Среда, 30 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Клецк: падарожжа ў часе  

  • Среда, 15 июля 2020 15:26
  • Автор  Сугучча

Андрэй Блінец – вядомы на Міншчыне краязнаўца. Працуе ў Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе. Доўгі час на старонках Клецкай раённай газеты краязнаўца вёў гісторыка-асветніцкую старонку «Карані». Друкуецца дасведчаны аўтар і ў рэспубліканскіх газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда». Галоўны прадмет даследаванняў апантанага збіральніка памятак гісторыі Бацькаўшчыны – родная Клецкая старонка. Падзеяй для развіццця краязнаўства на Клеччыне стала выдадзеная ў свой час у мінскім выдавецтве «Друк-С» кніга А. Блінца «Клецк: Старонкі даўняй гісторыі».  

«Клецк – адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі, які мае багатую і, на жаль, маладаследаваную гісторыю. Падзеі далёкай мінуўшчыны не знаходзілі адлюстравання ў летапісах аж да XII ст. Першыя звесткі пра наш горад датаваныя 1127 г. Адсюль і ідзе адлік гісторыі Клецка, які нядаўна адзначыў 880-годдзе. Але ж гарады нараджаюцца не за адзін дзень, і нават не за адзін год. Ад моманту заснавання да моманту, калі назва паселішча трапляе на старонкі летапісаў,  можа прайсці шмат часу,» – так пачынае расповед у першым раздзеле «Узнікненне і ранняя гісторыя горада» Андрэй Блінец. Усяго кніга складаецца з васьмі раздзелаў. Акрамя першага, які мы ўжо назвалі, праца падзелена на наступныя часткі: «У складзе Вялікага княства Літоўскага»; «Клецкая бітва 1506 г.»; «Час каралевы Боны»; «Клецкія Радзівілы. Пачатак дынастыі»; «Перад “патопам” і пасля»; «Васямнаццатае стагоддзе»;  «Мястэчка Слуцкага павета». Завяршаюць кнігу два дадаткі – храналогія «Некаторыя моманты гісторыі Клецка» і даведка генеалагічнага характару «Клецкія Радзівілы».

Шматстаронкавы аповед, які багата ілюстраваны, завяршаецца падзеямі 1914 года. Згадваюцца папулярныя ў свой час так званыя гісторыка-эканамічныя нарысы пра гарады Беларусі. Як правіла, гісторыя раённых цэнтраў ў 1970-1980-ыя гг. выкладалася зусім ў няроўных адносна часу прапорцыях. Перыяду да 1917 года адводзілася ўсяго некалькі старонак. А ўсё астатняе месца  ў кнігах прысвячалася савецкаму перыяду. Такая ж доля спаткала і Клецк. Андрэй Блінец парушае стэрэатыпы. Несумненна, спрыяюць гэтаму іншы час, іншыя магчымасці, большая крыніцазнаўчая база. Калі займаешся старажытнай гісторыяй Беларусі, Клецк і яго ваколіцы складана абыйсці ўвагай. Таму, зразумела, і лагічны зварот аўтара да работ такіх дасведчаных гісторыкаў і гістарычных пісьменнікаў, як Мікола Ермаловіч, Валерый Пазднякоў, Станіслаў Думін, Ібрагім Канапацкі, Генадзь Сагановіч, Кастусь Тарасаў, Вітаўт Чаропка, Уладзімір Сазановіч. Але ж аснова кнігі, аснова, калі хочаце, уласнай аўтарскай канцэпцыі ў выкладанні Клецкай гісторыі ў Андрэя Блінца носіць арыгінальны характар, відавочна падкрэслівае ўласныя арыгінальныя і дастаткова сістэматызаваныя і абгрунтаваныя падыходы ў асвятленні мінуўшчыны.

Месцамі даследчык аспрэчвае даўно прынятыя за ісціну высновы тых ці іншых аўтараў. І робіць гэта аргументавана, выбудоўваючы пераканаўчую логіку. Падаецца зусім правільным меркаванне, напрыклад, пра тое, што войска ВКЛ падыйшло «да Клецка карацейшай дарогай з боку Нясвіжа» 5 жніўня 1506 г. Хаця раней лічылася іначай: войска, маўляў, падыходзіла з поўдню, з Пінскага тракту, з боку в. Кухчыцы. Дарэчы, неабходнымі і  істотнымі падобнага кшталту высновы і іх абгрунтаванне  ўяўляюцца яшчэ і таму, што беларускі гістарычны матэрыял павінен быць прадметам разгляду ў вывучэнні шэрагу спецыяльных вайсковых дысцыплін.

Дастаткова цікавым падаецца раздзел «Час каралевы Боны». Тут варта акрэсліць наступную акалічнасць, якую заўважае А. Блінец і такім чынам патлумачвае зварот да важнага гістарычнага персанажа – каралевы Боны Сфорцы: «Цэнтрам уладанняў Боны на Беларусі быў Пінск. У сваіх гарадах і маёнтках каралева будавала замкі і касцёлы, адкрывала школы і шпіталі, праводзіла меліярацыю, садзейнічала асваенню новых зямель, спрыяла развіццю садоўніцтва і агародніцтва. У агульным шэрагу, Клецк разам з воласцю не быў буйным уладаннем, але займаў прыкметнае месца сярод іншых. адметна, што менавіта тут адбылася адна з першых гаспадарчых рэформ Боны. У 1524 г. было закладзена мястэчка Сіняўка.»

Кнігу «Клецк: Старонкі даўняй гісторыі», безумоўна, можна разглядаць як выдатны, па-свойму ўнікальны дапаможнік па вывучэнні гісторыі Клецка і ваколіц. Найперш – для агульнаадукацыйнай школы і для ўсіх зацікаўленых. Выклікае шкадаванне, што тыраж кнігі роўны ўсяго 200 асобнікам. А праца Андрэя Блінца, відавочна, магла б быць цікавай не толькі на Клеччыне, а і ўвогуле чытачам усяе Міншчыны і Беларусі. Застаецца чакаць працягу даследавання і яго новае выданне. Такім выданнем магло б быць узнаўленне кнігі ў прэстыжнай серыі выдавецтва «Беларусь» «Падарожжа па родным краі», дзе ў апошні год пабачылі свет цікавыя краязнаўчыя даследванні Міколы Гайбы, Юрыя Кур’яновіча, Ігара Пракаповіча, Алеся Марціновіча і іншых аўтараў. Будзем спадзявацца, што і кніга даследчыка мінуўшчыны Клеччыны таксама пабачыць свет у гэтай серыі.  

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 67 раз Последнее изменение Среда, 15 июля 2020 16:23