Версия для печати

«Беларусы — самы антынацысцкі народ…»

  • Четверг, 07 марта 2019 15:20
  • Автор  Сугучча

Здаецца, ужо прайшло шмат часу пасля завяршэння Вялікай Айчыннай вайны, але той час жыве ва ўспамінах, якія не дазваляюць прапускаць памятныя даты. Але чаму пра падзеі, якія адбываліся больш за паўстагоддзя таму, трэба гаварыць? Таму варта шукаць тое, што пакуль не прамоўлена, у архівах, сярод стосаў папер і дакументаў, знаходзячы сведчанні ваеннага часу.

На базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь у межах праграмы XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ўдзельнікі круглага стала, прысвечанага 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў, абмеркавалі актуальныя пытанні захавання памяці і гістарычнай праўды народа аб гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гаворка ішла пра неабходнасць новых выданняў па гэтай тэме.

Аляксандр КАВАЛЕНЯ, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар:

— Сёння мы адчуваем, што павінны займацца навукова-папулярнай літаратурай: час патрабуе. Вельмі важна замацаваць у грамадскай свядомасці гістарычную памяць. Існуе шмат людзей і арганізацый, якія імкнуцца размыць нацыянальную памяць беларусаў. Наша асноўная задача — выхоўваць праз гістарычную памяць маладое пакаленне. Лозунгамі не выхоўваюць — выхоўваюць сур’ёзным удзелам і прыкладам. Трэба здзівіць грамадства нейкай разынкай — як зацікавіць чытача, якім чынам падаць той ці іншы матэрыял, каб гэта чапляла душу. Гаворачы пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, мы не павінны забываць тых, на чыіх плячах стваралася сапраўдная героіка народа. Нам трэба помніць пра гэтую сувязную нітку пакаленняў і эпох.

Ігар МАРЗАЛЮК, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар:

— Беларускі народ — гэта адзіны народ ва УсходнеЦэнтральнай Еўропе, для якога слова «вайна» — падзеі 1941—1945 гг. Узровень геннай памяці. Ва ўсіх цывілізаваных краінах ёсць гістарычная палітыка і ёсць абсалютна акрэсленыя месцы гістарычнай памяці, якія з’яўляюцца знакавымі з’явамі. Скажу пра заканадаўства Федэратыўнай Рэспублікі Германія, дзе пытанні гістарычнай памяці вельмі жорстка кантралююцца, і фальсіфікацыі, хлусня не абвяшчаюцца свабодай слова, асабліва што звязана з адмаўленнем фактаў злачынстваў і выкарыстаннем нацысцкай сімволікі. Я б з задавальннем пераклаў на беларускую і рускую мовы закон ФРГ і ўзаконіў бы тут. Ёсць рэчы, якія ў прыстойным грамадстве рабіць нельга. Ніякай палітычнай мэтазгоднасцю і высокімі ідэямі злачынствы супраць чалавецтва не апраўдваюцца.

За што ваявалі беларусы? Сёння вельмі папулярная наскрозь ілжывая ідэя, якая сцвярджае, што нашы продкі сталі ахвярамі паміж молатам і кувалдай і нібыта нічога не разумелі. Нядаўна прачытаў, што на першай фазе вайны 98 % беларусаў падтрымлівалі немцаў і толькі 2 % змагаліся за сталінскі рэжым. Але чым была вайна з самага пачатку? Гэта чарговы разрыў адзінай тэрыторыі, гэта акупацыя розных частак па-рознаму, гэта пацыфікацыйныя дзеянні на Палессі з боку ўкраінскіх нацыяналістаў не толькі супраць палякаў, гэта этнічныя зачысткі Віцебшчыны, якія праводзіліся латышскімі паліцэйскімі батальёнамі (пра што публікаваўся не адзін зборнік). Пра такія рэчы нельга забываць. Але не для таго, каб памнажаць нянавісць і злобу. Гэта наўпрост праўдзівае адлюстраванне падзей, каб было зразумела, чаму пятнаццацігадовыя хлопцы бралі ў рукі зброю. Вельмі часта кажуць, што не было ніякага беларускага партызанскага руху, не было беларускай суб’ектнасці ў гэтым. Некаторыя сцвярджаюць, што змаганне было за нейкія сусветныя ідэалы і савецкую радзіму. Так, але вобраз Беларусі як рэспублікі быў суб’ектаваны. Некаторыя ўвогуле лічаць, што ўсе партызаны былі бандытамі. Безумоўна, былі крымінальнікі са зброяй у руках, якія рабавалі ўсіх. Але ж калі гэта выстаўляецца ў лепшых традыцыях гебельсаўскай прапаганды — гэта абраза і знявага тых, хто сапраўды змагаўся з ворагам. Гэта плявок у твар Янку Брылю, Алесю Адамовічу, Васілю Быкаву. Цікавы момант, на які звычайна не звяртаюць увагі: беларусы — самы антынацысцкі народ Усходне-Цэнтральнай Еўропы. Колькасць калабарацыяністаў, здраднікаў і тых, хто супрацоўнічаў з нацыстамі, у нас самая мінімальная з усіх астатніх еўрапейскіх краін. Калі гісторык, ці публіцыст, ці журналіст памнажае эскалацыю нянавісці, то ён нясе адказнасць у разы большую. Для таго, каб хтосьці пайшоў забіваць, патрэбна стварыць вобраз ворага.

Аляксей ЛІТВІН, загадчык аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар:

— Трэба ведаць праўду пра кожную падзею ў дэталях. Нельга прапаведаваць глыбокія філасофскія ідэі, калі мы — гісторыкі — не разабраліся ў фактах. Бо наша задача — знайсці праўду. Нас паважаюць толькі тады, калі можам прадставіць нейкую фактуру і версіі, якіх можа быць колькі заўгодна. Напрыклад, мы кажам — «Беларусь-партызанка», а што за гэтым? Чаму ў нас партызанская барацьба была законная? Савецкі Саюз не склаў зброю, як некаторыя краіны. Усім, хто крытыкуе партызанскія дзеянні, раю пачытаць нямецкія дакументы.

Павінна быць некалькі ўзроўняў — глыбокае гістарычнае даследаванне, папулярызацыя гісторыі, і ўсё гэта мае быць падтрымана дзяржаўнай праграмай. У гэтай сувязі мне бачыцца вялікім крокам перавыданне серыі кніг «Памяць», бо гэта будзе новы ўзровень.

Барыс ДАЛГАТОВІЧ, гісторык, кандыдат гістарычных навук:

— У гэтай справе важна, каб нас сапраўды пачулі па ўсёй Беларусі, бо такія мерапрыемствы трэба праводзіць у маштабе рэспублікі. Мы, гісторыкі, часта сустракаемся і дзелімся досведам адзін з адным, але гэта ўсё роўна вельмі мала ў параўнанні з тым, што можна было б арганізаваць. Людзі шмат чаго не ведаюць пра тыя жахлівыя падзеі. Узяць хаця б пытанне: колькі было абаронцаў Брэсцкай крэпасці? Чаго толькі не пішуць да нашага часу… Вядома, мы займаемся не мастацкай літаратурай. Але ўсё ж такі мы імкнёмся паднесці, паказаць сваю літаратуру так, каб яна дайшла да шырокага чытача. І ў гэтай сувязі трэба адзначыць выданні, створаныя дзякуючы Нацыянальнаму архіву і ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»: і па паліграфіі, і па змесце, і па кадрах, якія працуюць доўгія гады.

Дарэчы, у нашых мінулых праціўнікаў і саюзнікаў па Другой сусветнай вайне выдадзена ўжо больш як сто тамоў, прысвечаных гэтай тэме. Нам у Беларусі хоць бы 10 падрыхтаваць… Кадры, матэрыяльная база ёсць — і гэта галоўнае. Але патрэбная фінансавая падтрымка.

Уладзімір АНДРЫЕВІЧ, дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»:

— З улікам сучасных тэхналогій, кліпавасці падачы інфармацыі, візуальнага ўспрымання праца выдавецтва павінна таксама мяняцца. У нашых планах — адметнае сучаснае выданне энцыклапедыі спаленых вёсак Беларусі. Магчымасці ёсць: мы маем досвед, і трэба спрабаваць, трэба рызыкаваць, трэба ісці наперад. Другі праект, што плануецца, — ілюстраваная энцыклапедыя партызанаў Беларусі. Здавалася б, шмат напісана, паказана і расказана. Але побач з героікай існавала цэласнае жыццё партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. Так, можна было б звярнуцца да серыі «Памяць» — выдаць яе ў электронным варыянце. Таксама мяркуем выдаць кнігу пра канцлагер у Масюкоўшчыне.

У Беларусі не да канца ўсвядомілі ўрокі вайны, таму серыя «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці» будзе працягвацца. Мы бяром на сябе функцыю «лакаматыва», будзем выдаваць кнігі на двух ці трох мовах, каб нашу беларускую пазіцыю ўспрынялі і за межамі нашай краіны.

Насамрэч чытацкі запыт ёсць, такія кнігі выклікаюць эмоцыі асабліва ў моладзі, сцвярджаюць гісторыкі. Успомніць хаця б кнігі «З верай у перамогу. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне» ці «Боль і гнеў. Халакост і супраціўленне ў Наваградку», што была прэзентавана на выстаўцы. У розныя перыяды да апісання вайны падыходзілі па-рознаму. Новыя архівы могуць нарадзіць новыя погляды. Але беларускія вучоныя запэўніваюць: нават пры новых канцэпцыях не адкідваецца тое, што ўжо было напрацавана.

Яўгенія Шыцька

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 223 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии