Среда, 30 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Наваградскі край: асобы і паселішчы. Сюжэты і вобразы Канута Русецкага

  • Вторник, 26 мая 2020 00:50
  • Автор 

Вандруючы па Карэліччыне, Наваградчыне, узіраючыся ў пагоркі і лугавіны, пералескі і хутары, маленькія вёсачкі, заўсёды падыходзіш да думкі, як і хто тут жыў, апрацоўваў зямлю, цешыўся сонцу і вадзе ў мінулым часе. І тады пачынаеш прыгадваць, якія ж дакументальныя крыніцы здольны праілюстраваць тую далёкую-далёкую даўніну…

Адным з яркіх сведчанняў пра Наваградчыну, Навагрудак, Карэліччыну, Мірскі край і іх блізкія ваколіцы з’яўляецца частка творчай спадчыны яркага, цікавага мастака XIX стагоддзя Канута Русецкага (1800 – 1860), які нарадзіўся ў вёсцы Сцебякі Панявежскага павета Ковенскай губерні. Пачатковую адукацыю мастак атрымаў у суседніх са Сцебякамі Трашкунах. У 1816 годзе Канут Русецкі паступіў на факультэт права, а крыху пазней на аддзяленне архітэктуры фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Але ўжо ў гэты час у маладога чалавека выявілася цяга да выяўленчага мастацтва. Урокі, якія Русецкі атрымаў у вялікага настаўніка і жывапісца Яна Рустэма, вывелі творцу на новыя далягляды. Дарэчы, у той самы час у Рустэма ў Вільні вучыўся і Валенцій Ваньковіч. Дэбют Канута Русецкага адбыўся на мастацкай выстаўцы ў Вільні 15 чэрвеня 1820 года. Гэта была першая мастацкая выстаўка студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Упершыню былі прадстаўлены 136 карцін 23-х маладых мастакоў. Сярод іх – працы Вінцэнта Смакоўскага, Валенція Ваньковіча, Багуміла Кіслінга, Караля Рачынскага, Ежы Верэцкага, Марціна Янушэвіча, Ігнація Клюкоўскага, Эдуарда Яна Ромера і іншых таленавітых творцаў. Хаця і бальшыня з іх лічылася і лічыцца польскімі ці літоўскімі, часам рускімі мастакамі, літаральна ў кожнага з іх свая повязь з Беларуссю, беларускімі творцамі. Вінцэнт Смакоўскі – аўтар даследвання пра Ваньковіча, які з’яўляецца ўраджэнцам Ігуменшчыны, Бярэзіншчыны. Эдуард Ян Ромер выхаваў беларускім мастаком свайго Альфрэда Ісідара Ромера (1832 – 1897), чый жыццёвы шлях завершыўся ў Каралінаве на Пастаўшчыне, у Віцебскай старонцы.

На выстаўцы 1820 года Канут прадставіў тры копіі алеем – «Венера і Купідон» Хасэ дэ Рыберы, «Давід» Дамініка Феці, «Аўтапартрэт» Рэмбрандта і акварэль паводле твора свайго настаўніка Яна Рустэма «Партрэт Адама Ежы Чартарыйскага». Тагачасная крытыка высока ацаніла работы К. Русецкага. Хаця хапала і крытычных водгукаў на выстаўку. Нават Ваньковічу і Клюкоўскаму дасталіся крытычныя стрэлы. Праўда, у бальшыні выпадкаў крытычныя выпады насілі ананімны характар. Цікавіла Русецкага і скульптура. Сярод яго настаўнікаў быў і Казімір Ельскі – ураджэнец гродзенскіх Эйсмантаў, скульптар, архітэктар. Некаторы час скульптурныя творы К. Русецкага знаходзіліся ў Віленскім універсітэце. У 1820 – 1821 гг. Канут займаўся і ў літаграфічнай майстэрні.

З 1821 года пачынаюцца творчыя вандроўкі Русецкага па Еўропе. Спярша мастак спыніўся на некаторы час у  Варшаве. У сваім падарожным дзённіку Канут запісаў наступнае пра варшаўскіх прафесараў: «Развітаўшыся з імі, выехаў з абсалютна іншым меркаваннем пра варшаўскую школу ў параўнанні з тым, што меў раней». Адзінае станоўчае ўражанне ад Варшавы – знаёмства з карцінамі Марчэла Бачарэлі, які лічыўся мясцовым класікам. Затым – Францыя, вучоба ў прафесара Гіёма Гіён-Лецьера, французскага мастака-неакласіцыста. Канешне ж, у маладога творцы быў шырокі выбар, якім шляхам пайсці далей. Парыж першай чвэрці XIX стагоддзя, як і ўвогуле Парыж усіх часін, – мастацкая Мекка. А тады ў час творчай камандзіроўкі Канута Русецкага тут свае мастацкія агледзіны часу здзяйснялі такія яркія асобы, як Абель дэ Пюжоль, Жан Віктар Адам, Антуан Вест’е, Мары-Ніколь Вест’е, Жан-Бруно Гасье (яго работы рэгулярна з’яўляліся на Парыжскім салоне на працягу 1810 – 1832 гг.), Гейм Франсуа Жазэф (атрымліваў замовы ад каралёў – Людовіка XVIII і Карла X), Габрыэль-Крыстоф Герэн, Жан-Баціст Пален Герэн (гэта яму пазіраваў сам кароль), Жан-Урбен Герэн (выстаўляўся на Парыжскім салоне на працягу многіх гадоў; аўтар некалькіх партрэтаў Напалеона Банапарта і партрэта Моцарта), гістарычны жывапісец Жан-П’ер Гранжэр…

Парыжская адукацыя, парыжскія ўражанні падштурхнулі К. Русецкага да ўсведамлення сваёй галоўнай творчай, мастацкай місіі – пра гэта наступны запіс у дзённіку жывапісца (дадатаваны 17 чэрвеня 1822 г.): «Лічу, што найбольш адпаведным прызначэнню мастака, асабліва ў нашым краі, дзе шмат подзвігаў нашых гераічных продкаў ляжаць у занядбанні, вартым прысягнуць, вярнуўшыся на радзіму, не імкнуцца да гісторыі грэкаў ці рымлян, бо гэтыя матэрыялы вычарпаныя і ў іх цяжка быць арыгінальным, але заўсёды працаваць з нашай гісторыяй і краем».

Была ў Канута Русецкага і вучоба ў Італіі – рымскі, італьянскі перыяд доўжыўся з 1822 па 1831 гг.

Вярнуўшыся на радзіму, Канут Русецкі працуе прыватным настаўнікам малявання ў Вільні. Выхоўвае наступнае пакаленне мастакоў – Альфрэда і Эдуарда Мацея Ромераў, Эдуарда Паўловіча, Тадэвуша Гарэцкага, Яна Зянкевіча, Рамана Алекна-Швайніцкага, Альберта Жамета… У 1841 г. Канут Русецкі наведвае Белавежскую пушчу, у 1844 годзе выпраўляецца ў Наваградак і Мір. Збірае ў альбомным фармаце эскізы, розныя накіды, эцюды.

…Пройдзе болей як паўтара стагоддзя, а калі быць дакладнымі – амаль 170 гадоў, – і ў Музеі «Замкавы комплекс “Мір”» адкрыецца выстаўка «Наваградскі край вачыма Канута Русецкага». З 26 ліпеня па 30 верасня 2013 года наведвальнікі змаглі аглядаць арыгіналы малюнкаў таленавітага вандроўніка па роднай старонцы. У каталозе да выстаўкі яе куратар кандыдат гістарычных навук Андрэй Янушкевіч адзначыў: «Для Мірскага замка творчасць Канута Русецкага мае асаблівую каштоўнасць. У альбоме 1844 – 1846 гг. змешчана першая вядомая на сённяшні дзень мастацкая выява замка. У пазнейшыя часы менавіта гэты эцюд лёг у аснову дзвюх літаграфій, надрукаваных у выданнях Францішка Сабешчанскага і Уладзіслава Сыракомлі. Дзякуючы супрацоўніцтву з Бібліятэкай Літоўскай Акадэміі навук, цяпер мы маем магчымасць выстаўляць гэты твор у сваёй музейнай экспазіцыі». І далей: «Спадчына Канута Русецкага важная таксама тым, што адлюстроўвае тыя глыбокія культурныя повязі, існуючы паміж беларускімі і літоўскімі землямі, якія калісьці склалі ядро Вялікага княства Літоўскага. Гэты сумесны праект з літоўскімі калегамі павінен паслужыць добрым прыкладам супрацоўніцтва ў сферы арганізацыі выстаў паміж двума краінамі, якія аб’ядноўвае агульная гістарычная мінуўшчына». Да згаданай выстаўкі каталог быў выдадзены дастаткова вялікім накладам – 500 экзэмпляраў. Аўтарам грунтоўнага, шырокага тэкста выступіў Кірыл Карлюк. Удзел у арганізацыі выстаўкі прынялі Сафія Шункевіч, Ігар Ложачнік, Наталля Марэцкая, Ганна Стэльмах.

Канешне ж, цэнтральным творам выстаўкі сталася згаданая акварэль – «Мірскі замак». Дзевяць малюнкаў – адлюстраванне жніва. Відавочна, яны дапамаглі Кануту Русецкаму стварыць карціну «Жняя» (1844), якая зараз захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі. Яшчэ дзевяць малюнкаў – «Віціна на Нёмане». Нагадаем: віціна – крытае судна для перавозкі збожжа па рацэ.

Канут Русецкі выяўляе краязнаўчую дэталізацыю, выпісвае, вымалёўвае аб’екты настолькі пераканаўча, што і вёску Геранёны ў сучасным Іўеўскім раёне, і само Іўе, і Нясвіжскі замак хочацца разглядваць літаральна гадзінамі. А яшчэ – Сноў, Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы, малюнкі пераправы каля вёскі Мікалаева (Іўеўскі раён), і самой вёскі Мікалаева… Кірыл Карлюк звяртае асаблівую ўвагу на наступныя падыходы мастака: «Цікавымі з пункту погляду выбару кропкі агляду краявіда падаюццаі хуткія простыя графічныя накіды мясцінаў. Напрыклад, досыць прыгожы і крыху нечаканы від палаца Рдултоўскіх з боку става… Ці вясковы краявід на аркушы 26, або від на Іўе… Менавіта да гэтага эфекту «выпадковасці», «свежасці» моманту, перадачы экспрэсіі, першага ўражання ад знаёмства з мясцінамі імкнуўся ў сваіх пейзажах Русецкі».

Напамін пра выстаўку «Навагрудскі край вачыма Канута Русецкага», якая прайшла ў Міры ў 2013 годзе, зварот да яе грунтоўнага каталога падштурхнулі да пераканання, што гісторыя беларускага мастацтва проста патрабуе выдання грунтоўнага альбома «Канут Русецкі» з рэпрадукцыямі і яго жывапісных палотнаў, і графічных малюнкаў, і акварэляў.

Мікола Раўнапольскі 

Ілюстрацыя: Канут Русецкі, «Жняя» (1844)      

Прочитано 90 раз