Пятница, 22 09 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Друкуецца ў “Маладосцi”. Васіль Красноў. Вядзьмарка

  • Понедельник, 11 сентября 2017 00:03

Спакон веку амаль ва ўсіх вёсках абавязкова быў такі чалавек, якога пабойваліся, якога часам пракліналі і ўжо абавязкова лаялі, усялякімі мянушкамі ўзнагароджваючы. Магчыма, такі чалавек і не быў варты таго, каб на яго ўсіх сабак павесіць. Не быў такім, якім людзям трэба было яго выставіць. Але, пэўна, ва ўсе часы чуткі і плёткі апярэджваюць, прыпісваюць часта тое, чаго і быць на самай справе не можа. Так вось і прымушаюць паверыць у незвычайную цёмную сілу, што, маўляў, дапамагае камусьці тварыць свае чорныя справы. І калі ўжо табе прызначылі такую ролю, то і нясі свой крыж да канца жыцця.

Жанчыну, аднойчы западозраную ва ўменні цудадзейнічаць, варажыць, у тым, што яна валодае ўсялякімі замовамі, надзялялі пячаткай не толькі на яе імя, але і адорвалі горшай славай увесь наступны яе род.

Адна такая жанчына жыве і ў нашай Купсолі. У акрузе Керамляк пра яе ведаюць і стары, і малы. За вочы, колькі я сябе памятаю, старую звалі Вядзьмаркай. Было ў яе і звычайнае вясковае імя – Чапай кува, але мала хто застаўся сярод жывых, хто памятае пра гэта.

Няцяжка здагадацца, пра каго мы збіраемся вам расказаць. Па народным павер’і, ва ўсёй ваколіцы акрамя Чапай кувы болей страшнага нікога і няма. Акрамя ўсяго іншага, старая знешне ў дакладнасці адпавядала свайму прозвішчу: гарбатая, зморшчаная, з валасамі, колер якіх нагадваў выцвілы ад туманоў сівы мох. Хацінка ў яе была напалову згніўшай. Збоку – дакладна казачная хатка на курыных ножках. Як яна яшчэ трымалася і не развальвалася? Гэтага проста было не зразумець. Такога занядбанага жылля не толькі ў Купсолі, але ва ўсёй Керамляцы болей не знайсці. І пры ўсім гэтым, як ні дзіўна, сад-агарод усім на зайздрасць Чапай кува мела цудоўны, дагледжаны і чысцюткі. У іншых глядзіш – увесь ураджай прыбраны, укладзены ў сховы, а ў гэтым садзе да першых халадоў трымаліся на галінках яблыкі. Прычына была не ў тым, што жанчына жыла адна, дапамагчы не было каму, хаця і яе з разлікаў нельга было выкінуць. Проста ў сад Вядзьмаркі ніхто не лазіў. Баючыся, што яна нашле сурокі, купсалінцы абыходзілі бокам за вярсту тую мясціну, што іх пужала.

А з іншых старонак сцежку да Чупай кувы пратапталі даўно. Адкуль толькі яны пра яе даведваліся? І днём ішлі, і ноччу грукаліся: хто паваражыць прасіў, а каму настой з траў патрэбны быў. Старая ні перад кім дзверы не зачыняла, нікому не адмаўляла ў дапамозе. Але ці дапамагала яна на самай справе – пра гэта ведалі толькі тыя, хто аднойчы пабываў у яе доме. Справа гаспадарская — верыць ці не верыць, але ўсялякіх казак з гадамі назбіралася вялікая колькасць. Вяскоўцы, якія жывуць побач, пракліналі той дом і ні ў якім разе не хацелі мірыцца з такім суседствам. Ох і мылі костачкі Чапай куве, калі ў каго-небудзь здаралася тая ці іншая бяда. Як тут не пазласловіць, як тут не абгаварыць? Ёсць жа на каго віну перакласці. Скаціна са статкам не вярнулася — Вядзьмарка звяла, птушка хатняя прапала — ізноў яна сурочыла. У сям’і нехта захварэў незнарок — таксама сварыліся на знахарку.

 Чапай кува пра ўсе плёткі, размовы ў яе бок ведала, але ў сваё апраўданне нічога не гаварыла. Тым самым яшчэ мацней распальваючы (як запалку ў салому кідаючы) ўяўленні тых, хто яе вінаваціў і апошнімі словамі абражаў.

Чапай кува была падобная да адзінокага ссохлага дрэва сярод поля: ні дзяцей няма, ні родзічаў. Людзі болей сталага ўзросту ўспаміналі, што загінулі яны на вайне. Мала хто ў гэта верыў. “Ды ў яе з нараджэння нікога і не было!” – сцвярджалі іншыя.

… Лізук, удаве Сцяпана з суседняй вёскі Атымбал, чуць нешта падобнае пра Чапай куву даводзілся неаднойчы. Сам, таго не жадаючы, паверыш, калі такое плятуць пра гарбатую старую, з усіх бакоў — адно і тое ж. Ды і стараюцца ўсё болей пра дрэннае гаварыць. “Была б простай, як мы, то хіба б яна на старасці гадоў швэндалася некуды ў далячынь. Сядзела б дома”, — так думала жанчына і ўздыхала. Ёй хапала сваіх клопатаў. У апошні час у дом удавы перасялілася сапраўднае гора. Не прайшоў і год пасля смерці мужа, як захварэў адзінаццацігадовы сынок. Дзяцей у яе трое: старэйшы сын служыў у войску, сярэдні вучыўся ў гарадскім тэхнікуме, малодшы, Валерык, жыў з матуляй. Любіла яна яго болей астатніх не таму, што ён быў паскробышам. Што тут хаваць – гэта таксама пачуццяў да яго дадавала. Маці не магла вачэй ад яго адарваць — так ужо Валерык да Сцяпана быў падобны. І характар, і звычкі, нават голас хлопчыка быў  падобны да голасу светлай памяці бацькі.

Але вось ужо некалькі тыдняў прайшло з таго дня, як нечувана-негадана Валерык пачаў чахнуць, быцам трава без вады: то раптам галава забаліць, то апетыт зусім страціць. Маці нават да гарадскіх дактароў яго звазіла. Тыя з усіх бакоў абследавалі дзіця, аглядзелі. Пасля праведзеных аналізаў кансіліум наладзілі, аднак ні да якой высновы не прыйшлі. І заявілі: “Гэта ў яго ўзроставае. Павінна прайсці”. Агледзеўшы худзенькае цела хлопчыка, параілі больш сытна карміць, выпісалі нейкія лекі для прафілактыкі і развіталіся.

Спярша Лізук так і рабіла. Старалася гатаваць ежу з найлепшых прадуктаў, грошай не шкадавала, вітаміны давала, усе просьбы сына адразу ж выконвала. Але Валерыку ад гэтага лепей не станавілася. Жанчына ізноў звярнулася да дактароў.

 — Парашкі не дапамагаюць, вы, відаць, памыліліся з дыягназам, — расплакалася яна ў кабінеце доктара. — Калі ласка, праверце майго сына яшчэ раз.

Просьбу выканалі. Вадзілі хлопчыка з кабінета ў кабінет – асаблівых прычын для неспакою не знайшлі. Вырашылі падстрахавацца – і далі накіраванне ў рэспубліканскую бальніцу. Сказалі:

 — З’ездзіце. Там і тэхніка болей сучасная. І спецыялісты вопытныя працуюць.

 … Валерыка памясцілі ў палату. Два тыдні ён там адляжаў. Прайшоў паглыблены агляд. Пракалолі вітаміны. І адпусцілі. Пры выпісцы доктар, які адказваў за лячэнне Валерыка непасрэдна, сказаў зусім ужо разгубленай маці:

 — Ваш сын здаровы. У такім узросце, праўда, часам назіраецца неўроз. Не адчайвайцеся. Няхай як мага болей гуляе на свежым паветры.

… Прайшоў тыдзень. Валерык з дому не выходзіў. Яго маці кружылася над ім, як над малым дзіцем. Ні спаць, ні піць, ні есці не магла. Па рэкамендацыі рэспубліканскіх лекараў давала сыну лекі, хаця і разумела – карысці ад гэтага ніякай. “Ты, сыночак, пайшоў бы пагуляць. Вунь твае сябры як бегаюць. Зусім белы з твару стаў. І мяшкі пад вачыма зрабіліся”, — ціха гладзіла маці Валерыка па мяккіх валосіках. Не, ніяк не ўгаварыць было хлопца. Не хоча ён ісці на вуліцу. Пасля доўгіх упрошванняў выйдзе да варотаў, пастаіць крышачку і – назад.

– Госпадзі вялікі Божа! — узмалілася яна, звяртаючыся да іконы ў бажніцы. — Зрабі так, каб мая крывіначка, сыночак мой салодзенькі, не хварэў. Ты ўсё можаш. Няхай ён перастане пакутаваць. Не магу глядзець болей на ўсё гэта. Сіл маіх болей няма. Мужа забраў. Табе гэтага мала? Навошта табе мой хлопчык?! Я не вынесу гэтага, калі ты і яго ў мяне забярэш!

Раніцай, калі ўдава Сцяпана займалася хатнімі справамі, прыйшла яе маці – Епі кува.

 – Табе маці зусім ужо не патрэбная стала? – пераступаючы праз парог, пачала наступ старая. — У маім узросце вымушаеш праз поле гэтулькі вёрст цягнуцца.

 — Цішэй ты! Валерыка разбудзіш, — зашыпела на яе дачка, паказваючы на сына, які, на шчасце, спаў.

 – Табе сын важнейшы, пра маці падумаць часу не знойдзеш, — пакрыўдзілася Епі кува. Але голас сцішыла.

 – Перастань зараз жа! – раззлавалася дачка. – Калі спецыяльна сварыцца прыйшла, дык можаш назад вяртацца. Увайшла ў дом, не можаш па-чалавечы прывітацца. Адразу трэба крычаць? Вечна ты са сваімі прэтэнзіямі. Адвыкнуць не можаш камандаваць мною. Я цябе сюды не клікала! І так на душы моташна, а тут ты яшчэ дастаеш.

 – Сама нагоду даеш. Мякчэй з маці трэба размаўляць. Казала я табе яшчэ да вяселля, калі ты ўхапілася за гэтага Сцяпана: не ўбачыш ты шчасця ў яго доме.

Так, дачка добра памятала папярэджанне маці, хаця і прайшло з тае часіны дваццаць доўгіх гадоў. Не падабаўся будучай цешчы даччын жаніх. Ох, не падабаўся! А пра прычыну таго непрыняцця тлумачэнняў яна не давала. Хто ведае: можа быць, не па нораву ёй было красамоўства Сцяпана (“Гарманісты ўсе несур’ёзныя!”) альбо тое, што працаваў ён простым ляснічым. Але ва ўпраўленні лясніцтва да яго ставіліся добра. Ён быў хлопец прамы і сумленны, налева лес не аддаваў, народ не падманваў. Характарам спакойны, стрыманы быў. Чаго Епі куве не хапала? Лепшага жаніха для дачкі яна ва ўсёй ваколіцы не адшукала б. Але яна на смерць змагалася супраціў, не дапускала да вяселля.

 – Не і не! Не будзе табе з ім шчасця! – крычала так, як быццам паміж жорнамі прапускала дачку.

 – Мама, патлумач мне – чаму? – дапытвалася дачка. – Мы кахаем адзін аднаго. І сям’ю ў любові і згодзе пабудуем.

 – Аднаго кахання мала, каб сям’ёю абзаводзіцца! – сказала, як адрэзала тады Епі кува.

За Лізук заступіўся бацька. Устаў на бок маладых. Іначай невядома, чым бы скончыліся гэтыя спрэчкі з упартай жанчынай. І як бы яшчэ ўсё склалася пасля. Жылі Лізук са Сцяпанам душа ў душу. Трох сыноў выгадавалі. У іх доме грубага слова ніколі не было чуваць.Так жа добра было: здавалася, што гэтая дабрыня, гэтае шчасце будуць доўжыцца і доўжыцца. Толькі паміж зяцем і цешчай як быццам прабегла некалі кошка, ды так назад і не праскочыла. Яны не ладзілі. А між тым Сцяпан яе не крыўдзіў, не абражаў, быў прыветлівы, стараўся ва ўсім дапамагчы, дагадзіць. Але марнымі аказаліся ўсе яго спробы наладзіць з цешчай добрыя адносіны…

Не ведала б дачка і зараз, чаму маці не жадала гэтага вяселля. Толькі пасля, калі Сцяпан цяжка захварэў, адчуваючы, што засталіся яму лічаныя дні на белым свеце, муж расказаў гісторыю, якую так старанна хавала Епі кува ўсе гэтыя гады.

 — Злавіў я тваю маці ў лесе на дрэннай справе. Усё ніяк прабачыць мне не можа з тае пары. А мог жа на яе і яе сяброў-татар з суседняй вёскі ў суд падаць. Хапіла б на некалькі гадоў турмы, — патлумачыў муж. Пасля яго не стала. Лізук засталася ўдавой.

 — Мама, пара спыніць гэтую вайну. Зяць ужо год як у магіле, а ты ў яго дом усё яшчэ са злосцю ўваходзіш. Чаму ты ў мяне такая, мама?

 – Яго няма, а я жывая! – злавалася Епі кува.

“І чаго прыйшла? Цяпер толькі перажывай з-за яе”, — падумала з сумам Лізук і азірнулася на ложак, дзе на мяккай пасцелі з гусінага пуху ляжаў хворы сыночак.

 – Не ведаю, што і рабіць, як быць з Валерыкам. Куды ўжо ні вазіла, чым толькі ні паіла…

— Увесь час табе казала — сам дом бядзе кланяецца. Вазьмі сына з сабой, пойдзем да мяне жыць. Адразу палёгка надыйдзе. Успомніш мае словы!

– Пра што ты гаворыш, мама? Падумай галавою – як я кіну гаспадарку, як пакіну працай нажытае? – Лізук ледзьве стрымлівала слёзы. – Скаціны поўны двор. Сямён наступнай вясной з арміі вернецца. Яго трэба ў роднай хаце сустракаць. Не, нават і не ўгаворвай! І слухаць цябе не хачу!

— Кане-е-ешне, — расцягнула Епі кува са злосцю. — Калі ты мяне слухалася?!. Таму і лёс такі сабе выбрала, што і сама ўжо не рада гэткаму жыццю. Вось і пакутуй, калі такая ўпартая.

Размаўляючы на палову голаса, маці і дачка выйшлі на вуліцу. Стаяла ціхае гарачае надвор’е. Пакрытае сінім небакраем, быццам упрыгожанае празрыстым полагам, неба было наўздзіў спакойным. Сонца награвала зямельку, цёплы ветрык прасочваўся скрозь штыкеціны плоту ў двор, знайшоў нейкую каляровую паперчыну і з шорахам ганяў яе, быццам немаўля гуляла з юлой. У пыле купаўся верабей, некуды спяшаўся па сваіх неадкладных справах мураш. Наўкол усё квітнела, жыло, дыхала і радавалася. Толькі Лізук не знаходзіла сабе спакою. “Што рабіць? Як зрабіць так, каб Валерык выкараскаўся са сваёй незразумелай хваробы?” – адзіная думка, якая не пакідала і маленькага вакенца астатняму жыццю, сіднем сядзела ў душы жанчыны, разрывала яе сэрца. Маці ёсць маці. Вышэй мацярынскіх пачуццяў нішто ў свеце ў параўнанне не ідзе.

— У Купсалу, відаць, да Чапай кувы трэба схадзіць, – уголас прамовіла Лізук. Быццам сябе спытала. Ці, можа, хацела запытацца ў сваёй маці парады. Але сказала рашуча. Так, што склалася ўражанне: да жанчыны прыйшло азарэнне.

– Не балбачы абы што! Глядзі ты на яе, дурную справу наважыла! – пачуўшы словы дачкі, так адрэагавала Епі кува. І сама спужана перахрысцілася. – Збірайся і едзь хоць да самай Масквы. Але па дактарах. Спярша ў Казані яшчэ паспрабуй каго знайсці. Там прафесараў хапае, каб як след пракансультавацца. Няўжо не дапамогуць?! А да Вядзьмаркі гэтай не сунься нават. Нічога вартага ты ў яе не выпрасіш.

– Ай, мама! Твае парады – пусты гук. З табою як з чалавекам, які шмат на свеце пражыў, шмат што пабачыў, хацела параіцца. А ты ізноў за рыбу грошы… Вярзеш адно і тое ж…

… Жаданне схадзіць да Чапай кувы нарастала. Лізук у тыя дні гатовая была пайсці на любую крайнасць, пакланіцца хоць самому чорту, абы толькі выратаваць сына. Пакуль толькі страх утрымліваў ды папераджальны шэпт маці. У рэшце рэшт, вырашыла яна, губляць ужо няма чаго. Людзі вунь з якой далячыні прыязджаюць, літаральна прыпаўзаюць да Вядзьмаркі – не баяцца ж! А Лізук мясцовая, бабуля ведае яе з дзяцінства. “Калі будзе горай, то толькі мне. А Валерыку дапаможа – век буду дзякаваць”, — паставіла яна кропку на сваіх сумненнях.

На другі дзень, накарміўшы сына сняданкам, Лізук стала збірацца ў Купсолу.

— Айда, Валерык, сходзім да Чапай кувы, — паведаміла яна.

– Да Вядзьмаркі?.. Я… не пайду да яе.., — тоненькі голас хлопчыка задрыжэў і зазвінеў ноткамі слёз.

– Гэта яшчэ чаму? Ты ж яе не ведаеш, — здзівілася Лізук словам сына.

– Баюся я, мама. Восенню… ну… усёй школай хадзілі збіраць бульбу ў поле ля Купсолы, я паспрачаўся з хлопцамі, што ўсім слабо, а я змагу залезці ў бабулін сад, сарваць для ўсіх яблыкі, — расказваў Валерык гісторыю, пра якую маці нават не здагадвалася. – Вядзьмарка паспела нас заўважыць, але мы ўцяклі. Яна доўга крычала ўслед. Відаць, кляла нас…

Лізук аслупянела на тым самым месцы, дзе стаяла, быццам хтосьці яе паленам па галаве ўдарыў. Апусцілася абяссілена на лаўку.

– Гэта праўда, сынок? – ледзь вымавіла яна.

– Так, мама, — хлопчыка спужаў твар ашаломленай ад такой весткі маці.

“Выходзіць, што хвароба майго дзіцяці – справа рук Вядзьмаркі? – уся кроў імгненна адхлынула ад сэрца. Лізук адразу ўявіла, як Чапай кува насылае сурокі на Валерыка. – З-за аднаго яблыка?! Хіба можа быць здольным на такое сумленны чалавек? Цяпер ужо нікуды не дзенешся – і без сваёй волі павінен ісці да Вядзьмаркі: трэба ўпасці на калені, прасіць, маліць яе…”

Схапіла Валерыка за руку і пацягнула за сабою.

Спыніўшыся каля перакошанага дома, Лізук выцерла ўспацелы ад напружання лоб кончыкам хусцінкі. Набірала ў сабе духу, каб увайсці, ды так усё яшчэ сумнявалася, правільнае рашэнне прымае ці не. Сэрца дзятлам грукала ў грудзях, немагчыма было набраць паветра ў лёгкія. Быццам адчуваючы нядобрае, Лізук уся гарэла. І ўсё ж, прыцягнуўшы левай рукою свайго светлатварага сына да сябе бліжэй, перахрысціла яго правай рукою некалькі разоў запар і пагрукала ў вароты. У адказ – цішыня. Лізук забарабаніла грамчэй.

 – Хто там? – данеслася праз якую хвіліну маўчання, затым пачулася рыпенне дзвярэй у сенцах. Адзін гук гэтага голасу прымусіў удаву Сцяпана анямець настолькі, што язык у роце быццам прымёрз і перастаў паварочвацца. Лізук ледзьве не страціла прытомнасць.

 – Ды хто там – пытаюся?! Што трэба?!. – на прыступках з незадаволеным выглядам стаяла невысокага росту згорбленая старая жанчына. Тварам цёмная, з чорнымі вачыма, Чапай кува неспадзеўкі наводзіла жах.

 – Гэта я… Удава Сцяпана з вёскі Атымбал. Сына прывяла. Хворы ён. Можа, дапаможаш чым?

Ледзьве не выпаліла: “Той, хто твае яблыкі той восенню ўкраў”, але прамаўчала.

 — Уваходзьце, калі прыйшлі, — вымавіла старая і ціхенька рушыла, прапускаючы іх наперад.

Хата знутры была дрэнна асветлена. Спачатку Лізук нічога не разгледзела, пакуль вочы крыху прывыклі пасля яркага дзённага святла на вуліцы. Толькі пасля пачала адрозніваць і праваленую бэльку, і карычневыя ад часу, непафарбаваныя, усе ў трэшчынах бярвенні зруба, і напалову згнілыя касякі двух акон, праз якія слаба трапляла дзённае святло. Убачыла яшчэ шмат пучкоў розных сухіх траў, развешаных уздоўж сцен. Прыгнятала не толькі ўбогасць, але і адчуванне цеснаты.

Чапай кува жэстам паказала на табурэткі, якія стаялі каля стала ў кутку, а сама ўсё ўглядалася блізарукімі вачыма ў нязваных гасцей, спрабуючы распазнаць у іх знаёмыя рысы, і неяк рыпуча кашляла ў кулак. Валерык прыціснуўся да маці, спужана глядзеў на гаспадыню таямнічага дома. Але паступова дзіцячая цікаўнасць брала сваё. Ды і прысутнасць маці давала ўпэўненасць, што нічога тут з ім не зробяць.

З глыбокай журбою дрыготкім голасам Лізук пачала расказваць пра ўсё, што яе непакоіла, якія выпрабаванні выпалі на яе жаночую долю, пра хваробу сына... Не забылася і на непатрэбную хлапечую зухаватасць перад таварышамі і ўкрадзеныя яблыкі з сада Чапай кувы. Затым марудна спаўзла на падлогу, устала на калені і заплакала наўзрыд:

 — Малю цябе, бабуля, як Бога прашу! Вызвалі майго Валерыка ад твайго пракляцця, вярні яму здароўе. Я ўсё зраблю. Што загадаеш, тое і выканаю, толькі б сыночак мой малодшанькі ізноў стаў па-ранейшаму ўсмешлівым вясёлым хлопчыкам.

 – Устань, дачушка, падыміся – не да твару так табе стаяць, — старая ціхенька дакранулася да пляча жанчыны, якая плакала наўзрыд. Перавяла позірк на Валерыка і спыталася ласкава: “Кажаш, ты быў тады на маёй яблыні? Ведаеш, як мяне тут завуць?”

 – Так! – хлопчык быў непасрэдны і шчыры. – Вядзьмаркай.

 – Эх-хх, унучак, унучак! Неразумнае малое. Наслухаўся ўсялякага ад нядобрых людзей, — цяжка ўздыхнула Чапай кува. Рукою з сухімі заскарузлымі з-за хваробы суставаў пальцамі старая пацягнулася, каб пагладзіць Валерыка па русай галаве, але той адхіснуўся ўбок. – Думаеце: Вядзьмарка пашкадавала яблык дзіцяці, і таму ён захварэў? Не, дачушка, у гэтым ты моцна памыляешся, але і сама яшчэ гэтага не разумееш. Я на такое не здольная. Тым болей, што праклінаць дзяцей – гэта страшэнны грэх. Памятаю, канешне, што хлапчукі тут круціліся. Чырвоныя былі яблыкі, спелыя. Спакуса для дзіцяці вялікая. Але я ж толькі хацела, каб яны галінак не ламалі. Дрэву баліць, яно таксама жывое, як і чалавек. Папрасілі б – сама вынесла б, пачаставала.

 – А што тады з маім сынам робіцца?

 — Хочаш даведацца? Давай паглядзім, — Чапай кува занялася абрадам. На левую руку паклала белы рушнік, наліла ў міску вады, на край гэтай міскі прымацавала свечку і запаліла яе. Пасля папрасіла хлопчыка падысці бліжэй да полымя свечкі і пачала прамаўляць словы замовы. Лізук чакала, чым гэта ўсё скончыцца.

 – Усё зразумела, — адводзячы ад полымя погляд, сказала старая і затушыла свечку. – Сурочылі твайго сына. Чары на ім. Ні адзін урач тут не памочнік.

 – Як сурочылі? Калі? Дзе? Хто? – пытанні сыпаліся, быццам гарошыны, якія каціліся з меха. – Мы нікому нічога дрэннага не жадалі і не рабілі. Я ўвогуле ў такіх справах не разбіраюся. Што ж тады нам рабіць?

 — Каб чары навесці, шмат часу не трэба, дачушка. Часам аднаго позірку хапае, каб нашкодзіць іншай жывой душы. Сын твой сімпатычны, некаму, магчыма, стала зайдросна. Той, хто жадае зла ў выглядзе суроку, непрыкметны. І звонку добры, прыветлівы з усімі. Падыйдзе, прыгалубіць ці абдыме, пагладзіць па галоўцы. І ўсё. Гэтага для яго цалкам дастаткова. А сапсаваны пачынае маяцца: яго будзе хіліць да сну, з’явіцца абыякавасць да ўсяго, ён становіцца вялым, марудна разважае. У вас жа ўсё так і адбываецца?

 – Так, бабуля.

 – Зараз мы гэта паправім. Здымем чужую ўладу над тваім сынам. Трэба было раней да мяне звярнуцца. Чаго цягнулі? Эх, людзі, людзі…

Старая ізноў запаліла свечку. Воск, што пачаў плавіцца, капаў у міску і круціўся, застываючы ў своеасаблівых фігурках. Чапай кува намачыла два пальцы вадою, тройчы правяла па ілбе Валерыка, малюючы крыжыкі, і пры гэтым гаварыла новую замову.

 – Цяпер цябе ніхто не сапсуе. Ніхто не адолее, нічый дрэнны позірк да цябе не прыстане, дзе б ты ні быў, з кім бы ні сустрэўся. Любіш бываць у сяброў? Га? Любіш…

Цяжка ступаючы, Чапай кува прайшла за печку, вазілася там нядоўга, шамацела нечым і вынесла некалькі відаў сушаных траў. Акуратна склала ў папяровы чысты пакет, аддала Лізук са словамі:

 — Гэты збор карысны для аднаўлення сіл. Заварвай як чай і давай сыну выпіць на працягу тыдня. Можаш часам і сама глынуць – табе таксама нядрэнна было б супакоіцца.

 – Як мне цябе аддзячыць, бабуля? – Лізук не ведала, што ў такіх выпадках даюць знахаркам. Дастала раней падрыхтаваныя на ўсялякі выпадак грошы. Прапанавала Чапай куве.

 – Супакойся. Грошы схавай. Яны табе яшчэ спатрэбяцца. Галоўнае – здароўе, — паківала галавой старая.

 Лізук вельмі здзівілася. “Як такое можа быць? Хіба вядзьмаркі павінны так рабіць?” — падумала пра сябе, але ўголас нічога не прамовіла, не рашылася. Раптам пакрыўдзіцца? Падзякавала гаспадыню, паўтараючы: “Тау, кугу тау!”, паклікала Валерыка, папрасіла, каб і ён сказаў сваё “дзякуй”. З тым і пайшлі.

…Калі ў наступны раз да ўдавы Сцяпана заявілася яе маці, Епі кува, Валерык бегаў па вуліцы з сябрамі.

 – Што, лягчэй стала ўнуку? Відаць, радая? – ледзьве пераступіўшы парог, спяшалася спытацца яна.

 – Чапай кува дапамагла. Проста дзіва дзіўнае. Але ж пасля таго, як мы да яе завіталі, сыну стала нашмат лепей. Ён з апетытам пачаў есці. Вярнуўся здаровы колер твару. І травамі па бабчынай рэкамендацыі паіла. Ажыў, дзякуй Богу.

 – Няўжо ў Купсолу не пабаялася схадзіць?! – схамянулася абураная Епі кува. – Ты ж яго зусім загубіла, дачушка! Вядзьмарка, мусіць, у яго свайго выпладка-лесуна пасяліла.

 – Глупства не гавары, мама! Сама ўжо да вядзьмаркі стала падобнай. Ніводнага добрага слова пра людзей ад цябе не пачуеш. Злосць цяжка ў сабе насіць, яна цябе знутры грызе.

 – Гэта ты роднай маці такое гаворыш?! О-о, дык і цябе Чапай кува перарабіла.

 – Вось якраз і перарабіла, мама. Яна мне шмат на што вочы адкрыла. Патлумачыла, што нельга нядобрыя думкі ў сабе трымаць. Людзі розныя бываюць. У добрае трэба верыць, мама. Чаму ты мяне гэтаму сама не вучыла? Толькі жоўцю вечна сыходзіш.

 -- Бачу – я табе не патрэбная... — завяла старую песню Епі кува.

 – Ды люблю я цябе, мама. Але жыць на твой лад не  хачу. Чапай кува дала выдатны ўрок дабрыні: “Не жадай іншаму кепскага, і да цябе гэта вернецца старыцай дабрыні”.

… Позняй восенню Лізук атрымала пісьмо ад старэйшага сына з арміі. “Мама, за выдатную службу мне даюць адпачынак, — пісаў ён. – Чакайце. Хутка прыеду дахаты”. Праходзілі дні, тыдні – сына не відаць. Вочы прагледзела. Валерык па некалькі разоў на дзень пытаецца пра брата. “Дык што ж такое магло здарыцца? – устрывожылася маці. – Чаму ён не едзе?” Палезлі ў галаву розныя думкі. Ужо чаго толькі ні вымалявала ў галаве, якіх страшных апавяданняў пра армейскае жыццё ні ўспомніла. Некалькі разоў сядала пісаць пісьмо, але ізноў адкладвала яго ўбок: не паспее атрымаць. Калі ніякага цярпення ўжо не стала, Лізук спахапілася ды са сваім горам заспяшалася да Чапай кувы.

 – І што цябе прывяло да мяне гэтым разам? Ізноў сынок захварэў? – не паверыла вачам старая.

 – Дзякуй Богу, малы здаровы. Іншая журба ў мяне аб’явілася, бабуля: салдацік мой…

 — Наша жаночая доля — праводзіць ды сустракаць, — Чапай кува зрабілася сумнай, быццам пераняла чужы боль, устала і прайшла да акна. Там, у прасценку паміж вокнамі, вісела рамка з пажаўцелымі здымкамі. – Прыедзе твой сын. Зараз не вайна… Дарагіх для мяне людзей чакаю і я, усё веру, што нехта з іх раптам пастукае ў акно…

Нечакана для Лізук старая згорбленая жанчына заплакала звычайнымі слязьмі. Нічога вядзьмарскага ў ёй не было. Проста стаяла перад удавою Сцяпана тая, якая і пакутуе, як і ўсе, і хварэе тымі самымі хваробамі, што ва ўсіх да старасці збіраюцца. Адзінокая і безабаронная, яна выклікала ў Лізук спачуванне. Госця, якая прыйшла прасіць парады і дапамогі, здолела зразумець трагедыю старой, якая ўсяго толькі шмат ведала пра лекавыя травы, захоўвала ў памяці бабуліны замовы, якія мелі абарончую сілу. Не яна таго жадала, а людзі з пакалення ў пакаленне перадавалі страшныя легенды пра чарадзейную магутнасць роду Чапай кувы. Болей прыпісвалі ад няведання ды таму, што народ заўсёды губляўся перад незразумелымі з’явамі…

 — У першы ж месяц вайны яны пайшлі на фронт, — сказала, паказваючы на трох хлопцаў у салдацкай форме, старая. – Мужа майго і двух маіх братоў забралі. Разам і пайшлі… Ні адзін не вярнуўся… Прыбяру ўсё ў садзе, да зімы падрыхтую і паеду да старэйшага брата Івука. Ён пад Масквой пахаваны. А магілы мужа і малодшага брата невядомыя. Я з Івуком пагавару, хоць праз яго паклон на той свет перадам. Слабая стала. Вось толькі ці змагу зараз даехаць… Вочы зусім дрэнна сталі бачыць... — Чапай кува кашлянула ў кулак і ціха заплакала. Слёзы беглі па зморшчаных шчоках. Яна іх не выцірала. – За што мяне лёс так пакараў?

Лізук плакала разам з ёю і думала: “Ніхто не зможа адказаць на такое быццам простае пытанне. Жыццё – як мазаіка. Узор не складзеш – не будзе па-твойму, так, як хочаш жыць. І чаго ўсе да Чапай кувы прычапіліся? Хай сабе – моладзь. У іх іншыя меркаванні. А пажылы люд дзе? Ён што? Не бачыць і не разумее? Не, каб хто-небудзь абараніў, прыйшоў, дапамог…”

 – За ўсе гэтыя гады, якія я іх чакаю, колькі слёз праліла. Калі ўсе сабраць, рэчка б атрымалася… — ціха расказвала, дзялілася з Лізук гаспадыня. – Раней часу састарылася, вельмі рана мяне ў бабулі запісалі…

 — Чаму са сваім горам да людзей не прыйшла?

 – Эх, дачушка, усім не патлумачыш. На чужы раток хустку не накінеш. Не хадок я да людзей: раней, па маладосці, не магла кожнаму стрэчнаму душу адкрываць. А пасля слава пра мяне пайшла сама ведаеш якая. Ці Богам дадзена, ці прырода мая такая, што стала варажбіткай ды знахаркай. Ідзі, дачушка. Стамілася я. Прылягу крыху. Паўстане твой салдацік перад тваімі светлымі вачыма. Армія. Дысцыпліна. Ці мала непрадбачаных абставін у іх часці магло здарыцца, — з тым і правяла госцю Чапай кува.

Лізук сыходзіла з Купсолы з лёгкім сэрцам. Узняўшыся на кручу, азірнулася на схаваную ў зеляніне вёску. Яна была невялікая, з гары нагадвала птушынае гняздо. Дамоў тут прыгожых набудавалі, многія з белай цэглы складзены. Жанчына адшукала вачыма старую хату Чапай кувы. У апошні час яна стала для яе роднай, падарыла надзею. Лізук стала мудрэйшай у ёй, даведалася нешта такое, што не ўсім выпадае зразумець і ацаніць за ўсё жыццё. І гэтым яна стала багацейшая. “Можа, за тоўстай каменнай сцяной і жыве якая-небудзь сытая, задаволеная жыццём, самазакаханая вядзьмарка. Толькі не ў той, перакошанай, як картуз на галаве мужчыны, хатцы”, — прыйшла думка і прымусіла ўсміхнуцца. Шчаслівым крокам пайшла далей Лізук. Дыхалася добра, лёгка. Захацелася спяваць. Высветлілася ў душы: “На зіму трэба Чапай куву забраць да сябе. Чаго ёй адной, хворай ды напалову сляпой, мучыцца? Месца ў нас у доме дастаткова. Хлопцы пярэчыць не будуць…”

 

З марыйскай. Пераклаў Алесь Карлюкевіч

Фота: i.ytimg.com

Прочитано 46 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии