Среда, 30 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

На ўсе вякі Зямлі – Радзіме песень жыць! 120-годдю з дня нараджэння Салаўя беларускага мацерыка

  • Воскресенье, 14 июня 2020 00:54
  • Автор  Сугучча

Міхалу Іванавічу Забэйду-Суміцкаму /14.06.1900 – 21.12.1981/ прысвячаецца.

У 1970-х гадах быў напісаны мною верш «На ўсе вякі» /Гашма/, дзе выляталі салаўі са слоў Забэйды і выяўлялася Радзіма з-пад крыла ашчадных і цярплівых сноў Забэйды. Я радаваўся, узгадваючы славутага спевака, што «Яшчэ адна вясна яго знайшла!» Але 6 студзеня 1978 г.я змаркоціўся, калі атрымаў ад Міхала Іванавіча ліст з такімі словамі: «Моцна хварэю і не ведаю, ці яшчэ адна вясна мяне знойдзе». Знайшла! І знайшоўся гэты верш у перакладзе на англійскую мову Алены Таболіч. Потым змешчаны ён быў у зборніку вершаў на беларускай мове і ў перакладах на англійскую і французскую мовы пад назвай «На ўсе вякі…» /2011/

Пазней з верша ўзнікла песня «Салаўіная страла», створаная кампазітарам Алегам Чыркуном, і ў 2006 г. змешчана на старонках спеўніка «Дабравест» /Песні на словы Сяргея Панізьніка/. Я па-дабравестаўску цяпер гукаю так:
            ‒ На ўсе вякі Зямлі – Радзіме песень жыць! / І будзем, будзем нашу памяць варушыць,
            Забэйдавымі салаўямі даражыць, / Запевамі вясны з палёў Забэйды.

А першыя запевы з палёў Забэйды я, курсант факультэта журналістыкі Львоўскага ваенна-палітычнага вучылішча, знайшоў у архівах Львоўскай нацыянальнай навуковай бібліятэкі АН Украіны імя Васіля Стэфаніка. Сярод іншых неверагодных знаходак для беларуса са школьнай адукацыяй, мяне асабліва ўзрушыў архіў  польскага часопіса «Sygnaly». З гэтым дэмакратычным выданнем зналіся беларусы Вільні, рыхтуючы артыкулы для публікацый. І вось ілюстрацыі да іх: выявы Галубка, Чарота, Машары, Максіма Танка, Маракова, Ясакара, Гушчы, Знаёмага, паштоўка правадыра паўстання  Каліноўскага… З дзесяткаў выяваў трапіла на вочы і такая: «Міхась Забэйда-Суміцкі, саліста оперы». Чытаю на адвароце фотакарткі надпіс: Вельмі паважанай пані Марысі Шутовічанцы на памятку аб канцэрце 5 мая 1938 г. у Вільні. М. Забэйда. 5-V-1938».

Пра Забэйду мне яшчэ ў Мінску цікава распавёў наведнік Прагі пісьменнік Язэп Семяжон. Прайшоў некаторы час, і калі на канцэрце ў філармоніі  выступаў акампаніятарам піяніст Альфрэд Голечэк з Прагі, я асмеліўся ў перапынку запытацца ў яго пра Забэйду. Чэх з радасцю адказаў, што ён часта выступае са спеваком на канцэртах і даў няпэўны яго адрас. 18.ХІ.1966 г. я напісаў далікатны ліст паважанаму прафесару  і праз некаторы час арымаў адказ ад  паўсюль знанага ў Празе жыхара.

Перапіска з дзядзькам Міхалам доўжылася некалькі гадоў. Вось 13 лютага 1974 г атрымаў з Прагі ліст. Прывяду толькі адну цытату: «Твой верш «І застануся песняй» мне вельмі спадабаўся.  Спадабаўся ён і Янку Шпаку, які сказаў: «Малайчына Панізнік». Узяў твой адрас. Будзе табе пісаць.» З Янкам Шпаком – навукоўцам, перакладчыкам  трымаю сувязь да гэтага часу.

Творчы і жыццёвы шлях Спевака я пранікнённа вывучаў, і таму мог дазволіць прамаўляць у вершы нібыта ад яго імя: «…бо цэлы свет я пераліў у песні,
                                                 а песні ў жылы ураслі мае,
                                                 каб азываць шчаслівыя прадвесні
                                                 і пазнаваць радзінныя кругі…
                                                 І хай я застануся толькі песняй
                                                 якую не стрымалі берагі.
                                                          /З верша «І застануся песняй» Міхалу Забэйду-Суміцкаму/

А берагі жыцця нашага суайчынніка былі ого якія высокія і разлеглыя. Накручаны яны на планету вось як: ад Маладзечна /1914–1915/ да Смаленска /1918/, ад Усць-Калманскага каля Барнаула да Харбіна /1929–1932/.  А яшчэ былі такія прыстані: Шанхай, Ганконг, Сінгапур, Бамбей, Каломба, Порт-Саід, Венецыя і Мілан. Алнаго разу Міхал Іванавіч пахваліўся падарункам міланскага прафесара Фернандо Карпі з аўтографам італьянца ў перакладзе: «Майму даражэйшаму вучню сеньёру Міхалу Забэйду на добры ўспамін і з найлепшымі пажаданнямі.  Фернандо Карпі».

Пасля Італіі  першае выступленне ў 1935 г. было на Бацькаўшчыне – у Ружанах. Потым Забэйду сустракалі  Баранавічы, Брэст, Беласток, Вільня, Варшава. У 1940 г. з пакутаў Варшавы яго ўратавала Прага. Пісаў Міхал Іванавіч: «Удалася мне песня Б.Сметаны «Кдо в златэ струны заграт зна…» З яе зместа вынікае: «Той народ не загіне,  пакуль яму вяшчун спявае; бо песня ў небе народжана – і ў смерць жыццё ўлівае». Слухачы акупаванай немцамі Прагі зразумелі сэнс песні і дамагаліся паўтору… А потым мяне клікалі ў гестапа».

М. І. Забэйда-Суміцкі выступаў у Рызе ў 1937–38 гадах. А ў верасні 1943 г. беларускія актывісты Латвіі зладзілі выступленні спевака ў Рызе, Даўгаўпілсе, Краславе, Індры, Лудзэ, Зілупэ, Пасіене. Акампаніятарам на гастролях была настаўніца спеваў у І-ай Рыжскай беларускай школе Вольга Васільеўна Бароўская, жонка Уладзіміра Пігулеўскага. А 28 верасня латышы запрасілі пражскага госця выступіць з канцэртам ва  ўніверсітэцкай зале Рыгі. Прагучала 15 твораў  у яго выкананні.

Дзівосы, але праз 20 гадоў Міхал Іванавіч  зноў правёў вялікае творчае турнэ. У 1963 г. па запрашэнні Міністэрства культуры БССР ён здзяйсняў гастрольную паездку па Беларусі. На дзесяці мовах свету гучалі  песні на яго канцэртах у Мінску, Гродне, Ваўкавыску, Слоніме, Лідзе, Баранавічах, Віцебску, Магілёве, Гомелі. Архіў нагадаў надпіс на адвароце гастрольнага фотаздымка, дзе заснятыя Максім Танк, Янка Брыль, Ларыса Александроўская, Язэп Семяжон, Міхась Забэйда-Суміцкі, Пімен Панчанка, Янка Скрыган, Рыгор Цішчанка: «Дарагі і паважаны Міхась Іванавіч! Мы, студэнты БДУ імя В.І. Леніна і ўся моладзь зямлі беларускай, выказваем Вам сардэчнае дзякуй за тыя незабыўныя дні, калі мы чулі Ваш цудоўны голас, бачылі Вас  на сваёй роднай бацькаўшчыне!!! Гэтыя хвалюючыя  хвіліны сустрэчы мы захаваем у сваім сэрцы на ўсё жыццё і будзем расказваць аб іх сваім децям, як аб найдаражэйшым падарунку.  Ад душы жадаем Вам доўгх год жыцця і вялікага шчасця!

Мінск, 15 мая, першы канцэрт. Мікола Пашкевіч, Вячаслаў Рагойша, Леанід Акаловіч.»

Узрушыла мяне такое выказванне самога спевака, вычытанае ў кнізе «Мастацтвам за мір» /1962 г./: «Паводле таго, што я чытаў пра сябе ў друку, павінен быў нарадзіцца, прынамсі, у трох, ці нават чатырох месцах: гэта – Шэйпічы, Несцяровічы і проста  на лузе – на сенакосе.

Гэты мой верш  быў напісаны з маркотнымі думкамі, але створаны  ён быццам ад імя несцяровіцкага гаспадара…
                                             Несцяровіцкі сенакос
                     Я – у выраю, сумным выраю…
                     Толькі песня і можа вырвацца,
                     легчы крыламі на пакос –
                     несцяровіцкі, дзе я ўзрос.
    Тут на ростані, пражскай ростані
    толькі песня адчуе вёрстамі
    шлях да роднай маёй зямлі,
    дзе гняздуюцца жураўлі,
                   сена косіцца… Песня просіцца
                  з-пад сіроцкага ў Празе просінца*
                  на курган-гару пераплыць.
    Сенакос ідзе. Мне там быць!
    Песня родная – міраносіцца:
    шлях мой здолее азарыць.
–––––––––––––––––––––––––––
Просінец /чэшс./ – снежань.

Партрэты (ахіўныя здымкі)

Пасля канцэртаў ў Празе (архіўныя здымкі)

Прага. 1973 г. Міхал Забэйда-Суміцкі, Вацлаў Жыдліцкі, Уладзімір і Валянціна Караткевічы, 01.07.1973 г.

1972, Прага

У Вільні (Міхал Забэйда-Суміцкі з Рыгорам  Шырмам, Канстанцінам Галкоўскім, Людамірам Рагоўскім. Вільня, 8.05.1938.  Максім Танк выглядае з апошняга шэрагу)

М. Забэйда-Суміцкі ў Рэгравым садзе

1972, Прага

1972, Прага

1972, Прага

1972, Прага

Міхал Іванавіч на фоне Градчанаў,16.05.1973 г. 

У 1990 г. пры Нацыянальным культурна-асветным цэнтры імя Ф. Скарыны дзякуючы старанням Адама Мальдзіса услед за Аб'яднаннем сяброў польскай культуры было створана Аб'яднанне сяброў чэшскай і славацкай культур імя М. І. Забэйды-Суміцкага.  Яго спадкаемцамі ў Празе выказалі быць Вацлаў Жыдліцкі, Міласлаў Зіма, Надзея Кастэцкая. Адным з першым мерапрыемстваў Аб'яднання  быў вечар, прысвечаны Забэйду, у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Яго праводзіла доктар Ірына Шаблоўская, выступалі Ганна Сурмач, Іван Шпак, Надзея Батурыцкая, Янка Саламевіч. Пазней мне пры Доме дружбы даверылі выконваць абавязкі старшыні таварыства «Беларусь–Чэхія».

І яшчэ  адно вяртанне Забэйды-Суміцкага. У Львове я пачаў супрацоўнічаць з рэдакцыяй газеты «Голас Радзімы». І вось аднаго разу перадаў для публікацыі матэрыял, атрыманы з рук дзядзькі Міхася   ў Празе. Гэта была манаграфія  Міколы Шчаглова «Беларускі салавей. /Міхась Забэйда-Суміцкі/». Даследаванне апублікавалі  ў нумарах 5 – 10 за 1994 год. Быў змешчаны мой уступны артыкул «Яшчэ адно вяртанне Забэйды-Суміцкага», а ў тэкстах Мікалая Мікалаевіча Шчаглова-Куліковіча /4.04.1893–31.03.1969/– паэта, этнографа, кампазітара, педагога, дырыжора, аўтара операў, сімфоній, вакальных твораў –  чытач знйшоў цікавыя дадаткі: вершы Алеся Салаўя,  Янкі Сіпакова, Сяргея Грахоўскага, Максіма Танка, Віктара Шведа, Рыгора Барадуліна… Сам жа Шчаглоў закончыў сваё даследаванне  такімі словамі: «Беларусь ніколі не забудзе свайго салаўя». У такім спадзеве я прачытаў і радкі паэта Віктара Шведа:

                              Дык хай далей чулліва так / Старонку родную ўслаўляе
                              Заўсёды малады мастак / І яго песня маладая.

А наступны год, 1995-ы, зафіксаваны на скрыжалях гісторыі такімі радкамі. 29.мая 1995 г. Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі правяло вечарыну, прысвечаную 95-годдзю беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага. На запрашальніку быў надрукаваны верш Наталлі Арсенневай «Салавей», які пачынаўся такімі радкамі:


                                       З выраем звонкім, што зь ветрам плыве,
                                       Зноў ты да нас прыляцеў, салавей,
                                       Роднаю песьняй нас песьціць…

 

Мною былі прадстаўлены архіўныя матэрыялы, якія падарыў мне ў Празе знакаміты Салавей. А на выступленні Адам Мальдзіс прапанаваў адкрыць мемарыяльную дошку ў Празе на доме, дзе жыў Забэйда-Суміцкі, і выдаць пра яго кнігу успамінаў.

Успаміны не міны. Любоўю былі напоўнены хвіліны выступленняў і на вечары, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Спевака. У Доме дружбы выступалі Віктар Скарабагатаў з «Беларускай капэлай», Алесь Бажко, якому Забэйда дапамог калісці паступіць на вучобу ў Варшаўскую кансерваторыю. Лагодна рамаўлялі Надзея Батурыцкая, Ганна Запартыка, Адам Мальдзіс. Сяргей Грахоўскі і я чыталі вершы-прысвячэнні Забэйду-Суміцкаму. Мне пашчасціла быць яго госцем у Празе, слухаць жывы голас і даўнія кружэлкі, перапісваць яго вялізны архіў. Мы блукалі па Празе, сустракаючы ўдзячных вучняў  славутага педагога. Над Влтавай лунала рэха Скарыны, каля Рэгравага саду нібыта чулі крокі Купалы. А ў 1973 г. на развітанне дзядзька Міхал падарыў мне на памяць аб нашым супрацоўніцтве чэшскі погар-келіх. Ва ўдзячнасць за гэты звонка-светлы дарунак і напісаны быў верш. Бо сам Забэйда-Суміцкі незабыўны. Яго песенная душа, кружляючы па розных землях, гасцюючы сярод розных народаў, сваёю існасцю атуляе Беларусь. Голас нашага славутага земляка яшчэ будзе служыць і Радзіме.


                                                        Келіх Забэйды
                                  Сыходзілі дні з маладога папасу.
                                 Крутымі шляхамі планіда вяла.
                                 І маміна кварта сіроцкага квасу
                                 паўнюткай ніколі ў руках не была.
     У вырай узнёсся ўзнадзеены голас,
     ў сумоўе народаў як свой узляцеў,–
     каб родную песню выводзіць у колас…
     І срэбраны келіх яго не пусцеў.
                                 Высокая слава скубла адзіноту.
                                 Спазнаў Салавей: дзе бяда, дзе віна…
                                 Не чула Радзіма апошнюю ноту.
                                 Быў срэбраны келіх дапіта да дна.
     Ад нас не затулена пражскае сонца,–
     на келіхі-вежы паважна глядзіць.
     А золатам промніка ў срэбнае донца
     пастукае Памяць – імя загудзіць.
                                 Яшчэ запяе нам Забэйда-Суміцкі!
                                Над матчынай квартай абсыпецца гром.
                                Збярэцца раса ля самотнай сунічкі.
                                Напоўніцца келіх жывым серабром.

Пра вечарыну ў Доме дружбы, прысвечаную  100-годдзю спевака,  Святлана Берасцень / у газеце «ЛіМ» 7.97.2000 г./пісала: «Застаецца спадзявацца, што 110-я ці 120-я гадавіна будзе адзначана з большым размахам, ва ўрачыстай абстанойцы, з акрыццём помніка Забэйду на яго роднай Пружаншчыне».  Магу дадаць: хто будзе блукаць па Пружаншчыне, то каля Шэйпічаў напаткае вялізны валун з памятнай мемарыяльнай дошкаю ў гонар земляка.

А Келіх духоўнай існасці Забэйды напаўняецца жывым серабром.  25 красавіка 2018 года у Маладзечне прайшла Навукова-краязнаўчая канферэнцыя «Міхась Забэйда-Суміцкі і беларуская песня». У бібліятэку імя Максіма Багдановіча запрасіў на сустрэчу цікавых асобаў  супрацоўнік бібліятэкі, краязнавец, літаратар, выдавец Міхась Міхасевіч Казлоўскі. Да выступоўцаў Вячаслава Чамярыцкага, Алеся Горбача /аўтар даследавання «Песняй даваў людзям радасць». «Тэхналогія», 2007 г./, Сяргея Чыгрына, Віктара Шніпа, Уладзіміра Мароза далучыўся і я сваім вершам «Скіба спатолі», прысвечаным навучэнцу Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, дзе ёсць такія радкі:

                    Вы госць адвечны для Маладзечны, для Шэйпіч – глыба.
                    Уявім: песня плыве з прадвесня – спатолі скіба з выявай німба.

А скібу спатолі сусветнавядомага тэнара падтрымлівалі Канстанцін Галкоўскі, Людамір Рагоўскі, Рыгор Шырма, Мікола Шчаглоў, пражская суседка Надзея Кастэцкая, Максім Танк, Сяргей Грахоўскі… Пра творчыя ўздымы нашага героя і паэт Сяргей Крывец калісці выказаўся: «Так, мы горды і рады за сваю песню. Мы горды і рады за свайго спевака». «Сваім» лічыў Забэйду і чэх Владзіслаў Марцінец: «І тую пераможную красу і зачараванне Вашымі песнямі магу вытлумачыць толькі так: цудоўныя музычныя паэмы перажывае, адчувае і творыць шляхотнай адухоўленасцю, гарачым сэрцам мастак, чала каторага дакрануўся геній».
– Забэйда – Су–мі–і–цкі! Гэй-й, да –
                                                                          лёкае рэха коціцца…

Так вось нагадваў нам, як песня матчына лашчыцца –  Рыгор Барадулін, яшчэ адзін геній нашай вякоўнай зямлі.

 

Сяргей Панізьнік

Фота аўтара

   
  

Прочитано 134 раз Последнее изменение Понедельник, 15 июня 2020 02:00