Суббота, 31 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Уладзімір Куліковіч: «За кожным словам – вобраз…»

  • Вторник, 29 сентября 2020 22:07

Вядомы мовазнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, педагог, загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ, распрацоўшчык алімпіядных заданняў для школьнікаў, ён усё жыццё прысвяціў беларускай мове. На ёй было яго першае слова, яе даследуе, ёю адукоўвае іншых. Як стаў трактарыстам-філолагам, пра мару аб беларускамоўнай моладзі і родную кафедру — у размове з Уладзімірам Куліковічам.   

— Давайце пачнём з самага пачатку — з нараджэння. Ваша першае слова — гэта…
— Матуля ўспамінала, што я вельмі часта прамаўляў слова «кніжка». Навучыўся чытаць, дарэчы, у чатыры гады. Першы прачытаны мною твор — «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў». Таму любімым пісьменнікам з дзяцінства стаў Міхась Лынькоў. Я быў адзіны дзіцёнак у сям’і і да таго ж позні: маці нарадзіла ў 44 гады. Яна працавала бухгалтарам і часта брала мяне з сабой на працу, бо пакінуць не было з кім, асабліва летам, калі ішла нарыхтоўка збожжа і працаваць ёй даводзілася дацямна. Маім заняткам было пераглядаць карцінкі, корпацца сярод кніг. Ну, як кніг, бухгалтарскіх дакументаў. І першым словам стала «кніжка», бо я чуў яго рэгулярна ад маці: «Падай мне расходную кнігу, уліковую кніжку, вось тую пераплеценую кнігу і г. д.» Пастаянна бачыў гэтыя тамы, якія пісаліся ўручную. І вось так, забаўляючыся, навучыўся чытаць. Потым дзіцячы садок… Дзе даводзілася вучыць на памяць для навагодняй ёлкі вершы тыпу: «Я адзін у мамы сын, няма ў мамы дзяўчынкі. І няма каму памыць маміны хусцінкі…» (усміхаецца).
— А ў сям’і размаўлялі па-беларуску?
— Па-беларуску з польскімі слоўкамі. Я нарадзіўся ў вёсцы Станцыя Ашмяны. Бацька — мясцовы, з вёскі Кушлева, жыхары якой памяталі Францішка Багушэвіча. Да 1939 года гэта была тэрыторыя Польшчы. Таму ў яго пасведчанні было запісана: паляк. А маці з Віцебшчыны. У яе пашпарце было запісана: руская, бо частка Віцебшчыны да 1923-га ўваходзіла ў склад Расіі.
Цяжкі быў лёс у матулі. Калі паступала ў Віцебскі педінстытут, пачалася вайна. Дзяўчат пагрузілі ў вагон і павезлі ў Германію. Пад Вільняй цягнік разбамбілі. Разам з сяброўкай яна выскачыла з вагона і пабегла. Праз 10 хвілін сяброўка на вачах у маці загінула ад прамога пападання бомбы. Яна ж дабралася да станцыі Ашмяны (балцкая назва, паходзіць ад слова «акмяны» — «камяні», знаходзіцца каля 40 км ад Вільні) і распачала тут новую старонку жыцця. Матуля таксама больш размаўляла па-беларуску, але з асобнымі рускімі варварызмамі. Я ж яскравы беларус у гэтым плане, пра якіх пісаў яшчэ Янка Купала, тутэйшы!
Школа наша — Дакурнішская — была беларуская, усе прадметы выкладалі на роднай мове. Таму асобныя рускія выразы я не заўсёды правільна вымаўляў і разумеў. Нават у арміі (служыў пад Масквой), стоячы на вахце, крычаў: «Рота, выхадзі строіцца на калідоры!» замест нарматыўнага рускага «коридоре». Хлопцы ж, якія паступалі на тэхнічныя спецыяльнасці, напрыклад, у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (БІМСГ), мелі пэўныя цяжкасці падчас іспыту па матэматыцы, бо не разумелі асобныя заданні, сфармуляваныя паруску. Ніхто тады і не думаў рыхтаваць заданні на дзвюх мовах. А ў нашых мясцінах было шмат беларускасці. Мабыць, таму ў Віленскім універсітэце доўгі час існавала беларускае аддзяленне, на якое ахвотна паступалі і тыя, хто жыў на тэрыторыі Літвы, і тыя, хто сутракаў світанкі ў прыграніччы: беларусы з Ашмяншчыны, Астравеччыны, Лідчыны, Смаргоншчыны. Нават я задумваўся, ці не паступіць мне ў Вільню.

Злева направа сядзіць Наталля Хрышчановіч, стаяць Наталля Шапран, Мікола Трус, Уладзімір Бярбераў, Ігар Войніч, Наталля Матыліцкая, Уладзімір Куліковіч, Алена Шэўчык

Злева направа сядзіць Наталля Хрышчановіч, стаяць Наталля Шапран, Мікола Трус, Уладзімір Бярбераў, Ігар Войніч, Наталля Матыліцкая, Уладзімір Куліковіч, Алена Шэўчык

— Чаму перадумалі?
— Тут некалькі прычын. Па-першае, беларускую мову, мне так падавалася, трэба вучыць у Беларусі. Па-другое, я спачатку збіраўся паступаць на журфак. Рыхтаваўся мэтанакіравана, пісаў у раёнку, як з класам збіралі металалом, дапамагалі калгасу выбіраць бульбу, буракі, пра хлопцав’етнамца, што адпачываў у мясцовым санаторыі. Я нават помню загаловак таго матэрыялу: «Парень из Хайфона». Газета ж па-руску выдавалася. Рукапісы дасылалі выпраўленыя, перакрэсленыя, бо не на роднай мове пісаць атрымлівалася цяжка.
І вось прыйшоў час падаваць дакументы. Напярэдадні па тэлевізары ўбачыў рэпартаж, які надзвычай мяне ўразіў. Там паказвалі філфакаўскі злёт у Вязынцы — каля тысячы чалавек (!): дзяўчаты ў касцюмах спяваюць, хлопцы прыгаюць праз вогнішча. Весела. Вялікае, грандыёзнае свята!
Прыехаў у Мінск падаваць дакументы з 10 рублямі, што далі бацькі. Пакой. Злева філолагі, справа журналісты, якія, відаць, не вельмі пераканаўча мяне агітавалі. Падумаў: гэта знак. І падаў дакументы на філфак. Тым больш тыя дзяўчатыспявачкі з галавы не выходзілі. Я ж якраз навучыўся іграць на баяне ў дзявятым класе. Маленькая перадгісторыя: у школе эпідэмія жаўтухі, я таксама падхапіў яе. Не ў цяжкай форме, але ўсё адно цэлае лета трэба было сядзець у хаце і не падымаць нічога цяжкага. Трагедыя для хлопца ў такім узросце! І я пачаў вучыцца іграць на баяне. Ужо восенню дапамагаў ладзіць вяселле (смяецца). Быў музыкам. І практычна ўвесь час вучобы на філфаку з баянам прахадзіў.
Мяне нават хацелі ўзяць у аркестр народных інструментаў БДУ. Выпадак займальны. Сам першакурснік, я падыгрываў нашым студэнтамзамежнікам. У выніку яны перамаглі ў гарадскім конкурсе мастацкай самадзейнасці і пачалі рыхтавацца да рэспубліканскага этапу: там ужо запрасілі прафесіяналаў-баяністаў, бо маіх здольнасцей было малавата. Але замежнікі папрасілі: «Володия тоже пусть играет». Пасля гэтага выпадку мяне запрасілі ў аркестр народных інструментаў БДУ, хаця я і казаў кіраўніку, што не ведаю нот. Той не верыў! Нават дэкан выклікаў: «Адлічу, калі не пойдзеш у аркестр». Мусіў ісці, галаву схіліўшы, да іх на рэпетыцыю. Прынялі ветліва. «Сядай, вось тваё месца, вось твая партытура», — кажуць.
А я ўсё гавару: «Ды я не чытаю нот, не выдумляю, праўда, толькі на школьным узроўні імі валодаю». Ужо іграюць, дырыжор палачкай махнуў у мой бок. Маўляў, пачынай, твае сольныя пералівы… У адказ — цішыня (усміхаецца). Толькі тады кіраўнік паверыў: «Дык ты праўда не чытаеш нот?» Так мая ігра ў аркестры і скончылася. Але ўсю вучобу, у будатрадах, камандзіроўках выступалі, ездзілі, спявалі пад баян. У п’есах, якія ставілі з Маргарытай Барысаўнай Яфімавай і тагачасным філфакаўскім тэатрам «Летуценнік». Нават з першым складам фолк-гурта «Ліцвіны», стварыць які вырашыў на філфаку Уладзімір Бярбераў.
— І так вы апынуліся на філфаку замест журфаку.
— Так! Філфак дапамог знайсці сябе. У той час усё было неяк па-дамашняму, пра нас клапаціліся, у паветры лунала творчая атмасфера, якая дазваляла кожнаму праявіць сябе ў розных напрамках. Мне больш падабалася арганізоўваць мерапрыемствы, жаданне пісаць прыйшло пазней. Шмат філфакаўцаў было, як пісаў Янка Сіпакоў, «з хат» — з вёсак. Такое вясковае брацтва, шмат аднадумцаў. А як заканчваў універсітэт у 1991 годзе, уздымалася хваля беларусізацыі, усё натхняла: і мова гучала, і размаўляць хацелася, і спяваць, і ствараць.
Курсы ў той час былі вялікія, таму і блізкіх па духу людзей было багата. А калі ўлічыць, што аднакурснікаў маю ўдвая больш, то і аднадумцаў адпаведна. Чаму? Пасля перашага курса пайшоў у войска, як і большасць хлопцаў, каму споўнілася 18 гадоў. Вярнуўся праз два гады — мае 100 аднакурсніц і каля дзясятка аднакурснікаў былі ўжо на чацвёртым курсе. А я з другога курса працягваў вучобу з яшчэ сотняй новых аднакашнікаў. Так што аднакурснікаў маю больш за 200 чалавек.

Будатрад «Зніч» у Карэліі

Будатрад «Зніч» у Карэліі

— Багата!
— А то ж! Цяпер, калі выступаю перад настаўнікамі, рэдактарамі, карэктарамі, прыязджаю ў любы раён, там ці аднакурснікі, ці вучні. Прыемна бачыцца, сустракаюць, як родныя. Адзінае, ужо блытаю, па якім курсе хто аднакурснік, пасля войска ці да яго. Ёсць нават адна пацешная гісторыя. Калі ішоў у войска, выпісвалі ваенны білет. Пытаецца цётачка, якая ў мяне спецыяльнасць. А я ж толькі на першы курс паступіў — разгубіўся. І далей такі дыялог:
— Ну, якія ў вас корачкі?
— О, ёсць пасведчанне трактарыста! Піша ў графе спецыяльнасць: трактарыст.
— А дзе вучыцеся?
— На філфаку.
— Спецыяльнасць?
— Філолаг. У выніку так і запісалі ў ваенным білеце: «Трактарыст-філолаг» (смяецца). Так што філфак даў мне шмат сяброў і самае галоўнае — навучыў разумець і цаніць прыгожае: мову, літаратуру і дзяўчат-філалагінь! (смяецца).
— Вы прыйшлі ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт прыкладна 10 гадоў таму.
— Так, у 2009-м. Мяне пэўны час угаворвалі стаць галоўным рэдактарам часопіса «Роднае слова». Нарэшце згадзіўся, і тут жа паступіла прапанова прыйсці на кафедру рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ. На другім годзе працы ў рэдакцыі часопіса я ўсё ж здаўся. Відаць, зразумеў, што я больш выкладчык, чым чысты функцыянер. Галоўны рэдактар часопіса — гэта адміністратар, як і галоўны ўрач бальніцы. А мне хацелася выкладаць, не хапала аўдыторыі. Хаця і ў час працы ў часопісе сустракаўся з настаўнікамі, калі выходзілі кніжкі і дапаможнікі, займаўся алімпіяднымі заданнямі, з якімі працую фактычна 30 гадоў. Згадзіўся выкладаць ва ўніверсітэце і не шкадую. Тут іншыя атмасфера, склад мыслення, трэба спалучыць тэхнічную дакладнасць і палёт фантазіі. Спачатку было цяжка гэта зрабіць, але калі атрымалася, то гэта сістэматызавала мае погляды і думкі. Нават заданні для алімпіяд цяпер складаю больш канкрэтна, зразумела.
— Універсітэту сёлета спаўняецца 90 гадоў, а кафедра, якой вы загадваеце, летась адзначыла 20-годдзе.
— Так, адной з вядучых устаноў вышэйшай адукацыі сёлета 90! Нямала. Тут рыхтуюць кадры, запатрабаваныя на рынку працы заўсёды: айцішнікаў, хімікаў, эканамістаў, фармацэўтаў, супрацоўнікаў лясной галіны, паліграфістаў, а таксама спецыялістаў для рэдакцыйна-выдавецкіх устаноў. Але перш чым пайсці на працу ў рэдакцыю ці выдавецтва, нашы студэнты ствараюць сайты для кафедр, рэкламныя буклеты і відэаролікі. Сёлета плануем падрыхтаваць серыю бібліяграфічных даведнікаў «Дзеячы навукі і культуры БДТУ». Яшчэ зрабілі шэраг карыснасцей для выкладчыкаў і студэнтаў. У прыватнасці, электронную базу, якая дае магчымасць выбраць месца практыкі. Гэта быў студэнцкі дыпломны праект. Збіраемся абнавіць вучэбныя планы і праграмы, каб больш увагі удзяляць рэдактарскай падрыхтоўцы і выдавецкім стратэгіям.
— Ведаю, што студэнты нават дапамагаюць вам выдаваць кнігі. Напрыклад, ваш «Дзённік алімпіёнка».
— З гэтага таксама складаюцца іх дыпломы: студэнты павінны цалкам стварыць выдавецкі праект. Вось, напрыклад, выпускніца зрабіла ўжо згаданую інтэрактыўную мапу — базу ўсіх выдавецтваў Мінска, дзе можна прайсці практыку. Ціснеш на пэўную кропку — і з’яўляюцца патрэбная інфармацыя, сайт і г. д. Хто куды хоча — выбірай! Цяпер яна хоча зрабіць такую мапу ўсёй рэспублікі.
Другі напрамак дыпломных прац — стварэнне кніг. Напрыклад, мая кніга «Беларускія месяцы: чаму іх так называюць» — таксама адзін з такіх праектаў. Я вёў рубрыку «Беларускае слоўка», і набралася больш за 300 артыкулаў пра гісторыю беларускіх назваў. Наступная кніжачка будзе пра кулінарныя словы беларусаў. Афармленне выконвае дыпломніца Дзіяна Свяцкая. Яна прапанавала, каб перад кожным тэкстам быў малюнак-партрэт аўтара-апавядальніка, і сама іх аформіла. Здаецца, падобны я там атрымаўся (усміхаецца). Адметнасць кнігі ў тым, што пасля кожна тэксту пра месяц ёсць тэст, каб сябе праверыць. Настаўнікі кажуць, што дзякуючы гэтаму можна выставіць вучням адзнакі за 15 хвілін. Я спецыяльна так складаў: 10 пытанняў, кожнае — адзін бал. Менш чым на чатыры ніхто не піша. Рыхтуюцца сумесна са студэнтамі да выдання і слоўнікі. Сярод іх «Слоўнік беларускіх фемінітываў».
— Вы распрацоўваеце вучэбныя, навуковыя і навукова-папулярныя матэрыялы і для школьнікаў, і для студэнтаў, і для настаўнікаў. Аўдыторыі зусім розныя. Як у вас гэта атрымліваецца?
— Не ведаю… Інтуіцыя, відаць, і вопыт. Дзякуй, што лёс звёў мяне з тэхналагічным універсітэтам. Тут, паўтаруся, сістэматызаваліся погляды на многія рэчы, у тым ліку на сутнасць напісання вучэбна-метадычных і навукова-папулярных матэрыялаў.
Я прытрымліваюся трох правіл. Па-першае, перад тым, як пісаць працу, аўтар павінен дакладна ўяўляць, каму яна будзе адрасавана. Ніколі не задумваўся пра гэта на філфаку. Мне здавалася: я напісаў, мне цікава — усім таксама! А гэта не так (усміхаецца). У наш інфармацыйна насычаны час аўтары павінны дакладна ведаць сваіх патэнцыйных чытачоў. Разлічваць на ўсіх (тое, што ў анатацыях пішуць «для шырокага кола чытачоў») значыць, не разлічваць ні на каго. Сённяшні чытач хоча быць перакананым, што напісанае патрэбна яму зараз, адпавядае яго светапогляду, тэмпераменту, змяшчае адказы на праблемныя моманты сённяшняга, а не будучага дня. Не варта патрабаваць, скажам, ад дзесяцікласніцы ведання разгалінаванай навуковай класіфікацыі гукаў беларускай мовы, аднак таму, як яны вымаўляюцца ў розных пазіцыях, навучыць трэба. У кнізе для настаўніка такая класіфікацыя павінна быць. І ён павінен яе ведаць, каб пры неабходнасці пацвердзіць сваю кваліфікацыю перад той жа вучаніцай.
Па-другое, форма падачы. Яна, як даказалі псіхолагі, істотна ўплывае на агульнае псіхічнае развіццё вучня ці студэнта (памяць, увагу, мысленне). Форма павінна суадносіцца з заяўленай тэмай, а фармулёўка заданняў — быць зразумелай і адназначнай. Не варта, на мой погляд, патрабаваць ад студэнта-рэдактара засвоіць за час лекцыі вялікую колькасць беларускіх правіл і выключэнняў з іх. Неабходна так скампанаваць матэрыял, надаць яму такую форму, каб выхаваць цікавасць да беларускага слова, спрыяць развіццю камунікатыўных навыкаў, умення выразіць сябе, а затым і ўмення выпраўляць тэкст.
Па-трэцяе, кожны матэрыял (алімпіяднае заданне, навукова-папулярны артыкул, лекцыя) павінен развіваць уяўленне. Яно — дзейсны інструмент пазнання свету, бо дапамагае надзяляць знаёмыя і незнаёмыя прадметы, дзеянні новымі ўласцівасцямі. Напрыклад, задумваючы серыю навукова-папулярных артыкулаў «Беларускае слоўка», хацелася, каб чытач не проста запамінаў значэнні слоў тыпу «сцізорык», «гаўбец», «калаўрот», «імбрычак», «гаманец» і іншых, а навучыўся ствараць у думках вобразы гэтых прадметаў, узнаўляць у свядомасці атрыманыя ўспрыманні і вырашаць, калі выкарыстоўваць або не выкарыстоўваць гэтыя лексічныя адзінкі ў сваім маўленні. Напрыклад, расказваючы пра слова «падстрэшша», я не проста паведамляю, што гэта месца пад ніжнім краем страхі або ніжні край страхі, які навісае над сцяною, а імкнуся стварыць вобраз, звязаны са мной, дажджом, ад якога хаваўся разам з катом Васькам і сабакам Бімам, дзяўчынай-аднакласніцай, з якой стаяў да раніцы, касой, што вісела там і аб якую парэзаў руку аднойчы, дровамі, я іх складаў па восені і забіраў узімку. У гэтым плане кожнаму, думаецца, будзе карысным запомніць верш Петруся Броўкі «Пахне чабор». Я ўпэўнены, што чалавек, які мае творчае уяўленне, лягчэй засвойвае новыя веды, пачынае думаць нестандартна, прымае нечаканыя рашэнні, мае вялікія шанцы дасягнуць поспеху ў любой галіне.

З першым складам «Ліцвінаў»

З першым складам «Ліцвінаў»

— А як з беларускай мовай у тэхналагічным універсітэце? Ці размаўляюць па-беларуску, ці разумеюць?
— Як і паўсюль, скажам прама (сумна). Мне прыемна, што хаця б на ўзроўні дэканата і рэктарата многія дакументы вядуцца па-беларуску. Асобныя дысцыпліны таксама. Вялікі плюс, што ў нас ёсць абароны дыпломаў па-беларуску. У гэтым годзе 5 з 60. Праўда, гадоў 10 таму іх было ўдвая больш.
— Памяншаецца колькасць?
— Канечне (задумліва). Узнікаюць праблемы іншым разам таму, што многія па-беларуску не разумеюць. Калі чытаю лекцыю пра Францішка Скарыну, раблю апытанне пабеларуску: «Што мы бачым на партрэце Скарыны?». Або прашу паказаць слоік. Некаторыя не ведаюць гэтага слова. Чаму? Адна з прычын — у спецыфіцы ўніверсітэта. Ад нас патрабуецца шукаць партнёраў за мяжой, развіваць нацыянальныя тэхналогіі. Мова зносін тут не беларуская. Другая прычына — паступаюць сюды ў асноўным тыя, хто здае рускую мову. І, адпаведна, па-беларуску гавораць вельмі-вельмі слаба. Тым не менш у кожнага ёсць павага да нацыянальнай мовы. Гэта абнадзейвае.
— У інтэрв’ю Навуму Гальпяровічу вы сказалі, што прасоўванню беларускай мовы дапамагае інтэрнэт. Якім чынам?
— Сёння інтэрнэт — гэта велізарная прастора, якая дапамагае заахвочваць студэнтаў да чытання пабеларуску. Адпраў у бібліятэку і скажы пачытаць, не заўсёды пойдуць. Хтосьці дойдзе, хтосьці не, хтосьці скажа, што бібліятэка зачынена, чытацкі білет згубіўся ці яшчэ што. Першы шлях — хуткі доступ да інфармацыі. Дасі спасылку на тэкст, што трэба прачытаць, — і больш за 90 % прыходзяць падрыхтаванымі!
Інтэрнэт — гэта сучасныя тэхналогіі. Мы ўсе марым, каб моладзь загаварыла па-беларуску. Хочацца, каб яна захоўвала беларускасць і беларускую мову . Тады і спосабы яе прасоўвання павінны быць сучаснымі.
Інтэрнэт — гэта сучаснасць і тэхналагічнасць. Інтэрнэт — гэта таксама нагода паказаць, як ты сам валодаеш мовай. Спосаб падзяліцца творчасцю з вялікай аўдыторыяй, форма развіцця асабістых здольнасцей і ўменняў. Калі, напрыклад, праз краўдфандынгавыя платформы збіраюцца грошы на выданне кніг і іншыя праекты, мала проста напісаць: «Давайце збіраць грошы». Трэба яшчэ стварыць цэлую кампанію, правесці шэраг мерапрыемстваў, якія дазволяць цябе заўважыць.
Гадоў пару таму я правёў эксперымент. З чатырма студэнткамі пайшоў на Social Weekend. Даў ім рукапіс «Дзённіка алімпіёніка. Вып. 3» і сказаў: «Паспрабуйце сабраць грошы на выданне». Яны адразу пачалі пісаць: «Кніга ўсім будзе карысная!» А алімпіяда па беларускай мове — вузкі напрамак, не мастацкая літаратура, нават не школьная праграма. Каму ўсім? Значыць, нікому. Іх кампанія правалілася. Сабралі ўсяго пару капеек, і то ад людзей, якія выпадкова даведаліся і са мной знаёмыя.
Інфармацыйная перанасычанасць паўсюль. Натуральна, трэба зацікаўліваць свайго патэнцыйнага чытача або выхоўваць яго. Гэта яшчэ адна важная місія інтэрнэта — выхоўваць патэнцыйнага чытача беларускасці, каб для яго было неабходнасцю зазірнуць у беларускую кнігу або часопіс. Як для мяне, што калісьці прачытаў першы раз «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», а пазней «Міколку-паравоза» Міхася Лынькова. Пасля такіх твораў мяне цягнула да беларускай літаратуры, хацелася замацаваць тую прыемную асалоду, якую выклікалі гэтыя кнігі.
Сеціва сёння дапамагае чытаць па-беларуску і ў той жа час развучвае. Выклікае ў свядомасці неабазнанага чытача пачуццё непаўнавартасці ад таго, што даводзіцца асільваць два варыянты напісання («тарашкевіца» і «наркамаўка»), пераадольваць сінтаксічныя, лексічныя, стылёвыя цяжкасці праз адсутнасць звычкі чытаць і слухаць беларускае мастацкае ці публіцыстычнае слова. А каму хочацца лічыць сябе непаўнавартасным? Нікому. Таму прасцей і камфортней сёння беларусу загаварыць на руска-беларускай трасянцы, прыемней слухаць расійскіх спевакоў, бо яны спяваюць з душой і на роднай мове, а не сваіх, для якіх праспяваць песню на беларускай мове — гэта найперш спосаб атрымаць ганарар, на памер якога не ўплываюць шчырасць і выканальніцкае майстэрства.
— У тым самым інтэрв’ю Навуму Гальпяровічу вы раіце пачытаць беларускія казкі. Якая з іх ваша любімая?
— «Лёгкі хлеб» (натхнёна). Просценькая, але вельмі мудрая. Не бывае лёгкага хлеба ў мэтанакіраванага неабыякавага чалавека. За любым поспехам, гаворачы словамі ваўка з гэтай казкі, марудная і цяжкая праца. Без яе нельга ўдасканаліцца: стаць запатрабаваным спецыялістам, надзейным сябрам, каханым чалавекам. Без натхнення і штодзённай працы немагчыма і напісаць штосьці вартае ўвагі. Калі ты працуеш заўзята, рэгулярна, то абавязкова будзе вынік, ад якога табе самому будзе прыемна, хораша.
Прыгадваецца выпадак з дзяцінства. Забаўляючыся каля чыгункі, мы з аднакласнікам знайшлі старэнькі падраны гаманец. Відаць, нехта згубіў ці выкінуў з вагона цягніка. Там ляжала 20 рублёў — вялікія грошы на той час. Каму вяртаць, невядома. Назаўтра мы з’ездзілі ў Вільню і купілі цукерак, а таксама па машынцы. Ужо праз тыдзень гуляць з гэтымі цацкамі нам не хацелася: дасталіся яны лёгка. Больш прыемна было бегаць са старэнькім аўтаматам і самаробным лукам і стрэламі. Аўтамат купіў на заробленыя ад здадзеных ягад грошы , а лук і стрэлы майстраваў некалькі дзён. Калі за кожнай рэччу і словам стаяць нейкі вобраз, гісторыя, то такія рэчы і словы цешаць душу, прыносяць асалоду. Стварэнне ж матэрыяльных даброт, розных прадметаў, рэчаў, як і вобразаў — гэта праца. Напружаная, марудная, цяжкая. Але праз яе чалавек і становіцца асобаю, патрыётам, здольным цаніць, кахаць, любіць! Лёгкі хлеб не спрыяе стварэнню вобразаў, разумення, ведання, заснаваных на вопыце. Ганна Варонка. Уладзімір Куліковіч: «За кожным словам — вобраз…»  

Ганна ВАРОНКА
Фота Сяргея ШАПРАНА

Крыніца: Маладосць

Прочитано 457 раз