Среда, 17 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Іван Ласкоў – беларускі пісьменнік з Якуцка: Новая сустрэча з беларускім чытачом

  • Воскресенье, 17 февраля 2019 13:38
  • Автор  Сугучча

Па ўсёй расійскай прасторы раскіданы сляды нашых беларускіх пісьменнікаў, якія, выправіўшыся ў вялікую дарогу жыцця, так і не вярнуліся дадому. Ніна Жыбрык, Валянцін Грыцкевіч, Іван Летка, Аркадзь Пінчук, Уладзімір Сазановіч, Канстанцыя Буйло, Уладзімір Дубоўка… Як сведчанне гэтага – і той факт, што ў выдавецтве “Беларуская навука” выйшаў чарговы том серыі “Беларускі кнігазбор”. 98-ы – па ліку. Зараз да чытача прыйшлі “Выбраныя творы” паэта, празаіка, публіцыста Івана Ласкова (1941 – 1994), беларускага пісьменніка, які жыў і працаваў у Расіі, у далёкім ад Мінска Якуцку. З гэтай старонкай звязаны і іншыя імёны беларускіх пісьменнікаў, публіцыстаў розных пакаленняў – у прыватнасці, Сяргея Новіка-Пеюна, Алеся Баркоўскага… 

У адну ёмістую кнігу ўвайшлі вершы на беларускай мове (пісаў Іван Антонавіч і па-руску), паэмы “Трыццаць (Рэквіем)” і “Кульга”, раман пра сібірскія прыгоды двух падлеткаў – беларуса і якута --“Стралецкая быліна”, падрабязная аўтабіяграфія, аўтабіяграфічны нарыс “Дванаццаць якуцкіх месяцаў”, публіцыстычныя і навуковыя артыкулы. А таксама – у раздзеле “Дадатак”: згадкі пра Івана Ласкова, аўтарамі якіх з’яўляюцца Леанід Дайнека (памяццю пра Ласкова ён падзяліўся вершаванай мовай), Міхась Тычына, Раіса Баравікова, Уладзімір Арлоў. Укладальнік кнігі, аўтар прадмовы і каментарыяў – Любоў Філімонава. З верша Леаніда Дайнекі пра Івана Ласкова – ён так і называецца: “Іван Ласкоў”:


Не ведаў я, што ты памрэш.
Я верш пісаў. Вось гэты верш.

Паміж салодкіх галаскоў
І слоў цукровых
Пачулі мы, Іван Ласкоў,
Твой бас суровы.

Хоць мора лектарскай вады
Цадзі з графінаў,
Ніхто не скажа так, як ты,
Пра угра-фінаў.

Якуцк па дахі замяло,
І ёсць пагроза,
Што ў акулярах лопне шкло
Ад злых марозаў.

А ты па вуліцы ідзеш,
Па гурбах грузных,
І выспявае цёплы верш
На стылых вуснах.


“Мой родны край доўгацярплівы,/ Даруй мне кожны каласок,/ Што я з тваёй збяднелай нівы/ Знёс на чужую незнарок./ І што рабіць – не разумею,/ Абкраў цябе, абкраў сябе/ І прад табою камянею/ З агнём пракляцця на ілбе”, - напісаў паўвека назад Іван Ласкоў. Напісаў тады, калі шукаў сябе ў роднай моўнай стыхіі, калі вяртаўся да роднага слова, якім быў выпеставаны яго талент. Першыя свае паэтычныя кнігі Іван Ласкоў выдаў на рускай мове. Вершы яго друкаваліся не толькі ў “Нёмане” і «Знамя юности», але і ў маскоўскіх часопісах – «Новый мир» і “Юность”. А пасля Ласкоў пісаў па-беларуску. Трэцяя паэтычная кніга нашага суайчынніка, ды першая – беларуская, “Кружное лета” выйшла ў свет у “Мастацкай літаратуры” у 1969 годзе. Хаця па-ранейшаму Іван Ласкоў і жыў у Сібіры, у Якуціі, працаваў у якуцкіх перыядычных выданнях.
Іван Ласкоў – аўтар многіх паэтычных і празаічных кніг, якія выйшлі на рускай і беларускай мовах: “Стихия”, “Белое небо”, “Кружное лета”, “Хромец”, “Андрэй-Эндэрэй – справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду”, «Ивановы”, “Чароўны камень”, “Кульга”. І вось – новая, напоўненая ўсімі Івана Ласкова мастацкімі і грамадзянскімі перакананнямі кніга “Выбраныя творы”. Тыраж невялікі – 500 асобнікаў. Але і гэтыя экзэмпляры могуць адыграць асаблівую ролю ў выхаванні гістарычнай свядомасці беларусаў. Наступная кніга ў выдавецкім праекце “Беларускі кнігазбор” – зборнік твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.


Сяргей Шычко.

Прочитано 312 раз Последнее изменение Воскресенье, 17 февраля 2019 14:12
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии