?

— Увесь час, — расказаў ён, — бываў і бываю ў родных мясцінах, на радзіме. Там і бацькі мае заўсёды жылі: мама толькі ў 2015 годзе памерла. Я да яе пастаянна ездзіў у Стаўбуцева. У Жодзішках раз на год у ліпені праходзіць вялікі парафіяльны фэст святой Ганны. Неяк сабраліся браты маміны і нас з мамаю, з жонкаю маёй запрасілі. Тады за святочным сталом браты гаворку пра млын пачалі: што развальваецца, прападае — шкада, бо гэта ж нашаму роду належаў калісьці... Тады я і паабяцаў, што ўсё зраблю. На наступны дзень перажываў крыху: і навошта ж я так сказаў?.. Гэта ж такая адказнасць... Але зрабіў. Нават брукаванку каля млына... А ў Стаўбуцеве капліцу паставілі пры скрыжаванні дарог, якраз на тым месцы, дзе раней, перад вайной, мой дзядзька Францішак, у гонар якога я і названы, ставіў дубовы крыж.

І цяпер новы гаспадар старога млына працягвае даўнія млынарскія традыцыі, а ў пару новага ўраджаю свежым духмяным хлебам частуе гасцей у Жодзішках.

Стрыманы, сціплы, няспешны і нават крыху асцярожны... Адразу не раскрываецца спадар Францішак... І не спяшаецца нешта паабяцаць. Як кажуць псіхолагі: тыповы беларускі характар. Такім ён падаўся на першы погляд. Сустракаліся мы двойчы ў яго невялічкім, з густам абсталяваным пакоі кіраўніка фірмы «Фра-Міл», дзе на пачэсным месцы пажоўклыя ад часу фотаздымкі родных яму людзей, якія даўно ў іншым свеце. А калі наш візаві адчуў давер да нас, размова пацякла, забруіла, як чысты ручай. Чамусьці менавіта з ціхаю, нязвонкаю вадою хочацца параўнаць яго манеру весці гаворку. Ці з тою вадой, што ліецца з возера на кола адноўленага млына. У ёй няшмат экспрэсіі, так званай экстравертнасці, як і ў гэтым чалавеку ні кроплі — напаказ. А моц і сіла ўнутры яго жывуць. І яны, сапраўды, ад каранёў малой радзімы. Урэшце мы яе адчулі. Спадзяёмся, і чытач, якому прапануем асобныя моманты нашай размовы, убачыць у Жылку патрыёта Радзімы, чалавека, для якога гонар — не словы, а справы.

Той са­мы млын.

Той са­мы млын.

Ад каранёў тых — сіла

Нарадзіўся я ў вёсцы Стаўбуцева 2 снежня 1951 года. Мой прадзед з чатырма сынамі туды прыехалі ў 1900 годзе, выкупілі ўвесь засценак панскі — там і пасяліліся. Паводле маіх даных, роду нашаму 200 гадоў. З некаторымі перапынкамі жыў я то ў Стаўбуцеве, то ў Жодзішках — там бацькі мае, Баляслаў і Соф'я іх звалі, усё жыццё і працавалі.

Колькі сябе памятаю — я не з сарамлівых. Але ў школе, напрыклад, як мама згадвала, у лужыну залезці не мог. Чысценькі быў, і мама заўсёды мяне апранала так акуратна. Пасля школы паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. — Аўт.). Вывучыўся на інжынера-механіка па арганізацыі і тэхналогіі рамонту машын. Дыпломны праект рабіў на Дзяржынскім аўтарамонтным заводзе. Увогуле хацеў вывучыцца на штурмана — вялікія караблі, мора... Але тата не даў «дабро»... Пасля інстытута два гады ў арміі служыў — у Пружанскім раёне, станцыяй па рамонце тэхнікі кіраваў. І пасля ў Мінску пайшоў працаваць у аўтапарк № 7, дзе вырас да начальніка майстэрні. Потым прапанавалі мне пасаду галоўнага інжынера ў аўтапарку ў Смаргоні. Там тры гады адпрацаваў, з будаўнікамі нямала рабілі — таму я добра ведаю і гэтую справу.

Кожны жыццёвы досвед — не лішні...

Жонку сваю ў Смаргоні на балоце знайшоў! (Смяецца.) У журавіны разам ездзілі. Прычым на вялікім такім балоце пазнаёміліся, помніцца: як ідзеш, то ўсё пад табой хістаецца. Алёна Мікалаеўна мая, у дзявоцтве Мельнік, тады была студэнткай медінстытута, у яе бацькі з Залесся — таго самага, дзе аднавілі сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага. Там і пажаніліся мы... А калі мне прапанавалі працу ў Міністэрстве аўтамабільнага транспарту, начальнікам аддзела ў тэхнічнае ўпраўленне, — пераехалі ў 1980-м у сталіцу.

Не надта падабалася мне працаваць з паперамі. Але ў мяне сіла волі ёсць. Вывучаў загады, пастановы — усю нарматыўную базу. Бо разумеў, што як кіраўнік аддзела павінен гэта ведаць. І ўсё ж, працуючы ў міністэрстве, марыў перайсці куды бліжэй да машын і людзей. Калі ў 93-м усё парушылася, з міністэрства вырашыў сысці: арганізаваць нешта сваё. З таго часу і бярэ пачатак кампанія «Фра-Міл».

Кожны жыццёвы досвед — не лішні... Ужо 25 гадоў мы забяспечваем абуткам конныя спартыўныя школы... Калі браць па пяцібальнай сістэме, то працуем недзе на чацвёрку: гэта калі па заходнееўрапейскіх стандартах ацэньваць. З 2002 года ўдзельнічаем пастаянна ў міжнародных конных выстаўках у Маскве і Санкт-Пецярбургу. З Масквою таксама супрацоўнічаем, вырабляем боты для кавалерыстаў, для ганаровай варты.

І ў Беларусі цяпер рота ганаровай варты — у нашых ботах. Матацыклетны эскорт — таксама. Прычым ва ўсіх гэтых падраздзяленнях розныя мадэлі абутку. Для матацыклістаў, напрыклад, я асабіста дапамагаў мадэль распрацоўваць — бо і сам езджу на матацыкле: як аматар, байкер так званы. Мне прыемна, што і прэзідэнту Туркменістана, калі ён у нас быў, спадабаліся боты беларускага мотаэскорту. Вельмі хутка пасля яго візіту — праз некалькі дзён — іх у Ашхабад заказалі 50 пар. І для ганаровай варты туды — таксама рабілі. З Казахстанам яшчэ супрацоўнічалі. Так што слава пра нас добрая па свеце ідзе.

Вясковае дзяцінства маё з коньмі праходзіла. І цяпер езджу. Гэта ва Ураджайнай, каля Сеніцы — там працуе мінская абласная конна-спартыўная школа, ёсць конна-спартыўны цэнтр. Па выхадных туды час ад часу на матацыкле прыязджаю — і на каня перасаджваюся. Дарэчы, я ў байкерскіх злётах таксама ўдзельнічаю.

Мары здзяйсняюцца

У мяне ўсё жыццё была мара такая: мець свой матацыкл. Дазвол на кіраванне мапедам маю з 16 гадоў. Тады ж многія каталіся без правоў. Але я чалавек законапаслухмяны: трэба — значыць, атрымаў. У 60-я гады. Але матацыкл набыць не мог: то грошай не было, то заняты быў працай, то ўмоў, дзе трымаць яго. Матацыкл сабе купіў у 60 гадоў.

Дзядуля, татаў бацька, калі жыў з ім у Стаўбуцеве, мне шмат вельмі даў — у сэнсе мужчынскага выхавання. У цэлым вучоба, настаўленні, маральныя прынцыпы — гэта ўсё ад дзядулі. Да 14 гадоў мы з ім кантактавалі. Ён чалавек моцны быў — і землямі ж да калгасаў валодаў. Я шмат часу з ім праводзіў. І ў лес па грыбы, і па гаспадарцы — касіць, араць — усю вясковую працу, усё з ім. Трэба ўсё ўмець — па-іншаму ў вёсцы не пражыць.

Цяга да бізнесу, відаць, у мяне ад нараджэння — па генах перадалася. Я малым, можа які клас чацвёрты-пяты, ужо рабіну на продаж збіраў. Мяшкамі здаваў нарыхтоўшчыкам. Потым трусоў гадаваў... Так што задаткі развіваліся.

У мяне былі раней прапановы па бізнесе, каб вялікія грошы зарабляць. Але вялікія грошы — гэта вялікія праблемы. Найлепей — працаваць спакойна. Для душы. І мне сапраўды цікава боты для коннікаў шыць. Бо я ведаю: у гісторыі савецкай Беларусі ботаў для коннікаў ніхто не шыў. Цэнтралізавана ўсё для спартсменаў з Расіі прывозілася. Дарэчы, і зрабіць боты лепшыя, чым рабілі раней, — таксама прэстыжна. А боты для ганаровай варты шыць — нам гонар.

Слоў на вецер не кідаю

У нас працуе чалавек 40, ёсць і стаматалагічная лякарня, прычым яна — беларускамоўная... Урэшце, імкнёмся працаваць рэнтабельна. Мы за 25 гадоў ніколі не затрымлівалі выплаты падаткаў — у мяне прынцып такі. Падаткі — на першым месцы, на другім — зарплата работнікам. Максімум, што бывала за 25 гадоў, — ну тыдні на два затрымлівалі.

Мова справаводства ў кампаніі — руская, але з 1993 года, з самага пачатку, усе шыльды, аб'явы, прэйскуранты робім па-беларуску. Стаматалагічная лякарня — беларускамоўная. Адміністратары працуюць па-беларуску, часткова і дактары. І нават даём зніжку пацыентам — пяць працэнтаў тым, хто па-беларуску размаўляе. Я лічу, што варта ўсяляк, хай сабе і так, заахвочваць людзей роднаю мовай карыстацца, тым больш што яна ў нас — дзяржаўная.

Я з самага пачатку, ад нараджэння размаўляю па-беларуску. З мамаю ўвесь час дома мы так гаварылі. Экзамены ў інстытут здаваў па-беларуску: матэматыку, фізіку... У мяне дзве дачкі, пяцёра ўнучак. Яны ўжо рускамоўныя, а з жонкай мы па-беларуску гаворым.

Слоў на вецер не кідаю. Паабяцаў — імкнуся выканаць. Альбо не абяцаю. І такіх прынцыпаў стараюся прытрымлівацца.

Гутарылі Валянціна і Іван Ждановічы

Крыніца: zviazda.by

Прочитано 99 раз Последнее изменение Суббота, 29 декабря 2018 12:10
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии