Среда, 11 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

У Мінску прадставілі ўнікальную рэканструкцыю акта Люблінскай уніі

  • Понедельник, 11 ноября 2019 11:26
  • Автор  Сугучча

Наша краіна сёлета адзначае шмат юбілеяў, якія звязаныя з самымі рознымі падзеямі гісторыі. Адзін з іх — 450-годдзе з моманту падпісання Люблінскай уніі паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім. З гэтай нагоды ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася выстаўка «Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі», арганізаваная Польскім інстытутам у Мінску. 

На выстаўцы прадстаўлена гістарычная рэканструкцыя акта Люблінскай уніі са збору Музея гісторыі Польшчы. Арыгінал акта Люблінскай уніі знаходзіцца ў калекцыі пергаментных дакументаў Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве. Тэкст акта быў падрыхтаваны ў двух экзэмплярах для кожнага з бакоў — Кароны і Княства. Польскі асобнік, падпісаны дэпутатамі Кароны, прызначаны для Вялікага Княства Літоўскага, не захаваўся да нашых часоў. Існуючы акт уніі — гэта асобнік Вялікага Княства Літоўскага. Ён зацверджаны пячаткамі сенатараў і дэпутатаў ВКЛ.

Арыгінал акта уніі захаваўся ў адносна добрым стане, аднак ён недаступны шырокай грамадскасці — гэта абумоўлена далікатнасцю артэфакта, спецыфічнымі патрабаваннямі да ўмоў яго экспанавання. Таму было прынята рашэнне аб стварэнні рэстаўрацыйнай копіі, якая паўтарае матэрыялы і тэхналогію вырабу арыгінала. Работа над стварэннем гістарычнай рэканструкцыі дакумента вялася каля двух гадоў. Экспазіцыю выстаўкі дапаўняюць гістарычныя хронікі, а таксама статут ВКЛ 1588 года з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа. Акунуцца ў адну з ключавых гістарычных падзей Усходняй Еўропы наведвальнікам дапамагае і рэпрадукцыя карціны Яна Матэйкі 1869 года. На палатне аўтар адлюстраваў фактычна ўсю палітычную эліту таго часу ў зале Люблінскага замка ў момант падпісання акта.

— Паміж намі вельмі шмат агульнага. І трэба заўважыць, што Польшча і Беларусь аднолькава адказна ставяцца да захавання гістарычнай спадчыны, — адзначыў на адкрыцці праекта Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі. — Рэч Паспалітая аб’ядноўвала розныя культуры і нацыі, таму мы разам сёння клапоцімся пра тое, каб захавалася не толькі памяць, але і нашы сувязі. Таму гэты праект магу назваць удалым прыкладам культурнага супрацоўніцтва. Заўважна, наколькі Нацыянальны гістарычны музей Беларусі зацікаўлены ў развіцці і даследаванні гісторыі. Плённая праца ў такім кірунку будзе спрыяць далейшаму развіццю культуры Беларусі.

Арганізатары з беларускага боку ўпэўнены, што калі разглядаць Люблінскую унію з пункту гледжання працэсу, то можна знайсці шмат як станоўчых, так і адмоўных момантаў. Але ж важна адно: нашчадкі не губляюць магчымасці разглядаць і згадваць гісторыю не як спаборніцтва, а як культурны сінтэз і памяць.

Дарэчы, Люблінская унія у 2018 годзе была ўнесена ў Сусветны рэестр ЮНЕСКА «Памяць свету» па захаванні сусветнай дакументальнай спадчыны. Дакумент быў прадстаўлены як сумесны запіс пяці краін — Польшчы, Літвы, Украіны, Беларусі і Латвіі.

— Выстаўка, якую мы адкрылі, выклікае цікавасць з пункту гледжання мастацкага, гістарычнага і адукацыйнага працэсу, — адзначыў на ўрачыстым адкрыцці дырэктар Нацыяльннага гістарычнага музея Беларусі Павел Сапоцька. — Арганізоўваўся праект з пачуццём гонару і адказнасці за нашу гісторыю: 450-годдзе з дня падпісання Люблінскай уніі — знакавая падзея. Нашым супрацоўнікам было цікава працаваць над праектам і з практычнага, і з навуковага боку. Калісьці я меў магчымасць дакрануцца да галоўнага аб’екта выстаўкі падчас сваіх вандровак і тады падумаў, што яго абавязкова павінны ўбачыць у роднай Беларусі. Паразмаўляў з навукоўцамі, рэстаўратарамі, якія працуюць у Музеі гісторыі Польшчы, і зразумеў, наколькі складана было зрабіць копію акта. Такі праект нам цікавы і тым, што нашы школы рэстаўрацыі могуць абменьвацца досведам, што вельмі каштоўна.

Люблінская унія

Люблінская унія

Зараз Нацыянальны гістарычны музеі Беларусі і музей гісторыі Польшчы знаходзяцца ў аднолькавых умовах — праектавання новых будынкаў для экспазіцый. Гэты момант, безумоўна, спрыяе карыснаму супрацоўніцтву. Сёлета таксама спаўняецца 25 гадоў дзейнасці Польскага інстытута ў Мінску, што сведчыць пра плённую працу ўстановы на тэрыторыі нашай краіны. Выстаўка «Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі» адкрыла шэраг святочных культурных мерапрыемстваў, якія Польскі інстытут плануе правесці ў Мінску.

Вікторыя Аскера, фота аўтара

Загаловак у газеце: Культурны сінтэз праз захаванне памяці

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 53 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии