Среда, 30 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Справы сямейныя. Як разблытаць клубок памяці?

  • Вторник, 05 мая 2020 13:39
  • Автор  Сугучча

Збіраць і захоўваць памяць аб продках можна па-рознаму. Тут мала проста знайсці імёны і скласці сямейнае дрэва — важна разабрацца з тым, кім былі нашы продкі, што любілі, што ім не падабалася, чым займаліся, якія наказы пакідалі малодшым пакаленням. Нездарма на Беларусі шанавалі продкаў, верылі, што яны прыглядаюць за намі, дапамагаюць. Сямейныя гісторыі могуць аб'яднаць сваякоў, даць падказкі, як паводзіць сябе ў складаных сітуацыях альбо пазбегнуць пэўных памылак.

Чым заняцца на ізаляцыі

Перш чым выправіцца ў архіў і паглыбіцца ў мінулае, важна не забыць пра тых, хто побач. І нават калі з-за каранавіруса вы сёння пазбягаеце сустрэч са сваімі бабулямі і дзядулямі, не палянуйцеся лішні раз парадаваць іх званком. Падказаць тэму для гутаркі могуць старыя фатаграфіі — распытайце, хто на іх, калі і што адбывалася. Важныя не толькі імёны — спытайце пра гісторыю старых рэчаў, якія ўжо доўгія гады захоўваюцца ў сям'і, запішыце сямейныя традыцыі, рэцэпты, песні ці казкі, паданні, прыпеўкі, што чулі ад бабулі. Калі нейкія старыя прадметы, напрыклад, мэблю, зробленую рукамі дзядулі, няма магчымасці далей захоўваць, хоць бы сфатаграфуйце іх. Карысна запісаць інтэрв'ю з людзьмі сталага веку на дыктафон — гэта ж не толькі ўспаміны, але і думкі, характар, маўленне блізкага вам чалавека.

Усе гэтыя дэталі могуць спатрэбіцца, калі вы захочаце аформіць свае даследаванні ў такія модныя сёння кнігі па гісторыі роду. Яны могуць стаць цудоўным падарункам на юбілей, вяселле, іх можна перадаць нашчадкам. Уявіце: калі вы сёння толькі распытаеце ў бабулі пра яе маці і бабулю, то сваім унукам вы перадасце ўжо радавод, сабраны ажно да шостага калена!

Пагартайце сямейныя фотаальбомы (рабіце надпісы з адваротнага боку), карысная інфармацыя можа быць на паштоўках і ў кнігах (напрыклад, дарчыя надпісы). Праверце, ці захаваліся старыя дакументы, нататнікі, дзённікі, выразкі з газет, якія збіралі вашы бацькі і дзяды. Там могуць быць як публікацыі пра сваякоў, так і матэрыялы, якія вашым родным здаваліся важнымі. Так праз сям'ю можна вывучаць гісторыю краіны.

Дзе шукаць

Пачніце ствараць радавод з сябе. Накідайце першыя імёны: бацькі, дзеда, дзядзькі, стрыечных... Занатоўвайце гады жыцця, месцы жыхарства, прафесіі, цікавыя факты з біяграфіі, сямейныя легенды. Калі нейкая інфармацыя невядомая, пазначайце яе пытальнікамі. Усе недакладнасці і недахопы ў вашых запісах — падказка, пра што ў будучым можна будзе распытаць сваякоў.

Для навічкоў працуюць анлайн-школы, што вучаць весці генеалагічныя пошукі, прыгожа і цікава падаць сабраную інфармацыю.

Калі ў вас пакуль няма магчымасці пагутарыць з роднымі людзьмі, кіньце кліч у інтэрнэце. Магчыма, хтосьці з вашых далёкіх сваякоў ці землякоў ужо працуе з патрэбнай вам інфармацыяй. Пошук можаце весці на адпаведных сайтах, прысвечаных генеалогіі, і ў сацыяльных сетках (існуюць суполкі па прозвішчах і населеных пунктах). Цяпер некаторыя архівы зрабілі доступ да сваіх матэрыялаў бясплатным.

Паспрабуйце знайсці сваякоў, з якімі былі страчаны кантакты альбо пра якіх вы даведаліся выпадкова. Магчыма, у сям'і захаваліся старая перапіска, паштоўкі, нататнікі, у якіх пазначана, дзе тыя жылі. Паспрабуйце напісаць на гэтыя адрасы альбо змясціце запыт у інтэрнэце.

Апытваць можна і суседзяў, сяброў, калег па рабоце таго сваяка, пра якога вы стараецеся сабраць больш інфармацыі. У іх (а таксама ў музеях прадпрыемстваў і навучальных установах) маглі захавацца старыя фатаграфіі, на якіх ёсць у тым ліку і ваш продак. Да таго ж, знаёмыя могуць падзяліцца ўспамінамі пра характар і жыццё канкрэтнага чалавека.

Не забывайцеся, што шмат інфармацыі захоўваецца ў дакументах, якія выдаюць службы загс (такіх, як пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе, смерці, змене прозвішча).

Шмат можа даць падарожжа па мясцінах, дзе жылі вашы продкі. Не абмініце мясцовыя архівы і бібліятэкі, пагартайце старонкі раёнак — там можна знайсці багата матэрыялаў, сабраных тутэйшымі краязнаўцамі. Прозвішчы і імёны захоўваюць старыя могілкі (дарэчы, сёння ў інтэрнэце можна знайсці асобныя электронныя некропалі).

Прыступкі ў мінулае

Важна паступова паглыбляцца ў гісторыю, не скакаць цераз пакаленні. Гэта не толькі засцеражэ вас ад памылак, але і дасць багаты матэрыял для пошукаў. Перш чым зрабіць наступны крок у мінулае, не палянуйцеся пераправерыць інфармацыю, супаставіць звесткі ад некалькіх сваякоў.

Працаваць з сямейнай гісторыяй можна па тэмах. Так, сёння даступны матэрыялы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной (базы «Мемарыял», «Подзвіг народа», «Партызаны Беларусі», «Яд Вашэм», дакументы па эвакуіраваных, спісы ахвяр, кнігі «Памяць»).

Спускаецеся ніжэй — вывучайце спісы рэпрэсаваных, шукайце дакументы па Першай сусветнай вайне.

У ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў розных гарадах выпускаліся кнігі-даведнікі.

Нават родавыя прозвішчы ці мянушкі асобных членаў роду могуць падкінуць ідэю для даследавання.

Не забудзьцеся далучыць да генеалагічных пошукаў дзяцей. Разам з вамі яны будуць чытаць подпісы на старых фатаграфіях, пячы бліны па бабуліным рэцэпце, афармляць генеалагічны альбом ці кнігу, вывучаць гісторыі пра сваіх продкаў. А пасля яшчэ змогуць падзяліцца вопытам сваёй сям'і па захаванні памяці — у школьнай праграме ёсць некалькі ўрокаў, прысвечаных гэтай тэме.

Алена Дзядзюля

Крыніца: Звязда

Прочитано 93 раз Последнее изменение Вторник, 05 мая 2020 13:51