Среда, 30 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

У Мінску праходзіць І Рэспубліканскі краязнаўчы форум

  • Пятница, 13 марта 2020 11:26
  • Автор 

У Мінску на пляцоўках Нацыянальнага гістарычнага музея праходзіць І Рэспубліканскі краязнаўчы форум. Паводле слоў старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуша Стружэцкага, сёлетні форум — самы прадстаўнічы з усіх, што праходзілі за апошнія дзесяцігоддзі. Удзел у маштабным мерапрыемстве, прысвечаным Году малой радзімы, бяруць каля 230 энтузіястаў і прафесійных даследчыкаў мясцовай гісторыка-культурнай спадчыны: супрацоўнікі музеяў і бібліятэк, журналісты і літаратары, гісторыкі, педагогі, студэнты і школьнікі з розных рэгіёнаў краіны.

«Чалавек як істота біялагічная не вечны, ён мае свой пачатак і канец. А вось даследчык, той, хто піша, жыве да таго часу, пакуль жыве яго праца, яго тэксты. Я хачу пажадаць кожнаму з нас, каб у вечнасці засталіся тыя словы пра гісторыка-культурную спадчыну Беларусі, якія сапраўды вартыя захавання і папулярызацыі, — звярнуўся да даследчыкаў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк. — Для гэтага трэба, каб мы пазбавіліся комплексаў мізэрнасці і правінцыйнасці і памятаць, што за нашымі плячыма — вялікая традыцыя, вялікая гісторыя і кожны з нас мусіць яе любіць, шанаваць і тыражаваць веды аб ёй».

Учора ўдзельнікі форуму прадставілі шматлікія ініцыятывы і праекты, якія ўжо рэалізаваны ў рэгіёнах дзеля захавання культурнай, прыроднай спадчыны і гістарычнай памяці, падзяліліся назапашаным вопытам і нявырашанымі праблемамі, абмеркавалі выхаваўчы патэнцыял краязнаўства ва ўстановах адукацыі, шмат спрачаліся пра ўзаемадзеянне розных структур у краязнаўчым кірунку. Сёння праца на розных музейных пляцоўках працягнецца. Напрыканцы плануецца прыняць рэзалюцыю, якая падвядзе вынікі першага і акумулюе найбольш цікавыя ідэі і прапановы на наступныя краязнаўчыя форумы. Акрамя таго, адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў і пераможцаў конкурсу краязнаўчай літаратуры за 2017—2019 гады. Арганізатары творчага спаборніцтва атрымалі больш як 200 работ, сярод якіх ёсць і навуковыя даследаванні, і фотаальбомы, і творы мастацкай літаратуры, і цэлыя кніжныя выдавецкія серыі. Экспертная рада вызначыла найлепшыя работы ў намінацыях, прысвечаных Году малой радзімы (яны, дарэчы, сталі аднымі з самых масавых), 75-годдзю Вялікай Перамогі, у катэгорыі «Мой род, мая краіна» і ў намінацыі, прысвечанай асобным арганізацыям, прадпрыемствам, школам. Таксама аднаму з краязнаўцаў будзе ўручаны Гран-пры конкурсу ад Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ.

Фота Ганны Занкавіч.

Арганізатары краязнаўчага форуму спадзяюцца, што распачатая ініцыятыва атрымае працяг у іншых праектах. У прыватнасці, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша запрасіў краязнаўцаў на вялікі міжнародны кангрэс, прысвечаны праблематыцы краязнаўства, які адбудзецца ў кастрычніку і абяцае сабраць прадстаўнікоў не менш чым з 10 краін.

Вікторыя Целяшук

Загаловак у газеце: Часткі цэлага

Прочитано 85 раз Последнее изменение Пятница, 13 марта 2020 11:27