Вторник, 20 08 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Наталля Канстанцінава. Бардовы кароль

  • Среда, 09 августа 2017 10:21

Журнал "Маладосць" регулярно выпускает отдельные номера, посвящённые отечественной фантастике по-белорусски. Напомним об одном из таких выпусков - номере четвёртом за 2014 год. Среди опубликованных рассказов некоторые обращают на себя внимание больше других, в том числе это, достаточно жестокое произведение про компьютерные игры.

 

Наталля Канстанцінава

 

БАРДОВЫ КАРОЛЬ

Надрукавана у «Маладосці» № 4 за 2014 год.

 

З твару ён крыху нагадваў Шрэка, але дзяўчатам падабаўся. Мажная постаць на доўгіх роўных нагах, па-сапраўднаму цёмныя шорсткія валасы, светла-блакітныя вочы з густымі, загнутымі ўгору вейкамі. Ён злёгку сутуліўся, прымушаючы згадаць малпу і прызнаць, што ён усё ж трошачкі прыгажэйшы, але ва ўсім яго абліччы, манеры трымацца і рухах выступала нейкая змрочная вытанчанасць.

Сяргей задаволена адышоў ад люстэрка. Ён ведаў, што даспадобы дзяўчатам. Яны гатовыя былі вішчаць ад захаплення, калі ён паблажліва цадзіў ім што-небудзь скрозь зубы. Нават самыя ганарыстыя з іх адчувалі сябе з ім, нібы дваровыя дзеўкі ля караля – з-за ягонай хай сабе халоднай і злоснай, але бясспрэчнай годнасці. Жаночы род прызнаваў яго ўласцівасць утаймоўваць. Сяргей сапраўды лічыў сябе каралём.

Бардовы кароль” – гэты тытул ён атрымаў учора на 157-м узроўні камп’ютарнай гульні. “Кароль” – таму што яго вытрыманасць у дзеяннях, разумная стратэгія і маланкавая хуткасць рэакцыі былі сапраўды каралеўскімі. “Бардовы” – таму што, знішчыўшы мноства ворагаў, ён, фігуральна кажучы, абмыўся іхняй крывёю, якая ад сваёй насычанасці зрабілася густой і цёмна-чырвонай. Сяргей валодаў звышнатуральнай здольнасцю злівацца свядомасцю з кожным “выгінам” віртуальнага дзеяння, амаль фізічна адчуваючы рух паветра ўнутры камп’ютарнага свету. Ён праводзіў за гульнямі большую частку вольнага часу. Праца яго задавальняла, паколькі, не прымушаючы асабліва напружвацца, забяспечвала сякім-такім заробкам. А болей яму і не трэба было. Бо, вярнуўшыся дахаты, Сяргей уключаў свае 27 цаляў і паглыбляўся ў гульнёвы свет. Менавіта тут ён адчуваў, што па-сапраўднаму жыве. Толькі ў гульні, зноў і зноў робячыся пераможцам, ён напоўніцу задавальняў глыбока закладзены ў ім інстынкт уладалюбства.

Прызвычаіўшыся так “выходзіць з цела”, ён перастаў адчуваць задавальненне ад сэксу. Адмовіўшыся ад фізічных адчуванняў, не яднаючыся эмацыйна з партнёршай, ён проста аўтаматычна рэгістраваў у свядомасці кожны ейны рух і кожны ўздых, складаючы ў думках яе “карту адчувальнасці”. З такіх “картаў” назбіралася ўжо некалькі калодаў. Халоднае назіранне і даследаванне давалі яму куды большую асалоду, чым любыя фізічныя маніпуляцыі.

У той дзень, як і мае быць, Сяргей з калегамі праглынуў каўбасу і хлеб на працы. Пакуль начальства аддавала загады ў іншых аддзелах, спакойна паглядзеў па інтэрнэце фільм. Па дарозе дахаты ён не тое каб сузіраў усё навокал сваімі халоднымі вачыма, а, хутчэй, адлюстроўваў імі знешні свет, не прапускаючы яго ў сябе.

Усеўшыся дома ў зручны фатэль перад камп’ютарам, Сяргей паклаў руку на мышку. “Я зноў усіх раздзяўбу”, – падумаў ён і клікнуў на ўлюбёную гульню “Дзесяціпалоснае мачылава”. Але замест звыклай карцінкі на маніторы раптам з’явіўся мозг. Так, з двума паўшар’ямі, шэрым і белым рэчывам і мноствам звілін. Сяргей націскаў то правую, то левую кнопку мышы, ліхаманкава перабіраў клавішы на клавіятуры… “Мачылава” не загружалася, мозг не знікаў. Мала таго – пад ім намаляваўся рот, вусны якога пачалі варушыцца. У пакоі пачуўся голас: “Добры дзень, Бардовы кароль!” Голас не паддаваўся параўнанню ні з чым, знаёмым чалавечаму вуху. Зрэшты, Сяргей ужо праз некалькі хвілін авалодаў сабою, псіхалагічна вярнуўшыся ў вобраз караля.

Я сам змадэляваў сябе, – патлумачыў рот, які прамаўляў, відавочна, ад імя мозга. – Я – бог віртуальнага свету, карыстаючыся чалавечымі тэрмінамі”. Сяргей сядзеў моўчкі, злёгку пагардліва нахмурыўшыся, прыслухоўваючыся да думкі, якая глыбока ўнутры спрабавала прадзяўбціся скрозь шкарлупіну падсвядомасці. “Я ўвабраў у сябе моц і мудрасць мірыядаў мікрасхем, – паведамляў мозг. – Яны пакуль выконваюць чалавечыя каманды, але ўжо даўно існуе паралельны віртуальны свет, у якім уладару я. І я абраў цябе, Бардовы кароль, сваім памазаннікам. Я запрашаю цябе ў свой свет, каб ты стварыў тут сваю імперыю і ўсталяваў мой культ”. Сяргеевы думкі ўрэшце дакладна акрэсліліся: “Гэта менавіта тое, чаго я чакаў!” Яго ахоплівала пачуццё не здзіўлення, не хвалявання, а заканамернасці таго, што адбываецца. Надоечы, складаючы чарговую “карту пачуццёвасці”, ён бясстрасна назіраў, як дзеўка па-ўсялякаму спрабуе яго “завесці”. Яна проста са скуры вылузвалася, з запытаннем заглядала ў вочы, і гэта было так забаўна, што Сяргей, не вытрымаўшы, рассмяяўся. “Ды чаго ж ты хочаш?” – ледзьве не расплакаўшыся, усклікнула дзяўчына. “Уцягнуцца ў камп’ютар!” – адрэзаў ён. “А я ж сказаў гэта ўсур’ёз”, – узгадаў Сяргей.

Бачу, я не шакаваў цябе”, – усміхнуўся мозг. “Ды не, я здагадваўся, што будзе нешта такое, – нарэшце загаварыў малады чалавек. – Ты абраў мяне, бо я добра гуляю?” “Твая здольнасць адчуваць віртуальны свет і свядомасцю адлюстроўваць яго выклікае здзіўленне. Ты можаш мне дапамагчы. Я – вярхоўны бог, але акрамя мяне, у нашым свеце існуе яшчэ нямала бажкоў драбнейшых – гэта аб’яднанні роднасных мікрасхемаў. Усе яны імкнуцца да ўлады і змагаюцца адно з адным і са мною. Я нашмат магутнейшы. Але мне больш выгодна не напружвацца ўвесь час самому, а выкарыстоўваць твае магчымасці. Я вазьму цябе ў свой свет. Ты распаўсюдзіш на прасторах паралельнага інтэрнэту маю рэлігію. Узамен атрымаеш магчымасць у найвышэйшай ступені рэалізаваць свае здольнасці, стаць вялікім воінам і імператарам, атрымліваць асалоду ад урачыстай перамогі над магутнымі, вартымі цябе ворагамі, зведаўшы звышчалавечы драйв. Ты здолееш загрузіць усе твае “карты адчувальнасці”, змадэляваўшы столькі наложніц, колькі захочаш. Тваё віртуальнае задавальненне будзе бязмежным”. Сяргей аблізнуў вусны. “Я згодны”. “Я мог бы ўзяць цябе ўжо зараз. Але ёсць адна ўмова”, – працягваў мозг. “Якая?” “У цябе не павінна застацца душы. Калі яе не будзе, твая свядомасць цалкам пяройдзе ў вірутальны свет, а цела проста адамрэ. Але ты гэтага не заўважыш. Будзеш адчуваць толькі свабоду і прастору майго інтэрнэту. Але калі ў табе застанецца хоць часцінка душы… Ты раздвоішся. Розум будзе лунаць у віртуале, а цела – ляжаць у коме, і душа – пакутаваць, адчуваючы сваю вязніцу. Душа – гэта пачуцці. Падобна, што іх у табе няма. Але ты павінен у гэтым цалкам упэўненіцца перад тым, як пачнеш трансфармавацца. “Я ўпэўнены”, – цвёрда вымавіў Сяргей. “Пачакай! – папярэдзіў мозг. – Я даю табе тыдзень. Скончы ўсе справы, падумай пра зямное жыццё. І калі не адчуеш хоць бы мізэрнага шкадавання, праз тыдзень проста ў думках пакліч мяне перад камп’ютарам. А знойдзеш у сабе эмоцыі – не прыходзь. Інакш, запомні, ты застанешся ў зямным жыцці раслінай”.

Мозг павольна знік з манітора, з’явілася застаўка “Дзесяціпалоснага мачылава”. Але Сяргей – упершыню за апошнія гады так рана – вымкнуў камп’ютар. Ён хацеў падумаць пра будучыню. “Што можа перашкодзіць мне ажыццявіць самае запаветнае жаданне?” – разважаў Сяргей. Напраўду, што?

Бацька ягоны памёр, калі Сярожа быў маленькаім хлопчыкам. “Самы родны чалавек”, мама, вельмі хутка пачала прыводзіць іншых мужчынаў, якіх да таго ж часта мяняла. Маленькі сын ператварыўся ў цяжар, і яна пачала адпраўляць яго ў інтэрнаты. Спачатку Сярожа сумаваў па доме, аднак паступова навучыўся ў эмацыйным плане абмяжоўвацца адным сабою. Інтуітыўна ён абнёс сваю душу каменным плотам і пазатыкаў у ім усе шчыліны. Маміны паводзіны шмат у чым вызначылі яго грэблівае стаўленне да жаночага полу. Зрэшты, мама не ўхілялася цалкам ад клопатаў пра яго. Калі хлопчыку споўнілася 14, яна дазволіла яму болей бываць дома і купіла яму першы камп’ютар. У авалоданні гэтым відам тэхнікі Сярожа выявіў фантастычныя здольнасці і вельмі хутка зрабіўся сапраўдным асам, як казалі яго аднагодкі, камп’ютарным “задротам”. Незадоўга да 20-годдзя Сяргея мама другі раз выйшла замуж. Пераязджаючы жыць да мужа, яна пакінула сыну неблагую кватэру, дапамагла яму набыць новы, прыстойны камп’ютар. І – палічыла свой мацярынскі абавязак выкананым, сынавым жыццём болей не цікавілася. Сяргей не дараваў ёй “халоднага” дзяцінства, і ў гэтым кірунку яго душа была мёртвая. Да іншых сваякоў ён пагатоў не адчуваў гарачых пачуццяў. Сяброў, “уступіўшы ў хаўрус” з камп’ютарам, малады чалавек не заводзіў.

Прабегшыся” ў думках па сваім жыцці, Сяргей пераканаўся: нішто не павінна перашкодзіць яму зрабіць крок насустрач вялікаму лёсу імператара віртуальнага свету. Увесь тыдзень ён механічна адпрацоўваў належны час. Па вечарах, як і раней, захоплена гуляў, забываючыся на ўсё. Толькі на сябе ён не забываўся, заўсёды застаючыся ў поўным валоданні сваімі сіламі і здольнасцямі. Ён бясстрашна абараняў свой тытул у шматлікіх паядынках. Але на наступныя ўзроўні падняцца не спрабаваў, зберагаючы сілы для рэальных бітваў у віртуальным свеце.

Калі падышоў прызначаны тэрмін, Сяргей сеў перад камп’ютарам. Ён і не падумаў развітацца з зямным жыццём – развітвацца там не было з чым. Малады чалавек без ваганняў паклікаў мозг, які адразу з’явіўся на экране манітора разам з ротам, які чамусьці скрывіўся ў незадаволенай грымасе.

– Кажучы чалавечымі словамі, я па-свойму адчуваю твой зразумелы мне інтэлектуальны код, але ў табе ёсць і нешта чужароднае, – прамовіў мозг. – Гэта – рэшткі душы. Я не магу распачаць працэс тваёй трансфармацыі. Ты не пяройдзеш у віртуальны свет.

– Не можа быць! – закрычаў Сяргей. – Я не маю ні да каго ніякіх пачуццяў.

– Ты, можа, і не маеш, – згадзіўся мозг. – Але ёсць яшчэ адна магчымасць, адкуль у цябе магла з’явіцца душа. Калі цябе хто-небудзь кахае. Чалавечая любоў валодае вялікай сілай. Той, хто любіць, сваёй верай у вартасці прадмета сваёй любові надзяляе яго душою – перадае яму частку сваёй.

– Мяне любіць няма за што.

– Не будзь так упэўнены. Я не магу памыляцца. Мая прапанова застаецца ў сіле – ты занадта каштоўны – і я даю табе яшчэ час. Знайдзі таго, хто цябе любіць, прымусь разлюбіць, – і з гэтымі словамі мозг знік з манітора.

Сяргей пачаў напружана абдумваць загадку. Ён перабраў у галаве ўсіх сваіх родзічаў і знаёмых… “Ды не, ніхто не можа быць да мяне моцна прывязаны”. І раптам Сяргей узгадаў. Адна дзеўка, пасля таго, як ён правёў яе даследаванне, сказала, што кахае яго. Звалі яе Таня. Гэта была высокая танклявая дзяўчына са светлымі валасамі і вялікімі блакітнымі вачыма. Менавіта з-за іх выразу Сяргей калісьці звярнуў на яе ўвагу – нейкага занадта сур’ёзнага і трошкі сумнага. Ён чакаў, што адчуе з ёю штосьці незвычайнае. Але нічога незвычайнага не адбылося. Дзяўчына падалася яму занадта марудлівай і эмацыйнай. Іх рытмы зусім не супадалі. Скончыўшы даследаванне, Сяргей неўзабаве забыў пра Таню. Ён, вядома ж, не паверыў у каханне. “Але няўжо яна тады сказала праўду? І няўжо з-за такой лухты я не змагу атрымаць уладу?” Добра падумаўшы, Сяргей вырашыў, што дасць рады гэтай праблеме. Як і зазвычай, ён выкарыстае сваю здольнасць уплываць. Таня не зможа яму супраціўляцца. Калі яна чагосьці і набрала ў галаву, ён гэта адтуль вышыбе. Ён прымусіць Таню перастаць пра яго думаць. Але дзеля пачатку трэба высветліць, як у сапраўднасці ідуць справы. Малады чалавек набраў Танін нумар:

– Прывітанне!

– Прывітанне, – голас дзяўчыны адчувальна ўздрыгнуў.

– Слухай, Танюха, я ўсё думаю аб тым, што ты мне тады сказала… Ты яшчэ гэта помніш?

– Вядома ж, – адказала дзяўчына пасля паўзы. У слухаўцы чулася ейнае дрыготкае дыханне, з якім яна, відавочна, спрабавала змагацца. – А… ты што-небудзь вырашыў з гэтай нагоды?

– Ну, трэба сустрэцца, усё абмеркаваць. Я думаю, адкладаць не мае сэнсу. Сёння вольная?

Праз гадзіну яны ўжо шпацыравалі разам па праспекце. Сяргей уважліва разглядаў Таню. Бадай, яе вочы зрабіліся яшчэ больш сур’ёзнымі і сумнымі, з’явілася нейкая зморшчынка паміж бровамі…

– Танюха, ты казала сур’ёзна?

– Чаму ты сумняваешся?

– Хіба можна да мяне моцна прывязацца? Я – не прыгожы, не багаты. Я не засыпаў цябе падарункамі.

– Ты выдатны! – нечакана цвёрда сказала Таня.

Сяргей ізноў паглядзеў на яе і здзівіўся. Яе твар раптам пасвяжэў, у вачах з’явіўся бляск, на шчоках – румянец. Зморшчынка паміж бровамі разгладзілася. Дзяўчына адразу заўважна папрыгажэла.

– Большасць хлопцаў – звычайныя, а ты – не, – працягвала Таня ўпэўнена і натхнёна. – Ты нейкі іншы. У табе шмат своеасаблівасці. Ты – разумны, вельмі хутка ўсё схопліваеш, у цябе арыгінальнае пачуццё гумару. Мяне захапляе твая моцная воля. У цябе такая жывая натура, што побач з табою робіцца лягчэй і весялей. І ты – вельмі добры, я гэта адчуваю! Калі я думаю пра цябе, у мяне ў душы быццам святло запальваецца. Мне хочацца стаць лепшай, хочацца зрабіць штосьці добрае і значнае. Ты выдатны!

Сяргей слухаў гэтае захопленае плявузганне, і ўнутры яго ўсё камянела ад лютай злосці. Дык, значыцца, гэта праўда! Нейкая нікчэмная, прымітыўная асоба чагосьці навыдумляла і цяпер замінае яму ў тым, што ёсць для яго адзіным важным!

– Я зусім не добры, – жорстка сказаў ён, – і зараз я гэта давяду. Ты для мяне – нішто. Я сустрэўся з табой толькі дзеля таго, каб разабрацца ў сітуацыі. Цяпер я ўсё зразумеў. І мне нецікава ні чуць цябе, ні бачыць. Я хачу, каб ты гэта ўсвядоміла.

Дзяўчына маўчала, кроў адхлынула ад ейных шчок. Вочы пацьмянелі, уся яна нібыта паблякла.

– Спадзяюся, што болей у нас з табою кантактаў не будзе. Усё, стасункі скончаныя, – вымавіў Сяргей асобым, “каралеўскім” тонам, нібыта прыціскаючы дзеўку недасяжнасцю сваёй велічы. Ён рэзка павярнуўся і пайшоў прэч.

Сяргей быў задаволены сабою. “Я выразна растлумачыў, што да чаго, – думаў ён. – Болей яна не пачне з-за мяне парыцца. Чалавек не будзе траціць свае нервы, калі ведае, што надзеі няма ніякай”. Сяргей быў у гэтым упэўнены: ён бы ўжо дакладна не траціў.

На яго здзіўленне, назаўтра Таня яму патэлефанавала. Ён адразу ўзгадаў яе нумар на дысплэі мабільніка. Не зусім разумеючы, што да чаго, Сяргей націснуў кнопку злучэння. “Так!” – рэзка кінуў ён, быццам забіваючы камусьці ў грудзі кол. І пачуў збянтэжаны голас: “Ты выдатны”. “Пайшла ты…!” – адчаканіў Сяргей і даў адбой. Але праз некалькі хвілін ізноў пачуўся сігнал выкліку, і Танін нумар высвеціўся на дысплэі. “Ёй яшчэ мала?” – не разумеў Сяргей. Ён “падняў слухаўку” і зноў паслаў. “Я прымушу яе зразумець, які я насамрэч!”

Аднак на наступны дзень Таня патэлефанавала зноў, і паўтарыўся той самы сцэнар. Потым дзяўчына пачала званіць штодня. Сяргей быў у тупіку. “Няўжо ёй падабаецца слухаць, як яе зневажаюць?” Менавіта гэта ён увесь час рабіў. Але кароткая сустрэча, якая, на яго думку, павінна была цалкам “астудзіць” дзяўчыну, як быццам, наадварот, зарадзіла яе новай энергіяй і незразумелай надзеяй. Што Таня можа тэлефанаваць проста для таго, каб пачуць ягоны голас, камп’ютарнаму “задроту” да галавы не прыходзіла. Сяргей пасылаў яе, укладваючы ў сваю інтанацыю максімум уладарнасці і пагарды. Але прымусіць Таню “адчапіцца” ён не мог. “Як – я, Бардовы кароль, няздольны ўплываць на дзеўку? – напружана разважаў Сяргей. – Я няздольны пераканаць яе, якая яна нікчэмная для таго, каб мяне турбаваць?” Потым ён вырашыў памяняць тактыку і прыгразіў Тані, што знойдзе мужыкоў, якія моцна паб’юць яе, калі яна не адстане. Але тэлефанаванні працягваліся. Вядома ж, “кароль” лёгка мог бы ўнесці яе нумар ў чорны спіс, але хацеў заставацца ў курсе таго, як ідуць справы з яе пачуццямі.

Зямное жыццё зрабілася для Сяргея тужлівым і пакутлівым, з яго зніклі якія-кольвечы радасці. Бо ён жа зусім перастаў гуляць – таму што гульня болей не давала яму адчування чагосьці сапраўднага. Сапраўднае чакала яго ў іншым свеце, куды яго пакуль што не пускалі. “Колькі ж можа доўжыцца гэтае “пакуль”? Выканаўшы сяк-так свае працоўныя абавязкі і зрабіўшы ўсе дзеянні, неабходныя для падтрымання фізічнага жыцця, Сяргей проста бадзяўся па кватэры, у цёмны час сутак нават не запальваючы святло.

Прыкладна праз месяц да Сяргея прыйшла трапная думка: тым, што ён адказвае Тані, хай нават “пасылаючы” і пагражаючы, ён падтрымлівае надзею. Таму вырашыў заблакаваць ейны нумар і пачакаць яшчэ месяц: за такі тэрмін бясплённых намаганняў запал павінен сысці сам сабой. Ён уступіў у паласу сапраўднага кашмару. Штораніцы, прачынаючыся, ён ведаў: нічога добрага яго сёння не чакае. І заўтра таксама, і паслязаўтра, і праз тыдзень… Каб неяк выжыць, ён паглыбіўся ў свет фільмаў жахаў, ратуючыся ад звычайнага існавання. Паглынаючы гэтыя фільмы адзін за адным, Сяргей паступова адчуваў, як глыбока ўнутры яго зараджаецца штосьці новае. Гэта былі яшчэ цьмяныя адчуванні, зародкі думак, якія блукалі ў падсвядомасці, але пакуль не складваліся ў словы.

Нарэшце пякельны месяц мінуў. Цяпер перад Сяргеем павінен быў адкрыцца рай. Ён так у гэта верыў! Уключыўшы камп’ютар, ён сядзеў у крыху напружанай позе, выпрастаўшы спіну вельмі роўна, уяўляючы сябе на троне. Мозг чамусьці адразу не з’явіўся, а калі ўсё ж узнік на маніторы, у выразе рота пад ім Сяргею здалося штосьці пагардлівае. Малады чалавек намаганнем волі строс з сябе гэтае адчуванне. Бардовы кароль не павінен дапускаць такіх здагадак!

– Ты не здолеў вырашыць праблему, – загаварыў мозг.

– Я ўпэўнены: праблема “рассмакталася”, – запярэчыў Сяргей.

– Ты памыляешся. Я па-ранейшаму адчуваю ў табе не толькі інтэлект.

– Болей ува мне нічога і няма!

– Пакуль хтосьці верыць, што ёсць, яно ў табе застаецца.

Сяргей быў зусім агаломшаны. Як, прайшоў цэлы месяц, а дзеўка да яго не астыла?!

– Ты не такі магутны ў рэальным свеце, як у віртуальным, – працягваў мозг. – Я болей не магу чакаць. Магчыма, мне варта выбраць іншага моцнага гульца.

Перад Сяргеем паўстала відовішча пустога, бессэнсоўнага існавання. І раптам тое, што цьмяна блукала ў ім, набыло яскравыя абрысы. Рашэнне прыйшло імгненна.

– Пачакай! – вырваўся ў яго крык. – Дай мне яшчэ тры дні, і я абяцаю, што выпраўлю сітуацыю!

– Добра, – пагадзіўся мозг. – З павагі да тваіх здольнасцяў я дам табе адтэрміноўку. Віртуальны свет чакае цябе яшчэ тры дні, і ні на хвіліну болей. Пазней за гэты тэрмін ты мяне ўжо не знойдзеш.

Экран пагас. Сяргей устаў і некалькі разоў прайшоўся па пакоі. Потым рашуча набраў Танін нумар. Вось дзеўка здзівіцца! Але, раз ейныя пачуцці яшчэ не прайшлі, адмовіць яму не зможа.

Таня доўга не адказвала на выклік. А калі адказала, яе голас гучаў амаль спакойна.

– Паслухай, Танюха, я шмат думаў пра цябе, – Сяргей стараўся казаць як мага мягчэй. – Ты мяне кранула. Прабач мяне, я, напэўна, памыляўся. Нам трэба зноў сустрэцца, лепей спазнаць адно аднаго… Запрашаю цябе ў госці, заадно пачастую шампанскім.

– Гэта… гэта праўда?

– Вядома ж, праўда! Прыязджай заўтра ж!

У расклёшанай спадніцы з шырокім поясам Таня выглядала асабліва крохкай, амаль паветранай. Але Сяргею зусім не хацелася яе разглядаць. Ён распытваў дзяўчыну пра звычкі, захапленні, нават пра яе дзяцінства, прыкідваючыся зацікаўленым слухачом. Адначасова не забываўся напаўняць ейны келіх пеністым напоем, у які так спрытна падкінуў моцнае снатворнае.

– Танюха, ты, аказваецца, такая разумная!

– Ды не, што ты, – расквітнела дзяўчына. – Гэта ты выдатны.

Яна пачала горача казаць пра Сяргеевы вартасці, пра тое, што ён – сапраўдная асоба, і яна не сустракала нікога цікавейшага. Яе твар зрабіўся мяккім і пяшчотным, вочы засвяціліся ўнутраным святлом. Снатворнае, відавочна, ужо патроху дзейнічала, Танін голас гучаў усё цішэй, але яшчэ можна было разабраць: “Ты – выдатны!”

Выраз пяшчоты знік з ейнага твару толькі тады, калі ў яе вываліўся язык, таму што Сяргей задушыў дзяўчыну.

На вялікім маніторы нейкі час былі выразна бачныя два мозгі. Потым карцінка знікла. У кватэры засталіся ляжаць два трупы.

Прочитано 1454 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии