Четверг, 23 05 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Невядомы тэкст Купалы

  • Пятница, 14 декабря 2018 16:08
  • Автор  Сугучча

З напісанага Янкам Купалам сёння — 10 кніг дзевяцітомнага выдання, што пабачыла свет на працягу 1995—2003 гг. Але слушна адзначаў адзін з рэдактараў гэтага шматтомніка, аўтарытэтны архівіст Віталь Скалабан: звычайная практыка, калі поўныя зборы з цягам часу дапаўняюцца новымі адкрыццямі і знаходкамі.

Мяркую, што такім каштоўным дадаткам станецца рукапісны тэкст Песняра, які мне пашчасціла знайсці падчас архіўных даследаванняў мінскай Лошыцы — унікальнага сядзібна-паркавага комплексу і знакамітага сучаснага турыстычнага аб’екта сталіцы.

Гісторыяй Лошыцкай сядзібы займаюся з перапынкамі ўжо амаль чвэрць стагоддзя. Яе лёс звязаны са шматлікімі імёнамі славутых людзей. Гэта прадстаўнікі шляхетных родаў Друцкіх-Горскіх, Прушынскіх, сусветна вядомыя навукоўцы Мікалай Вавілаў, Аляксей і Эма Сюбаравы, Анатоль Валузнёў, класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і інш.

На працягу даволі доўгага часу, з 1920-х да сярэдзіны 1980-х гг., у Лошыцкай сядзібе працавалі навукоўцы-селекцыянеры. Варта адзначыць, што Лошыца стала тым месцам, дзе пачалася беларуская навуковая селекцыя. На пачатку 1920-х тут дзейнічала вучэбная ферма Беларускага дзяржаўнага інстытута сельскай гаспадаркі, якую ўзначальваў Яраслаў Ясінскі. Праз яго асобу я і адшукаў у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь невядомы тэкст нашага народнага паэта.

Але ўсё па парадку. Яраслаў Ясінскі мяне асабліва зацікавіў сёлета ў ходзе мэтанакіраваных пошукаў доказаў знішчэння бальшавікамі Лошыцкай алтарыі — каталіцкай капліцы Нараджэння Панны Марыі (1787). Ад гэтага помніка позняга беларускага барока засталася толькі напаўразбураная касцельная сцяна, што сёння маўкліва стаіць збоч цэнтральнай алеі Лошыцкага парку.

Як сведчаць аповеды некаторых старажылаў колішняй вёскі Лошыца, алтарыю ўзарвалі ў 1930-х, пад покрывам ночы, а людзям патлумачылі, што войскі Чырвонай Арміі праводзілі спецвучэнні і памылкова падарвалі не той аб’ект. Заўважу, дакументальных пацвярджэнняў гэтага варварства пакуль не знайшоў. Затое натрапіў на цікавыя матэрыялы пра «абстрэл» Лошыцы ў 1924 г. артылерыяй 7-й кавалерыйскай Самарскай дывізіі (са жніўня 1924 г. — імя Англійскага пралетарыяту), якая ў 1921—1940 гг. дыслацыравалася пад Мінскам.

1 красавіка 1924 г. кіраўнік вучэбнай фермы «Лошыца» Яраслаў Ясінскі зусім не з жартоўных меркаванняў (улічваючы дату) пісаў рэктару згаданага інстытута прафесару Аляксандру Кірсанаву (1880—1941) наступнае: «Доношу, что 31 марта с/г артиллерия 7-й Кав. Дивизии устроила, несмотря на мой протест, стрельбище на поле фермы вблизи усадьбы. Во время стрельбы снаряды рвались в районе самой усадьбы и только благодаря счастливому случаю и тому обстоятельству, что были прекращены все работы и все люди сидели по квартирам, дело обошлось благополучно. Приложение: один из многих подобранных в усадьбе осколков от снарядов».

Працаўнікі фермы яшчэ і раней былі, так бы мовіць, не ў захапленні ад чырвонаармейцаў дывізіі, у прыватнасці яе 40-га кавалерыйскага палка. Доказ таму — шматлікія лісты Ясінскага камандаванню гэтага палка. Напрыклад, адзін з іх, ад 24 снежня 1923 г., пачынаўся так: «Несмотря на неоднократные обещания прекратить мародерства красноармейцев частей полка, расположенных на ферме, таковые продолжаются, и если постой продолжится в течение всей зимы, то ферма будет иметь вид, как после нашествия неприятеля».

Пакуль застаецца нявысветленым, хто быў камандзірам 40-га кавалерыйскага палка ў час згаданых падзей. Але дзеля цікавасці заўважым, што 39-м кавалерыйскім палком 7-й кавалерыйскай Самарскай дывізіі ў гэты час камандаваў Георгій Жукаў (1896—1974) — будучы маршал і знакаміты савецкі палкаводзец. А хто такі Яраслаў Ясінскі?

Аказваецца, гэта той самы Ясінскі, якога Я. Купала згадваў добрым словам у сваім лісце ад 20 сакавіка 1920 г. у рэдакцыю газеты «Беларусь». Вось вытрымкі з таго ліста, змешчанага ў поўным дзевяцітомным зборы твораў Я. Купалы: «Вельмі паважаны Пане Рэдактар! Не адкажыце надрукаваць у Вашай газеце гэтых колькі слоў. 9 студзеня г.г. я цяжка захварэў і 13 студзеня я ўжо быў у Земскай бальніцы, дзе пралежыў да 20 сакавіка. У часе гэтай маёй хваробы шмат асоб аказалі мне па-праўдзе братнюю помач і апеку. ...Не магу таксама не ўспомніць добрым словам д-ра Малькевіча, які на кватэры аказаў мне першую помач, а так жа прафесара Іваноўскага, Б. Тарашкевіча, Ясінскага, Ерохава і інш., што сваімі рукамі на насілках занеслі мяне з кватэры аж у бальніцу».

Ідэнтыфікаваць Ясінскага мне дапамаглі адшуканыя біяграфічныя звесткі і асабістая заява ад 6 жніўня 1920 г. у Мінскі губернскі зямельны аддзел з просьбай «предоставить работу по специальности техника-механика». Апошні дакумент і з’яўляецца каштоўнай знаходкай, бо на ім уласнаручныя рукапісныя рэкамендацыі, якія далі просьбіту Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч (1883—1937) і Янка Купала.

Будучы акадэмік С. Некрашэвіч, ініцыятар стварэння і першы старшыня Інстытута беларускай культуры, а тады загадчык літаратурна-выдавецкага аддзела Народнага камісарыята асветы (Наркамасветы), напісаў: «Тов. Ясинский лично мне известен как в высшей степени честный и серьезный работник». А беларускі пясняр падкрэсліў наступнае: «Тав. Ясінскага знаю як самага акуратнага і сумленнага працаўніка, якому можна даверыць самую адказную працу».

Адкуль маглі ведаць Ясінскага С. Некрашэвіч і Я. Купала, робіцца зразумелым з анкеты першага, датаванай 1920 г. Яе сціслыя запісы паведамляюць, што Яраслаў Уладзіслававіч Ясінскі нарадзіўся 11 лютага 1875 г. у Барысаўскім павеце Мінскай губерні, меў «сярэдне-тэхнічную адукацыю» і «дваццацігадовы практычны стаж», быў жанаты і меў дваіх дзяцей, валодаў рускай, беларускай і польскай мовамі, з’яўляўся членам камісіі аддзела забеспячэння Наркамасветы. А ў Наркамасветы ў 1920 г. якраз і працавалі С. Некрашэвіч і Я. Купала.

У інтэрнэт-крыніцах, прысвечаных ахвярам сталінскіх рэпрэсій, змешчана інфармацыя пра Яраслава Уладзіслававіча Ясінскага, 1881 г. н. (хутар Валянцінава, Плешчаніцкая воласць, Барысаўскі павет, Мінская губ.) як сакратара Беларускага НДІ сельскай гаспадаркі, асуджанага ў 1931 г. за антысавецкую агітацыю на тры гады высылкі, і як жыхара саўгаса «Красный колос» Ліпецкага раёна, які ў 1930-х гг. быў рэпрэсаваны і расстраляны. Таксама адзначаецца, што 19 мая 1989 г. ён быў рэабілітаваны Пракуратурай БССР. Хутчэй за ўсё (улічваючы недакладнасць у даце нараджэння), гэта і ёсць былы кіраўнік вучэбнай фермы «Лошыца» Яраслаў Ясінскі, які быў пасля першага арышту высланы ў Расію, а там пазней паўторна арыштаваны і расстраляны.

На вялікі жаль, звесткі пра Я. Ясінскага пакуль абмяжоўваюцца толькі вышэйпададзенай інфармацыяй. Спадзяюся, што неўзабаве архівы адкрыюць і іншыя цікавыя падрабязнасці яго стасункаў з Янкам Купалам.

P. S. Фотакопія поўнага тэксту заявы Я. Ясінскага надрукавана ў кнізе Ю. Кур’яновіча «Старасвецкая Лошыца», што неўзабаве пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь». У кнізе таксама ўпершыню змешчаны шэраг іншых цікавых архіўных дакументаў.

Юры Кур'яновіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 87 раз Последнее изменение Пятница, 14 декабря 2018 16:08
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии