Пятница, 22 09 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Друкуецца ў Маладосцi. Ася Умарава. Дзед Хаса. Прадмова Алеся Карлюкевiча

  • Суббота, 09 сентября 2017 10:54

Братэрства: каардынаты літаратурнай дружбы

У апошнія гады склаліся добрыя і трывалыя традыцыі па прадстаўленні ў Беларусі сучаснай літаратуры народаў Расіі ў перакладах на беларускую мову і ў публікацыях “Нёмана” на рускай мове.

Вось і зараз часопіс “Маладосць” знаёміць айчыннага чытача з творамі татарскага паэта Роберта Мінуліна, татарскага празаіка Алмаза Гімадзіева, чачэнскіх пісьменнікаў Сайда-Магамеда Гелагаева, Адама Ахматукаева, Лулы Куні, Асі Умаравай, балкарскага паэта Саліха Гуртуева, марыйскага празаіка Васіля Краснова… Яны — з розных пісьменніцкіх пакаленняў. Не ў кожнага на памяці стары лозунг: “Дружба народаў — дружба літаратур”. У гэтым “інтэрнацыянальным” выпуску “Маладосці” да расіян з Каўказа і Татарстана, Марыйскай Рэспублікі і Кабардзіна-Балкарыі далучыліся туркменскія празаікі Камек Куліеў і Максат Бяшымаў. Хацеў бы акцэнтавана заўважыць, што гэта не першыя іх сустрэчы з чытачамі Беларусі. Хіба што за выключэннем Сайда-Магамеда Гелагаева, Асі Умаравай ды марыйца Васіля Краснова.

Да прыкладу, народнага паэта Роберта Мінуліна даўно перакладаюць як дзіцячага паэта. Яшчэ “за савецкім часам” з'явіліся яго першыя публікацыі ў Беларусі. А летась і кніга вершаў Роберта Мінуліна выйшла ў Выдавецкім доме “Звязда”. Перакладчыца – маладая паэтэса Яна Явіч. Чачэнец Адам Ахматукаеў апошнім часам прыязджае ў Беларусь на пісьменніцкія “круглыя сталы”, удзельнічаў ён і ў адным з сімпозіумаў літаратараў “Пісьменнік і час”. Друкаваўся ў “Літаратуры і мастацтве”. Дарэчы, і ў Чачэнскай Рэспубліцы гэты вядомы паэт і перакладчык шмат робіць дзеля пашырэння беларуска-чачэнскіх літаратурных сувязяў. З апошніх прыкладаў – яго пераклады трох вершаў Якуба Коласа і паэмы Янкі Купалы “Нікому”. Толькі што гэтыя пераклады надрукаваны ў газеце “Даймохк”. А для часопіса “Вайнах” (ліпеньска-вераснёўскі нумар; ужо рыхтуецца да здачы ў друк) Адам Ахматукаеў пераклаў творы Францыска Скарыны, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Міколы Купрэева, Пімена Панчанкі, Алеся Бадака, Алены Стэльмах, Марыі Кобец, Валерыі Радунь.

Не меней старанна працуе на ніве сяброўства з беларускай літаратурай чачэнская паэтэса, празаік, публіцыст Лула Куні. Яна выступае ў беларускім друку з інтэрв’ю, меркаваннямі пра тыя ці іншыя творы сучаснай беларускай літаратуры. Друкавалася ў “Нёмане”, “Літаратуры і мастацтве”. А ў часопісе “Нана”, які выходзіць ў Грозным на чачэнскай і рускай мовах, яна змяшчае пераклады паэзіі і прозы беларускіх пісьменнікаў. Друкавалі ў гэтым выданні і вершы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Выйшлі ў “Нане” і артыкулы пра нашых паэтаў — Рыгора Барадуліна, Максіма Багдановіча. Рыхтуецца серыя публікацый вершаваных падборак нашых класікаў з уступнымі артыкуламі. Зараз Лула Куні ўкладае калектыўны зборнік беларускай паэзіі на чачэнскай мове. Па сённяшнім часе такі плён дарагога варты. Можна ўжо гаварыць, што ад Мінска да Грознага выбудаваны трывалы мост сяброўства. Будзем спадзявацца на працяг добрых спраў.

Туркменскія аўтары ў восьмым нумары “Маладосці” – Максат Бяшымаў і Камек Куліеў. Творы апошняга з іх друкаваліся ў “Бярозцы”. Падборка перакладаў яго апавяданняў выйдзе ў калектыўным зборніку, які рыхтуецца да друку ў выдавецтве “Адукацыя і выхаванне”. Максат Бяшымаў выступаў у “Маладосці” з падрабязным расповедам пра маладую літаратуру Туркменістана. Такія кантакты спрыяюць магчымасцям разгледзець літаратурныя працэсы ў розных краінах і паспрабаваць зазірнуць у сучасны свет розных народаў. А з нядаўніх туркменскіх публікацый у “ЛіМе”, “Маладосці”, “Полымі”, нават “Бярозцы” – вершы і апавяданні Агагельды Аланазарава, Бягуль Анабаевай, Сапармурада Авязбердыева, Касыма Нурбадава, Керыма Курбанняпесава…

І “Маладосць”, і “Полымя”, і “Літаратура і мастацтва” сталі выданнямі, якія разам утвараюць добрую пляцоўку для зносін пісьменнікаў Беларусі з пісьменнікамі постсавецкай і не толькі постсавецкай прасторы. Але, карыстаючыся нагодай новай сустрэчы з новымі творамі, хацелася б звярнуць увагу на некаторыя праблемы. Публікацыі такога кшталту, як гэтая вось сустрэча з творчасцю замежных літаратараў, — падстава для развіцця ўяўленняў пра беларускае мастацкае слова ў свеце. І туркмен Максат Бяшымаў, і чачэнцы Лула Куні, Адам Ахматукаеў, і літоўцы Яронімас Лауцюс, Вітаутас Жэймантас – людзі і творцы, якія з’яўляюцца праваднікамі культуры Беларусі ў сваіх краінах. Ім толькі трэба дапамагчы, падказаць… Найперш – з мэтай ажыццявіць правільны перакладчыцкі выбар. Па-другое, плён іх працы павінен быць падставай для абмеркаванняў і разваг — пра літаратуру і пра Беларусь. Тыражы любога друкаванага выдання сёння досыць абмежаваныя. Значыць, для знаёмства патрэбны літаратурна-мастацкія інтэрнэт-пляцоўкі. Як іх развіць, як прыцягнуць да іх увагу?.. Адзін з прыкладаў – “Созвучие: литература и публицистика стран Содружества”, дзе цесна аўтарам, мовам і літаратурам. Зазірніце па гэтым адрасе… Відаць, наспела пара болей рашуча садзейнічаць мадэрыраванню на гэтай электроннай прасторы з боку самых розных нацыянальных складнікаў. У супольнасці з “Полымем”, “Літаратурай і мастацтвам”, “Маладосцю” “Созвучию…" можна было б шмат што зрабіць. А памагатых у нашай нацыянальнай літаратуры шмат ва ўсім свеце.

І сёння перакладаюць беларускую літаратуру… У Азербайджане гэтым найперш апякуюцца Камран Назірлі і Севіндж Нурукызы. Вось толькі што добрая вестка прыйшла з Баку. Пачала выходзіць цэлая серыя “Сучасная беларуская літаратура”. І адразу тры кнігі прыйшлі да чытача з гэтай пазнакай: раман Мікалая Чаргінца “Сыны”, кнігі апавяданняў Алеся Бадака і Георгія Марчука. Усе іх пераклаў Камран Назірлі. А яшчэ раней ён пераклаў аповесць лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”…

У Калмыкіі шмат робіць для прапаганды беларускай паэзіі Рыма Ханінава. У яе “беларуска-калмыцкай” супольнасці памагатыя яе ў гэтай справе – паэты Эрдні Эльдышаў, Вера Шуграева, іншыя рупліўцы ў перакладчыцкай справе.

Удмурція даўно настойліва сочыць за беларускім літаратурным працэсам праз памкненні народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі. Дарэчы, летась яго кнігай паэзіі Выдавецкі дом “Звязда” адкрыў серыю “Сябрына: паэзія народаў Расіі”.

У Татарстане прапагандыстамі беларускага прыгожага пісьменства выступаюць народныя паэты Татарстана Рынат Харыс, Роберт Мінулін, празаік Ляля Гімадзіева.

І ў Чувашыі, якая некалі дала нядоўгі прытулак Янку Купалу, ёсць добры сябар беларусаў – Атнер Хузангай.

Што ўжо казаць пра Казахстан, дзе беларускай паэзіі, прозе, творам для дзяцей рады і ў часопісах і ў газетах, і на “Беларускім партале ў Казахстане”, якім апякуецца наш зямляк Міхась Буланаў. А літаратуразнаўца кандыдат філалагічных навук Святлана Ананьева выкарыстоўвае кожную магчымасць, каб расказаць пра беларускую літаратуру, адзначыць выхад у Беларусі новых цікавых твораў. Святлана Віктараўна неаднойчы ладзіла і “круглыя сталы”, канферэнцыі, дзе ішла размова пра беларускую літаратуру, беларуска-казахскія літаратурныя сувязі. Нельга не згадаць і паэта Нурлана Аразаліна, і перакладчыка Кайрата Бакбергенава, і літаратуразнаўцу Хамрада Алімжанава…

Такому шчыраму літаратурнаму сяброўству можна толькі радавацца! І застаецца да зробленага дадаваць і новыя справы…

Алесь Карлюкевіч

 

 

Ася Умарава. Дзед Хаса

 

         Туман ахінуў саўгас імя 50-годдзя Кастрычніка. Тут адразу прыходзіць у галаву надакучлівае азначэнне “лонданскі”, што наганяе аскому, але туман мясцовы, саўгасны. У такія дні хобі некаторых старых – падпальваць на сваім падворку рэшткі сена і смецце. Паўсюль плыве смурод, і вы не зможаце пакінуць селішча без фірменнага “парфюму”. Дарэмна спрачацца з падпальшчыкамі: ні скаргі суседзяў, ні нараканні хворых не бяруцца пад увагу. Паўсюль качкі, гусі, куры: шумяць і блытаюцца пад нагамі, як тыя школьнікі на дэманстрацыі.

         Ля бярвенняў, побач з трансфарматарам, як звычайна сабраліся старэйшыны – абмеркаваць апошнія навіны. Самы актыўны сярод іх – дзядзька Грыша: размахвае рукамі і паўтарае свае заўсёдныя словы: “Ну, гэта і вожыку зразумела”.

         Сутонее. Дзед Хаса вяртаецца з чарадой авечак – яму насустрач выходзяць мужчыны, каб забраць сваю жывёлу. Авечкі пачынаюць  шарахацца з боку ў бок, узнімаючы пыл, што слупам стаіць у паветры. Тут яшчэ аднекуль з’явіўся статак задзірыстых гусей – яны з шыпеннем кідаюцца на дарослых і дзяцей. Сярод гэтай мітусні, сігналячы і патрабуючы саступіць дарогу, едуць камбайны і трактары. Дзед Хаса толькі хітае галавой, час ад часу цмокае языком і ўскліквае:

         – Дуй хьуна!

         Хаса носіць высокія кірзавыя боты, штаны-галіфэ, доўгі чорны плашч-дажджавік, шэры капялюш з шырокімі брылямі. Калі Хаса, горбячыся, крочыць следам за статкам, яго можна пазнаць здалёк дзякуючы своеасаблівай манеры насіць свой славуты посах: ён не абапіраецца на яго, а трымае за спінай, гарызантальна, акурат на поясе, закідваючы на яго абедзве рукі.

         Штовечар дзед Хаса наведвае сваю стрыечную сястру Секімат – старэнькая амаль страціла зрок. Яшчэ з парога стукае ён посахам у дзверы і, гарэзліва смеючыся, крычыць: “Ці ты дома, старая?!”. Секімат старэйшая за яго на адзін год, і з маленства дзед Хаса кпіць з яе, называючы старой. Яна пасміхаецца, перабіраючы зялёныя пацеркі.

         У іх была сяброўка, старая Паканат з суседняга сяла, якая ўсё абяцала перасяліцца да Секімат, каб быць бліжэй да прыяцелькі. “І перавязу туды свой куфар”, – ад усяго сэрца рагатала яна. І то сказаць, чачэнская дзяўчына, ідучы замуж, вязе ў дом мужа куфар з пасагам. Традыцыя захавалася і дагэтуль, толькі цяжкія старасвецкія куфары замянілі модныя чамаданы ад “Шанэль” і “Луі Вітан”…

         Старая Паканат так і не пераехала, але загадала пахаваць сябе ў іх сяле, каб хоць магілкі былі побач. Жаданне Паканат, калі надышоў яе час, выканалі…

         Секімат ледзь соваецца па пакоях: хворая паясніца перавязана шэрай пуховай хусткай, на нагах – вязаныя шкарпэткі. Ёй пасуе карычневая сукенка, каляровая, у славянскім стылі, хустка на галаве і бурштынавыя каралі на шыі – жоўтыя праменьчыкі трапляюць на скуру. Ёй нядужыцца, і яна просіць дачку Ліпхан змераць ціск, хоць старэйшае пакаленне больш давярае звыклым метадам вызначэння прычын хваробы. Яшчэ здавён у чачэнцаў захаваўся традыцыйны метад дыягностыкі і лячэння – дол дзілар.  Бяруць галаўную хустку, некалькі разоў праводзяць над галавой хворага. Пасля завязваюць вузельчык на самым канцы хусткі і вымяраюць адлегласць да яго локцем, шэпчучы заклінанне. Так вызначаецца наяўнасць сурокаў, псоты, зайздрасці, а яшчэ – незадаволенасці нябожчыкаў. Пасля чытаюць малітву, над агнём кідаюць соль, і вось адбываецца цуд – хвароба адступае! Мужчыны толькі пасміхаюцца. А можа, гэта сапраўды проста недавер да тутэйшых дактароў?

         Навіны па тэлевізары Секімат хоць і не бачыць, але просіць зрабіць гучней. Дыктарка бадзёрым голасам паведамляе пра прыродныя катаклізмы, пра тысячы пацярпелых і параненых: цунамі ў Азіі, землятрус у Паўднёвай Амерыцы… “У Багдадзе закідалі камянямі чатырнаццаць падлеткаў эма”. Пасля ўсяго сказанага тэлевядучая раптам робіць сумны твар, трымае паўзу і жалобным голасам абвяшчае: “А зараз самая трагічная навіна – памёр вядомы артыст…”

         Хаса ў засмучэнні хітае галавой: няўжо папярэднія навіны былі не такімі ж трагічнымі, як паведамленне пра смерць аднаго кінаартыста?..

         Ніхто не разумеў дзеда Хасу. Заўсёды ўлетку і ўвосень Хаса на сваёй драўлянай рыпучай брычцы, у якую быў запрэжаны лядашчы конік, ездзіў у закінутыя сады – нарыхтоўваў сена для кароў, бычкоў, авечак. Суседзі дзівіліся: куды столькі, і так у каморы поўна?!. Але Хаса ўсё працаваў і працаваў, нарыхтоўваў сена, авёс, ячмень… “Сам можаш недаесці, але пра жывёлу, за якую ты адказваеш перад Усявышнім, павінен паклапаціцца. Вось і нарыхтоўваю, пакуль сілы ёсць…” – гаварыў ён.

         Дзед доўга не мог забыць сваю жонку. Людзі часта бачылі яго ў закінутым садзе, калі ён нерухома сядзеў на брычцы, утаропіўшыся ў адну кропку. 

         Жонка Хасы памерла дваццаць чатыры гады таму ад бранхіяльнай астмы, але ён, нягледзячы на ўгаворы сваякоў, так больш і не жаніўся – надта ж любіў сваю прыгажуню. Гэта цалкам у адпаведнасці са словамі “пакуль смерць не прыйдзе па нас”… Ён выкраў яе, калі ёй было ўсяго шаснаццаць. І выкраў не таму, што яна не згаджалася пайсці за яго, – яе бацькі былі супраць, бо лічылі дачку занадта маладзенькай.

         Але не толькі ўспамінаў не мог пазбыцца Хаса. У адрыне было многа рэчаў, якія даўно трэба было б павыкідаць. Але кожная рэч пра кагосьці нагадвала: пра жонку, бацькоў, якіх больш няма, пра дзяцей, сваякоў… 

         У асобных размаляваных куфрах захоўваліся лялькі і вышываныя тканіны. Вышыванне было любімым заняткам яго жонкі. Ён толькі здзіўляўся, калі яна паспявала гэтым займацца: усё ж такі  дзевяць дзяцей і ўвесь дзень на працы.  Яна і лялькі рабіла  вельмі проста. Брала дзве дошчачкі, адну даўжэйшую, другую карацейшую, і складала іх крыж-накрыж, а потым абвязвала вяроўкай. Даўжэйшая – гэта тулава і галава, а карацейшая – рукі. Галаву робяць са шматка тканіны, напханага ватай. Дзве чорныя пацерачкі – вочы, адна чырвоная – вусны, валасы са звычайнай махры. А пасля для лялькі шыюць сукенку, апранаюць яе. Такія лялькі здавён рабілі нашы прабабкі.

         …Ну вось, Хаса едзе ў вазку, колы парыпваюць. Калі ён гоніць статак ці паганяе каня, дык гукае прыгожа і нават, як людзям здаецца г, на французскі лад:

         – Чэо! Чэо!

         Часам ён засынае проста ў дарозе, але гэта выключна праз старэчае начное бяссонне. Вясковая дзятва вясёлай гурмой бяжыць насустрач.

         – Дзядуля Хаса, зрабі ласку, пакатай нас!  – просяць-гукаюць яны.

         Хаса прачынаецца. Да сустрэчы з дзецьмі ён рыхтаваўся загадзя і  таму загрузіў брычку сенам толькі да бартоў, бо калі нагрузіць “да ўпору”, з верхам, дык дзеці могуць пазвальвацца. Стары спыняе каня і чакае, пакуль дзеці, чапляючыся за колы, ускараскаюцца наверх. Маленькія “пасажыры” занялі свае месцы і пільна глядзяць на дзеда, чакаючы забаўляльнага працягу. А Хаса хітра пасміхаецца і раптам ускліквае:

         – Дуй хьуна! Што гэта ў мяне тут пад нагамі?!.

         Дзеці пазіраюць адзін на аднаго і смяюцца. Хаса выцягвае яблыкі, якія назбіраў у закінутым садзе.

         – Бярыце, родныя, бярыце… А вось гэтыя маленькія пакіньце для майго ўнука. Вы ж ведаеце, як яго завуць?

         – Ведаем. Яго завуць Ту-ту-рбок, – разам адгукаецца дзятва. 

         Хаса задаволены, ад яго вачэй у розныя бакі бягуць зморшчынкі…

         …Хаса пайшоў з гэтага свету праз месяц пасля таго, як нечакана памёр яго сын, бацька Ту-ту-рбока.

         Ён нават на хаўтурах гаварыў, што не зможа жыць без сына. І не змог.

         Вазок Хасы доўга стаяў ля іхняга двара – у сваякоў рукі не падымаліся выкінуць ці спаліць. А можа, і яны захварэлі на  хваробу дзеда Хасы – не выкідаць рэчы, бо яны ж захоўваюць успаміны…

         Дзеці часцяком гулялі ў вазку – ім гэта надта ж падабалася. Калі адно драўлянае кола зусім спарахнела, сваякі ўсё ж такі адцягнулі вазок на сметнік і спалілі. Конь спруцянеў праз некалькі гадоў.

         Цяпер ты ведаеш, дарагі чытач, што саўгасны туман хавае ў сабе шмат успамінаў.

З чачэнскай. Пераклад Ірыны Качатковай

 

Прочитано 43 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии