Четверг, 18 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Род Свентажэцкіх: гісторыя беларускіх мільянераў, паўстанцаў і выгнаннікаў

  • Вторник, 09 апреля 2019 11:30
  • Автор  Сугучча

Баляслаў Свентажэцкі ехаў, пакідаючы за спінай паўстанне, якому будзе накавана скончыцца паразай; сяброў-паплечнікаў, якіх будзе чакаць толькі смерць і катаргі; свой дом, які хутка стане развеяным попелам; бацькоў, якім прысудзяць ссылку. Як думалася, ехаў да новага жыцця. Складана сказаць паўстанцу, што ён павінен скласці: меч ці галаву.

«Каго любіш?..»

Адна з галін роду Свентажэцкіх асела ў вёсцы Багушэвічы Ігуменскага павету (цяпер Бярэзінскі раён) Мінскай губерні. Яе набыў мінскі павятовы маршалак Тадэвуш і пабудаваў у жывапісных мясцінах радавы маёнтак. Там у 1831 годзе з’явіўся на свет яго ўнук Баляслаў Свентажэцкі, якому лёс быў наканаваны цікавы і пакручасты. Нарадзіўшыся ў заможнай шляхецкай сям’і, ён атрымаў належную для свайго паходжання адукацыю: вучыўся ў Віленскім дваранскім інстытуце і Пецярбургскім універсітэце, дзе разам з іншымі выхадцамі з Беларусі і Польшчы стаў прыхільнікам рэвалюцыйных антыімперскіх ідэй. Нягледзячы на прагрэсіўныя перакананні маладога чалавека, яго бацькі дэмакратычнасцю не вызначаліся. У 1850 г. сход прадстаўнікоў дваранства Мінскай губерні разглядаў справу «аб жорсткім абыходжанні памешчыкаў Свентажэцкіх з дваровымі людзямі і сялянамі». Справа паведамляла, што сяляне маёнтка Багушэвічы былі пазбаўлены панамі дроваў на зіму. Гэта прымусіла цэлыя сем’і пераходзіць у чужыя хаты, каб свае разбіраць на апал. У выніку, калі скончылася зіма, большасць жытла было спалена. Каб неяк выкупіць тое, што нарабілі бацькі, Баляслаў прыклаў шмат намаганняў у распрацоўцы сялянскай рэформы 1861 г.

У 1863 г. Баляслаў Свентажэцкі імкліва паглыбляецца ў змаганне — падчас паўстання Кастуся Каліноўскага выконвае абавязкі камісара Мінскай губерні, змагаецца ў атрадзе С. Ляскоўскага. Лёсавызначальныя падзеі здарыліся 8 мая. Згодна з артыкулам У. Караткевіча і А. Мальдзіса «Горад паўстае», у гэты дзень ля рэчкі Юравічы адбылася пяцігадзінная бітва паміж атрадам Свентажэцкага і царскімі жаўнерамі. Паўстанцы пацярпелі няўдачу, былі захоплены палонныя. Адзін з параненых інсургентаў захацеў піць, і тады святар Данііл Канапасевіч «грунтуючыся, відаць, на вучэнні аб хрысціянскай літасці, насыпаў яму ў рот пяску». Гордыя і апантаныя ідэяй аб свабодзе, паўстанцы, канечне, папу гэтага не прабачылі, павесілі… За што потым паплаціліся жыццём.

У радах інсургентаў пачаліся хістанні, тым больш сяляне, якіх паўстанне мела на мэце зрабіць вольнымі, амаль не падтрымалі руху. Апалінар Свентажэцкі, сваяк Баляслава, таксама паўстанец і змагар, лёс якога заслугоўвае асобнай кнігі, потым пісаў ва ўспамінах: «Сяляне зычліва развітваліся з намі: “Няхай бог таму памагае, хто да нас будзе добрым”». Пасля юравіцкага разгрому Баляслаў Свентажэцкі здае свой атрад пад кіраўніцтва Ляскоўскага. Ці то праз душэўную зламанасць, ці то праз абяцаныя дзесяць тысяч рублёў срэбрам за яго затрыманне, ён эмігруе за мяжу.

Паўстанне адгрымела, пачаўся час пакаранняў. Бацькоў Баляслава Чэслава і Ганну пад пільным паліцэйскім наглядам выслалі ў Пензенскую губерню. А маёнтак Свентажэцкіх, дзе дзейнічаў тэатр і віселі каштоўныя палотны сусветных мастакоў, па загадзе Мураўёва-вешальніка быў спалены. Пазней і радавая капліца зазнала перамены: з каталіцкай яе перарабілі ў праваслаўную і асвяцілі як царкву святога прарока Данііла, відавочна, каб ушанаваць памяць святара Данііла Канапасевіча, які калісьці «дапамог» пяском ад смагі змучанаму паўстанцу…

Баляслаў Свентажэцкі асталяваўся ў Францыі, працягваў адукацыю ў вайсковай школе Сен-Сір. Ваяваў падчас франка-прускай вайны, выконваючы абавязкі каменданта ў Алжыры. Як сцвярджае «Лебедзеўская сага», быў даверанай асобай імператара Напалеона ІІІ і нават асабіста знаёмы з расійскім царом Аляксандрам ІІ. Як быццам, і нельга сказаць, што жыццё яго склалася няўдала, калі не ўспамінаць паразу паўстання і хуткую перад гэтым эміграцыю. І хто ведае, чаму, прыехаўшы ў Венецыю па запрашэнні маці — яна пасля вяртання са ссылкі перабралася ў Італію, — з нявысветленых прычын былы паўстанец Баляслаў Свентажэцкі скончыў жыццё самагубствам.

З гісторыі роду Свентажэцкіх

Згодна з кнігай «Лебедзеўская сага», паходжанне сям’і можна прасачыць з Позняга Сярэднявечча: «Міхал Юха (Юхневіч) паходзіў ад князя Юшкі (Юшкевіч). У 1401 г. прыняў акт заключанага саюза з Польшчай, атрымаў уласны герб. Ён быў братам Фёдара Львова. З’яўляўся ўласнікам у Свістажэча ў ваколіцах Віткамяжа каля ракі Свіста. У 1555 г. атрымаў уласны герб Тромбы ад Зыгмунда Аўгаста і Радзівіла (Мікалая Чорнага?), які звяртаўся да яго як да брата. Прозвішча атрымаў ад радавога гнязда Свентажэццы…» Свентажэцкія маюць і свой герб «Трубы», альбо «Трубкі». Гэты радавы знак даволі стары, ён аб’ядноўвае 186 родаў і апісваецца яшчэ ў знакамітым гербоўніку Сярэднявечча Барташа Папроцкага «Гербы рыцарства польскага» як «тры трубы чорнага колеру, аддзеленыя адна ад адной і абрамленыя золатам, зверху ўсталяваны адкрыты шалом з залатой каронай, на якой месцяцца яшчэ дзве крывыя трубы: чорная і залатая».

Шляхціцы-бізнесоўцы

У гісторыі аб Свентажэцкіх нельга абмінуць вёску Маліноўшчына, што на Маладзечаншчыне. Гэтаму радавому маёнтку мясцовы краязнавец Антон Апанасевіч адвёў вялікае месца ў кнізе «Лебедзеўская сага». Згодна з ёй, засценак Маліноўшчына набыў пасол мінскага ваяводства Юзаф Якуб Свентажэцкі ў 1765 г. Сын Юзафа Станіслаў у 1820-я павялічвае надзел, будуе жылы дом і сямейны склеп-капліцу ў форме піраміды, да якой вяла незвычайная прысада — кожнае наступнае дрэва было даўжэйшае за папярэдняе, што стварала эфект узлёту. Свентажэцкія верылі, што такая алея аблегчыць шлях душы да капліцы. А жонка Станіслава Юстына закладае пачатак цудоўнаму рамантычнаму парку. У кнізе «Памяць» Маладзечанскага раёна апісваецца ён маляўніча: газон, рэдкія віды дрэў і раслін, цэлая водная сістэма ў выглядзе 8—12 сажалак (па розных звестках) з дамбамі і шлюзамі кожная. Пазней пачне дзейнічаць звярынец плошчай аж 90 гектараў! Там жылі сарны, фазаны, лані, рысі і іншыя жывёлы. У маёнтку былі і мядзведзі. Дрэсіраваныя, канечне. Кажуць, што калі прыязджалі да Свентажэцкіх госці, іх у дзвярах сустракалі не слугі, а мядзведзік на задніх лапах, папярэджваючы гаспадароў аб візіце. А адна з такіх экзатычных хатніх жывёл любіла пасваволіць. Аднойчы мяснік, прывёзшы ў павозцы сваю прадукцыю ў сядзібу, неабачліва пакінуў прывязанага каня. Мядзведзік, спакушаны смачным пахам, скокнуў у павозку, конь спалохаўся і панёсся куды вочы глядзяць, паказаўшы касалапаму асалоду хуткай язды. З той пары мядзведзік спецыяльна пільнаваў, калі хто-небудзь пакіне воз без нагляду, і ехаў катацца, трымаючы ў страху ўсіх мясцовых коней.

Але час росквіту маёнтка і сямейства звязаны з жыццём Міхала Свентажэцкага, удзельніка паўстання 1863 г. Яму мала было зрабіць Маліноўшчыну проста прыгожым маёнткам — Міхал хацеў стварыць прыбытковы бізнес-праект, і, дарэчы, у яго гэта атрымалася. У Германіі ён вучыцца аграноміі і вінакурэнню. А вярнуўшыся на радзіму, неўзабаве засноўвае вінна-дражджавы і крухмальны заводы, вінакурню з паравой устаноўкай, пазней трансфармуе ўсё гэта ў фабрыку па вытворчасці спірту і крухмалу (акрамя традыцыйных спірту і гарэлкі, там выраблялася і экзатычная ананасавая настойка) і дабудоўвае яшчэ мукамольны завод. Пасля смерці Міхала дабраўпарадкаванне маёнтка працягвае яго сын Баляслаў, які прыбавіў да сямейнага бізнесу яшчэ і такую галіну, як жывёлагадоўля.

У вінакурні Свентажэцкіх вырабляліся алкагольныя напоі, якія карысталіся поспехам у Расійскай імперыі, Польшчы, Аўстрыі і Італіі; прадукцыя ад свінаі рыбагадоўлі ішла ў лепшыя рэстарацыі і харчэўні Вільні, частка агародніны і кветак з цяпліц — віленскім чыноўнікам. Прыбытак прыносіў і завод па вытворчасці крухмалу і мукі. Свентажэцкія становяцца не толькі прадстаўнікамі старажытнага роду, але і сапраўднымі мільянерамі.

Загадкай паспяховасці бізнесу Свентажэцкіх можна назваць і іх талент стасункаў з падначаленымі. Напрыклад, іхнія лясы, якія працягваліся на тысячу дзесяцін, заўсёды былі дагледжаны. Гэтаму спрыяла простая жыццёвая мудрасць: мясцовым жыхарам дазвалялі бясплатна браць на дровы гнілыя і паваленыя дрэвы. У выніку і сяляне не крадуць, і лес чысты. Тым больш Свентажэцкія добра плацілі сваім работнікам. Як адзначае Антон Апанасевіч, у 1930-я гады людзі, якія працавалі на бровары і ў млыне, атрымлівалі ў сярэднім 25—30 злотых, на якія можна было набыць не менш, як 15 пудоў (240 кг) хлебу ці, напрыклад, хромавыя боты.

Паляваннем адзіным

Браты Баляслаў і Караль Свентажэцкія былі спрадвечнымі сапернікамі: у абодвух меліся бровары (у Маліноўшчыне і Яхімоўшчыне адпаведна) і жаданне даказаць перавагу ў сваёй дзейнасці. Аднак адно захапленне ўсё ж яднала нядружных братоў — паляванне, а мядзведзь у якасці здабычы быў агульнай марай. Жаданне атрымаць шкуру бурага драпежніка, які амаль не вадзіўся ў беларускіх лясах (гаворка пра 1912—1913 гады), і прымусіла Свентажэцкіх выправіцца на паляванне ажно ў Сібір! Падрыхтоўка і дарога занялі шмат часу, так што Караль, Баляслаў і егер Савіцкі з яго маёнтка апынуліся на месцы толькі ўзімку. Браты абурыліся, што не паспелі застаць мядзведзяў у стане бадзёрасці, але мясцовы егер цвёрда запэўніў: «Не турбуйцеся! Будуць грошы — будуць і мядзведзі». І сапраўды, атрымаўшы плату, сібіране пачалі шукаць бярлогу і будзіць паляўнічую мару Свентажэцкіх. Баляслаў і Караль заселі ў засадзе, чакаючы здабычу, а іх егер уладкаваўся трохі наводдаль на пагорку. Мядзведзя знайшлі і нават разбудзілі, але, праспаўшы не так доўга, ён яшчэ добра арыентаваўся ў прасторы і пайшоў на паляўнічых зусім не з таго боку, адкуль яго чакалі. Жывёла падкралася са спіны братоў Свентажэцкіх. Яшчэ хвіліну — і ролі здабычы і паляўнічых маглі змяніцца: Баляслаў, павярнуўшыся на шоргат галля і ўбачыўшы велізарную постаць мядзведзя, не паспеў і слова вымавіць, як раздаўся стрэл, і жывёліна ўпала ніцма на плячо спадара Караля. Светажэцкіх выратаваў егер Савіцкі.

У падзяку за выратаванае жыццё Баляслаў падараваў свайму егеру вялікі кавалак зямлі. Нягледзячы на сібірскія прыгоды, паляванне для братоў Свентажэцкіх заставалася ўлюбёным заняткам да самай смерці.

Канец эпохі

У верасні 1939 г. апошні ўладальнік Маліноўшчыны Зыгмунд, сын Баляслава, вымушаны быў тэрмінова пакінуць радзіму, аддаўшы савецкай уладзе свой дом, скарб, справу і старое жыццё. Першае, што зрабілі новыя гаспадары, — адчынілі труны, а астанкі памерлых Свентажэцкіх спалілі. Капліца ў форме піраміды, да якой вяла алея, дапамагала арыентавацца не душам, а чырвонаармейцам, якія складалі ў пахавальні боепрыпасы. Кажуць, з тых часоў з усыпальніцы даносіцца шум, нібы валяцца камяні і сыплецца пясок. А з катакомбаў выходзіць здань — быццам старая жанчына ў шэрай сукенцы падае на калені і моліцца за сваякоў, прах якіх патрывожаны…

Ганна Варонка

Ілюстрацыя: Сядзіба Свентажэцкіх, 1930-я гг. Справа — Баляслаў Свентажэцкі і яго жонка Яніна Янкоўская.

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Пад знакам крывых труб

Прочитано 224 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии